Страла Расамахі | Вогнепаклоннікі
Міхась Чарняўскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 143с.
Мінск 2016
Вось і зараз жыхары адной з суседніх вёсак — з дзясятак мужчын — доўга выбіралі сярод перакопаў нечапаны лапік зямлі. Нарэшце знайшоўшы яго, пачалі дзяўбці крэйду вострымі каламі, выграбаць друз ласінымі лапаткамі, марудна паглыбляючыся ў пароду. Дні праз чатыры дабраліся, нарэшце, да крэменю, але амаль адразу ж натрапілі і на штрэк старой шахты. Давялося паглыбляцца да новага пласта, якога тут магло і не быць. Ды на шчасце ці няшчасце наступны пласт таксама знайшоўся, і крамянёвыя жаўлакі ў ім пайшлі вялікія і гладкія. Але зноў, як толькі матыкамі-кайламі пачалі ўсякацца ў сценкі, пасыпаўся друз, пасыпалася крэйда з суседняй выпрацоўкі. I тут здарылася бяда. Сценка трэснула і абрушылася, заваліўшы друзам шахцёраў.
У вялікім паспеху кінуліся расчышчаць завал суродзічы. Ды пакуль дабраліся да пацярпелых, адзін з іх ужо не дыхаў, ды і другі ледзь вярнуўся да свядомасці.
Пасля гэтага здарэння стары Крэм — калматабароды дзед у скураной, выбеленай крэйдай безрукаўцы — узяў двух дужэйшых маладых мужчын і пайшоў з імі шукаць у наваколлі новае крэменяноснае радовішча. Крэм выглядаў у лесе раўнейшыя ўчасткі зямлі, з бураломам. Па шматгадовым вопыце ведаў — там, дзе крэйда блізка падыходзіць да паверхні, над ёю
тонкае земляное покрыва, у якім цяжка каранямі ўмацавацца дрэвам. Таму яны і падалі пад напорам навальнічных вятроў.
Зазірнуўшы пад адну вывараць, стары заўважыў белую пароду, а ў ёй крамянёвы аскабалак.
— Разгарніце пясок у бакі і зачысціце крэйду,— паказаў ён памочнікам мясціну, дзе яны павінны былі распачаць працу.
Сам жа агледзеў суседнія вывараці, пакорпаўся ў недалёкай свежай прамыіне, што засталася пасля нядаўняга дажджу, і ўсё нешта мармытаў сабе пад нос, быццам гаварыў замовы. А потым пайшоў да старога абамшэлага дуба з абсмаленай перунамі вяршалінай. Пад дубам на плоскім валуне ляжаў вялікі, як скрануць, фігурысты жаўлак крэменю. Калі прыгледзецца, то здавалася, што ён падобны да прысадзістага чалавека з круглай галавою і носам, як кулак. Канешне, выгляд выявы быў несамавіты — і вока адно, і скасабочаны, але, пэўна, так і павінен быў выглядаць Краменны дух — гаспадар усіх мясцовых падземных багаццяў.
Ніхто не памятае, калі і хто ўсцягнуў на гэты валун жаўлак. Дзяды сцвярджаюць, што ляжыць ён тут ад стварэння свету, як і расце гэты дуб таксама ад пачатку ўсяго жывога.
Побач стаялі і ляжалі меншыя крамянёвыя фігуркі — быццам мядзведзі, алені, птушкі. Былі тут крамяні з акамянелымі ракавінамі дзівосных малюскаў. Усё, што траплялася ў шахтах нязвыклай формы, людзі прыносілі пад стары дуб, бо былі перакананыя, што ў іх маўкліва хаваюцца чароўныя сілы зямных нетраў. Краменны ж дух меў найбольшую моц. Ён мог затлуміць галаву чалавеку, паслаць у пустую мясціну, дзе горназдабытчык, выліўшы сем патоў, выдзеўбе ў шчыльнай і ліпучай крэйдзе пошукавы калодзеж у два свае росты і нічога не знойдзе. А мог даць столькі крэменю, што не забярэш і ўдзесяцёх.
Крэм ужо не адзін дзясятак гадоў здабывае крэмень, колькі мазалёў нацёр на далонях, капаючы пароду, робячы вузкія падбоі рагавым вастраком. Колькі перабрана камянёў гэтымі жылістымі, агрубелымі, шрамаватымі рукамі! Крэм ведае тут усе хады-выхады. Знаецца ён і з духамі і стараецца іх улагоджваць. Асабліва гэтага — Краменнага. Той, мусіць, таксама добра запомніў старога шахцёра, бо спрыяе яму.
Таму рэдка бывала, што Крэм распачынаў шахту і яна аказвалася пустой. Калі ж надаралася няўдача, стары ішоў пад дуб, дакараў жаўлак і прасіў больш так не жартаваць.
Вось і зараз Крэм паклаў на валун сушаную плотку — духі ж таксама хочуць есці — і сказаў: «Не падвядзі мяне. Пашлі па старой памяці крэмень каля той вывараці, дзе капаюць мае памочнікі. Мне ўжо не шмат засталося жыць на гэтым свеце, таму на зыходзе дзён не хацеў бы мець перад суродзічамі ганьбу. Ну як, дапаможаш?» I Крэму падалося, быццам пасяброўску падміргнула яму каменная выява сваім адзіным вокам.
Абнадзеены шахцёр вярнуўся да вывараці, дзе мужчыны ўжо скончылі працу і адпачывалі.
Крэм укленчыў на расчышчаным месцы і пачаў аглядаць крэмені. Калупнуў адзін, другі, вызначыў нахіл. У тым жа кірунку павінен быў ісці і сам крэменяносны пласт. Затым адступіў пару крокаў у напрамку паніжэння пласта і загадаў пачынаць шахту.
Капалі па чарзе, бо ў шахтавым калодзежы для дваіх не было месца. Адзін працаваў, другі адпачываў. Потым мяняліся. Калі выпрацоўка паглыбела, друз пачалі выцягваць плеценым кошыкам.
Да вечара ўдалося заглыбіцца амаль да пояса.
Назаўтра мужчыны закапаліся па плечы. Капаць у глыбіні было цесна, нязручна, не так, як каля паверхні, дзе можна было размахнуцца, дзе крэйда была рыхлейшая, патрэсканая. Тут жа ішла суцэльная шчыльная парода, у якую з цяжкасцю заганялася вастрыё кайла. Да таго ж і самі капальнікі былі хоць і дужыя, але маладыя і нявопытныя, учарашнія хлопцы, якія яшчэ не набылі вынослівасці. А крэменю ўсё не было.
— Мы так да яго і не дабяромся. А можа, тут і зусім пуста? — пачалі бурчэць памочнікі, мусіць, намякаючы, што Крэм па старасці памыліўся.
— Будзе, хутка будзе,— супакойваў стары, а сам таксама пачаў хвалявацца-
Адзін з капальнікаў раздражнёна размахнуўся і зноў увагнаў кайло ў крэйду, а потым адразу ж разагнуўся і радасна закрычаў:
— Во, зламалася! — i паказаў вышчарбленае лязо прылады.
Узрадаваліся і ягоны напарнік, і Крэм. I не таму, што сапсаваўся гарняцкі інструмент,— лязо зламалася аб нешта надзвычай цвёрдае, а гэта мог быць толькі крэмень!
Хутка жаўлак ляжаў на траве каля вусця шахты. Ен быў плоскі, як праснак. Нічога вартага з яго не зробіш, хіба які скрабок. Але гэта быў знак, што пачаўся пласт. I праўда, праз пядзю пароды трапіўся большы жаўлак. Да вечара выбралі частку крэменю, што залягаў на дне шахты. Заўтра дастануць рэшту і пачнуць капаць падбоі. Крэмень тут добры, і яго шмат.
Калі скончылі працу, Крэм абтрос з каленяў наліплую крэйду, павярнуўся ў той бок, дзе рос стары дуб, і нізка пакланіўся.
Вярталіся ў шахцёрскі лагер, ледзь цягнучы здабычу. Трэба было паказаць яе суродзічам. Заўтра сюды прыйдуць гуртам і пачнуць распрацоўваць новае радовішча.
Крэм ішоўулагер ззаду сваіх памочнікаў. He спяшаўся. Быў задаволены. Ведаў, што аднавяскоўцы зноў будуць дзівіцца, які ён знаўца зямных таямніц, як ён па-ранейшаму знаходзіць добрыя мясціны для шахтаў. He, ніхто яшчэ не скажа, што Крэм знасіўся, што яму ўжо толькі сядзець у хаціне і няньчыць унукаў.
— Рось, гэта што каля Ваўкавыска цячэ?
— Так.
— А чаму ты ўпэўнены, што Рось?
— На берагах гэтай ракі ў ваколіцах пасёлка Краснасельскі знойдзены адзіныя, вядомыя на Беларусі, крэменездабыўныя шахты. Там мелася некалькі тысяч выпрацовак у крэйдавай тоўшчы, а побач — мпоства майстэрань па вырабе крамянёвых сякер. Па вугалях, знойдзеных у шахтах, вызначылі, што іх пачалі капаць яшчэ ў неаліце — у трэцім тысячагоддзі да нашай эры, але большасць іх адносіцца да наступнага тысячагоддзя, гэта значыць — да бронзавага веку.
Я там даследаваў не адну шахту, наваколле аблазіў спрэс і ведаю яго дасканала. Таму адразу і здагадаўся, што ў сне мне бачыліся менавіта гэтыя мясціны.
— У цябе ўсюды — крэмень, крэмень. А дзе ж бронза? Век жа — «бронзавы»?
— Бачыш, у бронзавым веку на Беларусі, як і на суседніх тэрыторыях, большасць прылад працы, як і ў папярэднім новакаменным веку, выраблялася з крэменю. Медзь і яе сплавы з іншымі металамі (бронза) траплялі да нас з далёкіх Каўказа, Скандынавіі, Прыкарпацця. Іх было мала, каштавалі дорага. Але кожную новую эпоху мы называем па важнейшых яе адкрыццях. Навучыўшыся здабываць бронзу, людзі зрабілі крок да выплаўкі жалеза з руды! Ну а жалезу абавязана ўся наша цывілізацыя.
Выпрабаванне
На пералёт стралы ад Выспы Выпрабаванняў мужчыны перасталі веславаць, і човен, яшчэ крыху праплыўшы з разгону, спыніўся, лёгка пагойдваючыся на бакавой хвалі.
— Пара, Ждан,— сказаў шыракатвары з пасівелай барадой мужчына.
3 дна чоўна ўстаў юнак гадоў пятнаццаці і пачаў распранацца. Па тым, як, блытаючыся ў раменьчыках-завязках, спехам вызваляўся ад вопраткі, як моцна былі сціснуты пабялелыя вусны, можна было здагадацца, што ён хвалюецца. I каб не прыкмецілі гэтага прысутныя і не падумалі, што баіцца, мусіць, так спяшаўся хлопец.
Нарэшце ён застаўся зусім голы — хударлявы, але ўжо мускулісты светлавалосы юнак з яшчэ па-дзіцячаму адтапыранымі вушамі. На цёмнай, загарэлай пад сонцам, закуранай каля вогнішчаў, скуры зараз асабліва выдзяляліся белаватыя шрамы ад хлапечых боек, лажання па дрэвах і хмызняках, нырцавання сярод карчоў за рыбай.
— Пара, Ждан,— зноў сказаў шыракатвары.
Ждан выпрастаўся, зірнуў на маўклівых мужчын у чоўне і сустрэўся з бадзёрачым паглядам бацькі, які прымасціўся на
карме. I ад гэтага пагляду ў юнака прыбавілася рашучасці, і ён лёгка, каб не разгайдаць няўстойлівую даўбёнку, адштурхнуўся ад яе дна і даў нырца ў ваду. Праз колькі сажняў вынырнуў і паплыў, не азіраючыся, да выспы. I толькі, калі выбраўся на бераг, абярнуўся і памахаў рукою.
Мужчыны развярнулі човен і павеславалі прэч ад выспы.
Праз сем дзён — квадру, калі месячная поўня прыкметпа сышла на ветах, той жа човен зноў адплыў ад прыбярэжнага паселішча і пакіраваўся да выспы. У ім нетаропка веславалі тыя ж мужчыны, а на карме зноў сядзеў бацька Ждана. I мусіць, толькі яму не цярпелася, бо ён усё неўпрыкмет выгінаўся, каб з-за спін весляроў зірнуць на выспу. Яго турбавала, як жа на гэтым бязлюдным кавалку зямлі пасярод возера, без ежы, вопраткі і агню, бяззбройны, даў сабе рады мінулыя дні ягоны сын, дні, якія здоўжыліся на месяцы. Хвалявала і як ацэняць старэйшыны роду вынікі выпрабавання. Ці прымуць Ждана ў свой гурт паляўнічых і воінаў?
Вузкай пратокай праз трыснёг човен праслізгнуў пад бераг, чыркануў дном па пяску і спыніўся. Мужчыны выбраліся з даўбёнкі і выцягнулі яе на сухое, каб не знесла выпадковай хваляй, хоць сёння было ўвогуле пагодліва і ціха.
Усе мінулыя дні прайшлі без дажджу, таму мужчынам было лёгка па слядах прасачыць, што рабіў, як паводзіў сябе на выспе Ждан. I наадварот, юнаку было складана вытрымаць апошняе з выпрабаванняў — затаіцца так, каб ягоныя суродзічы як найдаўжэй не маглі яго адшукаць.