• Часопісы
  • Страла Расамахі | Вогнепаклоннікі  Міхась Чарняўскі

    Страла Расамахі | Вогнепаклоннікі

    Міхась Чарняўскі

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 143с.
    Мінск 2016
    38.52 МБ
    Сярэдні каменны век
    СТРАЛА РАСАМАХІ
    Дзесяць тысяч гадоў назад. На Беларускім Паазер ’і
    Расамаха быў яшчэ юнак, але на паляванні з ім мала хто мог параўнацца. Ён дзідаю трапляў пад самую лапатку бягучаму аленю, збіваў каменем вавёрку з высокага дрэва. Мог доўгі час ляжаць на краі балота ў траве і цярпліва чакаць, пакуль бліжэй падплывуць качкі, каб дакладнейшым быў кідок цяжкай палкі.
    А яшчэ любіў Расамаха блукаць па навакольных лясах ды балотах. Бывае, адаб’ецца ад паляўнічых і паверне берагам невядомай рэчкі. I ўсё яму цікава — куды вада бяжыць, якія дрэвы растуць у іншых мясцінах, якія там звяры водзяцца.
    Але хадзіць па нязведаных сцежках, ды яшчэ аднаму, трэба было асцярожна, каб не напаткаць людзей з іншага племені, якія не пацерпяць чужака ў сваіх паляўнічых уладаннях.
    За гэты спрыт на паляванні і за ахвоту да вандраванняў, мусіць, і далі юнаку імя Расамаха.
    Вось і зараз з высокага ўзгорка прыкмеціў Расамаха на затуманеным даляглядзе незнаёмае возера.
    — He хадзі,— пачалі адгаворваць старэйшыя паляўнічыя.— Там жывуць ваяўнічыя людзі. У іх дзіды маленькія, але куслівыя, як змейкі. I ляцяць яны вельмі далёка, бо кідаюць іх духі — памочнікі тых людзей.
    Але гэтыя словы толькі падахвоцілі юнака — вельмі захацелася пабачыць самому, як лётаюць тыя маленькія дзідызмейкі. Расамаха мацней завязаў раменьчыкі на скураным абутку, паправіў за пасам нож, перахапіў у правую руку дзіду і знік у нізкім ельніку на схіле ўзгорка. Ішоў, трымаючыся лагчыны з кустамі і пералескамі. На прагаліны, дзе быў адкрыты чужому воку, стараўся не выходзіць.
    Недзе на паўдарозе да возера трапілася асабліва вялікая прагаліна. Расамаха асцярожна вызірнуў з хмызняку, прыкідваючы — ці бяспечна будзе яе перайсці, а можа, лепш абмінуць краем. I тут амаль перад сабою ўбачыў старога лася. Звер скуб траву паміж валунамі і раз-пораз пудка ўскідваў галаву, прыслухоўваўся і азіраў наваколле.
    Вецер быў якраз з боку лася, і жывёліна не ўчула чалавека. Расамаха з захапленнем і шкадаваннем глядзеў на лася, да якога б дакінуў дзідай. Але навошта яму зараз такая здабыча? Да таго возера дабірацца яшчэ паўдня, і невядома — калі назад. За гэты час ваўкі ды лісіцы ад лася пакінулі б адны косткі.
    I толькі хацеў Расамаха зноў пусціцца ў дарогу, як вострым зрокам прыкмеціў, што за вялікім каменем непадалёку ад лася нешта варухнулася. Там затаіўся мядзведзь. Звер таксама цікаваў за ласём і падбіраў момант, каб кінуцца на здабычу. Але на краі прагаліны быў хтосьці і чацвёрты! За кустом, зусім блізка, Расамаха ўбачыў чалавека. Той так захапіўся ласём, што не заўважаў нічога навокал сябе. У руках незнаёмага была доўгая выгнутая палка і тонкі пруток, на канцы якога пабліскваў крамянёвы наканечнік. Расамаха адчуў, як ад страху ў яго на галаве заварушыліся валасы, і скасіў вочы за спіну суседа: дзе ж той дух, які пасылае гэтыя дзіды-змейкі? Што ў руках чалавека была тая зброя, пра якую расказвалі
    паляўнічыя, Расамаха здагадаўся адразу. Але ніякіх духаў не ўбачыў і з палёгкай перавёў дыханне.
    I тут незнаёмец узняў выгнутую палку, нацягнуў сплеценую з сухажылляў вяровачку, якой былі звязаны канцы палкі, і пусціў пруток з наканечнікам.
    Расамаха нават не паспеў прыкмеціць, куды паляцеў гэты пруток. Толькі ўбачыў, як уздыбіўся лось, ірвануўся наўцёкі, але пярэднія ногі яго падагнуліся, і жывёліна завалілася на бок, зарываючыся рагамі ў зямлю.
    Незнаёмец нешта ўскрыкнуў і пабег да лася. Калі ён быў побач, на чалавека кінуўся мядзведзь — звер лічыў лася сваёй здабычай. Расамаха аслупянеў, гледзячы, як падмяў мядзведзь паляўнічага пад сябе, разрываючы кіпцюрамі вопратку, і як той учапіўся драпежніку ў горла, ратуючыся ад іклаў. I тут быццам нейкая сіла штурханула юнака ў плечы. Праз некалькі імгненняў ён апынуўся на прагаліне і ўвагнаў у бок зверу сваю дзіду. Мядзведзь зароў, тузануўся, але ўдар быў трапны — у сэрца.
    Юнак дрыжэў ад узбуджэння, азіраючы месца сутычкі. Лось, мядзведзь і чалавек ляжалі побач. Незнаёмец не рухаўся. Разарваная скураная вопратка ў яго на грудзях паволі набрыньвала крывёю — кіпцюры дасталі і да цела. Расамаха нагнуўся над параненым, крануў за плячо. Той застагнаў і расплюшчыў вочы. Потым, з цяжкасцю прыўзняўшы галаву, паглядзеў на лася, мядзведзя, перавёў позірк на Расамаху і нешта прагаварыў на незразумелай мове.
    Расамаха заківаў галавой і, размахваючы дзідаю, паказаў, як ён закалоў звера.
    Зараз ужо і незнаёмец заківаў галавою, заўсміхаўся праз боль і ўсё нешта лапатаў па-свойму. Мусіць, дзякаваў.
    А вопратка на грудзях у яго ўсё больш чырванела. Тады юнак выразаў з ласінага бока доўгі пасак шкуры і моцна сцягнуў ім грудзі параненага. Кроў перастала сачыцца, і незнаёмцу палегчала. Ен нават змог, хоць і хістаючыся, узняцца на ногі. Затым паказаў у бок возера і жэстамі запрасіў ісці за сабой.
    Расамаха выразаў моцны кій і падаў параненаму, каб той мог абапірацца на яго. Нават правёў да краю прагаліны. Але
    далей ісці адмовіўся. Ён не ведаў, як яго прымуць чужыя людзі. А раптам не захочуць адпусціць у родныя мясціны?
    Незнаёмец са шкадаваннем развёў рукамі. Потым зняў з пляча тую выгнутую палку з нацягнутай вяровачкай, з паса — берасцяную трубку, з якой тырчэла многа пруткоў з наканечнікамі, і працягнуў усё гэта Расамаху.
    У юнака ад радасці ледзь не выскачыла сэрца.
    — Лук,— паказаў незнаёмец на выгнутую палку,— Страла,— крануў ён рукою пруток.
    — С-стр-рала,— з цяжкасцю паўтарыў Расамаха новае слова і моцна прыціснуў падарунак да грудзей.
    Вяртаўся Расамаха, нібы ляцеў на крылах. Але як ні спяшаўся, зноў завярнуў на тую мясціну, дзе выратаваў жыццё чалавеку. Лася не чапаў — гэта была чужая здабыча, а з мядзведзя злупіў шкуру. Потым пайшоў павольней, бо на плячах адчувалася вага набытку.
    У пачатку наступнага дня Расамаха быў дома. Юнак зняў з плячэй мядзведжую шкуру і разгарнуў каля вогнішча. Затым паклаў на яе лук і стрэлы. Ен стаяў побач, і твар яго пунсавеў ад гонару. Родзічы абступілі навокал, зазіраючы цераз плячо адзін другому: што гэта за незразумелыя рэчы прынёс Расамаха?
    Тады Расамаха ўзяў лук, паклаў на цеціву стралу і выстраліў уверх. Страла ўзвілася вышэй самых высокіх дрэў і, апісаўшы стромкую дугу, уваткнулася ў зямлю за буданамі.
    Людзі ў жаху пабеглі ад вогнішча, а некаторыя пападалі ніц з крыкам: «Дзіда — змейка духаў!» Юнак засмяяўся: «Гэта страла! Яе пускаюць не духі, а людзі вось з такога лука».
    Родзічы Расамахі хутка і самі навучыліся страляць з лука, а затым і майстраваць яго з моцнага дрэва. 3 лукам стала лягчэй паляваць. Зараз з вялікай адлегласці можна было забіць любую жывёліну, нават падстрэліць птушку ў палёце. Паляўнічыя пачалі болып прыносіць здабычы, і ў людзей заўсёды было мяса.
    Неўзабаве ў тых краях усе навучыліся паляваць з дапамогай лука. I доўга яшчэ там называлі гэту цудоўную зброю «стралой Расамахі».
    АСЕННЯЕ ПАЛЯВАННЕ
    Дзесяць тысяч гадоу назад.
    Левы бераг Віліі пад сучаснай Смаргонню
    Наступіла восень. Паблякла тундра, што разаслалася на поўнач ад ракі. Пажаўцелі бярозавыя пералескі, якія пачыналіся ад паўднёвага берага Віліі і цягнуліся да Нёмана, каб за ім зліцца ў суцэльны лес, дзе бяроза змешваецца з ялінай, хвояй, вольхай.
    I як толькі вецер прынёс першае дыханне халадоў, племя, якое жыло каля крутой рачной лукі, пачало рыхтавацца да вялікага палявання на паўночных аленяў.
    Ладзілі чоўны, мацней прывязвалі крамянёвыя наканечнікі да доўгіх дрэўкаў, мянялі апярэнне стрэлаў, спрабавалі пругкасць лукаў. Групы мужчын пайшлі ў паўднёвыя лясы дзерці смалякі, ламаць яловыя лапкі. На паўночны бераг Віліі пераправіліся разведчыкі пільнаваць з’яўленне аленяў, якія пойдуць з халодных краёў праз Вілію да Нёмана, дзе на краі лясоў будуць хавацца ад зімовых вятроў.
    I вось аднойчы на пясчаны мыс, які жаўцеў стромкімі абрывамі, прыйшоў шаман з бубнам і касцяной сякерай. Бубен быў плоскі з тугой скураной мембранай на берасцяным вобадзе. Прывязаныя да вобада, шамацелі нізкі ракавін. На чорнай ад тлушчу і сажы паверхні сякеры выдзяляўся адмысловы наразны арнамент, запоўнены белай глінай.
    Шаман быў голы, толькі шкура пакрывала яго плечы, дЬі над галавою пагойдваліся аленевыя рогі.
    3 белых вапняковых каменьчыкаў шаман выклаў на траве сілуэт аленя, побач распаліў вогнішча. Калі агонь разгарэўся і дым пацягнуўся ўгору, шаман ударыў у бубен. I адразу з буданоў паселішча з’явіліся мужчыны з дзідамі і лукамі і пайшлі на рачны мыс, куды іх клікаў бубен.
    Шаман кружыў вакол вогнішча і сілуэта аленя на траве, рытмічна біў у бубен і раз-пораз выкрыкваў закляцці. Мужчыны, якія паселі ў кола, пагойдваліся ў такт бубну і хорам паўтаралі за шаманам. Далёка па рацэ разносілася гэта не то песня, не то лямант.
    Увесь дзень заклінаў духаў шаман. I ноч. Прасіў іх дапамагчы ў паляванні, скіраваць аленяў да гэтай рачной лукі. Усё хутчэйшым рабіўся бубнавы рытм, усё мацней ускрыквалі паляўнічыя, і, здавалася, не будзе канца гэтаму кружэнню шамана вакол вогнішча — адкуль толькі моц у гэтым старым целе?! Але шаману, пэўна, давалі тую моц добрыя духі племені.
    Калі скончылася ноч і развіднела, прыбег задыханы разведчык, прарваўся да вогнішча праз кола мужчын і закрычаў, уздымаючы дзіду: «Ідуць алені!»
    Тады шаман выхапіў у разведчыка дзіду і, як рэха, ускрыкнуўшы: «Ідуць алені!», увагнаў яе вастрыём у белы сілуэт жывёліны на траве і ўпаў без прытомнасці.
    Мужчыны-паляўнічыя рушылі да берага і занялі ўжо раней падрыхтаваныя месцы: хто ў чоўне, замаскіраваным галлём, хто з лукам у прыбярэжных кустах.
    З’явіўся яшчэ адзін разведчык і сказаў, што алені ідуць якраз на пераправу каля іх лукі. Усе з палёгкаю ўздыхнулі. Здаралася, што алені, нечым устрывожаныя, раптам паварочвалі ўбок і пераплывалі Вілію ў іншым месцы. Тады племя заставалася на зіму без мяса, і галодная смерць прыходзіла да людзей.
    I вось у напружанай цішыні пачуўся нейкі шум, затым лес рагоў вырас над звілістай лініяй прыбярэжных узгоркаў — гэта паказаліся перадавыя статкі аленяў. Сівавата-бурая хваля жывёлін падкацілася да вады і замерла. Аленіхі-важатыя пачалі нюхаць паветра і пільна аглядаць супрацьлеглы бераг.
    Затаілі дыханне паляўнічыя. Але вось аленіхі ўвайшлі ў ваду і паплылі. Калыхнуліся тысячы рагоў, і ўслед за важатымі рушылі іншыя алені.