• Газеты, часопісы і г.д.
  • Таямніцы Полацкай гісторыі  Уладзімір Арлоў

    Таямніцы Полацкай гісторыі

    Уладзімір Арлоў

    Выдавец: Полымя
    Памер: 464с.
    Мінск 2000
    143.92 МБ
    Зусім не збіраючыся адпускаць езуітам усіх грахоў, зазначу, што яны зрабілі ў гісторыі і шмат карыснага: займаліся дабра-
    *
    Полацкі універсітэт (лац.)-
    чыннасцю, змагаліся з паморкамі, адчынялі аптэкі і шпіталі, друкавалі кнігі... А найперш — стварылі самую перадавую для свайго часу сістэму асветы. «Бярыце прыклад з езуіцкіх школ,— пісаў філосаф Фрэнсіс Бэкан,— бо лепшых не існуе на свеце». Пералік сусветна вядомых вучоных і палітыкаў, пісьменнікаў і мастакоў, якія выхоўваліся ў навучальных установах айцоў-езу- ітаў, заняў бы некалькі старонак. На іх сустрэліся б імёны Маль- ера і Вальтэра, Дэкарта і Мантэск е, Казіміра Лышчынскага і Сімяона Полацкага...
    Ордэн, бацькам якога быў выдатны чалавек эпохі, гішпанскі дваранін Лаёла, рымскі папа зацвердзіў у 1540 годзе. Адной з асноўных задач Таварыства Ісуса лічыла змаганне з ерасямі праз літаратурную і навуковую палеміку, тэалагічныя дыспуты, выха- ванне і адукацыю моладзі.
    У 1579-ым манахі ордэна ўключылі ў сферу сваёй дзейнасці Полацк. Сярод першых езуітаў, што ўбачылі крыжы святой Сафіі, быў, між іншым, бліскучы матэматык Станіслаў Лянчын- скі, а іх місію ўзначальваў першы рэктар Віленскай акадэміі знакаміты каталіцкі прапаведнік, пісьменнік і палеміст Пётр Скарга, што, дарэчы, добра валодаў беларускай мовай і напісаў на ёй шэраг твораў. 3 яўленне езуітаў звязанае з зарокам Стэфана Баторыя: падчас цяжкай аблогі Полацка ён дакляраваў у выпадку перамогі зафундаваць у горадзе іх кляштар.
    Гісторыкі езуітаў сцвярджаюць, што пасля вызвалення По- лацкага ваяводства ад войскаў Івана Жахлівага ў ім налічвалася не болей за дзесяць шляхціцаў каталіцкага веравызнання, а ў самім горадзе яшчэ меней. Нядзіва, што ордэнскіх пасланцоў варожа сустрэў і паспаліты полацкі люд, і сам ваявода Мікалай Дарагастайскі, цвёрды прыхільнік кальвінізму, а для Таварыства Ісуса — небяспечны ерэтык. Прыязна прыняў гасцей хіба што адзін полацкі камендант Францішак Жук. Ен даў ім ахову ад «схізматыкаў» і пасяліў у Верхнім замку, на пляцы пад назваю Ваўкова вежа, дзе раней стаяў праваслаўны манастыр Пятра і Паўла.
    Ваявода выкрываў манахаў ва ўсіх магчымых і немагчымых грахах, а тыя пад абаронаю каралеўскай граматы рабілі сваю справу: выбіралі месца пад кляштар і калегіум, рыхтавалі планы будучых будынкаў, двароў і садоў.
    Палачане сталі сведкамі ладжаных езуітамі багаслоўскіх дыс- путаў, дзе спрактыкаваныя ў такіх справах манахі перамаглі спяр- ша кальвіністаў, а потым арыянаў, якіх прадстаўляў Сымон Буд- ны. (Своеасаблівым прызнаннем выдатнай здольнасці езуітаў пераканаць любога апанента з’яўляецца адзін з аповядаў бела- рускага Мюнхгаўзена — КсЕраля Радзівіла на мянушку Пане Ка- ханку. Паміж гісторыямі пра тое, як ён меў раман з русалкай,
    пасля чаго ў Балтыйскім моры пачалі весціся селядцы, і пра злоўленага ў Налібоцкай пушчы чорта, якога тры дні давялося адмочваць у святой вадзе, гэты славуты манюка апавядаў, быццам у часе падарожжа па Міжземнамор і ён праз вулкан Этну залез у пекла і бачыў там безліч езуітаў, якія сядзелі ў надзейна закар- каваных і запячатаных бутэльках. Госцю расказалі, што іначай айцы-езуіты перавярнулі б усіх рагатых ды хвастатых у каталіцтва.)
    Баторы падараваў ордэну маёмасць большасці полацкіх і на- вакольных манастыроў ды цэркваў, а таксама млын пад Верхнім замкам і перавоз праз раку. У выніку абмену з горадам манахі набылі востраў на Дзвіне і слабодку Экімань. Падканцлер Вя- лікага княства Астах Валовіч адмовіўся прыкласці да дарчай граматы дзяржаўную пячатку. Манарх апусціў руку на эфес мяча і рашуча заявіў: «Вось у нас пячатка, каб здзейснілася ўсё, што загадаем». Воля вялікага князя перамагла і тады, калі беларуская шляхта патрабавала выгнання езуітаў з Полацка на сойме.
    У дадатак да манастырскіх зямлі і сялянаў велікакняжацкія камісары адабралі на карысць езуітаў шмат маёнткаў у мясцовай шляхты і мяшчан: Палюдавічы ў пана Каніцкага, Духаравічы ў Глінскага, Улазавічы і Міткевічы ў Георгія Бучынскага, Межышча ў Сялюты, Іванск Вялікі і Кунцавічы ў князёў Лукомскіх, Іванск Малы ў Кярсноўскага, Туроўлю і Іванскае ў Якуба Губы, Якаўле- вічы, Глыбокае і Міхайлаўшчыну ў Рэўтаў, Начу і Кушлікі ў архіепіскапа полацкага Нафанаіла Сяліцкага, частку Обалі і Гуш- чына ў Гушчаў, Гарэплю і Бортнікі ў Сяляваў, Семянец і Вока- раўшчыну ў мешчаніна Івана Місуны, Вяжышча, Гняздзілавічы, Учанавічы і Комлі ў Храпавіцкіх, Сляды і Сіверкава ў Гіжыцкіх. Ваяводу Мікалаю Дарагастайскаму непрыязнасць да ордэна каш- тавала маёнткаў Мосар, Кугоні і Некраж. Як вы здагадаліся, гэты падрабязны пералік адрасаваны аматарам генеалагічных росшукаў ды тым спадкаемцам старажытных полацкіх родаў, якія захочуць выставіць ордэну маёмасныя прэтэнзіі.
    Трэба сказаць, што ў параўнанні з тутэйшымі панамі езуіты былі эксплуататары больш дасведчаныя і ўмелыя. Складзены ў 1623 годзе інвентар маёнткаў Полацкага езуіцкага калегіума на- лічвае 522 сялянскія гаспадаркі і 110 дамоў агароднікаў. Палова сялян мела валоку (20 дзесяцін, або 21 гектар) зямлі. На адну гаспадарку прыпадала ў сярэднім па два кані. Чынш (грашовы аброк) быў пяць злотых з валокі, паншчына — ад аднаго да чатырох тыдняў на год. 3 валокі быў вызначаны аброк прадук- тамі: паўбочкі (дваццаць вёдзер або каля 250 л) жыта, асьміна (восьмая частка бочкі) пшаніцы, дзве асьміны ячменю, адна курыца, дзесятак яек, рабчык, а з кожных дзвюх валокаў — баран і заяц. Жыхары паблізных вёсак былі не супраць памяняцца месцамі з прыгоннымі езуітаў. Калі ў 1600 годзе Полаччыну
    напаткау голад, ордэн карміў у сваім кляштары ад трох да чатырох сотняў сялян, што прыйшлі ў горад ратавацца ад смерці.
    Спачатку айцы-езуіты меліся будавацца на дзвшскім востраве. Гарадскія ўлады адхілілі такі план: муры перашкаджалі б абароне замка ў выпадку аблогі і былі выдатным прыкрыццём непрыя- целю. Пад кляштар і касцёл манахі атрымалі месца паміж Верхнім замкам і Запалоццем. Свой першы, драўляны храм, прысвечаны нябеснаму апекуну Баторыя святому Стэфану, езуіты паставілі ў Полацку праз колькі гадоў пасля з’яўлення. Вакол яго, як на дражджах, раслі кляштарныя будынкі.
    Цяжкія выпрабаванні чакалі сяброў Таварыства Ісуса ў час захопніцкіх паходаў цара Аляксея Міхайлавіча. Пяцёра манахаў трапілі ў рукі ваяводы Шарамецьева, і ў палоне іх наўрад ці ўзнагародзілі.
    За сем гадоў, з 1738 да 1745-га, езуіты рукамі полацкіх му- ляраў ўзвялі на месцы колішняга драўлянага мураваны сабор у гонар святога Стэфана. Полацк пабагацеў на новы выдатны твор архітэктуры. Пабудаваны ў стылі позняга барока храм узнёс дзве вежы параднага фасада на шэсцьдзесят метраў і запанаваў над горадам. Дойліды зрабілі перад саборам пляц, адкуль, якраз насупраць парадных дзвярэй храма, пачыналася галоўная гарад- ская вуліца — Віцебская. Адна з саборных веж мела гадзіннік з боем, які заводзілі на шэсць дзён з дапамогаю некалькіх пя- ціпудовых гір. Гадзіннік з датай свайго стварэння — 1745-ы — адбіваў чвэрці і хутка стаўся адной з полацкіх славутасцей.
    Дваццаць гадоў доўжылася ўнутранае аздабленне сабора свя- тога Стэфана, якім поруч з нашымі майстрамі займаліся мастакі і скульптары з Італіі. Вернікаў уражвалі мармуровыя калоны, цудоўныя абразы і сярод іх «Сабор святых пакутніц» і «Святая Тройца», маляваныя ў Вероне славутым Сальваторам Розам. У 1765 годзе ў храме з явіўся алтар, у стварэнні якога ёсць даробак беларуса Сымона Чаховіча, які атрымаў мастацкую адукацыю ў Рыме (пазней ён намалюе для калегіума сорак чатыры карціны). Цэнтральным алтарным абразом стаў яшчэ адзін твор італьянца Розы — «Пабіццё святога першапакутніка Стэфана камянямі», або «Закаменаванне Стэфана». Праз год упершыню паспраба- валі голас саборныя арганы — твор Дамініка Адама Каспарыні.
    Пасля таго як у полымі жудаснага пажару 1750 года загінулі ўсе драўляныя езуіцкія дамы, кляштар пачаў апранацца ў камень. Побач з саборам, з заходняга боку, падняўся магутны трохпа- вярховы будынак, парадны пад’езд якога выходзіў на Іллінскую (пазней Верхнепакроўскую) вуліцу. Езуіты будавалі на вякі: дрэ- нажавалі зямлю, стварылі складаную сістэму падземных вада- сцёкаў у выглядзе галерэй, праклалі ў мурах вентыляцыйныя хады. Трохпавярховая камяніца мела прыбудову на два паверхі,
    Сабор святога Стэфана (зруйнаваны ў 1964 г.) і карпусы езуіцкага «горада»
    але такой самай вышыні. У верхняй зале мясцілася бібліятэка, у ніжняй — раскошная сталоўня. Паблізу была мураваная трыц- цаціметровая студня. У галоўным будынку налічвалася 84 адна- пакаёвыя келлі з адным вакном, сем двухпакаёвых, а таксама дванаццаць пакояў на два вакны і два — на тры.
    Займацца духоўнымі практыкаваннямі манахі любілі ў поўнай цішыні. Келлі аддзяляліся адна ад другой тоўстай сцяною. Над галавой іх насельнікі мелі скляпеністую столь. Грубак было не- багата. У сцены паасобных келляў будаўнікі ўштукавалі каміны, а большасць, як і залы, ацяпляліся праз цагляную і кафляную падлогу, дзе ішлі цеплаправоды.
    Да канца XVIII стагоддзя езуіты змуравалі каля сабора Стэ- фана ўжо колькі дзесяткаў будынкаў. Насупроць яго паўднёвага фасада стаяла трохпавярховая пабудова з друкарняй, кнігарняй і тэатрам. У шматлікіх флігелях асталяваліся піваварня з меда- варняй, свечны заводзік, васкабойня, сукнавальня, пякарня, куз- ня, фарбавальня, разніца. У сутарэннях аднаго з флігеляў манахі мелі запасную студню, наверсе — аптэку, фармацэўтычную ла- бараторыю і сушыльню для зёлак. Разам з навучальнымі кар- пусамі, з дамамі святароў і шпіталем, з разнастайнымі майстэр- нямі і свірнамі, з багадзельняй, вяндлярняй, дзвюма стайнямі на 24 і на 14 коней, з батанічным садам — усё гэта было горадам у горадзе, цалкам прыстасаваным да самастойнага існавання.
    Езуіты ўмелі ўладкоўваць сваё жыццё грунтоўна і прыгожа. Паўднёвы схіл пагорка, дзе знаходзілася ордэнская сядзіба, быў
    схаваны за сцяной, чые рэшткі можна ўбачыць з дзвінскай на- бярэжнай і сёння. Тэрасу за гэтым мурам. упрыгожвала пара ліповых алей, паміж якімі раслі фруктовыя дрэвы і ад ранняй вясны да позняе восені мяняў усе барвы прыроды вялізны кветнік.
    He зважаючы на зацверджаны царскімі ўладамі генеральны план горада, езуіты перагарадзілі Іллінскую вуліцу новым трох- павярховым корпусам з калонамі. Яго шыкоўныя размаляваныя фрэскамі залы далі прыстанак карціннай галерэі, музею, хімічнай лабараторыі, фізічнаму, гістарычнаму і этнаграфічнаму кабінетам.