Страла Расамахі | Вогнепаклоннікі
Міхась Чарняўскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 143с.
Мінск 2016
Перш чым распачаць работу далей, Зязюля задумалася, успомніўшы каторы раз, як гаршкі ляпілі ў яе роднай вёсцы. Там пласкадоннага посуду і не ведалі. Рабілі з дном вострым. А ў некаторых мясцінах — з закругленым. А таму, што ежу гатавалі на вогнішчах, уторкваючы пасудзіны паміж вугалямі і галавешкамі. Як ні падгаралі дровы, а такія гаршкі не куляліся. А тут агніпічы лепяць з гліны. I чэрані таксама гліняныя, роўныя і моцна апаленыя. На такі можна паставіць толькі гарпічок з плоскім дном. Дома яшчэ ляпілі аб’ёмістыя пасудзіны — для жалудоў, арэхаў, ягад, сушаных грыбоў. Тут такіх не робяць. Запасы трымаюць у плеценых з саломы кубельчыках.
Разуспаміналася Зязюля, разжалілася і нават слязой абвільгатнелі яе вочы — што зараз з мамаю, якая вучыла яе таямніцам глінянага рамяства? Але схамянулася: край сонца ўжо кранаецца арэшнікавай вершаліны, і хутка рыхтаваць абед для мужчын, якія павінны вяртацца з возера. Жанчына пачала скочваць гліняную кілбаску і пляскаць яе ў стужку, тонкую і шырокую. Зараз маці дапамагала і дачка, падтрымоўвала
стужку, а Зязюля накладвала яе на дно, змацоўваючы краі кожнага насіупнага вітка.
На вачах вышэлі сценкі гаршка, выпуклялася ягонае рудое брушка. Але Зязюля асабліва не спяшалася, бо трэба было, каб ніжнія віткі паспявалі падсохнуць і памацнець. Інакш пасудзіна распаўзецца, абсядзе пад цяжарам сырой гліны.
Пасля абеду, калі гаршчок быў амаль гатовы, у апошнюю гліняную кілбаску Зязюля закатала тоўстую нітку з авечай воўны.
— Каб мацней было,— растлумачыла.
Кілбаску прыляпіла да верху і пальцамі размяла так, каб атрымаўся ахайны, са скошаным краем, брыж.
Зараз жанчына ўзяла ў рукі авальную, зазубраную з аднаго канца касцяную пласцінку. Абмочваючы яе ў пасудзіне з вадой, пачала раўняць, заскрабаць стыкі паміж віткамі стужкі. На паверхні сценак утваралася мноства драпін-баразёнак. Але затое самі сценкі раўнелі, набывалі дасканалейшую форму.
— Ну вось, амаль і гатовы наш гаршчок,— паведаміла яна сваёй памочніцы і сама ўзрадавалася, што праца, здаецца, удалася. Засталося толькі рэдка разведзенай глінкай замазаць драпіны. I няхай ноч падсыхае, а назаўтра можна будзе аздобіць яго ўзорам.
На наступны дзень усе Зязюліны дзеці селі наўкола яе, бо вельмі любілі глядзець, як маці ўпрыгожвае гаршкі. Да таго ж спадзяваліся, што, можа, і ім будзе дазволена правесці хоць маленькую рысачку.
Трымаючы падсохлы гаршчок у левай руцэ, Зязюля той жа касцяной пласцінкай пачала адціскаць на яго шыйцы глыбокія гарызантальныя баразёнкі. Закончыўшы гэту справу, узяла касцяное шыла і яго вастрыём ніжэй баразёнак прадрапала трохкутнікі, а ў трохкутніках — частыя паралельныя рысы. Такі ўзор азначаў узаранае і засеянае поле. Ён павінен быў паспрыяць, каб у сям’і заўсёды знайшлося што згатаваць у такім гаршку, каб яго ўласнікаў не спаткаў голад.
Задаволена агледзеўшы сваю работу, жанчына падумала і, крыху павагаўшыся, канцом палачкі пад самым брыжам гаршка зрабіла глыбокія круглыя копачкі. Так заўсёды ўпрыгожвалі гліняны посуд у яе родным племені.
Зязюля, нарэшце, разагнула занямелую спіну. Адпачыла. Потым паклала выраб у цень пад паветку — каб падсох пару дзён, і пад страхам лупцоўкі загадала дзецям да яго не дакранацца.
А пасля вясковыя жанчыны знясуць у адно месца толькі што злепленыя свае гаршкі. Мужчыны раскладуць вялікае вогнішча і пачнуць гэту ляпніну абпальваць, стараючыся, каб пракальвалася яна раўнамерна. У канцы дроў будуць падкладаць усё менш, каб жар слабеў паступова, бо калі астудзіць раптоўна, гліна патрэскаецца. А калі зусім патухне вогнішча і астынуць круглабокія звонкія гаршкі, мужчыны асцярожна дастануць іх з вугалёў і раздадуць гаспадыням. А тыя будуць пазнаваць свае вырабы па асаблівасцях узору і цікаўным вокам пазіраць на посуд суседак — у каго лепш і прыгажэй.
— Як ты ўжо, напэўна, ведаеш,— сказаў я, перадаючы Івану Пятровічу чарговыя спісаныя аркушы паперы,— першы гліняны посуд на нашых землях з’явіўся ў самым пачатку новага каменнага веку, каля шасці тысячагоддзяў назад. Праз увесь неаліт амаль адзіным тыпам начыння ў наіпых продкаў быў вастрадонны, часам акругладонны, гаршчок — як у цяперашніх турыстаў. У бронзавым жа веку посуд стаў больш разнастайны і рознапамерны — пласкадонныя гаршкі, міскі, кубкі, жбаны-гладышы, вушастыя кубкі, слоікі, шматвухія амфары, былі нават друшлякі-цадзілкі. I ўсё гэта ўпрыгожвалася арнаментамі. Але калі ў папярэдні час узор, як правіла, пакрываў усе сценкі вырабу, то зараз ён наносіўся пераважна ўверсе. У канцы эпохі арнаменты на посудзе паступова выходзяць «з моды»; яны бяднеюць, a то і зусім знікаюць. Гэта не значыць, што людзі перасталі любіць прыгожыя аздобленыя рэчы. Проста пачалі арнаментаваць нешта новае, напрыклад вопратку.
— He зусім ты мяне пераканаў наконт заняпаду арнаментаў на гаршках, але, можа, яно было і так. А зараз скажы, як археолагі тлумачаць, што ў бронзавым веку посуд такі розны? Можа, гэта звязана з шырокім распаўсюджаннем земляроб-
ства і жывёлагадоўлі? Да лясной і рачной здабычы дабавілася тое, што чалавек гадаваў і вырошчваў у хлеве, загоне ці на полі. Значыць, ежа стала больш разнастайнай, трэба было яе па-рознаму гатаваць, ды і спажываць — таксама. Тое ж малако лепш піць з вушастага кубачка, чым сёрбаць з вялікай пасудзіны. Да таго ж з кубачка — больш гігіенічна.
— Слушнае разважанне! — адзначыў я.— Даўно кажу, што табе пара кінуць здзекавацца з паддоследных сабак і заняцца самай цікавай навукай — археалогіяй.
— Ну не кажы — цікавая кожная навука, калі яна падабаецца, калі па душы.
Пад знакам каменнай сякеры
Двое мужчын у чоўне-даўбёнцы пераплывалі раку. Веславаў з кармы загарэлы мацак гадоў каля дваццаці пяці. Каля берага ён заграбаў стоячы, а па плыні апусціўся на калені, бо тут іх хісткая душагубка магла і перакуліцца. Гроб размашыста і моцна. Вузкае вясло лёгка ўваходзіла ў ваду, пакідаючы вірлівы след.
— Лягчэй грабі,— супыняў маладзейшага стары ў заношанай кашулі, які прымасціўся ў носе чоўна,— Зломіш вясло — і панясе даўбёнку.
Каля другога берага мужчыны павярнулі човен насупраць плыні. Тут было плытка, таму можна было вяслом адштурхоўвацца ад пясчанага дна. Хоць і паволі, кароткімі рыўкамі, але сунуліся наперад, мінаючы радкаваты лазняк на поплаве.
Праз нейкі час скіраваліся ў каламутную прытоку і сталі прабівацца ёю да гліністага абрыву, што галеў уперадзе.
Маладзейшы раптам перастаў веславаць і знерухомеў.
— Зірніце на вывараць,— прашаптаў ён старому.
Уперадзе іх ледзь не поперак рэчкі ляжала ў вадзе сукаватая хвоя, якая, мусіць, упала недзе з берага і была прынесена сюды веснавою паводкай. На дрэве прыладкаваўся згорблены мядзведзь і час ад часу заўзята біў лапаю па вадзе — лавіў рыбу.
Мядзведзь так захапіўся справай, што не заўважаў людзей. А тыя меркавалі, што рабіць далей. Трэба было неяк спудзіць звера з прытокі, але ж у іх была толькі адна дзіда і крамянёвыя нажы за поясам. Пакуль радзіліся, чацвераногі рыбак прыкмеціў няпрошаных гасцей, прыўзняўся на камлі і пагрозліва зароў.
— Гаспадар,— пакланіўся стары мядзведзю,— сыдзі ўбок і прапусці нас. Мы тваёй рыбы не зачэпім — у нас свая патрэба, якая цябе не датычыць.
Звер, пачуўшы голас, прыціх, быццам прыслухоўваючыся, але потым зароў яшчэ мацней.
Тады і людзі ў чоўне закрычалі, замахалі рукамі, пачалі кідаць камяні, якія хоць і не даляталі да касалапага, але пырскаў рабілі шмат. Нарэшце мядзведзь не вытрымаў гэтага ляманту, скокнуў на бераг і валюхавата падаўся ў пушчу.
Каля абрыву мужчыны выцягнулі даўбёнку на бераг і пачалі аглядаць камяні, якіх тут было, як насыпана. Некаторыя падымалі і неслі ў човен. Бралі адмысловыя — зеленаватага або шэра-крапчастага колеру. Такіх траплялася не шмат, але праз нейкі час набралася амаль два дзясяткі.
— Мусіць, і ўсё тут,— махнуў рукою старэйшы,— Пасля наступнай паводкі, можа, зноў намые.
Мужчыны спачатку вылілі з даўбёнкі ваду, якой набралася праз старую шчыліну, затым сапхнулі човен з берага і зноў выплылі на раку. Зараз веславаць было не трэба. Плынь спорна несла іх уніз, трэба было толькі пільнаваць, каб не напароцца на якую тапеліцу-вывараць.
Насупраць сваёй вёскі падарожнікі прысталі да невялікай пясчанай выспы, аддзеленай ад берага вузкай плыцізнаю. Тут быў толькі хмызняк, дзве дуплістыя і пакручаныя ветрам і часам вербы ды стары будан пад імі.
Маладзейшы мужчына выцягнуў з будана каменную пліту, тонкую і спрацаваную. Затым на пліту насыпаў мокрага пяску, які быў пад рукою — толькі грабяні глыбей,— і пачаў церці аб яе адзін са знойдзеных зеленаватых камянёў. Стары вынес з таго ж будана драўляны плашчак, елянцовую палку з насаджанай касцяной трубкаю і доўгі скураны пасак.
— Можа, ужо добра будзе? — перарваў працу ўпацелы малады мужчына.
Стары прыдзірліва агледзеў камень, які па форме ўжо нагадваў сякеру.
— Лязо тут крыху падвастры і хопіць. Потым будзем рабіць адтуліну.
Адтуліну свідравалі ўдваіх. Стары каменем націскаў на палку з трубкаю, у якой быў мокры пясок. Праваю рукой ён трымаў за канец скуранога паска, абкручанага вітком вакол палкі. За другі канец паска трымаўся маладзейшы, і яны абодва папераменна цягнулі пасак кожны ў свой бок. Палка круцілася, і касцяная трубка вымолвала мокрымі пясчынкамі ў нарыхтоўцы паглыбленне.
Так працавалі яны некалькі часу, пакуль у трубцы не скончыўся пясок. Тады стары насыпаў у яе новага.
— Ведаеш,— загаварыў стары ў час наступнага перапынку,— неяк я шукаў патрэбныя камяні ніжэй па цячэнні нашай ракі. Там таксама ёсць абрывы, але пясчаныя. Адпаведных камянёў так і не трапілася, затое пад пяском была крэйда, a ў ёй шмат крэменю. Хоць яго набраў — для нажоў. Дык вось пад верх абрыву там выступае пласт з вуглямі, костачкамі і крамянёвымі аскабалкамі. Пэўна, там таксама жылі людзі. Але, мусіць, вельмі даўно, бо ў каго са старых не пытаўся — ніхто не памятае. I ў пласце мне трапіўся вялікі абабіты крэмень, востраканечны, з закругленым абушком. Падобны на сякеру, але яго да рукаяткі, пэўна, прымацаваць цяжка, a вось ашчаперыць пясцю зручна. Мой нябожчык бацька, а ён быў вельмі разумны і пражыў шмат, казаў, што такімі секачамі карысталіся першыя людзі.
— А тубыльцы на прытоках нашай ракі яшчэ і зараз так робяць: абаб’юць кавалак крэменю, каб востры быў, і прывязваюць да рукаяткі. Гэта ў іх за сякеру. Даўней, кажуць, нават лязо не зашліфоўвалі.