• Часопісы
  • Страла Расамахі | Вогнепаклоннікі  Міхась Чарняўскі

    Страла Расамахі | Вогнепаклоннікі

    Міхась Чарняўскі

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 143с.
    Мінск 2016
    38.52 МБ
    Як толькі першыя жывёліны выйпілі на супрацьлеглы бераг, са схованак выплылі чоўны — паляванне пачалося. Паляўнічыя, плывучы сярод аленяў, калолі іх дзідамі. Пакуль хапала моцы ў руках або пакуль не ламалася дрэўка. А з другога берага ўсё наплывалі новыя статкі.
    Забітых жывёлін плынь зносіла ўніз. Там іх перахоплівалі і цягнулі да берага. Маладзейшыя або не такія спрытныя паляўнічыя білі аленяў на беразе з лукаў.
    Але і ў людзей без ахвяр не абышлося. Перапалоханая аленіха перакуліла човен. Паляўнічы пайшоў на дно. Быў паранены і адзін юнак на беразе, які неасцярожна сунуўся з дзідаю да раз’юшанага самца.
    Апошнія алені, успеньваючы ваду, выскачылі на бераг і памчалі па раскапычанай тундры. Навокал стала ціха.
    Зараз наступіла спакайнейшая, але не менш важная работа. Трэба было зняць шкуру са здабычы, прыпарадкаваць мяса. I хутка задымілі ўздоўж берага вяндлярні, зробленыя з жэрдак і бяросты. Густа запахла паленым смалістым дрэвам. I так было кожную восень.
    ЗА ДАРАМІ ПРЫРОДЫ
    Гэта магло быць у любое тысячагоддзе каменнага веку, асабліва ў яго пазнейшы час, дзе-небудзь на Беларускім Паазер ’і
    Першабытны чалавек карміўся з палявання, рыбалоўства і збіральніцтва. Зразумела, апошняе не прыносіла столькі спажывы, як, напрыклад, удалае паляванне на зубра або лася. Але ўсё ж і збіральніцтва значна разнастаіла харчаванне нашых продкаў.
    Вясною, калі ўсё навокал зелянела, выпраўляліся за першым шчаўем. Ішлі ў харч маладая крапіва, дзікая цыбуля, карані вадзяной лілеі, мноства іншых раслін. Вясною быў самы час і для збору птушыных яек. Затым прыходзіла лета і выспявалі ягады. Спачатку суніцы, потым чарніцы, маліны, брусніцы, восенню — журавіны. Ягады можна было не толькі есці свежымі, але і сушыць на зіму.
    Пасля цёплых дажджоў пачыналіся грыбы. Раслі яны ажно да позняй восені, і ўвесь гэты час не заціхалі чалавечыя галасы ў лесе.
    У канцы лета наступаў збор арэхаў. Людзі ішлі і ў дубнякі, разганяючы дзікоў,— паспелі жалуды. Вывараныя жалуды гублялі гаркоту. Іх можна было затым перацерці на муку, змяшаць з арэхамі ці яшчэ з чым і спячы праснакі.
    ...У дупле вялізнай старой ліпы пасяліўся пчаліны рой. Можа, таму, што дупло было высока над зямлёю, а дрэва нахілена над рэчкаю, мядзведзям ніяк не ўдавалася выдраць гранкі-соты. А паласавацца мядком яны спрабавалі — камель быў добра паабдзіраны кіпцюрамі.
    Людзі прыкмецілі рой яшчэ вясною, але не чапалі: чакалі, пакуль пчолы наносяць пабольш набытку. I вось неяк у самы разгар лета, калі з дупла ажно выступіў мёд, да ліпы прыйшло некалькі мужчын. Спыніліся пад дрэвам, глядзелі і слухалі, як гудуць пчолы ў ліпавай кроне. Затым адны з мужчын ссеклі ў прыбалаці гонкую яліну і ацерабілі на ёй галіны, пакінуўшы ля камля старчакі. Другія нацягалі сухога ламачча. Як толькі яліну прыставілі да ліпы — вяршыняй да дупла, падпалілі ламачча і пачалі кідаць на агонь сырое галлё. Цёмна-шызы дым узняўся ўгору, ухутаўшы дрэва густым воблакам. I адразу загуло ў кроне, быццам у віхуру,— гэта вылятаў з дупла растрывожаны рой.
    Крыху пачакаўшы, па яліне, чапляючыся за старчакі, палез маладзейшы і рызыкоўнейшы з мужчын. Ён быў захутаны ажно да вачэй закуродымленай вопраткай і трымаў пад пахай скураны мех. Задыхаючыся ад дыму, мужчына выцягнуў з дупла гранкі і склаў у мех. Затым хуценька пачаў спускацца, бо, калі дым радзеў, пчолы смялелі і раз’юшана накідваліся на чалавека. Даставалася і тым, хто стаяў пад дрэвам.
    Радасна ўзбуджаныя — гэта была вясёлая забава — вярталіся мужчыны са здабычай у паселішча. Час ад часу пазіралі адзін на другога, бачылі апухлыя ад укусаў насы і вочы-шчылінкі і рагаталі.
    ...У плыткай азёрнай затоцы, зарослай рознымі вадзянымі раслінамі, ходзяць амаль па пояс у вадзе жанчыны і падлеткі. Раз-пораз нагінаюцца, нешта выцягваюць з вады і кладуць у торбы. Малюскі? He, хоць іх таксама елі першабытныя людзі. Жанчыны і падлеткі збіваюць плады вадзяных арэхаў, рагатыя, як галоўкі чорцікаў. Плады потым абсмажаць на вогнішчы і дастануць з іх смачныя зярняты.
    А як настане глыбокая восень і сцішыцца пачарнелая зямля ў чаканні першага снегу, гаспадыні са спакойным задавальненнем будуць аглядаць у схованках доўгія нізкі
    сушаных грыбоў, кошыкі і вялізныя гліняныя гаршкі з ягадамі, жалудамі, ляснымі і вадзянымі арэхамі. Будуць перакладаць у сушэйшыя мясціны пукі каранёў і сцяблін ядомых раслін і радавацца, што зімовымі завірухамі, калі не прабіцца праз лёд да свежай рыбы, не трапіць у заснежаны лес за дзічынай, сям’я хоць які час зможа пратрымацца на гэтых запасах, сабраных у лесе, на балоце, у возеры.
    Збіральніцтвам займаліся і самыя першыя людзі, якія яшчэ мала чым розніліся ад сваіх продкаў — чалавекападобных малпаў, і людзі пазнейшага часу, калі ўжо існавалі земляробства і жывёлагадоўля.
    У МАЙСТЭРНІ
    Сем тысяч гадоў назад.
    На рацэ Сож каля сучаснай вёскг Залессе ў Чачэрскім раёне
    На краі паселішча, пад самым лесам, размясцілася крэмнеапрацоўчая майстэрня. Гэта — лёгкая трысняговая павець на слупках, якая дае схованку і ад сонца, і ад непагадзі.
    Пад павеццю яшчэ моцны, але ўжо сівы мужчына. Апрануты ён у доўгія штаны, пашытыя са шкуры, і заношаную безрукаўку. Босы.
    Вось мужчына ідзе ў кут павеці і выкопвае са схованкі крамянёвы кавалак — камень памерам у два кулакі. Затым бярэ з торбы на слупку адбойнік — гранітную гальку з моцна падзёўбанымі краямі, прысаджваецца на драўляны кругляк і спрытным ударам збівае вяршыню кавалка. Атрымалася амаль роўная пляцоўка. Паклаўшы камень на чэсаную дошку, якая ляжыць на зямлі, і заціснуўшы яго ступнямі, майстар пачынае адколваць з пляцоўкі пласцінкі з правільнымі гранямі. Робіць ён гэта спецыяльным прыстасаваннем — зробленым з рога і дрэва доўгім стрыжнем-адціскальнікам.
    Побач з сівым сядзіць мужчына маладзейшы. Ен падбірае з зямлі адколатыя пласцінкі і апрацоўвае іх на краях невялікім рэтушорам — абломкам крэменю. Пласцінкі-нарыхтоўкі на-
    бываюць форму доўгіх лістападобных наканечнікаў стрэлаў з рэтушаванымі краямі і адмысловым тонкім насадам.
    Мужчыны стараюцца. Набліжаецца восень — час палявання на адлятаючых у вырай растлусцелых за лета качак і гусей. А для такога палявання трэба многа стрэлаў.
    Пад павеццю і навокал яе валяецца мноства розных кавалкаў крэменю, пласцінак, адшчэпаў, а таксама крамянёвых камянёў, з якіх адкалолі колькі можна нарыхтовак і кінулі як непатрэбныя. Гэта так званыя нуклеусы. Яны выглядаюць, як гранёныя пірамідкі.
    Каля павеці былі разасланы кавалкі бяросты. На іх ляжалі змайстраваныя яшчэ раніцою крамянёвыя скрабкі — адшчэпы або абломкі ножападобных пласткоў, у якіх край закругляўся і апрацоўваўся стромкім рэтушам. Такая прылада з’яўлялася ўніверсальнай, ёй можна было чысціць рыбу, здзіраць мяздру са шкуры, рэзаць шкуру жывёл і кару дрэў. Тут жа былі і некаторыя іншыя прылады: праколкі, якімі рабіліся невялікія адтуліны ў шкуры або кары; разцы, якія пераважна прымяняліся для апрацоўкі костак; доўгія, завостраныя з краёў нажы.
    Працавалі моўчкі. Толькі, калі перапыняліся, перакідваліся якім словам.
    Ужо перад самым поўднем, калі збіраліся пайсці абедаць, маладзейшы мужчына адклаў убок рэтушор і пачаў узірацца паміж хацін.
    — А да нас нехта ідзе.
    Паглядзеў туды і старэйшы.
    — Ды гэта мой сусед Варона з сынам.
    Варона падышоў да павеці і павітаўся з майстрамі, пажадаўшы ім дапамогі добрых духаў. Затым дастаў з-за паса сякеру і працягнуў старэйшаму:
    — Бачыш, Скол, як лязо вышчарбілася? I аб што — аб ліпу. Пачаў ссякаць каля затокі, каб потым выдзяўбці з яе човен. Але раптам трапіў сякерай на нешта цвёрдае — ажно зазвінела. Гляджу, а ў дрэве ўрослы крамянёвы наканечнік стралы. Тады ўспомніў, што як былі яшчэ хлопцамі, то на гэтай ліпе ў цэль з лукаў практыкаваліся.
    — Ты глядзі, які выпадак,— здзіўлена паківаў галавой Скол.— Я і сам па ёй не адну стралу калісьці выпусціў. Але мы табе зараз зробім новую сякеру, бо гэту шчарбіну ўжо не зараўняеш.
    Майстар выбраў прадаўгаваты крэмень і збіў з яго верхнюю і ніжнюю часткі. Атрымаліся дзве пляцоўкі. Затым ударамі адбойніка адкалоў з краёў пляцоўкі тоўстыя адшчэпы — нарыхтоўка пачала нагадваць сякеру. Асцярожнымі бакавымі ўдарамі Скол зрабіў лязо і плоскі абушок. Лязо падправіў рэтушорам, ім жа зняў і выступы на краях сякеры. Хутка і лоўка выходзіла ў майстра, стараўся асабліва, бо рабіў на вачах супляменніка.
    Затым Скол выбіў з адтуліны ў касцяным тапарышчы папсаваную сякеру, абмазаў адтуліну густым клеем з драўніннай смалы і замацаваў у ёй новую сякеру.
    — На, сусед, трымай, і няхай табе лёгка сячэцца. Толькі сёння не працуй — няхай смала засохне.
    Пакуль дарослыя былі занятыя сякераю, сын Вароны, яівчэ падлетак, забаўляўся побач. Ён падымаў з зямлі непатрэбныя майстрам адшчэпы, стукаў адзін аб другі, высякаючы іскры, або для цікаўнасці, наследуючы дарослым, браўся рэтушаваць які крамянёвы асколак. Пазабаўляецца так і кіне крэмень у пясок.
    А праз нейкіх сем тысячагоддзяў археолагі знойдуць на беразе Сожа гэтыя крамянёвыя недаробкі і будуць ламаць галаву, думаючы: «I што б гэта маглі быць за такія дзіўныя вырабы, для чаго яны служылі нашым продкам?» А гэта ўсяго толькі дзіцячыя забаўкі.
    Крэмень апрацоўвалі на кожным паселішчы каменнага веку, але непадалёку ад багатых крэменем радовішчаў існавалі і спецыяльныя майстэрні па вырабе каменных прылад працы. Некаторыя ж раёны Беларусі бедныя крамянёвай сыравінай, таму мясцовыя жыхары замянялі яе іншымі матэрыяламі. Так, на старажытных паселішчах Падзвіння мы сустракаем касцяныя і рагавыя наканечнікі стрэлаў і дзідаў, кінжалы і гарпуны. Нават некаторыя сякеры там былі касцяныя. Праўда, такою сякерай дрэва не ссячэш, але ёю
    можна было адсекчы, напрыклад, кавалак мяса ад упаляванай жывёліны.
    У самым канцы новага каменнага веку сякеры з крэменю і іншых камянёў пачалі зашліфоўваць з дапамогай каменных пліт і мокрага пяску.
    Новы каменны век
    ПЕРШЫЯ ГАРШКІ
    Каля шасці з паловай тысячагоддзяў назад.
    Недзе на Прыпяці
    Хаціна з жэрдак і галля загарэлася глыбокай ноччу, калі ўсе моцна спалі, натомленыя клопатамі мінулага дня. Успыхнула раптоўна, і свежы вецер з ракі хутка раздзьмухаў агонь — людзі ледзь паспелі выскачыць на дварышча, прыхапіўшы толькі вопратку. Усё згарэла дашчэнту, і на раніцу толькі дыміўся шэры прамакутнік папялішча — усё, што засталося ад хаціны.