Страла Расамахі | Вогнепаклоннікі
Міхась Чарняўскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 143с.
Мінск 2016
На болыпасці палеалітычных стаянак археолагі знаходзяць косткі мамантаў, часам ад соцень асобін. Можа, дзя-
куючы паляванню на іх наш продак і выжыў у незвычайна суровым клімаце ледавіковай эпохі? А можа, ён гэтым паляваннем у рэшце рэшт мамантаў і вынішчыў?
...Наступіла восень. Густымі касякамі пацягнуліся ў цёплыя краі гусі і качкі. Усё часцей з ледавіка павяваў халодны вецер. Ранкам іншы раз скрыпела пад нагамі падмарожаная бурая трава або з хмары пачынаў церушыць дробны снег. Днём іней і снег раставалі. Цяплела. Але старыя, паглядаючы на нізкае сонца, казалі, што хутка зіма.
Аднойчы паляўнічыя-разведчыкі заўважылі, што ў даліне ракі з’явіліся маманты. Яны ад’еліся за лета, таму былі ўкормленыя і павольныя.
Група мужчын, пабраўшы моцныя завостраныя калы і палкі-капалкі, пайшла на мамантаву сцежку каля рачнога берага. Адны пачалі падрываць каламі пясок і гліну пад краем абрыву, другія адграбалі накапанае. Тры дні пайшло на тое, каб зрабіць ладную пячору. I калі калы глуха застукалі па вечнай мерзлаце, землякопы спынілі працу.
У старога маманта былі хворыя зубы. Адчуваючы пастаянны боль, які часам мацнеў і рабіўся невыносным, ён стаў злосны, пачаў задзірацца. Таму статак выгнаў свайго няўжыўчывага суродзіча. Днямі мамант-адзінец блукаў па схілах гліністых узгоркаў, еў лісце лазы і вярбы, ласаваўся грыбамі, а калі мучыла смага, спускаўся па звярынай сцежцы да ракі.
Сёння маманта нешта ўстрывожыла на сцежцы. Перад паваротам на поплаў ён спыніўся і пачаў хобатам абнюхваць зямлю. Хоць ледзь улоўна, але пахла чалавекам! He, лепш гэту мясціну абысці. Але тады трэба вяртацца назад, бо справа ўздымаўся стромкі бок рачной тэрасы, а злева свяціла пусткаю вялікая прамывіна. Пакуль звер нераіпуча тупаў на месцы, на сцежку выбеглі людзі. Яны крычалі што было моцы, размахвалі паходнямі і кідалі іх у маманта. Мамант лёгка б раздушыў кожную з гэтых двухногіх істот, але страх перад пякучым агнём быў мацнейшы, чым злосць. Звер цяжкім трушком пабег па сцежцы... да ракі. I тут пад яго нагамі пачала правальвацца зямля. Мамант ірвануўся ўбок, але было позна, і ён усёй сваёй шматтоннай аграмадзінай абсунуўся ў яму — пастку.
Далёка па наваколлі прагучаў пераможны крык людзей. Жанчыны і дзеці, старыя і хворыя — хто толькі мог рухацца — пайшлі і пабеглі з паселішча да мамантавай сцежкі, дзе паляўнічыя ўжо кідалі на звера цяжкія камяні, калолі яго дзідамі.
Мамант яшчэ ўздымаў хобат і раз’юшана трубіў, яшчэ тузаўся ў пастцы, абрушваючы са сценак ямы зямлю. Але ўжо быў асуджаны...
МАЛАДЫ МАСТАК
Каля дваццаці шасці тысяч гадоў назад.
На беразе ракі Судасць каля сучаснай вёскі Елісеевічы, што на Браншчыне
Цёплы сонечны час перад поўднем. Пад пясчаным абрывам на беразе невялікага ручая сядзіць старая жанчына. Побач корпаецца ў пяску напаўголы хлопчык гадоў шасці — яе ўнук.
Уніз па цячэнні ручая праз хмызняк паблісквае на сонцы шырокая вада. Там рака. Калі зірнуць уверх на край абрыву, бачна голле ялін і вяршыні невялікіх бярозак. Далей нічога не відаць, але там крыху воддаль ад абрыву месціцца паселішча першабытных людзей. Старая жанчына і яе ўнук адтуль.
Бабуля спачатку не хацела браць з сабою малога. Але ж той вельмі прасіўся: пакажы ды пакажы, як выразаеш чалавечкаў.
3 маленькай пячоркі пад каменем старая дастала загорнутыя ў бяросту кавалкі мамантавага біўня, крамянёвыя разцы, нож. Скоса зірнула на ўнука і завагалася — ці пачынаць. Тое, чым яна зараз зоймецца, трэба рабіць без сведак. Так патрабуе звычай. Ну, але ж можа духі і не будуць злавацца, бо ў малога вока чыстае, без уроку. Уздыхнула па-старэчаму і дастала з меншага скрутачка няскончаную статуэтку, у якой ужо ўгадвалася постаць жанчыны, маладой і дужай. Бабуля пачала зразаць з кавалка біўня лішнія выступы, затым саскрэбвала іх скрабком, рабіла выемкі крамянёвым разцом. Шчыравала жанчына над статуэткаю і краем вока бачыла, як усхвалявана
сочыць за яе працай унук, ловячы кожны рух, стараючыся ўсё запомніць.
А калі дробным пясочкам і шкуркай пачала паліраваць гатовую статуэтку, малы не вытрымаў:
— Як прыгожа!
Старая ледзь прыкметна ўсміхнулася — усё ж прыемна, калі хто пахваліць. Хоць бы і дзіця. А што б ён сказаў, убачыўшы, якія фігуркі яна выразала, калі была маладзейшая, калі не дрыжэлі пальцы і было вастрэйшае вока?!
— А заўтра, унучак, шаман скажа над статуэткай чароўныя словы, абкурыць дымам з замоўленых траў, і ўвойдзе ў яе дух Вялікай жанчыны, ахоўніцы агнішча, прадаўжальніцы чалавечага роду...
— Бабуля, а табе не трэба гэты кавалачак? — нясмела запытаў унук, паказваючы на невялікі абломак косткі.
— Вазьмі, унучак, пазабаўляйся,— пагладзіла яна малога па галаве.
Задумалася старая, грэючыся на сонцы. Нават крыху задрамала. Ці то мроіла, ці то ўспамінала яна сябе дзяўчынкай у мяккім кажуху з пясцовых шкурак і ў такіх жа сшыванках на нагах. Але ўсё адно часам мерзла. Асабліва зімою, калі ішлі бясконцыя снягі, калі пранізлівыя вятры, здавалася, адарвуць ад зямлі і панясуць на край свету ўсё, што не трымалася за перамёрзлую зямлю ўчэпістымі каранямі. Дрыжэў пад напорам ветру іх будан, трымцелі звярыныя шкуры на страсе. A калі ў шчыліны ўрываўся вецер, закручвала дымам з агнішча, пякло ў вачах і рваў грудзі кашаль. А ўсё роўна дзяцінства ўспаміналася, як добры і далёкі сон. Хоць было часамі і холадна, і голадна, і колькі разоў хвароба ледзь не забрала яе ў Краіну продкаў...
Затым малюнкі дзяцінства пабляклі. Нешта зялёнае, быццам бярозавыя галінкі, загайдалася перад вачамі, і старая зусім заснула. Прахапілася ад таго, што ўнук тузаў за плячо і гукаў у вуха:
— Бабуля, бабуля, зірні што я зрабіў!
Жанчына шурпатай далонню правяла па твары, праганяючы сон, азірнулася па баках. Сонца стаяла так жа высока, значыць, заснула на хвілінку, а здалося — надоўга
Унук працягваў кавалак косткі:
— Паглядзі, бабуля.
Яна ўзяла кавалак у рукі і пачала ўглядацца, жмурачы яшчэ сонныя вочы. Болыпую частку косткі пакрывалі свежыя драпіны і нарэзкі, якія спляталіся ў складаны і, як здавалася, бязладны ўзор.
— Гэта ж наша паселішча, бабуля. А вось рака,— не выцерпеў малы.
I сапраўды, зараз жанчына разабрала, што здвоеныя дугі — іх буданы, хвалістая рысачка ўверсе — далягляд, а ўнізе набягаюць рачныя хвалі.
— Ах жа, ты мой памочнік,— усцешылася жанчына.— Вазьмі большы кавалак біўня, выраж яшчэ што-небудзь. Бачу, што зможаш мяне, старую, некалі замяніць.
Радасна малому. Яму хочацца выразаць так, як яго бабуля. Ён ужо і спрабуе з кары або дрэва. Часам і атрымоўваецца — гарбаты тоўсты мамант, насарог з вострай галінкай замест рога... Вось толькі фігуркі людзей пакуль што не выходзяць! Але нічога, атрымаюцца. Ён будзе вельмі старацца. Ён кожны раз будзе прыходзіць сюды з бабуляй, вучыцца ў яе.
У СТАРАЖЫТНЫМ БУДАНЕ
Каля дваццаці пяці тысяч гадоў назад.
На поўдзень ад сучаснай вёскі Бердыж Чачэрскага раёна
На шырачэзным поплаве пятляе, раздвойваецца і растройваецца рака. Яна яшчэ не вымыла глыбокага рэчышча. Ёй прасторна. На астравах, на берагах затокаў і старыц парос хмызняк. Месцамі ў нізінах бачны звілістыя стужкі свежанамытага пяску і жвіру — растаюць далёкія ледавікі, і тады рака разліваецца.
Ва ўсе бакі ад рачной даліны цягнецца бясконцая хвалістая раўніна, пакрытая расліннасцю халодных стэпаў, якая на паўночных схілах узвышэнняў болып падобна да іундравай. На паўднёвых схілах і ў ярах туляцца ляскі з нізкарослых асін, бярозак, ялін.
На мысе паміж берагам ракі і неглыбокім ярам прымасціліся два буданы. Буданы авальныя. Асновы іх сцен выкладзены чарапамі і іншымі буйнымі косткамі мамантаў. Жэрдкі і звязаныя паміж сабой мамантавыя рэбры ўтвараюць каркас страхі, накрытай шкурамі вялікіх жывёлін. Шкуры ўнізе замацаваны каменнем, каб не знесла бурамі.
Брудна і няўтульна навокал. Шмат смецця, патрушчаных і абгрызеных костак.
3 прырэчнага боку буданоў чарнеюць уваходы — як пралезці сагнутаму чалавеку. Давайце ж зазірнём туды... Якраз насупраць увахода размешчана амаль патухлае агнішча, толькі тлее некалькі вугалёў. За агнішчам з даху звісаюць шкуры паўночных аленяў і бізонаў, якія дзеляць будан на два памяшканні. У прыцемку можна разгледзець лежакі на касцяных вымастках, пакрытыя мяккімі шкурамі. На адным лежаку стары. Ён раз-пораз кашляе: хворы. Каля ўвахода прыстаўлена некалькі дзідаў, збоку ляжаць скураныя торбы, пад жэрдкамі даху — пукі сушаных сцяблін, карані ядомых раслін.
Каля буданоў у вечнай мерзлаце выкапаны ямы — мясныя кладоўкі. Яны прыкрыты мамантавымі чарапамі, лапаткамі, цяжкімі камянямі, каб да харчовых запасаў не змаглі дабрацца лісіцы і ваўкі. Але зараз у кладоўках пуста, толькі патыхае з іх холадам.
Такой цёплай летняй парой, як цяпер, жыхары паселіпіча большасць свайго часу праводзяць на свежым паветры. На летнім агнішчы смажацца кавалкі аленіны. Тлушч капае на вугалі і ўспыхвае куродымным полымем. Смурод ад гнілаватага мяса разыходзіцца навокал. Але нават і такога мяса засталося мала.
Каля агнішча на кукішках — зямля ж халодная — сядзяць дзве жанчыны. У сваёй груба пашытай з калматых шкур вопратцы яны падобны на нейкіх дзіўных маўклівых птушак. Жанчыны сочаць, каб смажаніна не падгарэла.
Бліжэй да будана маладзіца расцягнула на зямлі свежую лісіную шкуру, прымацаваўшы яе па краях калочкамі, і крамянёвым скрабком здзірае мяздру, каб шкурка стала тонкай і гнуткай. Тут жа старэйшая жанчына сядзіць на мамантавым
чэрапе і з дапамогай касцяной праколкі і сухажылляў сшывае са шкур цёплую зімовую вопратку.
Каля буданоў бегаюць дзеці: то смяюцца, то плачуць, пачаўшы бойку. Але вось дзеці згрудзіліся над ярам і закрычалі:
— Нашы вяртаюцца з палявання!
Мужчыны неслі ўпаляванага сайгака, падвязанага да доўгай жардзіны. Яго выгнутыя рогі цягнуліся па зямлі, прадзіраючы дзве цёмныя баразны. Узбуджана падняліся і жанчыны, пачалі падкідваць у агнішча ламачча, раздзьмухваць полымя. Сёння ўсе лягуць спаць пад’еўшы.
Як толькі зайшло сонца, людзі забраліся ў буданы. Нейкі час адтуль яшчэ далятаюць прыглушаныя галасы, але хутка ўсё навокал заціхае. Толькі шуміць рачная вада ў прыбярэжнай лазе ды недзе зрэдку спрасоння ўскрыквае птушка. He спіць воін каля агнішча. Абапёрся на дзіду і, як зачараваны, глядзіць на агонь. Яму нельга спаць — чарга пільнаваць.