Тэрэза Дэскейру. Клубок гадзюк
Франсуа Марыяк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 1985
БІБЛІЯТЭКА ЗАМЕЖНАЙ ПРОЗЫ
Франсуа
Марыяк
ТЭРЭЗА ДЭСКЕЙРУ
КЛУБОК ГАДЗЮК
РАМАНЫ
МІНСК «МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА» 1985
Н(Фр) мзо
Прадмова і пераклад з французскай мовы
ЛЕАНІДА КАЗЫРЫ
Пераклад зроблены з выданняў:
Mauriac F. Le noeud deviperes.— Paris: Grasset, 1932,-313 p.
Mauriac F. Therese flesqueyroux.— Paris: Grasset, 1966.— 185 p.
4703000000—149
M M302(05) — 85 177-85
©Выдавецтва «Мастацкая літаратура», 1985.
АД ПЕРАКЛАДЧЫКА
Перад чытачом — два раманы вядомага майстра мастацкага слова, тонкага знаўцы чалавечай душы Франсуа Марыяка, чыё імя ўвайшло ў скарбніцу французскай нацыянальнай культуры. Па сіле абагульнення і глыбіні псіхалагічнага аналізу «Тэрэза Дэскейру» і «Клубок гадзюк» — гэта творы, якія сталі вяршыннай з’явай у багатай, шматграннай літаратурнай спадчыне пісьменніка. Уся творчасць Ф. Марыяка, раманіста, паэта, публіцыста, драматурга, непарыўна звязана з традыцыямі французскай літаратуры крытычнага рэалізму. Як і яго вялікія папярэднікі Бальзак і Флабэр, Ф. Марыяк засяроджваецца на мастацкім выяўленні непераадольных канфліктаў асобы і буржуазнага грамадства. Пад шчодрым, таленавітым пяром нарадзіліся яркія, паўнакроўныя карціны падзення нораваў і маральнай дэградацыі таго сацыяльнага слоя, з якога ён выйшаў сам і які добра ведаў — французскай буржуазіі.
Нарадзіўся Франсуа Марыяк 11 кастрычніка 1885 года ў Бардо (менавіта тут, у Бардо і яго ваколіцах з іх векавымі соснамі, пірамідальнымі таполямі, зялёнымі вінаграднікамі і разгортваюцца асноўныя падзеі амаль усіх яго раманаў і аповесцей). Маленькаму Франсуа не было і двух гадоў, калі памёр яго бацька — заможны камерсант. Чатырох сыноў і дачку гадавала маці, якая ў адрозненне ад бацькі была жанчынай глыбока набожнай і выхоўвала дзяцей у духу каталіцкай дабрачыннасці і паслушэнства. Сямігадовага хлопчыка аддаюць на вучобу ў калеж ГранЛебрэн. Ён шмат чытае. Па словах маці, яго самай любімай кнігай была аповесць Г. Мало «Без сям’і». Пазней тэма няшчаснага, абдзеленага дзяцінства часта будзе гучаць у творах пісьменніка. Вышэйшую адукацыю Ф. Марыяк атрымаў на літаратурным факультэце Бардоскага універсітэта. У 1907 годзе ён прыязджае ў Парыж і поўнасцю прысвячае сябе літаратурнай працы. Праз два гады з’яўляецца яго першы паэтычны зборнік «Рукі, складзеныя для
малітвы» («Les Mains Jointes»). У сваіх вершах малады аўтар шчыра і ўсхвалявана дзеліцца з чытачом трапяткімі ўспамінамі ўласнага маленства. Першая проба пяра была прыхільна сустрэта крытыкай. «Гэта напісана паэтам»,— сказаў Г. Апалінэр, прачытаўшы зборнік. Неўзабаве выходзіць другая кніжка вершаў «Развітанне з юнацтвам» («Les Adieux a 1’Adolescence», 1911), напісаных пад уплывам паэзіі Бадлера і Верлена, якімі Ф. Марыяк асабліва захапляўся падчас вучобы ва універсітэце. Пазней, і ў сталым узросце, і на схіле сваіх гадоў, пісьменнік яшчэ не раз будзе вяртацца да лірыкі: зборнікі «Навальніцы» («Les Orages», 1925), «Кроў Атыса» («Le Sang d’Atys», 1940) і іншыя, аднак галоўным, магістральным кірункам яго творчасці стане мастацтва рамана. Варта падкрэсліць толькі, што паэтычнае бачанне свету, багатая вобразнасць, яркая метафарычнасць, чуйнае, далікатнае абыходжанне са словам, філігранная тэхніка рытму, шырокае выкарыстанне алегорый, карцін-сімвалаў — усё гэта знойдзе свой адбітак і ў прозе Ф. Марыяка. Яго першы раман «Дзіця пад цяжарам ланцугоў» («L’Enfant Charge de Chaines», 1913) y многім аўтабіяграфічны: малады католік-правінцыял прыязджае ў Парыж і імкнецца адшукаць сваю ўласную пуцявіну ў гэтым нялёгкім жыцці, спасцігнуць яго няпросты сэнс.
Першая сусветная вайна на тры гады перапыніла творчую працу пісьменніка. Ф. Марыяк ідзе на фронт і служыць санітарам — спачатку ў Францыі, а потым у Грэцыі, у Салоніках. Вясной 1917 года ён захварэў на малярыю і быў дэмабілізаваны.
Шырокая вядомасць, прызнанне, слава прыйшлі да раманіста ў 20—30-я гады, калі адзін за адным выходзяць яго творы «Пацалунак пракажонаму» («Le Baiser au Lepreux», 1922), «Пачынальніца роду» («Genitrix», 1924), «Пустыня кахання» («Le Desert de I’Amour», 1925), «Тэрэза Дэскейру»(«ТЬёгё8е Desqueyroux», 1927), «Клубок гадзюк» («Le Noeud de Viperes», 1932), «Канец ночы» («Le Fin de la Nuits>, 1935), «Дарогі да мора» («Les Chemins de la Mer», 1939). Пры ўсёй сваёй самастойнасці і адметнасці гэтыя раманы звязаны адзінай тэмай — адносіны ў буржуазнай сям’і. Для Ф. Марыяка сям’я — гэта цэлы мікрасусвет, дзе выяўляюцца самыя схаваныя чалавечыя інстынкты, дзе вядуцца свае войны, у якіх хтосьці атрымлівае трыумфальныя перамогі, а хтосьці нясе непапраўныя страты. Героі Ф. Марыяка пакутліва шукаюць выйсця з жыццёвых тупікоў, куды яны трапляюць, спрабуючы прымірыць свае
рэлігійныя пачуцці з канкрэтнымі зямнымі памкненнямі, з рэальным чалавечым быццём. Ф. Марыяк — пісьменніккатолік, і, безумоўна, не з усімі яго філасофскімі поглядамі, якія ён укладае ў вусны сваіх персанажаў або сцвярджае сам у аўтарскіх рэмарках, мы можам пагадзіцца, але імкненне мастака бачыць і адлюстроўваць праўду жыцця ва ўсіх яго праявах і супярэчнасцях непазбежна падводзіць чытача да высновы, што менавіта буржуазнае грамадства з яго сацыяльнай несправядлівасцю, эгаізмам, прагай да нажывы і крывадушнасцю стаіць ля вытокаў людскіх няшчасцяў і трагедый. Да таго ж і адносіны Ф. Марыяка да хрысціянскай веры не былі адназначнымі: не каму іншаму, як яму самому належаць словы пра тое, што пад крыламі квактухі, старой царквы «кішма кішыць усялякая нечысць —• забабоны, манія, выдумкі». А герой яго апошняга, перадсмяротнага, рамана «Падлетак былых часоў» («L’Adolescent d’Autrefois», 1968) Ален Гажак адкрыта не пагаджаецца з рэлігійнымі дагматамі і дзейнасцю служкаў культу. Паказальна і тое, што хрысціянская царква насцярожана, а часам і варожа ставілася да Ф. Марыяка і амаль усе яго раманы былі забаронены каталіцкай цэнзурай.
У 30-я гады выяўляецца новая грань таленту Ф. Марыяка. Ён актыўна ўключаецца ў барацьбу з фашызмам і выступае з палымянымі публіцыстычнымі артыкуламі, скіраванымі супраць нацысцкай ідэалогіі і калабарацыянізму. А. Маруа лічыў Ф. Марыяка найлепшым публіцыстам свайго часу.
У змрочныя дні фашысцкай акупацыі Францыі Ф. Марыяк прымае непасрэдны ўдзел у руху Супраціўлення. Яго голас гнеўна выкрываў здраднікаў і палымяна славіў тых, хто са зброяй у руках ішоў вызваляць радзіму. Пісьменнік вітаў ратныя подзвігі Чырвонай Арміі, «чырвонай ад крыві, пралітай за вызваленне Еўропы». У антыфашысцкай публіцыстыцы Ф. Марыяка найбольш значнае месца займае яго твор «Чорны сшытак» («Le Cahier noir», 1943), надрукаваны падпольным выдавецтвам «Мінюі» пад псеўданімам Фарэз. У жанры публіцыстыкі плённа працуе Ф. Марыяк і ў пасляваенны час.
Як драматург пісьменнік заявіў пра сябе ў 1938 годзе, калі з’явілася яго п’еса «Асмадэй» («Asmodee»). Яна была пастаўлена на сцэне славутага тэатра «Камедзі Франсэз», а потым ішла ў шматлікіх тэатрах Еўропы і Амерыкі, што ў значнай ступені паспрыяла пашырэнню твораў Ф. Марыяка за межамі Францыі. Пазней былі напісаны п’есы
«Дрэннае каханне» («Les Mal-Aimes», 1941), «Пераезд д’ябла» («Le Passage du Malin», 1947).
У 1959 годзе выходзіць кніга Ф. Марыяка «Унутраныя мемуары» («Memoires interieurs»), дзе пісьменнік выклаў свае тэарэтычныя погляды на мастацтва і дзе, у прыватнасці, ён выступае за павагу да рэалістычных традыцый, за праўдзівую, гуманістычную літаратуру і крытыкуе мадэрнісцкія пошукі, дэкадэнцкі падыход у мастацкай трактоўцы свету і чалавека.
Летам 1970 года выйшлі з друку апошнія публіцыстычныя нататкі Ф. Марыяка, а ў верасні яго не стала. ІІраз два гады ўбачыў свет незакончаны раман пісьменніка «Мальтаверн», над якім ён працаваў да апошняга дня свайго жыцця.
За сваю літаратурную дзейнасць Ф. Марыяк удастоены ганаровага звання члена Французскай Акадэміі (1933 г.), яму прысуджана Нобелеўская прэмія (1952 г.). Ён застаецца адным з самых папулярных пісьменнікаў у сваёй краіне. Творы Ф. Марыяка выдаюцца шматтысячнымі тыражамі ў многіх краінах свету, перакладаюцца на дзесяткі моў. У Савецкім Саюзе з раманамі Ф. Марыяка чытачы могуць пазнаёміцца па перакладах на рускую, армянскую, грузінскую, украінскую, латышскую і эстонскую мовы. У нашай рэспубліцы на беларускай мове творы Ф. Марыяка друкуюцца ўпершыню.
Леанід Казыра
ТЭРЭЗА ДЭСКЕЙРУ
Божа, злітуйся над аблуднымі мужчынамі і жанчынамі! 0, божа, няўжо могуць існаваць пачвары перад лікам тваім... Ты, адзіны, хто ведае, чаму яны існуюць, як сталі яны такімі і як маглі яны ўратаваць сябе...
Шарль Бадлер
Тэрэза... Многія скажуць, што цябе няма. Але я добра ведаю: ты ёсць. Шмат гадоў я сачу зо. табой, часта спыняю цябе на дарозе і зрываю з цябе маску.
Памятаю, яшчэ юнаком убачыў я твой бледны тварык з тонкімі губкамі ў душнай судовай зале. Ты была сярод адвакатаў. Расфуфыраныя дамы жорстка ўпіваліся ў цябе позіркамі. Болей жорстка, чым тыя, хто збіраўся судзіць цябе.
Потым, у вясковым маёнтку, ты з’явілася перада мной у вобразе маладой нервовай жанчыны, якой абрыдзелі клопаты старых сваякоў і прастадушнага мужа. А тыя даўмецца не маглі:
— Што гэта з ёю робіцца? Мы ж далі ёй усё, што трэба для шчасця!
Колькі разоў пасля таго зачаравана назіраў я, як ты прыкладвала да прыгожага твару сваю крыху велікаватую руку! Колькі разоў глядзеў я праз жывыя краты клеткі, што завецца сямёй, як ты пакутуеш там,
нібы ваўчыца ў няволі. 1 я лавіў тады на сабе твой злосны, сумны позірк.
Многія будуць дзівіцца, як мог я стварыць вобраз, яшчэ больш агідны, чым мае астатнія героі. Няўжо мне ніколі так і не давядзецца гаварыць пра людзей велікадушных, дабрачынных, пра людзей з адкрытай душой. Аднак «душы. наросхрыст» не маюць трагічных гісторый. А боль душ замкнутых, прыкаваных да грэшнага цела, мне добра вядомы.
Мне хацелася б, Тэрэза, каб твае пакуты прывялі цябе да бога, каб ты была вартая імя святой Лакусты Але многія з тых, хто верыць у падзенне і водкуп нашых змучаных, загубленых душ, пачалі б тады крычаць пра святатацтва...
Ва ўсякім разе, я спадзяюся, што ты не адзінокая на тым тратуары, дзе я разеітаўся з табой.
I
Адвакат адчыніў дзверы. Цёмны бакавы калідор будынка суда напоўніўся сырасцю. Тэрэза не спяшалася выходзіць і прагна ўдыхнула ў сябе свежае асенняе паветра. Яна баялася, што там, на дварэ, яе чакаюць. Чалавек з настаўленым каўняром адышоў ад платана: яна пазнала бацьку. Адвакат гучна сказаў яму: «Справа спынена. Саставу злачынства няма», і да Тэрэзы: