• Часопісы
  • Страла Расамахі | Вогнепаклоннікі  Міхась Чарняўскі

    Страла Расамахі | Вогнепаклоннікі

    Міхась Чарняўскі

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 143с.
    Мінск 2016
    38.52 МБ
    Аглушаныя і перапалоханыя, з пашарэлымі тварамі, бацька з сынам асцярожна вызірнулі з-за скалы. Касагору было не пазнаць. Каменная пустка ляжала перад імі, на якой там-сям курчыліся лапікі збітай ушчэнт травы, галелі бязлістыя, патрушчаныя дубцы кустоў. Ад рэдкіх тут дрэў засталіся толькі пашчапаныя пні. Усё знёс, збіў, зруйнаваў каменяпад. Нават частку ўпаляванага козліка, якога не паспелі добра прыхаваць пад скалою, быццам нажом, зрэзала нейкім пралятаючым каменем.
    — Духі гор угневаліся на нас, што мы кранулі іхнія багацці,— ледзь варушачы вуснамі, прамовіў бацька.
    Затым людзі асцярожна пайшлі з гэтай небяспечнай мясціны, баючыся зачапіць які камень, разбудзіць зноў напружаную каменную цішыню. I толькі перад надзейным сховам пячоры яны крыху асмялелі, пажвавелі. Расклалі вогнішча, і бацька на першыя ж языкі полымя кінуў кавалак казліны — духам-ахоўнікам. Другі паклаў зводдаль на камень. Гэты прызначаўся духам гор.
    Добра гарэлі сухія дровы. Цёплы дым строма ўздымаўся ў пацямнелае вечаровае неба, на якім яшчэ няпэўна трымцела першая зорка. Глыбокія цясніны запоўнілі лілова-шэрыя цені, а яшчэ ніжэй, у тым баку, дзе было паселішча, затуманілася. Здавалася, што там выйшла з берагоў возера і затапіла падножжы веліканаў-гор. Велічны спакой запанаваў навокал.
    Толькі сцішана яшчэ падавала голас у лесе нейкая птушка, ды далёка ў скалах праклекатаў арол.
    На абструганых палках, пакладзеных на рагулькі, смажылася мяса. Кроплі тлушчу падалі на вугалі, успыхвалі і стралялі дымнымі воблачкамі.
    Хлопец, зачараваны таемнасцю вогнішча, глядзеў на кавалкі меднай руды, якімі былі ўмацаваныя рагулькі. Ад агню кавалкі распаліліся, і па іх хвалямі пераліваліся зеленаватыя, бурыя і чырвоныя колеры. Калі асабліва разгараліся дровы, камяні барвавелі, пачыналі зіхацець, астываючы,— цямнелі. Вокіслы даўно абгарэлі, і з руды іскрынкамі паблісквалі драбочкі медзі. I раптам хлопец прыкмеціў, як з аднаго найболып распаленага кавалка, быццам сляза, выбегла і палілася на ніжэйшы камень вогненна-чырвоная кропля. Потым пацякла яшчэ і яшчэ — амаль малюсенькі ручаёк.
    — Што гэта? — тузануў ён за рукаў бацьку.
    Той таксама здзівіўся, убачыўшы, як сочыцца з каменя, быццам жывіца з надсечанай хвоі, нейкае рэчыва.
    — Па колеры, як медзь,— паволі прамовіў бацька, не адводзячы вачэй ад відовішча.
    Потым палкай адгарнуў убок дровы і вугалі, каб агонь і дым не заміналі назіранню. Але кроплі перасталі выбягаць з руды. Лужынка ж пад ёй пачала паступова цямнець і набываць колер звыклай самароднай медзі. Бацька той жа палкай падчапіў і выкінуў з вогнішча металічны блінок. Калі той астыў, асцярожна ўзяў у рукі і пачаў з цікавасцю яго аглядаць. А потым нават пастукаў абушком сякеры. Так, гэта была сапраўдная медзь.
    Рашыўшы праверыць сваю здагадку, бацька дастаў з дзённых знаходак кавалачак медзі і ўкінуў у самы жар.
    Чакалі доўга. Падкладвалі сушэйшыя дровы, падсоўвалі вугалі, ажно пакуль распалены кавалачак не размяк і не пачаў аплываць, ператвараючыся ў звілістую лужынку. Калі разгарнулі вугалі, яна зацвярдзела плоскім стрыжаньком.
    — Ды гэта ж, як воск,— уголас разважаў бацька,— Калі холадна — цвёрды, як разагрэеш — быццам вада, а потым зноў застывае, набываючы новую форму. Але ж заўсёды дагэтуль і я сам, і мой бацька, і дзед, ды і ўсе іншыя майстры ў блізкім
    і далёкім наваколлі медзь кавалі. А спачатку, кажуць, нават спрабавалі аббіваць, як крэмень. А яна ж, бач, як воск... A калі так яе расплавіць і выліць у які раўчук, то застыне стрыжаньком. Значыць, значыць...— моршчыў ён загарэлы лоб,— калі ў пясчаніку зрабіць роўную баразёнку — атрымаем шыла. Калі ж яе зрабіць шырэй і плашчэй — вось табе лязо нажа або серп. Гэта ж намнога прасцей і хутчэй, чым каваць!
    Назаўтра, калі ранішняе сонца прыбіла туман у даліны і падсушыла расу на камяністай сцежцы, бацька з сынам вярталіся дадому. Торба, напоўненая меддзю, важка цягнула плечы ўніз, і самай дарагой ношай у ёй былі кавалачкі, што выплавіліся на іхнім вечаровым вогнішчы. Гэта была першая выплаўленая ў гэтых мясцінах медзь, першы метал, здабыты чалавекам з руды!
    * * *
    — Ведаеш, мне тут не ўсё зразумела,— сказаў Іван Пятровіч, прачытаўшы праз пару дзён мае першыя запісы,— Адкуль і пры чым горы?
    — Я і сам над гэтым думаў,— няўпэўнена пачаў адказваць я.— Нейкая ў мяне перакананасць, што гэта маглі быць Альпы, і, хутчэй за ўсё, іх паўночны край, бо сонца апоўдні было над самымі высокімі вяршынямі. Цябе можа дзівіць — як мае продкі туды, ці лепш сказаць,— адтуль трапілі? Давай паразважаем. Яны былі мне родзічы па жаночай або мужчынскай генеалагічнай лініі. Але не гэта важна. Важна тое, што яны там былі ў самым пачатку бронзавага веку — на мяжы трэцяга і другога тысячагоддзяў да нашай эры. I гэта зразумела, бо, каб яны адтуль выйшлі раней, напрыклад, яшчэ ў папярэднім новакаменным веку — неаліце, гэтай гісторыі з імі б не здарылася, і яна, адпаведна, не адклалася б у генетычнай, як ты кажаш, памяці. А вось ужо нашчадкі гэтага хлопчыкамедзешукальніка маглі апынуцца на Беларусі самымі рознымі шляхамі і ў розны час. Бо хоць па нашых пушчах ды балотах і не гойсала скіфская ці гунская конніца, але перамяшчэнні людзей, часам нават і масавыя, назіраліся. Менавіта ў пачатку бронзавага веку ад Рэйна ледзь не да сярэдняй Волгі
    распаўсюдзіліся плямёны, якія свае гаршкі чамусьці аздаблялі ўзорамі з адбіткаў шнура — плямёны культур шнуравой керамікі, як іх «ахрысцілі» археолагі. Зусім не выключана, што нехта з маіх продкаў мог паходзіць са «шнуравікоў» і жыць нейкі час каля альпійскіх медзяносных радовішчаў. Канешне, той прашчур не трапіў да нас за год ці два. Хутчэй гэта быў яго нашчадак у якім дзясятым ці нават значна пазнейшым калене, і шлях вандровак яго папярэднікаў мог быць надзвычай пакручастым. He выключаны нават зусім, здавалася б, неймаверны кірунак — праз Скандынавію.
    — Гэта ты ўжо занадта,— не даў веры Іван Пятровіч.
    — Чаму занадта? «Шнуравікі» ў час сваёй найвялікшай экспансіі праз марскія пралівы трапілі ажно на гэты паўвостраў. А адтуль праз два з лішкам тысячагоддзі выселілася племя готаў, якое праз басейн Віслы і наша Пабужжа перавандравала ў паўночнае Прычарнамор’е. I ў час гэтага перамяшчэння яно затрымалася на Пабужжы не на адзін год. На ўскраіпе Брэста археолагі раскапалі нават цэлы гоцкі могільнік. Мог продак трапіць і нядаўна — каля тысячагоддзя назад па шляху «з варагаў у грэкі».
    — Табе варта на гэтай версіі і спыніцца,— пакпіў з мяне сябра,— і сцвярджаць, што ты з роду вікінгаў.
    — He выключана, не выключана,— аджартаваўся я — Наёмныя дружыны скандынаўскіх воінаў былі на службе ў полацкіх князёў і часам складалі гарнізоны парубежных замкаў. А менавіта такім замкам на тагачаснай беларускалітоўскай мяжы было некалі маё роднае Мядзіла.
    — На лішак сціпласці ты не хварэеш,— засмяяўся Іван Пятровіч.— Але я рады за цябе, што ўжо можаш жартаваць. З’яўленне гумару — адзнака, што хворы папраўляецца.
    — А таксама верагодна,— працягваў я, робячы выгляд, што не зважаю на кепікі псіхолага,— што гэта магло адбыцца ў часы распаду Рымскай імперыі, у эпоху вялікага перасялення народаў, калі ў Еўропе забурліла, як у перагрэтым чыгуне. I куды толькі каго не занесла ў тую людскую завіруху: германцаў — ажно ў Афрыку, славян — у Малую Азію і на поўнач Беларусі — таксама...
    Копачкі пад брыжам гаршка
    Зязюля трапіла ў гэту вёску яшчэ як была дзеўкай. Паміж яе родным племенем і тутэйшым пачаліся былі тады звады. Недзе сагналі статак быдла, там спалілі паселішча, некага ранілі. А Зязюлю захапілі ў палон. He паслухалася маці і далекавата адышлася ў пушчу — сама пайшлі баравікі; хацела насушыць на зіму пабольш. Быў іх там гурт дзяўчат, але ўсе ўцяклі, калі прыкмецілі чужакоў, а яна звіхнула нагу. I дасталася Зязюля маўкліваму воіну, у якога нядаўна памерла жонка, пакінуўшы хлопчыка-сіротку.
    Спачатку бедавала дзяўчына-паланянка, намервалася не раз уцякаць. Але дзе ўцячэш, калі твае родныя за некалькі дзён шляху праз пушчу. А ў лясным гушчары на кожным кроку мядзведзі і рысі. Аднаму нават і дужаму мужчыну вялікая рызыка, а слабой дзяўчыне...
    Пагаравала Зязюля, ды і абціхла. Чалавек, у чыю хату яна трапіла, аказаўся добрым і клапатлівым мужам. Да хлопчыка таксама прывыкла. Навучылася размаўляць па-тутэйшаму, пазнаёмілася з мясцовымі звычкамі. А як знайшліся і свае дзеці, і сябе пачала лічыць тутэйшай.
    Учора Зязюля скончыла шыць абувакі са шкуры зубрынай лабаціны. Цяпер яны віселі пад дрэвам, напханыя сухой травою. Высахнуць, стануць моцныя і цвёрдыя, як з дубу. Паслужаць мужу не адзін год. А сёння, як выпаў вальнейшы час, узялася за сваю любімую справу — пачала ляпіць гаршчок. У гэтым ёй падахвоцілася быць памагатай сяродашняя дачка, светлавалосая і блакітнавокая дзяўчынка гадоў васьмі, з рабацінкамі на твары, як і ў маці.
    За хатай, пад кустом арэшніку, дзе было заценена і заўсёды вільготна, Зязюля разгарнула насланую кару. Адкрылася яма з запасам яшчэ летась накапанай гліны, перамарожанай за зіму, гатовай да ўжытку. Яна ўзяла некалькі камоў, паклала ў плыткае карыта, уліла туды вады. Потым з дачкой пачалі драўлянымі таўкачамі таўчы камы, каб атрымалася добра вымешаная вязкая маса.
    Час ад часу Зязюля падсыпала ў карыта жарству, якой загадзя нацерла з перапаленага каменю. Гліна без такой дамешкі пры апале трэскаецца, і гаршкі развальваюцца.
    Нарэшце глінянае цеста прыгатавана. Для спробы Зязюля раскатала тонкую кілбаску і спляскала яе. Атрымалася стужка. Памацаўшы яе, паціскаўшы ў пальцах, жанчына задаволена кіўнула галавою.
    — Падыдзе,— сказала яна дачцэ.— Памыем зараз у рэчцы рукі і пачнём.
    Затым Зязюля паклала каля сябе кавалак дошкі, выгладжанай і выскабленай нажом і скрабком. Дошку пасыпала дробным пяском, каб выраб не прыставаў да дрэва, і паклала на яе першы камяк гліны. Пачала яго пляскаць далонямі ў роўны круглы блінок. Краі блінка загнула ўверх, выраўняла. Атрымаўся быццам сподак — дно будучай пасудзіны.
    Дачка сядзела побач і на вялікім лісце маці-мачыхі ляпіла свой гаршчочак, памерам мала большы за ўласны кулачок.
    Пасля дна пачыналася самае складанае. Трэба было сфармаваць выпуклае брушка, шыйку, шырокі брыж. Потым падправіць паверхню вырабу, каб яна стала роўнай і гладкай. А затым ужо аздобіць гаршчок.