• Часопісы
  • Страла Расамахі | Вогнепаклоннікі  Міхась Чарняўскі

    Страла Расамахі | Вогнепаклоннікі

    Міхась Чарняўскі

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 143с.
    Мінск 2016
    38.52 МБ
    ТУРЫХА
    Амаль чатыры тысячы гадоу назад.
    Дзесьці ў нгзоўях Пцічы
    Дзень для паляўнічых выпаў надзвычай удалы. У хмызняках на старых выгарках трапнаю стралою паклалі вялікага лася. I сонца яшчэ не паспела прайсці палову свайго нябеснага шляху, як паляўнічыя, нагружаныя шкураю і мясам, ужо вярталіся ў паселішча. Непадалёку ад ракі маладзейшыя завярнулі да берага, дзе былі лоўчыя ямы,можа што трапілася, і хутка прыбеглі з крыкам, што там маладая турыха.
    Турыха была знясілена спробамі вырвацца з земляной пасткі, куды яна ўвалілася, ідучы раніцою на вадапой. Убачыўшы людзей, яна затузалася зноў, абсыпаючы пясок, але хутка заціхла, скарыўшыся лёсу.
    Малады паляўнічы замахнуўся дзідаю, але яго перапыніў каржакаваты мужчына — старэйшы.
    — He спяшайся, Крак. Ласіны хопіць надоўга, а калі зараз заб’ём турыху, мяса можа сапсавацца. Вельмі ж цёплыя стаяць дні.
    — Дык што, выпусціць яе? — загарачыўся малады.
    — Навошта выпускаць,— спакойна працягваў старэйшы,— Трэба патрымаць жывою. Памятаеш, як летась мы так зайчанят падгадавалі?
    Астатнія паляўнічыя падтрымалі старэйшага. Закруцілі турысе на рогі лыкавыя вяроўкі, паднатужыліся і выцягнулі
    яе з ямы. Жывёліна хацела вырвацца з учэпістых рук, але была вельмі саслабелая. Мужчыны з дружнымі воклічамі перакулілі яе на бок і аблыталі ногі вяроўкамі. Затым усклалі здабычу на жэрдкі і панеслі ў паселішча, да якога было ўжо падаць рукою.
    У паселішчы турыху зацягнулі ў пусты будан і развязалі. Дзеці нарвалі свежай травы і сталі кідаць праз шчыліну ў сцяне. Але паланянка толькі цяжка дыхала, не звяртаючы ўвагі на ежу.
    — А вы ёй спачатку піць дайце,— параілі старэйшыя.
    Дзеці прынеслі ў драўляным карыце вады. Але турыха не зачапіла і яе.
    А калі раніцою зазірнулі ў будан, убачылі, што і трава ўся з’едзена, і вада выпіта.
    Так вось і сталі карміць і паіць дзеці турыху. Праз два месяцы жывёліна пачала браць траву з рук, а адной дзяўчынцы дазваляла нават пачухаць сябе па шыі. Прызвычаілася турыха да дзяцей, акрыяла, паправілася. Дзеці таксама прывыклі да паланянкі, асабліва дзяўчынкі.
    Пад зіму турыха ацялілася — была, аказваецца, цельная. I прывяла яна лабасценькага бычка на тонкіх ножках, якія дрыжэлі і раз’язджаліся ў бакі. Бычок падгадаваўся і стаў зусім свойскім — бегаў, падбрыкваючы, па паселішчы, забаўляўся з малымі.
    3 часам у паселішчы ўжо быў цэлы статак свойскіх тураў. Суседзі ўбачылі, як гэта зручна — мець пад рукою такія вось жывыя запасы мяса, і самі перайшлі да гадоўлі жывёлы. Да таго ж ужо чулі, што за ракою, якая зараз называецца Прыпяццю, здаўна ведаюць гэты занятак.
    Вось такім чынам, мабыць, нашы продкі і прыручылі, зрабілі свойскімі дзікіх дагэтуль жывёлін. Пачалі жыць і размнажацца ў загонах, а потым і хлявах каровы, авечкі, козы, свінні, коні.
    Але самай першай свойскай жывёлінай стаў сабака. Яго прыручылі яшчэ ў сярэднім каменным веку — у мезаліце. Сабака быў вартаўніком, дапамагаў на паляванні.
    Земляробства зарадзілася на поўдні, дзе меліся дзікарослыя продкі культурных раслін, і адтуль распаўсюдзілася на
    іншыя тэрыторыі. Жывёлагадоўля ж магла ўзнікнуць самастойна і на тэрыторыі Беларусі, бо ў лясах над Дняпром, Прыпяццю, Нёманам, Дзвіною вадзіліся некаторыя продкі свойскіх жывёлін — тур, дзікая свіння, лясны конь.
    ШАХЦЁРЫ КАМЕННАГА ВЕКУ
    Больш як чатыры тысячы гадоў назад.
    Каля сучаснага пасёлка Краснасельскі ў Ваўкавыскім раёне
    Стараецца рака Рось, падмывае на паваротах пясчаныя берагі, хоча хутчэй, напрасткі трапіць да недалёкага адсюль Нёмана. У левабярэжжы высокія ўзгоркі падступілі да самай ракі, а з правага боку яны ўзвышаюцца зводдаль, кіламетраў за пяць. Рачны поплаў зарос хмызняком і вербамі, а ўзгоркі шчаціняцца хвоямі, кучаравяцца ліпамі, грабамі і дубамі.
    У рэдкалессі паміж дубоў цягнецца да святла гонкі арэшнік, на якім ужо пачалі цвярдзець арэхі. У зацені гушчару сцелецца па доле зялёным дываном заечая капуста. Даспяваюць на схілах узгоркаў маліны, добра ўжо прарэджаныя мядзведзямі і птушкамі. На прагалінах наліваецца трава-зуброўка таемнымі сокамі зямлі. I над усім гэтым у ясным небе шчыруе жыццядайнае сонца.
    Паміж узгоркаў таксама лес, нізкарослы і рэдкі, бо тут амаль на самай паверхні залягае крэйда. Нізіны ў многіх мясцінах перакапаны, завалены грудамі крэйды, навокал — мноства бітага крэменю. Такое ўражанне, што тут папрацавалі лычамі нейкія казачныя дзікі-веліканы. I лес моцна высечаны, а там-сям і выпалены.
    У нізінах шмат шахтаў-капальняў па здабычы крэменю, які цэлымі пластамі залягае ў крэйдавай тоўшчы. Шахты капаюць даўно, можа, ужо з паўтысячы гадоў, але залежы крэменю ў тутэйшай зямлі не бяднеюць. Яго хапае ўсім.
    Які-небудзь прышэлец з далёкага Падзвіння, дзе нават маленькі крэмень — рэдкая знаходка, вельмі здзівіўся б: «Навошта капаць шахты, калі навокал пад нагамі (за жыццё не пазбіраеш!) валяюцца вялікія і малыя кавалкі белага ад крэйды крэменю».
    Канешне, розныя дробныя прылады — скрабкі, нажы, праколкі можна было рабіць і з гэтага «падножнага» матэрыялу. Але для якой буйной рэчы — цясла або сякеры — такі крэмень не падыходзіў, ён быў высахлы і крохкі. Для такіх мэт першабытны чалавек шукаў крэмень, які залягаў у зямной тоўшчы і быў «мокры».
    Калі свежаадкапаны крамянёвы камень разбіць і памацаць расколіны, пальцы адчуваюць вільготную паверхню. А як цудоўна такі крэмень расколваецца! Нават ад слабага ўдару. Са звонам, як шкло. На вялікія пласціны або кавалкі з роўнымі плашчынямі і вострымі краямі.
    На схіле бліжэйшага да вады ўзгорка ў зацені дрэў бачна некалькі буданоў. Гэта часовы пасёлак старажытных шахцёраў, якія прыйшлі сюды з блізкіх і далёкіх мясцін здабываць крэмень. Сцены буданоў аплецены галлём, стрэхі накрыты трыснягом, кавалкамі кары, старымі шкурамі.
    Перад буданамі гарыць вялікае вогнішча, над якім смажацца нанізаныя на дрэўка дзіды кавалкі мяса. Пасля снедання некалькі маладзейшых мужчын з лукамі і дзідамі падаліся ў пушчу на паляванне. Ім трэба здабыць свежай дзічыны на заўтрашні дзень. Астатнія мужчыны, закінуўшы на плечы скруткі раменных вяровак, скураныя мяшкі з шахцёрскімі інструментамі, пайшлі да выпрацовак у суседняй даліне.
    Яшчэ дні тры назад у крэйдзе выкапалі вертыкальны калодзеж — шахтны ствол у два чалавечыя росты. Калі дасягнулі крэмняноснага пласта, пачалі яго выбіраць, пашыраючыся ў бакі,— выкопвалі падбоі, як норы. А паміж падбоямі пакінулі выступы — цалікі. Гэта, каб не абвальвалася скляпенне. У адным месцы такою доўгаю нарою дасягнулі суседняй глыбокай шахты. Атрымаўся праход — штрэк.
    ...Вось адзін шахцёр ударамі кайла з рога высакароднага аленя адбівае крэйду, яна з ціхім шоргатам сыплецца на дно шахты. Другі зграбае друз і сыпле яго ў скураны мяшок. Мяшок нарэшце напоўнены. Гукнулі памагатым наверх. Напялася вяроўка. Пачаў падымацца цяжкі груз, закрываючы блакітны кружок неба ў вусці шахтавага калодзежа. Наверсе друз высыплюць, а парожні мяшок зноў апусцяць у выпрацоўку — толькі паспявай напаўняць.
    Чалавек з кайлом ужо прытаміўся, але мяняцца з суседам не хоча, бо са сценкі капальні паказаўся цёмна-шэры бок крэменю. Зараз шахцёр адклаў кайло, узяўся за завостраны адростак рога — капач — і пачаў ім адкалупваць крэйду вакол каменя. Потым, крэкнуўшы ад натугі, вылузнуў крэмень са сценкі.
    — Ого,— падступіўся бліжэй другі шахцёр,— 3 такога «кавалачка» з дзясятак сякер выйдзе...
    Даследаваць крэмнездабыўныя шахты археолагу адна асалода. Крэйдавы друз лёгка выграбаецца з засыпаных выпрацовак, і тады агаляюцца сценкі з мноствам глыбокіх баразёнак і драпін, якія засталіся ад удараў гарняцкім інструментам. Вузкія ўваходы ў падбоі і штрэкі зашмальцаваны вопраткаю, дно шахты шчыльна ўтаптана нагамі. А на скляпеннях бачны закураныя пісягі — ачышчалі ад вуголля лучыны, якімі асвятлялі цямнейшыя куткі выпрацовак.
    Улезсш у такую расчышчаную шахту, глядзіш і дзівуешся на плён працы далёкага продка — усё быццам учора зроблена.
    На Беларусі старажытныя шахты па здабычы крэменю знойдзены ў Ваўкавыскім раёне на Гродзеншчыне каля населеных пунктаў Краснасельскі, Рось, Карпаўцы. Пэўна, існавалі яны і ў іншых багатых крэйдаю і крэменем мясцінах — у ваколіцах Гродна, каля Песак на рацэ Зальвянцы, у нізоўях Дзітвы. Тут сустракаецца мноства крэмнеапрацоўчых майстэрань, якія амаль заўсёды спадарожнічалі шахтам.
    СМЕРЦЬ СТРОНГА
    Чатыры тысячы гадоў назад. На беразе Нарачы
    Паміраў Стронг. Ляжаў на нізкім лежаку, прыкрыты кажухом. Быў без памяці. Трызніў. Дыхаў хрыпла, быццам нехта нябачны яго душыў.
    У хаціне сабралася ўся шматлікая сям’я Стронга. Прыйшлі і родзічы, якія жылі ў суседніх сем’ях. Усе з надзеяй глядзелі, як мясцовы шаптун і лекар, ён жа чараўнік-вядзьмар, мармыча над хворым закляцці ад благой сілы.
    Душна ў хаціне. Дурманіць пах паленых зёлак, якія вядзьмар час ад часу кідае на вугалі агнішча.
    Стронгу не лепшае. Наадварот, усё натужлівей ён дыхае, з перарывамі.
    — Гэта Чорны дух увайшоў у кроў Стронга і душыць яго,— затрос сівымі пасмамі валасоў вядзьмар,— Трэба пусціць кроў, і Чорны дух пакіне хворага ў спакоі.
    Вядзьмар дастаў са скураных ножнаў на пасе вузкі крамянёвы нож і надрэзаў вену на руцэ Стронга. Паказалася цёмная кроў і вяла пацякла па сіняватай скуры. Хворы перастаў кідацца на лежаку і як быццам супакоіўся. Надзея засвяцілася ў вачах прысутных.
    Вядзьмар прыклаў руку да грудзей Стронга і не адчуў біцця ягонага сэрца. Мужчына быў мёртвы. Вядзьмар на імгненне разгубіўся: «Можа кроў і не варта было пускаць? Лепш было б напаіць адварам лекавых замоўленых траў... Але як было напаіць, калі хворы страціў прытомнасць?» Вядзьмар адагнаў сумненні: «Калі чалавек памёр, значыць, так трэба духам»,— і абвясціў прысутным, узняўшы худыя рукі над галавою:
    — Духі захаду ўзялі Стронга з сабою!
    Пасля гэтых слоў вядзьмар кінуў на вугалі нейкія высушаныя карэньчыкі, з якіх пайшоў жаўтаваты дым. Вядзьмар пачаў удыхаць гэты дым; хутка яго вочы сталі, як лёд, нерухома ўтаропленыя ўдалечыню, і ён пачаў выкрыкваць, кружачыся вакол памерлага:
    — Бачу! Душа Стронга выходзіць... праз сцены... да берага... лёгкая... духі захаду... у чоўне... за сонцам... у Краіну продкаў... плывуць... туман!
    А ў гэты час сын Стронга скурчыўся за спінамі дарослых у куце хаціны і горка плакаў, прыціскаючы кулачкі да мокрага ад слёз твару. Навошта духі забралі яго тату? Хто ж зараз павядзе яго на рыбу, хто зробіць яму вясной з лазовага сука свісцёлку, хто пакажа ў лесе вавёрчына гняздо? Горка плакаў хлопчык, бо са свайго, хоць яшчэ і невялікага, вопыту ведаў, што з Краіны продкаў назад ніхто не вяртаецца і што ніколі ў яго больш не будзе таты...