Таямніцы Полацкай гісторыі
Уладзімір Арлоў
Выдавец: Полымя
Памер: 464с.
Мінск 2000
31 жніўня Стэфан Баторы ў сваім намёце дзякаваў Богу за пасланую ўдачу. Памаліцца ў Сафіі пераможцы не маглі, бо там яшчэ ляжала безліч непахаваных трупаў і трываў жудасны сму- род.
Войска вялікага князя ўзяло ў Полацку трыццаць гармат, трыста гакаўніц, блізу шасці сотняў даўгіх рушніц-мушкетаў. У лік трафеяў трапіла прарэджаная заваёўнікамі, але ўсё роўна найбагацейшая ў Вялікім княстве бібліятэка Сафійскага сабора. Сакратар Баторыя Рэйнгольд Гейдэнштэйн пісаў, што ў вачах людзей адукаваных яна мела не меншую каштоўнасць, чым уся астатняя здабыча. Апрача летапісаў у ёй было шмат твораў айцоў грэцкае царквы, у прыватнасці «Нябесная і царкоўная іерархія» Дыянісія Арэапагіта — першага афінскага епіскапа, якога перавярнуў у хрысціянскую веру сам апостал Павел. Большую частку гэтых кніг нібыта пераклалі на славянскую мову святыя Кірыл і Мяфодзі. У кніжнай скарбніцы маглі быць аўтографы Усяслава Чарадзея і фаліянты, перапісаныя рукою Еўфрасінні.
Лёс Сафійскае бібліятэкі — яшчэ адна таямніца нашага мі- нулага. Пасля 1579 года згадкі пра яе знікаюць. Сёння вядома адно некалькі былых полацкіх кніг і рукапісаў, што знаходзяцца ў замежных кнігазборах. Дзесяць рукапісаў на славянскай мове (у тым ліку «Зборнік» 1500—1501 гадоў) захоўваюцца ў На- цыянальнай бібліятэцы ў Варшаве, а «Евангелле вучыцельнае» XVI стагоддзя — у бібліятэцы Львоўскага універсітэта.
Дзе ж астатнія?
Арыгінальны адказ дае гістарычна-фантастычная аповесць «Лабірынты», што належыць пяру Вацлава Ластоўскага.
Герой аповесці, аматар беларускае старасвеччыны, сустра-
каецца на пачатку нашага стагоддзя з калегамі з полацкага ар- хеалагічнага гуртка, і знаўца мясцовых сутарэнняў і лёхаў апа- вядае госцю: «Кажуць, пад Верхнім замкам, за магілай невядо- мага валадара, ёсць склады з багаццямі вялікімі. Кажуць, у абход абшырнай грабніцы, направа, ёсць мураваны праход, крокаў шэсцьдзесят даўжыні, і праз яго ўходзіцца ў сховы са старымі кнігамі... Зложаны кнігі ў каваных серабром скрынях, у сярэдзіне абітых скурай. 3 гэтай кніжні пракавечнай ёсць ход у скарбец...».
Потым размова перакінулася непасрэдна на славутую Са- фійскую бібліятэку і яе долю ў часы Івана Жахлівага і Стэфана Баторыя. «Усе аднагалосна ўтрымлівалі, што бібліятэка гэтая была тады добра схавана і сягоння ёсць недзе ў падземных полацкіх лёхах». Адзін з прысутных уласнымі вачыма чытаў у архіве віцебскай лютэранскай кірхі, што «ігумен Бельчыц- кага манастыра перад аблогаю горада Масковіяй, злажыўшы ўсе манастырскія скарбы і кнігі, паплыў уніз Дзвіны, каб захаваць усё гэта ў падзямеллях Верхняга замка. Стары чы- ноўнік вылічаў, якія кнігі маюцца ў захаванай бібліятэцы. A ёсць там, казаў ён, летапіс Полацкага княства, пісаны рукой св. Еўфрасінні, праўдзівы экземпляр «Повестн временных лет», далей — уласнаручныя пісанні братоў Кірыла і Мяфо- дзія, візантыйскія хранографы»... Зразумела, што потым герой аповесці трапляе ў полацкія лабірынты і трымае пералічаныя скарбы ў руках.
Фантастыка фантастыкай, а існаванне пад сярэднявечным Полацкам шматлікіх лёхаў — гістарычны факт. Іх даследаваў у 1864 годзе расійскі мастак і археолаг Дзмітры Струкаў. У біб- ліятэцы Віленскага універсітэта захоўваецца складзены ім план і нататкі пра падземнае падарожжа. 3 колішняга езуіцкага сабора адна лёха прывяла Струкава прыкладна да таго месца, дзе стаяў помнік воінам 1812 года (далей быў завал), другая ішла ў накі- рунку да Дзвіны.
Прыкладна тады ж, у 1865-ым, беларускі гісторык і археолаг Ксенафонт Гаворскі (у свой час ён быў выкладчыкам Полацкай духоўнай семінарыі) змясціў у выдаваным ім у Вільні гістарыч- на-літаратурным часопісе «Вестннк Западной Росснн» апісанне Барысаглебаўскага манастыра, якое працягвае тэму таямнічых полацкіх сутарэнняў. «Паводле агульнага ў горадзе падання, пад паўночнай сцяной царквы св. Параскевы знаходзіліся дзверы ў падземны ход (тунель), пракладзены ў старажытнасці пад ракою Дзвіною да Верхняга замка і царквы св. Спаса... Слядоў такіх дзвярэй (атвора) цяпер не відаць. Але полацкія старажылы апавядаюць, нібыта неўзабаве пасля 1812 года манахі Барыса- глебаўскага манастыра наважыліся знайсці гэты ўваход, што і ўдалося ім каля паўночнай сцяны храма, і нібыта дзякуючы доў-
гаму шасту яны упэуніліся у існаванні падземнага хода у накірунку да Дзвіны, але з прычыны надзвычай благога і шкоднага паветра, якое ішло з гэтага хода, мусілі зноў засыпаць яго зямлёю. На- родная пагалоска падазравае існаванне ў згаданай лёсе незлічо- ных скарбаў, як быццам схаваных там полацкімі князямі і баярамі з нагоды нашэсця на Полацк татараў, па іншых звестках — літвы, а па іншых — лівонскіх рыцараў».
Каб ужо не вяртацца потым да загадкавай гісторыі падземных хадоў, што нібыта ідуць пад Дзвіною, злучаючы полацкія ма- настыры і храмы, пагаворым пра іх больш грунтоўна.
У і920 годзе, калі гарадское Задзвінне было акупаванае поль- скімі войскамі, падземнымі хадамі зацікавіўся раскватараваны ў Полацку асобы аддзел 15-ай бальшавіцкай арміі. Яго займала праблема: якім чынам польскія шпегі так хутка перадавалі звесткі праз лінію фронту? 3 асабістаў і прадстаўнікоў гарадской камісіі аховы помнікаў старасвеччыны і мастацтва была створаная по- шукавая група, да якой прыкамандзіравалі ўзвод сапёраў. У гэтую групу ўваходзіў полацкі краязнавец Іван Дэйніс, што пакінуў успаміны пра пошукі ў сваім рукапісе «Полоцк в XX веке. 1905—1967» (захоўваецца ў фондах Полацкага гістарычна-куль- турнага запаведніка). Шукальнікі лёхаў абследавалі сутарэнні ўсіх храмаў, капліц, манастыроў і кляштараў на абодвух баках Дзвіны. Паўсюль прастуквалі сцены і кожнае падазронае месца дзяўблі ламамі і кіркамі. «Пошукі выявілі,— піша Дэйніс,— што ніякага падземнага хода пад Дзвіною няма, гэтаксама як і няма лёхі з-пад Мікалаеўскага сабора ў Струню».
Аднак пасля гэтай скептычнай высновы рукапіс яшчэ мацней заінтрыгоўвае чытача. Мяркуйце самі. «Выяўлена, што з-пад Мікалаеўскага сабора да Дзвіны сапраўды вядзе лёха, спачатку высокая і шырокая — можна ісці ўдваіх і не згінацца. Ход па- чынаўся з паўднёвага адсека сутарэння, пад паўднёвымі дзвярыма сабора... Сцены хода змураваныя з цэглы, столь — цаглянае скляпенне, у якім сям-там зробленыя квадратныя люкі, закла- дзеныя дошкамі. У правай сцяне хода, калі ісці наперад да Дзвіны, была бакавая цагляная труба, заплылая пяском і зямлёю. Гэты ход быў завалены пад будынкам корпуса... Завал быў пракапаны, і ўжо меліся цераз пракоп паўзці, як зноў адбыўся абвал, калі дзеля праверкі ўгору засунулі рыдлёўку. Адкапаўшы завал... зноў патрапілі ў такі самы ход, але хутка ён закончыўся і перайшоў у вузкую лёху з цэглы, што вяла кудысьці ўніз. Прабіўшы скляпенне вялікай лёхі, мы апынуліся ў кладоўцы флігеля, размешчанага ў садзе за сцяною кадэцкага корпуса, што ідзе раўналежна вуліцы Леніна. Пачалі спуск па гэтай трубе, па ёй можна было толькі паўзці... Неўзабаве мы пачулі шум вуліцы:
галасы, крокі, грукат калесау, потым зноу запанавала цішыня, і ў хуткім часе ход закончыўся земляным завалам».
Пошукавая камісія вырашыла, што яна мае справу з дрэнаж- най сістэмаю, закладзенай у свой час спрактыкаванымі езуіцкімі будаўнікамі дзеля адводу грунтавых вод і засцярогі ад плывуноў. 3 гэтай думкаю пагадзіўся і гісторык Аляксей Сапуноў, да якога звярнуліся па кансультацыю. Паспяховую дзейнасць польскіх выведнікаў растлумачылі тым, што перад адступленнем чырво- наармейцы не перарэзалі тэлефоннага кабелю, што звязваў горад цераз Дзвіну.
Магчыма, усё менавіта так і было. А магчыма...
Але спярша яшчэ адна вынятка з Дэйнісавых успамінаў. «У Мікалаеўскім саборы, напярэдадні яго зруйнавання, быў зной- дзены таемны ход у паўночнай сцяне. Ен вёў у схоўку пад саборам, дакладней пад ягоным уваходам. Схоўка зачынялася жалезнымі дзвярыма з вісячым замком. Пра гэтае сутарэнне і жалезныя дзверы хадзілі паданні, але знайсці ўваход у яго ў 1920 годзе нам не пашчасціла. Калі пра схоўку даведаліся ўлады і калі яны трапілі туды, дзверы аказаліся ўжо адчыненымі і за імі нічога не знайшлі...
Можна меркаваць, што езуіты выкарыстоўвалі гэтыя хады- дрэнажы дзеля пранікнення ў любы будынак езуіцкай акадэміі, што яны маглі мець сутарэнні, дзе трымалі ворагаў і злачынцаў, а таксама захоўвалі скарбы.
Мы знайшлі дрэнажную сістэму эпохі езуітаў у Барысагле- баўскім манастыры. Адна труба выходзіла на бераг ракі Бель- чыцы. У абследаваных лёхах мы сустрэлі шмат надпісаў, проз- вішчаў і імёнаў, відаць, кадэтаў з Полацкага корпуса, а ў малой лёсе, што ішла да Дзвіны, знайшлі стражніцкую нагайку — спі- ральную спружыну са свінцовым шарыкам на канцы. 3 гаворак са старымі палачанамі, якія служылі ў кадэцкім корпусе, вядома, іпто кадэты любілі лазіць у сутарэнні і хавацца ў іх, таму дырэктар корпуса Ваулін загадаў заваліць ход пад корпусам і замураваць лёхі ў корпусных падзямеллях пад саборам... Адсек падвала сутарэння пад саборам, адкуль пачынаўся ход, быў ізаляваны ад астатняга памяшкання і атынкаваны. Тут, згодна з паданнем,— пакуль сабор быў касцёлам — захоўваліся мошчы каталіцкага святога Андрэя Баболі... Накіраванасць некаторых хадоў на ўсход спарадзіла легенды пра лёхі ў Струню, дзе была загарадная рэзідэнцыя полацкіх уніяцкіх біскупаў, а спускі да Дзвіны — пра падземныя хады пад ракою з выхадам у Барысаглебаўскі манастыр або ў Экімань».
Нельга ўтрымацца і ад цытавання яшчэ адных найцікавейшых успамінаў на гэтую тэму, надрукаваных у 1992 годзе маладым полацкім гісторыкам Львом Данько ў першым нумары часопіса
«Полацкі летапісец». Аўтар успа.мінаў, палачанін па нараджэнні Міхаіл Андрэеў — літаратар і мастак, што надае яго сведчанням (яны падмацаваныя графічнымі малюнкамі) асаблівую каш- тоўнасць.
«У Полацку, годзе прыкладна ў 1926—1927, будучы яшчэ хлапчуком, я пачуў ад старажылаў, што ад Мікалаеўскага сабора (ён знаходзіўся на тым месцы, дзе цяпер стаіць дом з магазінам «Дзіцячы свет») ёсць падземны ход, пракладзены пад Дзвіною на другі яе бок, у царкву, што месцілася перад цяперашняй псіхіятрычнай лякарняю.
Гаворачы пра гэты ход, старажылы апавядалі гісторыі, як цяпер разумею, шмат у чым легендарныя. Напрыклад, сцвяр- джалі, іпто лёха мае лабірынты, у якіх назаўсёды знікалі людзі; што няпрошаных гасцей там нібыта чакаюць пасткі ў выглядзе прыкрытых адмысловым чынам ямаў; што ў падзямеллі можна сустрэць памяшканні з каванымі дзвярыма, зачыненымі на масіў- ныя замкі... Апавядалі, што камусьці ўдалося адчыніць адны такія дзверы. Калі туды зайшлі, дык быццам убачылі плоскі камень, на якім стаяла струхлелая дамавіна са шкілетам, а на грудзях у яго — масіўны залаты крыж.