Тэрэза Дэскейру. Клубок гадзюк
Франсуа Марыяк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 1985
3 якім болем ён паўтараў: «Не было», «не было...» Моцна, мусіць, скруцілі яго даўгі!.. Можа, ён на краі бездані?! Але тут Хюбэр спахапіўся, што загаварыў занадта шчыра, і пачаў пераказваць агульнавядомыя ісціны: магутнае пасляваеннае абсталяванне, перавытворчасць, крызіс спажывання... Усе яго словы мяне мала цікавілі. Я ўважліва прыглядаўся да сына і бачыў, што ён перапоўнены трывогай. I ў гэтыя хвіліны я адчуў, што нянавісць мая памерла, патухла жаданне адпомсціць. А можа, усё гэта памерла ўжо даўнэ? Я паспрабаваў успомніць пра свае старыя крыўды, зноў распаліць у сабе агонь гневу і лютасці... Дарэмна... Навошта спрачацца з відавочным. Няпростае пачуццё
нараджалася ўва мне да сына, але пераважала ў ім зацікаўленасць. Усе трывогі гэтага няшчаснага я мог супакоіць адньім сваім словам!.. Як гэта ўсё было дзіўна!.. А ў вачах у мяне стаяла маё багацце... Яшчэ нядаўна яно было мэтай і сэнсам усяго майго жыцця!.. Дарэмна спрабаваў я падараваць, аддаць, згубіць яго!.. Аказваецца, я не мог нават зрабіць з ім таго, што мне хацелася!.. I вось я адкінуў гэтае багацце. Яно перастала мяне цікавіць, ніякага дачынення да яго я больш не меў... Хюбэр змоўк і пільна глядзеў на мяне праз свае акуляры: «Што гэта зноў задумаў бацька? Адкуль чакаць новага ўдару?» Вось ён ужо і падрыхтаваўся: на твары з’явілася пакутлівая грымаса, у вачах — страх і адчай, цела адкінулася на спінку крэсла, рука прыўзнялася, нібы папярэджваючы гэты чарговы ўдар... I я пачуў:
— Я прашу цябе толькі аб адным: дапамажы мне выблытацца і ўмацаваць маё становішча. Ад мамы мне сёе-тое дастанецца, але мне яшчэ трэба (ён запнуўся, баючыся назваць суму) ...трэба ўсяго толькі адзін мільён. А калі ўсё наладзіцца, я тады і адзін... А зрэшты, глядзі сам. Абяцаю, што тваё слова будзе для мяне законам...
Ён праглынуў сліну і моўчкі пазіраў на мяне, але нічога не мог прачытаць на маім твары.
— Ну а ты? Як твае справы, дачка? — спытаўся я, паварочваючыся да Жэнеўевы.— У цябе, відаць, усё добра. Муж твой — мудрэц...
Жэнеўева заўсёды з сябе выходзіла, калі хвалілі мужа. Яна з абурэннем запярэчыла, што іх фірма абанкруцілася. Ужо два гады, як Альфрэд не закуплівае рэму,— ён, бачыце, упэўнены, што цяпер лепш пачакаць і не пачынаць ніякіх спраў. Ім-то ёсць за што жыць, толькі вось Філі пагражае кінуць жонку і чакае толькі, каб перакапацца, што цесцеў кашалёк апусцеў.
Я разануў:
— Падумаеш, бяда вялікая!
— Канешне, Філі — падонак! Гэта і я ведаю, і Яніна ведае... Але калі ён кіне яе, яна памрэ... He вытрымае, памрэ. Табе гэтага не зразумець, тата. He дадзена табе гэтага. Яніна пра яго ведае куды болып, чым усе мы разам. Яна не раз мне казала, што такіх нягоднікаў мала на свеце. I ўсё ж такі, калі ён кіне яе, яна памрэ. Табе гэта здаецца глупствам. Такія пачуцці для цябе не існуюць. Але з сваім вялікім розумам ты можаш улавіць і тое, чаго сам не адчуваеш...
— Ты стамляеш тату, Жэнеўева...
Хюбэр думаў, што сястра сваёй балбатнёй б’е па маім самалюбстве і можа «ўсё сапсаваць». Ён убачыў прыкметы крыўды і болю на маім твары. Але адкуль яму было ведаць, што Жэнеўева развярэдзіла маю старую рану... Я ўздыхнуў: «Шчасліўчык гэты Філі!»
Хюбэр і Жэнеўева ашаломлена пераглянуліся. Яны ніколі не сумняваліся, што я прыдуркаваты, і, відаць, з чыстым сумленнем адправілі б мяне ў вар’яцкі дом.
— Падлюга ён, распуснік! — прабурчаў Хюбэр.— А мы ў яго ў руках...
— Яго цесць не такі жорсткі, як ты,— сказаў я.— Альфрэд не раз вунь гаварыў, што не такі ўжо Філі і распуснік...
Жэнеўева не вытрымала:
— Ён і Альфрэда за сабой цягне: зяць разбэсціў цесця, усе пра гэта ведаюць у горадзе: разам да прастытутак ходзяць — колькі разоў бачылі!.. Божа! Які сорам! Якая ганьба!.. Гэтае гора так грызла маму...
Жэнеўева выцерла слёзы. Хюбэр вырашыў, што я хачу адхіліць іх ад галоўнага.
— Ды не ў гэтым цяпер справа, Жэнеўева,— злосна сказаў ён.— Можна падумаць, што свет клінам сышоўся на табе і тваёй сям’і.
Разгневаная Жэнеўева адказала, што яшчэ невядома, хто з іх большы эгаіст — яна ці Хюбэр, і дадала:
— Канешне, кожны думае перш-наперш пра сваіх дзяцей. Я ўсё, усё, што толькі магла, рабіла для Яніны і ганаруся гэтым. А хіба наша мама для нас усяго не рабіла?! За дачку я хоць у агонь...
З’едлівым тонам (вось дзе мая кроў!) Хюбэр прагугнявіў, што яна «не толькі сама ў агонь пайшла б, але і ўсіх за сабой пацягнула б».
О! Як пацешыла б мяне такая сварка ў былыя часы!.. Гэта ж такое радаснае прадвесце будучай бязлітаснай бойкі за тыя рэшткі спадчыны, якія я не паспеў бы знішчыць. А цяпер мне брыдка і сумна слухаць усё гэта... Што ж, трэба раз і назаўсёды вырашыць грашовае пытанне. Няхай дадуць мне памерці спакойна.
— Дзіўна, дзеці мае! — сказаў я.— Як дзіўна, што я ўрэшце зраблю менавіта тое, што здавалася мне несусветным вар’яцтвам...
Ну вось! Спрэчкі як не было... Абодва праціўнікі з’ядалі мяне сваімі прагнымі, недаверлівымі вачыма. Яны чакалі. Як яны насцярожыліся!..
— Я добра памятаў і ўсё жыццё баяўся таго, што здарылася з тым старым селянінам, які арандаваў у нас хутар. Ён аддаў дзецям усё, што меў, а тыя, абабраўшы бацьку, зрабілі ўсё, каб ён памёр з голаду... А яшчэ і так бывае: доўга хварэе, не хоча паміраць стары,— дзеткі дапамогуць яму: пакладуць дзве падушкі на галаву ды прыціснуць трохі...
— Тата, не трэба!
I ў голасе, і на твары адчуваўся непрытворны жах. Я рэзка памяняў тон:
— У цябе, Хюбэр, будзе многа клопату. Падзел будзе няпросты. Mae ўклады ў некалькіх банках. I тут, і ў Парыжы, і за граніцай. А яшчэ ж будынкі, землі, лес.
3 кожным маім словам вочы іх большалі, але абое не адважваліся верыць. Я заўважыў, як нервова дрыжалі тонкія сынавы рукі.
— Я хачу, каб усё было скончана да маёй смерці. Трэба адразу падзяліць і тое, што вы атрымалі ад нябожчыцы маці. Пакуль буду жыць, сабе пакідаю Калез — дом і парк. Утрыманне і рамонт — за ваш копхт. Пра вінаграднікі я больш і слухаць не хачу. Забірайце сабе, а мне будзеце плаціць штомесячную рэнту,— трэба толькі вызначыць яе памер... Падай мне кашалёк, там... у пінжаку, у левай кішэні.
3 дрыготкіх рук Хюбэра я ўзяў кашалёк. Дастаў адтуль канверт.
— Вось тут некаторыя звесткі пра стан і памеры маёмасці. Можаш занесці гэты канверт натарыусу Аркаму... Або пачакай, лепш пазвані па тэлефоне, скажы, каб ён зайшоў да мяне. Я сам аддам гэты дакумент і пры табе засведчу яму сваю волю.
Хюбэр узяў канверт і з трывогай спытаўся:
— Ты не смяешся з нас? He?
— Ідзі, звані натарыусу і тады ўбачыш, смяюся я ці не.
Ён кінуўся да дзвярэй, а потым спахапіўся:
— He... сёння няёмка... Трэба пачакаць хоць з тыдзень.
I ён правёў рукой па вачах. Яму, напэўна, было сорамна, ён хацеў прымусіць сябе думаць пра маці. У руках быў канверт...
— Ну што ж,— падахвоціў я.— Адкрывай і чытай. Я дазваляю.
Ён хуценька падышоў да акна і адкрыў канверт. Ён не чытаў, а еў вачыма гэтую паперу. He вытрымала і Жэнеўева: устала, падбегла да брата і з прагнасцю ўпілася ў вопіс маёмасці.
Я глядзеў на сваіх дзяцей... Брат і сястра... Нічога страшнага ў іх няма. Хюбэр — дзелавы чалавек, бацька сям’і, апынуўся ў катастрафічным становішчы... Жэ-
неўева — маці сям’і, гаспадыня... I вось — у руках мільёны, якія яны лічылі страчанымі... Папраўдзе, я нічога не бачыў у іх страшнага. А вось мая ўласная абыякавасць мяне дзівіла. Я быў падобны да чалавека, якому зрабілі аперацыю: ён прачынаецца і гаворыць, што нічога не чуў. Я адкінуў ад сябе тое, да чаго быў прыкаваны моцна, думаў — навек. I адчуваў я толькі фізічную палёгку, стала вальней дыхаць. А па сутнасці ўсе гэтыя гады я тое і рабіў, што спрабаваў вызваліцца ад свайго багацця, надзяліць ім каго-небудзь, абы толькі ён быў не з маёй сям’і. Я заўсёды памыляўся, не ведаў сам, чаго хачу. О, мы рэдка ведаем, чаго хочам, і зусім не любім тое, без чаго, здаецца, жыць не зможам!..
Я чуў, як Хюбэр гаварыў сястры:
— Неверагодна!.. Неверагодна!.. Такое багацце!..
Потым яны пашапталіся трохі, і раптам Жэнеўева заявіла, што яны не могуць прыняць такой ахвяры, не хочуць, каб я пазбаўляў сябе ўсяго дзеля іх.
Дзіўна гучалі для мяне словы: «ахвяры», «пазбаўляў сябе...». Хюбэр настойваў:
— Ты вельмі стаміўся, перахваляваўся за сёння і таму, можа, усё так паспешліва вырашаеш. He такі ты ўжо хворы, як табе здаецца. Табе яшчэ і сямідзесяці няма, а з грудной жабай людзі да ста дажываюць. Праз нейкі час ты пашкадуеш аб сваім сённяшнім рашэнні. Калі ты хочаш, я вызвалю цябе ад усіх матэрыяльных клопатаў. Але жыві сабе спакойна і валодай усім, што табе належыць. Мы заўсёды хацелі толькі справядлівасці...
Мяне апаноўвала страшэнная стома. Ад бяссонніцы зліпаліся вочы. Я сказаў, што рашэнне маё канчатковае і больш абмяркоўваць я нічога не хачу да прыходу натарыуса.
Яны пайшлі да дзвярэй. He паварочваючы галавы, я кінуў услед ім:
— Забыўся вас папярэдзіць: я прызначыў штомесячную рэнту ў паўтары тысячы франкаў свайму сыну Рабэру,— я абяцаў яму. Напомні мне пра гэта, Хюбэр, калі мы будзем падпісваць акт.
Хюбэр пачырванеў. Такой стралы ён не чакаў. А Жэнеўева не заўважыла тут ніякага падвоху. Толькі вочы яе сталі круглыя ад здзіўлення. Яна хутка ўсё падлічыла:
— Васемнаццаць тысяч у год! А табе не здаецца, што гэта мнагавата?..
XVIII
Луг сёння святлейшы за неба. Ад мокрай зямлі падымаецца дымок. У лужынах адлюстроўваецца няясны нябесны блакіт. Да ўсяго ў мяне сёння жывая цікавасць, як і ў тыя часы, калі я сам быў гаспадаром у Калезе. А цяпер усё тут ужо не маё, але сваёй беднасці я не адчуваю. Льюць дажджы. У бяссонныя ночы я чую, як цяжкія кроплі б’юць па чарапіцы, ведаю, што будзе бяда: пагніе вінаград, і перажываю, як і тады, калі вінаграднікі былі мае. Цяпер толькі я зразумеў, што не ўласнік, не сквапны багацей жыў ува мне, а селянін з яго спрадвечнай любасцю да зямлі. Так, так — селянін, нашчадак тых, каму зямля была храмам і майстроўняй, бядой і ўцехай. Для дзядоў, прадзедаў маіх кожны дзень пачынаўся з таго, што з трывогай і надзеяй углядаліся яны ў небасхіл, спрабуючы адгадаць, чаго сёння чакаць: буры ці пагоды...
Мая рэнта будзе накоплівацца ў натарыуса: мне пакуль што нічога не трэба. А зрэшты, калі мне чаго бракавала?!. Усё жыццё я ішоў не да сваёй мэты... Усё жыццё ганяўся за грашыма, эканоміў, дрыжаў над кожным сантымам, а аказалася, што не патрэбна мне