Тэрэза Дэскейру. Клубок гадзюк
Франсуа Марыяк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 1985
рад адчыненым акном. Бернар недзе ў садзе. Чуваць яго словы: «Не запальвай святла, бо наляцяць камары!» Яна падлічвала, колькі месяцаў засталося да нараджэння дзіцяці. О! Як жа ёй хацелася верыць у бога! Тады яна магла б прасіць і маліць яго, каб гэтая невядомая істота, што ўжо трапечацца ў ёй, ніколі так і не ўбачыла свету...
VI
Анна з бацькамі паехала ў падарожжа. Надышлі дні поўнай адзіноты. Дзіўна, але гэтую пару Тэрэза прыгадвае цьмяна. У Аржалузе, дзе, як было дамоўлена, ёй трэба было пабачыцца з гэтым Азеведа і прымусіць яго сысці з дарогі Анны, яна толькі і думала што пра адпачынак, спакой, сон. Бернар згадзіўся пажыць не ў сваіх бацькоў, а ў Тэрэзы. Тут было больш утульна, дый усе гаспадарчыя турботы можна было перакінуць на цётку Клару. Тэрэза не заўважала людзей, жыла сама па сабе: а што ёй да іншых? Хай жывуць, як могуць! Адзіным яе клопатам было бясконцае чаканне, калі ж нарэшце прыйдзе час родаў... Бернар ёй абрыдзеў са сваімі штодзённымі напамінамі пра сустрэчу з Жанам Азеведа. Тэрэза груба яго абрывала. I ўвогуле, ёй усё цяжэй і цяжэй было выносіць гэтага чалавека. Можа, прычынай яе такога настрою была цяжарнасць? Бернар, ва ўсякім разе, так і думаў. Прыкладна ў гэты час у Бернара з’явіліся першыя сімптомы падазронасці, якія характэрныя людзям яго складу, хоць і выяўляюцца да трыццацігадовага ўзросту рэдка. Усё часцей і часцей яго ахоплівала пачуццё страху, якое так не пасавала гэтаму дужаму, моцна скроенаму мужчыне. Але як яму можна было пярэчыць, калі ён усхвалявана прызнаваўся: «Вы ведаеце, што я адчуваю...» Гэтыя нашчадкі сытых, бяздзейных, гультаяватых пакаленняў — толькі з выгля-
ду асілкі. Яны — нібы тая хвоя, што пасадзілі ў добра ўгноеную зямлю: расце хутка, але ж хутка гніе і яе стрыжань. I даводзіцца дрэва спілоўваць, а яму яшчэ б расці ды расці...
«Гэта — ад нерваў»,— супакойвалі Бернара. Аднак сам ён ужо не сумняваўся: яго здароўе і ўсё яго жыццё дало расколіну. Гэта ж неверагодна: ён страціў апетыт і яму зусім не хочацца есці. «Чаму табе не схадзіць да доктара?» — Бернар паціскаў плячыма, робячы выгляд, што зусім не клапоціцца пра сябе. На самай жа справе невядомасць здавалася яму не такой страшнай, як прыгавор урача: а раптам гэта будзе смяротны прыгавор. Па начах ён палохаў Тэрэзу: то ўскокваў з пасцелі, то неяк страшна хрыпеў. Ён браў яе руку і прыкладваў да свайго сэрца, каб яна паслухала, як няроўна яно б’ецца. Яна запальвала свечку, уставала і прыносіла яму валяр’янкі. «А што, калі б гэта было не лякарства, а...— думае Тэрэза.— Толькі ў небыцці — сапраўдны спакой, моцны і салодкі сон. Чаму ж тады гэты ныцік так баіцца таго, што супакоіла б яго назаўсёды...»
Ён засынаў першы. I побач з гэтым вялікім целам мужчыны, які сваім храпам і сапеннем даводзіў яе да гарачкі, доўга яшчэ не магла заснуць Тэрэза. Слава богу, больш ён яе не чапаў. Гэта цяпер Бернар лічыў самай небяспечнай нагрузкай для свайго сэрца. Ужо прачыналіся і будзілі ваколіцы пеўні, ужо вецер даносіў гукі царкоўных званоў — тады толькі пачынала драмаць Тэрэза. А Бернар уставаў. Хуценька адзяваўся, на скорую руку, па-сялянску, спалоскваў халоднай вадой твар і бег на кухню. Там, нібы сабака, хапаў кавалак курыцы, скрылік халоднага мяса, лусту хлеба з часнаком, гронку вінаграду... Вось і ўся яда на цэлы дзень! Бернар карміў сабак. Тыя спрытна на ляту лавілі кавалкі і моцна ляскалі сківіцамі. Туманная раніца дыхала восепню. У такую пару Бернар зноў адчуваў
сябе здаровым, да яго нібы вярталася маладосць. Падыходзіў час палявання на вехіроў. Трэба было рабіць прынаду: лавіць птушак, выколваць ім вочы і дрэсіраваць. Спраў хапала... У адзінаццаць гадзін ён заходзіў да Тэрэзы. Яна яшчэ была ў пасцелі.
— Ну як? Можа, такі падыдзеш да Жана? Мама ж непакоіцца, чакае ад цябе вестак...
— А як тваё сэрца?
— Ды не пытайся ты ў мяне пра гэтае сэрца! Як толькі напомніш, яно адразу пачынае балець. Мусіць, гэта ўсё ж такі ад нерваў. Як ты лічыш?
Але жонка заўсёды адказвала не так, як яму хацелася:
— А хто яго ведае... Тут толькі ты сам можаш здагадвацца. Хоць твой бацька і памёр ад грудной жабы, гэта яшчэ не значыць, што і табе трэба баяцца... Тым больш у твае гады... Урэшце, у тваім родзе наўрад ці хто меў здаровае сэрца... Ну, які ж ты смешны, Бернар! Чаму ты так баішся смерці? Няўжо ты думаеш, што свет без цябе не абыдзецца? Я дык упэўнена: абыдзецца і без цябе і без мяне... А ці не здаецца табе часам, Бернар, што ўсё жыццё такіх людзей, як мы, вельмі падобнае на замаруджаную агонію?..
Ён паціскаў плячыма: замучыць яна сваімі парадоксамі! He такая ўжо і хітрая справа — быць разумніцай: бяры ды гавары тое, што ідзе насуперак здароваму сэнсу. Толькі дарэмна са мною марнуе яна сваё красамоўства! Лепш паберагла б яго для Жана Азеведа.
— Ну, калі ж ты нарэшце перагаворыш з ім? Ён жа хутка паедзе...
Поезд імкліва ўразаўся ў начную цемру. Ужо Віляндро. Наступная станцыя — Сэн-Клер...
«Як жа пераканаць Бернара, што я ніколі не кахала
яго?.. Які самаўпэўнены тып.„ Ён жа і ў думках гэтага не дапускае... Як і ўсе, хто не ведае, што такое сапраўднае каханне, гэты чалавек лічыць, што я ад рэўнасці пайшла на злачынства». Трэба яму растлумачыць, што ў той час ён яшчэ не быў ёй ненавісны, хоць трываць яго было ўжо цяжка. Але ёй і ў галаву не прыходзіла шукаць уцехі з другім мужчынай. Урэшце Бернар быў не такі ўжо і дрэнны... Яна цярпець не магла раманаў, дзе паказваліся выключныя, незвычайныя людзі, якіх ніколі не спаткаеш у жыцці.
Адзіным, каго яна калісьці лічыла цікавай асобай, быў яе бацька. Яна стварала арэол велічы вакол гэтага ўпартага радыкала і заядлага скептыка, які з нязменным поспехам мог давесці да ладу любую справу: землеўладальнік, прамысловец (акрамя лесапілкі ў Б., ён меў завод у Сэн-Клеры, дзе пераганялі смалу). А які палітык! Праўда, тут яму трохі замінала рэзкасць, але ягонае слова ў прэфектуры мела вялікую вагу.
А якая пагарда да жанчын! Нават да Тэрэзы! Пасля гэтай драмы ў сям’і ён тое і рабіў, што паўтараў адвакату: «Усе бабы — калі не ідыёткі, то істэрычкі!» У гэтым антыклерыкале і скептыку часам прабівалася нейкая цнатлівая сарамлівасць. Бывала, ён мог памурлыкаць сабе пад нос любоўныя песенькі Беранжэ, але ніколі не дазваляў, каб пры ім гаварылі на некаторыя далікатныя тэмы. Сталы чалавек чырванеў ад гэтага, нібы падлетак. Бернар, паўтараючы словы свайго айчыма, гаварыў пра яго: «Да шлюбу месье Лярок не ведаў жанчын. А з таго часу, як стаў удаўцом, так і не завёў сабе палюбоўніцы. Пра гэта ж усе ведаюць... Так што цікавы тып твой бацька». I так яно і было. I калі здалёк бацька бачыўся Тэрэзе крыху прыхарошаным, то, разглядаючы яго зблізку, можна было заўважыць, які нізкі гэты чалавек. Ён рэдка бываў у Сэн-Клеры, бо не любіў сустракацца з Бернаравай сям’ёй, але, калі Тэрэза перабралася ў Аржалузу, пачаў прыязджаць
часцей. Хаця пра палітыку гаварыць было забаронеыа, тым не менш у час абеду разгараліся страшэнныя, бясконцыя, дурныя спрэчкі, якія заўсёды канчаліся сваркай. Тэрэза не ўмешвалася ў такія размовы і нават ганарылася гэтым. Праўда, калі гаворка заходзіла пра рэлігію, яна часам заступалася за бацьку. Усе крычалі так моцна, што абрыўкі фраз даляталі нават да глухой цёткі Клары. I тады і яна кідалася ў бойку, перабіваю чы ўсіх сваім жахлівым голасам. Абурэнне старой радыкалкі выходзіла на волю: «Я-то добра ведаю, што яны вырабляюць у гэтых манастырах!..» — «У глыбіні душы,— думала сабе Тэрэза,— цётка — самы набожны чалавек ва ўсёй гэтай кампаніі. Але яна аб’явіла адкрытую вайну таму, хто дапусціў, што яна з’явілася на свет глухой, непрыгожай і так памрэ, не зведаўшы ні кахання, ні мужчынскай ласкі...»
Пасля таго, як пакрыўджаная мадам дэ ля Траў аднойчы пайшла з-за стала, усе стараліся пазбягаць абстрактных тэм. Але досыць было і размоў пра палітыку, каб парушыць спакой і вывесці ўсіх з раўнавагі. Усе гэтыя людзі — і правыя і левыя — сыходзіліся толькі ў адным: уласнасць —■ вось адзінае, дзеля чаго варта жыць на гэтым свеце. I лепш за ўсё — зямля. Дык ці варта тады псаваць адзін аднаму нервы, крычаць, спрачацца? А калі ўжо пускаць пыл у вочы, то трэба ж ведаць хоць нейкую меру. Тэрэза, гэтая «ўласніца па крыві», патрабавала, каб пытанне ставілася рубам. Яна не магла спакойна слухаць крывадушных пустых фраз, якімі бацька і свёкар прыкрывалі свае сапраўдныя мэты, I калі бацька з пафасам гаварыў пра «сваю адданасць справе дэмакратыі», яна перабівала яго: «Не старайся, бацька: мы ж тут усе свае. Слухаць брыдка гэтую высакапарнасць». Яна ніяк не магла зразумець, пра які трагічны канфлікт класаў можна гаварыць у краіне, дзе самы дробны ўласнік на тое і жыве, каб павялічыць сваё багацце? У краіне, дзе
агульная любоў да зямлі, да палявання, да смачнай ежы і добрага пітва параджае сапраўднае братэрства паміж буржуа і селянінам...
Што ж, Бернар быў адукаваным чалавекам. I стаяў ён, бадай, вышэй за сваё асяроддзе. Тэрэза магла павіншаваць сябе: яе муж — «чалавек, з якім хоць можна пагаварыць...». Так думала яна, пакуль не пазнаёмілася з Жанам Азеведа.
А здарылася гэта тою восеньскай парою, калі начная прахалода трымаецца ўсю раніцу, а пасля снедання, як бы ні свяціла сонца, падымаецца лёгкі туман — прадвеснік яшчэ няскорага змяркання. Ужо ляцелі першыя вехіры, і Бернар прыходзіў дамоў толькі вечарам. Праўда, у той дзень ён-такі адважыўся і паехаў да доктара ў Бардо.
«Мне тады нічога не хацелася,— думае Тэрэза.— Выйшла на дарогу трохі прайсціся: цяжарнай жанчыне карысна хадзіць пехатой. У лес старалася не заходзіць, бо там гэтыя паляўнічыя: асцерагайся, спыняйся на кожным кроку, падавай сігнал свістам і чакай, пакуль табе дазволяць ісці далей. А бывае, што ў адказ пачуеш працяжны свіст, значыць, у дубняк апусцілася чарада вехіроў і трэба затаіцца і ціхенька стаяць... Потым я вярнулася, падрамала трохі ў гасцінай. Вакол тупала цётка Клара са сваімі бясконцымі расказамі пра кухню і ферму. Я, бадай, не звяртала ніякай увагі на гэтую векавуху, гатовую кінуцца выконваць мой кожны капрыз. А яна ўсё гаварыла і гаварыла, абы толькі не слухаць самой. Гэта былі страшныя гісторыі з жыцця фермераў: то пра старых, якія працавалі да самай смерці і мусілі паміраць з голаду, то пра хворых і калек, ад якіх адракліся ўсе родныя і блізкія, то пра жанчын, змучаных цяжкай, непасільнай працай,,. I з нейкай лёгкай весялосцю цётка пераходзіла часам на мясцовую гаворку і цытавала грубыя, сакавітыя слоўцы сваіх суссдзяў-фермераў. Адносілася цётка да