Тэрэза Дэскейру. Клубок гадзюк
Франсуа Марыяк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 1985
гэтых людзей з кранаючай заклапочанасцю. Але глыбока, усім сэрцам любіла яна толькі мяне. А я і не бачыла, як, стоячы на каленях, яна расшнуроўвала мае боцікі, здымала панчохі, грэла ў сваіх старэчых далонях мае ногі...
Потым зайшоў Бальён. Назаўтра ён ад’язджаў у Сэн-Клер, і яму трэба было атрымаць усе распараджэнні. Цётка склала спіс даручэнняў і разам з ім перадала старому слузе кіпу рэцэптаў для хворых з Аржалузы: «Перш-наперш вы зойдзеце ў аптэку, каб Даркэ паспеў падрыхтаваць усе лякарствы да вашага ад’езду».
Першая сустрэча з Жанам... Хочацца ўспомніць кожную дробязь... Сама не ведаю, чаму я пайпіла да таго будана, дзе некалі ў час летніх вакацый мы бывалі з Аннай і дзе, як я ўжо цяпер ведала, яна сустракалася з гэтым Азеведа. He, я пайшла туды зусім не дзеля таго, каб пабачыць месца, з якім звязана столькі светлых успамінаў. Проста хвоі ў тым баку так разрасліся, што там ужо немагчыма было паляваць на вехіроў і можна было не баяцца, што перашкодзіш паляўнічым. Ды і будан ужо быў непрыдатны для палявання: лес шчыльна абступіў яго, засланіў далягляд. Каб толькі не забыць: кастрычніцкае сонца яшчэ добра прыгравала; я стамілася ісці па пяску; не давалі спакою мухі... А як цяжка мне было несці свой жывот! Я так марыла пасядзець на старой трухлявай лаўцы ў будане! Калі я адчыніла дзверы, то твар у твар сутыкнулася з маладым чалавекам без галаўнога ўбору. Я адразу пазнала Жана Азеведа і спачатку падумала, што перашкодзіла яго любоўнаму спатканню: надта ж ён выглядаў збянтэжана. Але дзіўная рэч — як толькі я хацела пайсці, ён стаў угаворваць мяне: «Ну, што вы, мадам, калі ласка, праходзьце, вы мне зусім не перашкодзілі». Чаму ён тады спытаўся, ці відно знадворку, што робіцца ў будане?.. Я зайшла і была страшэн-
на здзіўлена, што, акрамя Жана, у будане нікога няма. Можа, пастушка вышмыгнула праз другі выхад? Але ж ні адна галінка не трэснула, пакуль мы стаялі ля ўваходу. Ён таксама пазнаў мяне і першы загаварыў пра Анну. Я села, ён стаяў — у той самай позе, як на фатаграфіі. Я разглядала яго лёгкую кашулю і спрабавала адгадаць, дзе тое месца на грудзях, якое я праткнула на здымку шпількай; я глядзела на яго з цікавасцю, але без хвалявання. I міжволі прыгадаліся словы Анны: «Я прыціскаю сваю руку туды, дзе б’ецца яго cappa (гэта ён заве «апошняй дазволенай ласкай»...). Ці быў ён прыгожы? Высокі, цудоўны лоб, аксаміцістыя вочы, уласцівыя яго племені, паўнаватыя шчокі і прышчыкі — прыкмета ўсхваляванай крыві ў юнакоў яго ўзросту. Асабліва непрыемна было адчуваць яго мяккую, вільготную далонь, якую ён яшчэ паспеў выцерці хустачкай. Але вочы і гарачы позірк былі прыгожыя. Мне спадабаўся і яго вялікі, трохі разяўлены рот, дзе бялелі моцныя вострыя зубы,— здавалася, ён вось-вось высуне язык, як малады сабака ў спёку.
А я сама? Што ж, я трымалася так, як і належыць чалавеку з сям’і Дэскейру: гаварыла пагардліва, рэзка і абвінаваціла яго: «Ты ж унёс смуту і разлад у такую паважаную сям’ю...» Ах, якое непрытворнае было яго здзіўленне — гэты хлапец шчыра разрагатаўся: «Як? Дык вы лічыце, што я хачу ажаніцца з Аннай? Вы думаеце, што я замахнуўся на яе гонар? » Я атарапела, і мне адразу стала ясна, якая бездань аддзяляе Анну ад гэтага раўнадушнага юнака. Ён актыўна абараняўся: «Як можна ўстаяць перад чароўнасцю такой дзяўчыны? Але ж пагуляць нікому не забаронена. I якраз таму, што тут і гаворкі пра шлюб быць не магло, гэтая гульня мне здавалася бяскрыўднай. Я, вядома, толькі рабіў выгляд, што падзяляю намеры Анны...» I калі я высакамерна спыніла яго, ён горача запярэчыў, што сама Анна можа засведчыць яго пры-
стойнасць — далёка ён ніколі не заходзіў, і, урэшце, мадмуазэль дэ ля Траў павінна быць удзячнай яму за тыя хвіліны сапраўднай страсці — хутчэй за ўсё адзіныя, якія адпушчаны ёй у гэтым сумным, змрочным жыцці. «Вы кажаце, што яна пакутуе, але паверце мне: такія пакуты — гэта самае лепшае, чаго яна можа чакаць ад свайго лёсу. Я многа чуў пра вас і ўпэўнены, што вам гэта можна сказаць, бо вы непадобныя на тутэйшых мяшчан. Што чакае гэтую дзяўчыну? Нуда і гібенне ў якім-небудзь старым доме Сэн-Клера! У гэтае невясёлае падарожжа па жыцці я даў ёй з сабой запас пачуццяў, мараў, успамінаў, якія, магчыма, выратуюць яе ад адчаю ці, ва ўсякім разе — ад атуплення». Нешта я не прыпомню, ці раззлавала мяне гэтая прэтэнцыёзнасць, гэтая самаўпэўненасць?.. А можа, наадварот — спадабалася... Праўду кажучы, ён гаварыў так хутка, што я ледзьве паспявала разумець яго. Потым я ўсё ж прывыкла да яго шматслоўя. «Паслухайце, мадам! Няўжо вы сапраўды лічыце, што я хацеў гэтага шлюбу? Мне — кінуць якар у гэтым пяску або ўзяць на сябе такую абузу і везці гэтае дзяўчо ў Парыж? Я, безумоўна, зберагу ў памяці цудоўны вобраз Анны. I ў тую хвіліну, калі вы засталі мяне тут, у будане, я якраз думаў пра яе... Але, мадам, хіба можна спутаць самому сабе ногі, прыкаваць сябе да аднаго месца. Кожнае імгненне павінна прыносіць сваю асаблівую радасць, адметную ад усяго таго, што ты ўжо меў». Спалучэнне гэтай маладой жывёльнай прагнасці і цвярозага розуму ў адной асобе здалося мне такім незвычайным, што я слухала і не перабівала. О! Жанавы словы асляпілі мяне! Праўда, таннай мішурой! Але ўсё ж такі асляпілі!.. Помню, як пачуліся званочкі і галасы пастухоў: у наш бок падыходзіў статак авечак. Я тады сказала Жану, што будзе няёмка, калі нас дваіх убачаць у гэтым будане. I мне захацелася пачуць у адказ: «А давайце прытаімся і ціхенька перачакаем, пакуль прой-
дзе статак...» Мяне б так парадавала гэтае маўклівае чаканне, нібы мы абое супольнікі (вось і я ўжо рабілася патрабавальнай — мне хацелася, каб кожная хвіліна даравала мне новыя пачуцці і перажыванні)... Але Жан Азеведа паслушна адчыніў дзверы і ветліва прапусціў мяне наперад. Адважыўся ён правесці мяне да Аржамузы толькі тады, калі ўпэўніўся, што я супраць гэтага нічога не маю. Якой жа кароткай здалася мяе тады дарога! Мы так нагаварыліся!.. I да чаго ж цікава ўмеў ён расказваць пра рэчы, якія я быццам бы і ведала... Калі зайшла гаворка пра рэлігію і я пачала гаварыць пра тое, што і звычайна, ён спыніў мяне: «Усё гэта так, мадам. Але ўсё гэта куды больш складана...» I з яго вуснаў ляцелі такія арыгінальныя довады, што я была проста ў захапленні. А ці было чым захапляцца?.. На цяперашні розум я і слухаць не захацела б гэтай лухты: ён гаварыў, што доўгі час быў перакананы, што самае галоўнае ў жыцці — гэта пошук бога: «Больш, чым смерці, баяцца, уцякаць ад усіх тых, хто ўбіў сабе ў галаву, што ён знайшоў бога, хто супакоіўся і закасцянеў, хто зрабіў сабе бярлогу, каб толькі драмаць у ёй... Як жа ўсё гэта агідна!..»
Ён папытаўся ў мяне, ці чытала я кнігу Рэнэ Базэна 1 «Жыццё айца Фуко». У адказ я неяк няшчыра, ненатуральна засмяялася. I тады ён сказаў, што гэтая кніга ашаламіла яго. «Жыць у небяспецы, у самым глыбокім сэнсе гэтага слова,— дадаў ён,— гэта, бадай, і азначае, што чалавек не так шукае, як ужо знайшоў свайго бога і ідзе па шляхах боскіх...» Ён быў на вяршыні шчасця ад «Жыція містыкаў», скардзіўся, што ў яго неўтаймаваны характар і ён толькі таму не можа
1 Рэнэ Базэн (1853—1932) — французскі пісьменнікраманіст. Аўтар раманаў: «Усёй душой», «Адзінокая», «Сёння і заўтра», «Чарнільная пляма» і інш. Ф. Марыяк прысвяціў яму манаграфію, выдадзеную ў 1931 г.
пайсці ўслед за містыкамі, што «колькі сябе помніць, ніколі не быў дастаткова чысты для гэтага».
Гэтая бессаромнасць, гэтая лёгкасць, з якой ён паказваў усё сваё нутро — якое ж усё гэта было новае ў параўнанні з нашай правінцыяльнай скрытнасцю і замоўчваннем усяго, што датычылася ўласнай натуры. Усе размовы і плёткі ў Сэн-Клеры ідуць толькі вакол таго, што наверсе, перад вачыма, а сэрцы там ніколі не адкрываюцца... Ну што я, урэшце, ведаю пра Бернара? Намалявала сабе карыкатуру, а можа, у ім хаваецца штосьці куды больш значнае, важнае?..
Жан гаварыў, а я маўчала і слухала. На язык прыходзілі толькі збітыя, шэрыя фразы з нашых бесталковых сямейных спрэчак. Падобна да таго, як у нас у ландах вазы робяць «па каляіне», гэта значыць, з дастаткова шырокім ходам, каб колы пападалі ў наезджаную каляіну, так і мае думкі да гэтага дня ішлі «па каляіне» майго бацькі і свёкра.
Жан крочыў побач. Як цяпер бачу я гэтую расшпіленую кашулю, што прыкрывала яшчэ зусім хлапечыя грудзі і моцную шыю... Ці цягнула мяне да яго? Ды не, беражы бог! Але мне ўпершыню сустрэўся чалавек, які самым галоўным у жыцці лічыў работу мозга, разумовую працу. Увесь час ён гаварыў пра сваіх парыжскіх настаўнікаў, сяброў, прыводзіў іх думкі, расказваў пра кнігі — лічыць яго нейкім вундэркіндам я, бадай, не магла: ён уваходзіў у кагорту тых выбраных людзей, хто, па яго словах, «жыве па-сапраўднаму». Адна за адной сыпаліся на мяне цытаты, імёны, і Жан нават не дапускаў, што я магу іх не ведаць. А я і выгляду не падавала, што чую ўсё гэта ўпершыню.
Калі за павароткай паказаліся жытнёвыя палеткі і ўскраіны Аржалузы, я міжвольна ўсклікнула: «Як? Ужо?..» Даўно ўжо прайшло жніво. Над панурым малаўрадлівым полем віліся сінія клубы дыму: сёння тут
палілі пустазелле. Уздоўж дарогі, нібы паток разлітага малака, плыў статак авечак...
Тут Жану трэба было паварочваць і цераз поле ісці дамоў у Вільміжа. Я сказала, што правяду яго: «Усё, што я сёння пачула — гэта так цікава...» Але раптам мы абое зразумелі, што болып гаварыць няма пра што. Ісці па ржышчы мне было цяжка: нават у сандалях калола ў ногі. Мне здалося, што яму захацелася хутчэй застацца аднаму і цалкам аддацца сваім думкам. Я нагадала яму, што мы так і не пагаварылі пра Анну. «Мы не свабодныя ў выбары тэм для размоў, ды, відаць, і думак. Інакш нам трэба было б прыняць метады і правілы містыкаў,— амаль з выклікам адказаў ён.— Такія людзі, як мы, заўсёды плывуць з вадой па цячэнні...»
Мы дамовіліся спаткацца яшчэ раз, каб разам падумаць, што рабіць з Аннай. Ён гаварыў рассеяна і раптам, не слухаючы мяне, нахіліўся і з дзіцячай радасцю паказаў мне баравік, панюхаў яго і дакрануўся губамі да шапачкі.
VII
Бернар сядзеў на ганку і чакаў. Вось у вячэрнім змроку з’явілася постаць Тэрэзы. «Паслухай, у мяне нічога не знайшлі! Нічога! — радасна закрычаў ён.— I хто мог падумаць, што ў мяне малакроўе! Гэта ў мяне, з маімі біцэпсамі і мускулатурай! Але што зробіш: па знешнасці нічога не ўгадаеш. Вазьмуся за лячэнне. Буду прымаць каплі Фаўлера 1 — яны з мыш'яком. Галоўнае цяпер — апетыт...»