Страла Расамахі | Вогнепаклоннікі
Міхась Чарняўскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 143с.
Мінск 2016
ШкКЛіьная бібліятэка
Міхась Чарняускі
Страла Расамахі Вогнепаклоннікі
Нарысы
Шк — льная бібліятэка
Міхась Чарняўскі Страла Расамахі Вогнепак/юннікі
Нарысы
Мінск «Мастацкая літаратура» 2016
УДК 821.161.3-4
ББК 84(4Бен)-44
4-21
Серыя заснавана ў 1965 годзе
Выпуск выдання ажыццёўлены па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь
ISBN 978-985-02-1696*0
© Афармленне. УП «Мастацкая літаратура», 2016
Страла Расамахі
АД АЎТАРА
У дзяцінстве хадзіць у школу мне трэба было кіламетры два — з нашага хутара ў суседнюю вёску. Абсаджаны старасвецкімі бярозамі гасцінец спачатку вёў з узгорка на ўзгорак, а затым спускаўся ў балоцістую лагчыну.
3 правага боку адкрываўся далягляд з дубамі ля балот, з ельнікамі і хутарамі ў ліпавых прысадах. Злева ад гасцінца слаўся шырачэзны разлог бура-зялёнага тарфяніку, на якім святлела шкельца невялікага возера.
У лагчыне вілася, пабліскваючы на сонцы, рачулка. Праз яе быў пакладзены драўляны мост з дзіўнай назвай — Курыны. Можна было бясконца, абапёршыся на парэнчы, любавацца гульнёю святла ў струменях, заслухоўвацца пералівістым булькатаннем вады, узірацца ў разнаколернасць каменьчыкаў на дне. На Курыным мосце я не затрымоўваўся толькі раніцою, баючыся спазніцца ў школу. Ідучы ж дахаты, прыпыняўся заўсёды.
Затрымаўся і ў той далёкі вераснёўскі дзень... Пачаў кідаць у ваду каменьчыкі, але хутка заўважыў, што з узгорка з’язджае нейкая фурманка. Стала няёмка, што мяне ўбачаць за такім пустым заняткам: маўляў, замест таго каб вучыць урокі, забаўляецца. Я закінуў на плячо торбачку з кніжкамі і пайшоў краем гасцінца, узбіваючы босымі нагамі пыл. Фурманка хутка мяне дагнала. Яна аказалася брычкай, запрэжанай кашта-
навым жарэбчыкам. На брычцы сядзелі мужчына і жанчына. Яны былі маладыя, прыгожыя і апранутыя не як усе мы — пасялянску, а па-гарадскому. Пэўна, былі настаўнікамі.
— Тпр-ру! — затрымаў жарэбчыка мужчына.— Сядай, хлопчык, падвязём.
Мяне лішні раз упрошваць не трэба было. Хуценька ўзабраўся на брычку і ўмасціўся ў перадку. Ногі ж свае, запыленыя і даўнавата мытыя, падкурчыў пад сябе, бо было няёмка перад гэтымі ахайнымі і чыстымі людзьмі.
— Куды далёка ідзеш? — пачалі распытваць незнаёмыя.
— У Гінеўку.
— У якім класе вучышся?
— У чацвёртым.
— А поспехі якія?
— Ды як калі,— ухіліўся я ад канкрэтнага адказу.
— Мусіць, з арыфметыкай цяжкавата,— засмяялася жанчына.
— Угу,— апусціў я галаву.
— А які ўрок табе найболып падабаецца?
— Гісторыя! — пажвавеў я.— Слухаў бы настаўніцу цэлы дзень — так цікава!
Мужчына паклаў мне на плячо руку і сур’ёзна сказаў:
— Вырасцеш — станеш гісторыкам.
Я і не заўважыў, як пад’ехалі да хутара. Падзякаваў добрым людзям, саскочыў з брычкі і пабег сцяжынкаю ў бок бярэзніку, каля якога стаяла наша хата.
3 таго часу прайшло шмат гадоў. Скончыў я школу. Затым — інстытут. I тое прароцтва на гасцінцы спраўдзілася: я стаў гісторыкам. I не проста гісторыкам, а археолагам, гэта значыць тым, хто вывучае дапісьмовае мінулае нашага народа шляхам раскопак.
Я быў шмат у якіх археалагічных экспедыцыях. Раскопваў пад Бранскам жыллё першабытнага чалавека, збудаванае з вялізных мамантавых костак, расчышчаў старажытныя шахты каля Ваўкавыска, вывучаў тарфянікавыя стаянкі ў Падзвінні і рэшткі паселішчаў каменнага веку на Нёмане і Віліі.
Часта хацелася ўявіць жывымі нашых даўно зніклых з зямлі далёкіх продкаў: каля агнішчаў, на паляванні, на рыб-
най лоўлі, у шахце па здабычы крэменю, за вырабам каменных прылад. Якія песні яны спявалі, аб чым марылі?..
Так з’явілася гэта кніжка, у якой прыдуманы розныя падзеі і здарэнні з жыцця людзей каменнага веку. Але прыдумаў я не з галавы, а на падставе вывучэння адкапаных рэшткаў паселішчаў, прылад працы, рэчаў побыту, знойдзеных на іх, жылля і пахаванняў; на падставе ўяўленняў першабытнага чалавека, сляды якіх захаваліся ў некаторых нашых песнях і казках.
Рашыў напісаць кніжку для вас, юныя чытачы. Напісаць, памятаючы і пра таго хлопчыка, што ў далёкія пасляваенныя гады так любіў спыняцца і марыць на Курыным мосце...
Што такое каменны век
Каменны век — самы старажытны перыяд у гісторыі чалавецтва. Да таго ж ён і самы працяглы, бо пачаўся больш як мільён гадоў таму назад, а скончыўся толькі ў канцы трэцяга тысячагоддзя да нашай эры.
Чаму век — «каменны»? А таму, што тагачасны чалавек ні медзі, ні жалеза яшчэ не ўмеў выплаўляць і амаль усе прылады працы вырабляў з крэменю або іншых парод каменю, з якіх пры разбіванні можна было атрымаць вострыя рэжучыя краі. Крамянёвымі былі ручныя секачы, нажы, скрабкі, скоблі, разцы, шылы, наканечнікі дзідаў і стрэлаў, сякеры, цяслы. У канцы каменнага веку паявіліся крамянёвыя сярпы. Некаторыя рэчы вырабляліся з косці, рогу і дрэва.
Вучоныя, якія даследуюць каменны век, падзяляюць яго на старажытны каменны век — палеаліт, сярэдні — мезаліт і новы — неаліт.
Выдзеліўшыся з жывёльнага свету як істоты, што жылі і працавалі калектыўна, размаўлялі і абстрактна мыслілі, людзі ў палеаліце авалодалі агнём, пачалі будаваць жыллё, апранацца ў звярыныя шкуры, вырабляць каменныя прылады працы.
Асноўным заняткам тады было паляванне на маманта, шарсцістага насарога, паўночнага аленя, дзікага каня і іншых жывёлін, а таксама збіральніцтва ядомых раслін, птушыных
яек, малюскаў У канцы палеаліту распаўсюджваецца і рыбалоўства.
Першыя людзі на зямлі жылі гуртамі. Так было лягчэй здабываць сабе ежу і абараняцца ад драпежнікаў. Пазней людзі пачалі аб’ядноўвацца ў радавыя абшчыны, якія складаліся з родзічаў. Жанчыны адыгрывалі вялікую ролю ў першабытным грамадстве, і вучоныя называюць такія калектывы мацярынскімі радавымі абшчынамі.
Члены родаў супольна палявалі і працавалі, а ўсё здабытае дзялілі пароўну. У каменным веку не было падзелу на бедных і багатых, не было прыгнёту аднаго чалавека другім.
У познім палеаліце зарадзілася і пачало развівацца першабытнае мастацтва, узнікла вера ў надпрыродныя сілы. Людзі не маглі правільна растлумачыць прыродныя з’явы; яны лічылі, што змены пораў года, рухі нябесных свяціл, існаванне жывой і нежывой прыроды залежаць ад волі розных духаў і багоў. Гэтыя духі і багі ва ўяўленні першабытнага чалавека былі добрыя і благія, маглі шкодзіць або дапамагаць. Іх трэба было залагоджваць падарункамі, малітвамі. Свяшчэннымі лічыліся і розныя жывёлы, дрэвы, камяні, горы, нябесныя свяцілы. Магічная сіла прыпісвалася некаторым прадметам — зубам звяроў, бурштынавым вырабам, скульптурам людзей і жывёл. Існавала вера ў замагільнае жыццё.
Палеаліт прыпаў на суровы для старажытнага чалавека час — ледавіковую эпоху, калі значную частку паўночнага паўшар’я, у тым ліку і Беларусі, неаднаразова пакрывалі вялізныя ледавікі. У такіх цяжкіх умовах, змагаючыся з холадам і голадам, першабытныя людзі не толькі выжылі, але і развівалі сваю культуру.
Каля дзесяці тысяч гадоў назад з канцом ледавіковай эпохі пачаўся мезаліт. Паступова цяплеў клімат. Раслінны і жывёльны свет станавіўся падобным да сучаснага. Тэрыторыі, якія вызваляліся з-пад лядовага палону, засяляў чалавек. Для новага часу найбольш характэрным стала распаўсюджанне лука са стрэламі, дробных крамянёвых вырабаў — мікралітаў, з якіх майстраваліся нажы, гарпуны, стрэлы. У мезаліце радавыя абшчыны аб’ядноўваюцца ў плямёны.
Неаліт на Беларусі пачаўся ў пятым тысячагоддзі да нашай эры і вызначыўся перш за ўсё вынаходніцтвам глінянага посуду, зараджэннем жывёлагадоўлі і земляробства. Аднак і ранейшыя заняткі — паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва — давалі чалавеку шмат харчавання.
Жывёлагадоўля і земляробства выклікалі паяўленне і адпаведных прылад — крамянёвых сярпоў для жніва і разакоў для нарыхтоўкі корму, зерняцёрак, матык. Высякаліся лясы і хмызнякі пад палі, а для гэтага трэба было шмат добрых сякер. Таму людзям стала недастаткова крэменю, які сустракаўся на паверхні. Яго пачалі здабываць шахтавым спосабам з крэйдавых радовішчаў.
Развіццё земляробства і жывёлагадоўлі павялічвала колькасць харчу. Адпаведна гэтаму вырасла і насельніцтва. Людзі ішлі на яшчэ не занятыя землі, будавалі там новыя паселішчы.
Ну а зараз, калі вы даведаліся, што такое каменны век, калі ласка, на наступныя старонкі кніжкі — на сустрэчу з людзьмі той эпохі...
Старажытны каменны век
ПРЫРУЧЭННЕ АГНЮ
Каля трох мыьёнаў гадоў назад.
Усходняя Афрыка
Пасля ціхай задушлівай спякоты накацілася цёмная хмара і пачалася навальніца — з ветрам, дажджом, маланкай. Калі ж хмару праганяла і дождж капаў рэдка, з аглушальным грукатам, быццам расшчапілася зямля і неба, ляснуў пярун.
3 пячоры выглянулі напалоханыя малпалюдзі і ўбачылі, як насупраць гарыць старое дрэва, ахопленае полымем ад сухой верхавіны ажно да таўшчэзнага камля.
Малпалюдзі ўжо былі знаёмыя з агнём у час лясных пажараў або калі вывяргаліся вулканы. I баяліся яго, бо не раз бачылі, як вогненная навала з ровам імчала па зямлі, знішчаючы ўсё на сваім шляху.
Дрэва гарэла моцна і роўна. Малпалюдзі асцярожна наблізіліся да палаючага дрэва і абкружылі яго. На валасатых тварах яны адчувалі гарачае дыханне агню. Ён іх сляпіў, заварожваў.
Юнак, які колісь зблізку бачыў лясны пажар, падняў галіну і кінуў пад дрэва. Яна задымела і ўспыхнула. Нехта кінуў яшчэ галіну. I тая загарэлася. Тады пачаў збіраць голле і кідаць у агонь увесь гурт. Агню пабольшала. Малпалюдзі ўзбуджана ўскрыквалі, прытанцоўвалі — агонь «еў» голле, яго можна было «карміць» дрэвам, ад гэтага ён рос.
I так, падкладаючы дровы, падтрымлівалі агонь шмат дзён. А затым зноў прайшоў дождж, і вогнішча патухла.
Каля трыццаці тысяч гадоў назад.
Непадалёку ад сучаснага Гомеля
У будане, накрытым мамантавымі шкурамі, гарыць вогнішча. Сіняватае полымя танцуе на расшчэпленых костках. Косткі гараць добра. А сапраўдных «драўляных» дроў няма, бо навокал тундра.
Зараз зіма. Лютуе завіруха, ажно ўздрыгваюць падпоры ў будане. Але ў ім цёпла. А дым? Што ж, яго можна перацярпець. Каля вогнішча заўсёды сядзяць старыя жанчыны — адна або дзве. Іх абавязак — шчапаць і падкідаць у агонь косткі. Нельга, каб агонь пагас. Зімою — гэта смерць для ўсяго гурта першабытных людзей.
Вогнішча гарыць ужо шмат дзесяцігоддзяў. He згасаючы. Пад ім набраўся таўшчэзны пласт шэра-сіняватага касцянога вугалю. Калі агонь пагасне, яго трэба пазычаць або здабываць сілай у суседзяў, якія далёка-далёка адсюль. Агнём у той час людзі карысталіся пастаянна, хоць самі здабываць яго яшчэ не ўмелі. Але гэты агонь у будане не пагасне. Бо старыя даглядчыцы адказваюць за яго ўласным жыццём...