Страла Расамахі | Вогнепаклоннікі
Міхась Чарняўскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 143с.
Мінск 2016
Успамінаючы прымроенае ноччу, аналізуючы ўбачанае — каменныя шліфаваныя сякеры і бронзавыя кінжалы ў руках светлавалосых людзей, жней з крамянёвымі сярпамі на засеяных ячменем выгарынах, пласкадонныя гаршкі з трохкутнікамі і крыжамі пад брыжам,— я пачаў здагадвацца, што ў сне трапляю ў часы бронзавага веку. Няўжо таму, што сам археолаг і якраз даследую гэтую эпоху? Нагледзеўся ўсяго каля раскапаных старажытных жытлаў і магіл, і вось зараз яно лезе ў галаву... Але ж бачылася ў снах і многае, пра што я не меў ніякага разумення. Да таго ж, быццам ва ўсіх высненых здарэннях прысутнічаў сам я!
Неўзабаве прыйшоў у адведкі мой даўні і харошы знаёмы Іван Пятровіч, які ў адным з навукова-даследчых інстытутаў займаўся малазразумелымі для мяне пытаннямі псіхалогіі. Я расказаў яму пра свой стан.
— Якая ўдача! — радасна ўзмахнуў рукамі Іван Пятровіч,— Надзвычай рэдкі выпадак!
— Чаго ты радуешся? — пакрыўдзіўся я.— Мяне гэтыя трызненні непакояць. Можа, што ў галаве звіхнулася?
— Яшчэ як звіхнулася! — зручней уладкоўваючыся на крэсле каля майго ложка, яшчэ больш ажывіўся знаёмы.— Хоць гэта пытанне яшчэ мала распрацаванае — недастаткова эксперыментальнага матэрыялу, але сутнасць яго заключаецца ў тым, што пры надзвычай моцных уздзеяннях на невядомыя яшчэ нам цэнтры мозга — стрэсавая сітуацыя, вельмі глыбокі гіпнатычны стан, а ў тваім выпадку, бачна, хімічнае рэчыва, ужытае для наркозу,— у чалавека ажывае генетычная памяць. Усё, што мы чуем, перажываем, бачым, як на магнітафоннай стужцы, запісваецца ў нашай памяці. А што такое запамінанне? Гэта фізіка-хімічныя працэсы на ўзроўні малекул і атамаў. I, відаць, частка атрыманай інфармацыі трапляе ў малекулы спадчыннасці ці ў якія там іншыя элементы і фіксуецца. У нармальных умовах генетычная памяць знешне нічым сябе не праяўляе. Яе прызначэнне — не быць
для нас кінатэатрам старых фільмаў, а захоўваць і развіваць спадчыннасць. Бо гэта толькі на першы погляд спадчыннасць нязменная, яна, хоць і вельмі павольна, мадыфікуецца, ускладняецца. Інакш мы з табою не сядзелі б зараз побач і не размаўлялі б аб высокіх матэрыях, а плавалі б у акіяне ў выглядзе прымітыўных аднаклетачных.
— А чаму сніцца толькі бронзавы век — прамежак часу паміж пачаткам другога і сярэдзінай першага тысячагоддзя да нашай эры?
— А таму, што актывізаваўся менавіта толькі гэты пласт генетычнай памяці. I павінен радавацца гэтаму! Хіба лепш было б, каб ты ноччу бачыў сябе чалавекападобнай малпай ці якой яшчэ больш старажытнай жывёлінай?
— I як доўга будзе такі стан?
— Ажно пакуль закрыецца «пралом» у свядомасці, праз які і прабіваецца ўсё гэта. Можа закрыцца і сам пры агульным паляпшэнні псіхафізіялагічнага стану арганізма, можна дапамагчы і адпаведнымі лекамі.
— Калі так, то з лекамі пачакаю,— супакоіўся я.— Хачу яшчэ паназіраць, што навытваралі там мае продкі.
— А ты запісвай,— прапанаваў Іван Пятровіч,— я з задавальненнем пачытаю, бо маю тайную схільнасць да старасветчыны. Можа, і яшчэ каму спатрэбяцца такія запісы. He кажу ўжо, як яны неабходны нашаму брату-псіхолагу.
Усунуўшы мне ў рукі пакет з апельсінамі і пажадаўшы хутчэй здаравець, Іван Пятровіч пайшоў, паабяцаўшы зазіраць часцей. Я ж, не губляючы часу, дастаў з тумбачкі сшытак і ручку... і задумаўся, як шахматыст перад першым ходам у адказнай партыі.
3 чаго і як пачаць? Пасля доўгіх разважанняў рашыў запісваць важнейшае, найбольш характэрнае, каб даць чытачу ўяўленне аб асноўных праявах жыцця першабытнага чалавека ў бронзавым веку. Дробныя ж выпадкі, інтымныя падрабязнасці, блытаныя ўрыўкі відовішчаў, фантастычныя трызненні няхай застануцца толькі ў памяці. Навошта імі тлуміць галовы іншым? Рашыў не давяраць паперы і найбольш жорсткія сцэны, у якіх было асабліва шмат агню, крыві, гвалту, смерці. Лагічней было і сам аповед весці не
ад свайго «я», бо «я» быў увесь час у гэтай палаце замораны хваробай, у халаце з кароткімі рукавамі і адным уцалелым гузікам. Тое, што снілася, у сапраўднасці здаралася з маімі далёкімі родзічамі ў нейкім больш як сотым пакаленні назад. Няхай жа яны ажывуць хоць на гэтых старонках...
Чырвоныя камяні
Бацька з сынам прыйшлі на гэты камяністы схіл гары, адолеўшы за паўдня цяжкі і далёкі шлях. Праз густы букавы лес абыходзілі вузкую, але доўгую азёрную затоку — гэта яшчэ каля самага іхняга паселішча. Прабіраліся глыбокім рэчышчам горнай рэчкі, што прапілавала ў каменных нетрах вузкую прорву-шчыліну. Затым лезлі ўверх звярынаю сцежкай, чапляючыся за выступы скал. I нарэшце, трапілі сюды, дзе скалы расступаліся, дзе было цёпла і светла ад блізкага шырокага неба над галавою і сонца.
— Які незвычайны лес! — здзівіўся хлопец, паказваючы на чэзлыя і пакручастыя дрэўцы, быццам прыгнечаныя нейкай немаччу.
— Але,— узрадаваўся бацька сынавай назіральнасці.— Глядзі і запамінай: дзе ў зямлі ляжаць чырвоныя камяні, там і лес такі недарослы. Бачыш, і трава тут асаблівая, не такая, як у іншых мясцінах. Пад такой травою таксама можна шукаць гэты камень. А бывае — позняй восенню ўсё навокал заінела, а дзе-небудзь засталіся плямы на скалах без шэрані. Значыць, там таксама ён. Чырвоны камень мае такую чароўную моц, што мяняе і траву, і лес, і мароз яго не бярэ.
— Вырасцеш,— працягваў бацька,— сам будзеш хадзіць у горы, шукаць чырвоны камень і рабіць з яго бранзалеты, пярсцёнкі, шылы, нажы і яшчэ шмат якія патрэбныя чалавеку рэчы. I тады станеш самым паважаным у нашым родзе. I на сходзе мудрэйшых табе заўсёды будзе пачэснае месца каля свяшчэннага агнішча, і кавалак мяса не звядзецца ў тваім гаршку.
Канешне, было спакусліва некалі сесці на шырокую лаву з расшчапанага букавага камля побач з самымі слаўнымі
людзьмі, але калі тое будзе? Трэба, каб у яго спачатку вырасла вялікая барада і каб яна пасівела. А найбольш трэба было нечым заслужыцца перад суродзічамі. Яму ж зараз не цярпелася заглыбіцца ў гэты дзівосны лес, урыцца ў россып камянёў і знайсці чырвоны камень, які, калі яго пацерці пяском, гарыць, як сонца, і слепіць вочы. I рэчы з такога каменя самыя прыгажэйшыя на свеце.
Бацька ішоў паперадзе і доўгай рукаяткай каменнай сякеры варушыў леташняе лісце, раскідаў у бакі мох, расчышчаючы горную пароду.
— Вось рудавата-зялёны камень. Знайшоўшы такі, будзь асабліва ўважлівы,— супыніўся бацька.
Ен лоўка ўхапіў камень у левую руку і стукнуў па ім абушком сякеры. Скарынка вокіслаў абсыпалася, і ў кавалку руды заззялі чырванаватыя іскрынкі медзі. Але яе было зусім мала, і бацька адкінуў знаходку ўбок.
У адным месцы сярод граніту выступаў цэлы пласт такой пароды, і тут горназдабытчыкі прыпыніліся даўжэй. Бацька сякерай, а сын звычайным каменем збівалі вокіслы з меднай руды і, нарэшце, проста пад нагамі знайшлі ладны кавалак каштоўнай самароднай медзі.
Бацька замілавана ўзважыў знаходку ў руцэ, абмацаў яе, агледзеў, а затым асцярожна, быццам магла разбіцца, паклаў у скураную торбу. Потым трапіўся яшчэ з дзясятак такіх большых і меншых камянёў, якія ляжалі ў восыпу пад руданосным пластом.
Побач з бацькам завіхаўся і сын. Ен таксама шукаў і запіхваў у торбу самародкі і ўяўляў, як заўтра ці паслязаўтра бацька сядзе пад разложыстым каштанам каля іхняй хаціны, пакладзе на калоду гранітную пліту-кавадла і каменным малатком пачне выкоўваць з медзі вострыя шылы, шыракалёзыя нажы, тонкія пласцінкі, з якіх потым зробіць бранзалеты або трубачкі для караляў. А ён будзе дапамагаць бацьку — шурпатым бруском загладжваць паверхні каваных вырабаў, вастрыць, паліраваць пяском да зіхоткага бляску.
А вечарам прыбяжыць з поля яго старэйшая сястра, пакладзе серп на паліцу і пачне прымяраць бранзалеты і каралі.
— Ну як? — запытаецца яна ў брата.
— Прыго-ожа! — у захапленні адкажа ён, любуючыся сонечнымі пералівамі на аздобах.
— Што задумаўся? — весела гукнуў бацька.— На разе хопіць, a то і не занясём. Давай збірацца вячэраць.
Бацька пайшоў да зарасніку барбарысу, разгарнуў калючае голле, і за ім адкрылася ўтульная пляцоўка перад адвесным выступам скалы. У скале цямнела невялікая сухая пячора. Побач шарэла старым попелам агнішча. Бацька быў тут не першы раз, таму гэту мясціну ўжо добра ведаў.
Медзешукальнікі дасталі з торбы прыпасы — ладны пшанічны праснак, кавалак казінага сыру, некалькі сушаных рыбін. Хлопец высыпаў побач прыгаршчы назбіраных арэхаў.
— У канцы гэтага лесу крынічка,— сказаў бацька і працягнуў сыну гліняны кубак, які вынес з глыбіні пячоры.
Хлопец, пераскокваючы з каменя на камень, пабег па ваду. I сапраўды, там, дзе за хвойнікам пачынаўся зараснік кустоўя, з расшчыліны цурчэла вада. Пакуль струменьчык напаўняў кубак, хлопец агледзеўся і прыкмеціў на лапіне вільготнага жвіру каля крынічкі свежыя адбіткі капытоў. Пакінуўшы кубак з вадою на плоскім камені, ён асцярожна праціснуўся праз зараснік.
За кустоўем на горным схіле паміж россыпу камянёў пасвіўся казліны статак — старыя казлы з цяжкімі закручастымі рагамі, казліхі з казлянятамі, маладняк.
— Там горныя козы,— узбуджана зашаптаў хлопец бацьку, калі, спяшаючыся, прынёс ваду,— За крыніцай.
— А што? — падхапіўся мужчына,— Калі пашанцуе, паспрабуем свежаніны,— і, адклаўшы ўбок галоўкі дзікай цыбулі, узяўся за лук.
Бацька з сынам падышлі да крынічкі. Прыпыніліся. Затым бацька наслініў палец і ўзняў яго ўгору, вызначаючы напрамак амаль неадчувальнага тут ветру.
— Добра,— ледзь чутна прашаптаў ён,— на нас цягне, не ўнюхаюць.
Козы былі на тым жа касагоры. Мужчына прыцэліўся і выпусціў стралу. Бліжэйшы козлік страпянуўся і пакаціўся па схіле, а ўвесь статак, збіваючы капытамі камяні, з тупатам сыпануў наўцёкі. Паляўнічыя пабеглі па здабычу, пераганя-
ючы адзін другога. I калі ўжо схапілі козліка за рогі і бацька ўскінуў яго сабе на плечы, пачулі, што на вяршыні, куды зніклі козы, загрукатала.
— Сцеражыся! — крыкнуў бацька, схапіў сына за руку і кінуўся пад бліжэйшую скалу.
Грукат хутка бліжэў, мацнеў, перарастаў у аглушальны гром. Са свістам праляцелі першыя камяні, а затым у скалу ўрэзалася лавіна каменяпаду. Скала ўздрыгнула, але ўстояла. Лавіна ж, расшчапаўшыся надвое, панеслася ўніз і там абрынулася ў прорву, у каменнае нутро, якое адазвалася стагалосым рэхам.
Затым усё сціхла. Толькі над схілам яшчэ курэла воблака пылу ды рэзка пахла бітымі камянямі, як пахне, калі выбіваеш іскры з крэменю.