Тэрэза Дэскейру. Клубок гадзюк
Франсуа Марыяк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 1985
I месьё Лярок падштурхнуў Тэрэзу ў экіпаж.
Адвакат падаў Тэрэзе руку з цвёрдымі пачарнелымі пазногцямі: «Добра ўсё, што добра канчаецца»,—-
сказаў ён. I гэта прагучала шчыра, бо калі б справа пайшла інакш, ён не меў бы ніякай выгады: сям’я Лярокаў і Дэскейру наняла б адваката Пэйрэкава з судовай акругі Бардо. Сапраўды, усё скончылася добра...
II
Тэрэзе падабаўся гэты асаблівы пах прэлай скуры старога экіпажа. Яна не любіла курыць у цемры і таму не вельмі перажывала, што забылася цыгарэты. Ліхтары асвятлялі адхон дарогі, махрыстую папараць, тоўстыя камлі волатаў соснаў. На грудах шчэбеню адбіваўся цьмяны сілуэт экіпажа. Часам сустракаліся вазы, запрэжаныя муламі. Мулы самі скіроўвалі ўправа, а разамлелыя вазакі драмалі. Тэрэзе здаецца, што ніколі не будзе канца гэтай дарозе. Яна цешыць сябе надзеяй, што ніколі не даедзе да Аржалузы. Яшчэ больш за гадзіну язды да станцыі Нізан, потым прыгарадны цягнік з бясконцымі прыпынкамі. Ад Сэн-Клера, дзе ёй трэба выходзіць, да Аржалузы — 10 кіламетраў на двухколцы (дарога такая, што ніякі шафёр уночы не рызыкне туды ехаць на аўтамабілі). На кожным павароце яшчэ можа ўмяшацца лёс і ўратаваць яе ад гэтай страшнай сустрэчы з мужам. У галаву ёй зноў прыходзяць думкі, якія валодалі ёю напярэдадні суда: калі б следства падтрымала абвінавачанне, ёй хацелася б толькі аднаго — землетрасення. Яна зняла капялюшык і прыціснулася шчакой да пахучай скураной абіўкі. Ад штуршкоў ківалася яе маленькая галоўка, яе бледны твар...
Да гэтага вечара яна жыла, нібы загнаны звер, і толькі цяпер адчула непамерную стому. Асунуты скуласты твар, выцвілыя губы і прыгожы высокі лоб. У яе быў выгляд чалавека, які страціў усе надзеі. I хоць людзі не прызналі яе вінаватай, яна была пры-
гаворана — да вечнай адзіноты. Такую абаяльнасць (а раней яе лічылі прыгожай) маюць людзі, якім не заўсёды ўдаецца схаваць свае патаемныя пакуты і шчымлівы душэўны боль. Затаіўшыся ў куточку экіпажа, Тэрэза — гэтая выкрытая атручальніца,— едзе па калдобістай дарозе праз гушчар сасновага бору. Яна з пяшчотай гладзіць правай рукой свой твар пакутніцы, якіх жывых спальваюць на вогнішчы. Што скажа ёй пры сустрэчы Бернар? Ён жа выратаваў яе сваімі непраўдзівымі паказаннямі... Наўрад ці ён сёння будзе пра што-небудзь пытацца... Але заўтра? Тэрэза заплюшчвае вочы, потым, расплюшчыўшы іх, глядзіць навокал. Коні ідуць паволі. Тэрэза спрабуе пазнаць, дзе яна, што гэта за ўзгорак... Ах, не варта думаць пра гэтую сустрэчу. Магчыма, усё будзе намнога прасцей, чым ёй здаецца. He трэба нічога думаць. Заснуць... Чаму яна ўжо не ў экіпажы? Стол, засланы зялёным сукном. За сталом нейкі чалавек. А-а, гэта следчы... Ізноў ён... Але ж ён добра ведае, што справа спынена. Тым не менш ён адмоўна ківае галавой і справа не спыняецца, ёсць новы факт. Новы факт? Тэрэза адварочваецца, каб вораг не бачыў яе перакошанага твару. «Паспрабуйце ўспомніць, мадам, хіба вы нічога не схавалі ў кішэні той старой палярыны, якую вы носіце цяпер толькі ў кастрычніку, калі ідзяце на паляванне, пастраляць вехіроў?» Адмаўляцца немагчыма. Тэрэза задыхаецца. He зводзячы вачэй са сваёй ахвяры, следчы кладзе на стол пакецік, запячатаны чырвоным сургучом. Тэрэза магла б на памяць расказаць, што там напісана, а з вуснаў следчага ляцяць словыстрэлы:
Хлараформ — 10 грамаў.
Аканіцін — 2 грамы.
Дыгіталін — 0,2 грама.
Следчы пачынае рагатаць... Заскрыгатаў тормаз. Тэрэза прачынаецца. На поўныя грудзі ўдыхае ў сябе «
туман (мусіць, пачаўся спуск да Белага ручая). Вось так і ў юнацтве ёй не раз снілася, што яе памылкова прымушаюць другі раз здаваць выпускныя экзамены. I цяпер да яе прыйшло тое радаснае адчуванне палёгкі, як і тады, калі яна прачыналася ад страшнага сну. Непакоіла трохі толькі тое, што няма афіцыйнага дакумента пра спыненне справы. «Але ты ж ведаеш, што спачатку давядуць да ведама адваката...»
Вольная! Чаго ж яшчэ жадаць? Цяпер можна будзе проста наладзіць жыццё з Бернарам. Адкрыць яму ўсю душу, нічога не ўтойваючы,— вось дзе выратаванне. Неадкладна, сёння ж вечарам, трэба расказаць яму пра ўсё. Ад гэтага рашэння Тэрэзе становіцца лёгка і радасна. Па дарозе да Аржалузы ў яе яшчэ хопіць часу, каб «падрыхтавацца да споведзі», як любіла гаварыць яе верная сяброўка Анна дэ ля Траў кожную суботу ў бесклапотную пару іх летніх канікулаў. Мілая малодшая сястра Анна, нявіннае стварэнне, ты так многа месца займаеш ва ўсёй гэтай гісторыі! Нават людзі крыштальнай чысціні не ведаюць, у якія путы яны ўблытваюцца кожны дзень, кожную ноч і якія атрутныя зярняты прарастаюць там, дзе ступалі іх дзіцячыя ножкі...
Што казаць, гэтая маленькая дзяўчынка мела рацыю, калі паўтарала ліцэістцы Тэрэзе, гэтай разважлівай насмешніцы: «Ты і ўявіць сабе не можаш, якую палёгку адчуваеш, калі на споведзі прызнаешся ва ўсім і атрымліваеш адпушчэнне грахоў. Усё нядобрае знікае, сціраецца, і можна пачынаць жыццё нанава». I праўда, варта было Тэрэзе наважыцца пра ўсё расказаць мужу, як з яе спаў цяжкі груз: «Бернар будзе ведаць усё. Я сама яму раскажу...»
Але што яна скажа? 3 чаго пачаць прызнанне? Xi63 можна перадаць словамі гэтае заблытанае спляценне жаданняў, рашэнняў, непрадбачаных учынкаў? А як спавядаюцца тыя, хто свядома ішоў на злачын-
ства?... «Але ж я... я не разумею свайго злачынства. Я не хацела зрабіць таго, у чым мяне абвінавачваюць. Я сама не ведала, чаго хацела. Я не ведала, куды прывядзе мяне гэтая неўтаймоўная сіла. Колькі ж яна разбурыла на сваім шляху? Нават самой страшна...»
Пад’ехалі да чыгуначнай станцыі Нізан. Закураны ліхтар асвятляў пабеленую сцяну вакзала. Каля ўвахода стаяла брычка. (О, якая цемра пануе над ліхтаром!) Недзе зусім побач пыхкаў паравоз. Гардэр узяў Тэрэзін сакваяж, зноў акінуўшы яе сваім цікаўным позіркам. Яму, відаць, жонка загадала: «Ты ж хоць паглядзі на яе добранька, якая яна цяпер, мо і з твару змянілася...» Тэрэза падаравала бацькаваму фурману тую сваю колішнюю ўсмешку, якая вымушала людзей гаварыць: «Яе не зразумееш, прыгожая яна ці не, проста адчуваеш яе абаяльнасць...» Тэрэза папрасіла Гардэра купіць білет — самой страшна былі ісці ў касу праз пачакальню, дзе сядзелі над сваім вязаннем нейкія дзве жанчыны.
Фурман прынёс білет. Тэрэза сказала яму пакінуць рэшту сабе. Ён дакрануўся рукой да шапкі, сеў на козлы, паправіў лейцы і апошні раз глянуў на дачку свайго гаспадара.
Цягніка яшчэ не сфарміравалі. Калісьці, прыязджаючы на летнія канікулы ці вяртаючыся ў горад на пачатку навучальнага года, Тэрэза Лярок і Анна дэ ля Траў радаваліся доўгай затрымцы на станцыі Нізан. Яны заходзілі ў харчэўню, елі яечню з вяндлінай, а потым, абняўшыся, шпацыравалі па дарозе. Якая ж яна сёння цёмная і непрытульная! А тады,— успамінаецца Тэрэзе,— усё навокал было заліта пяшчотным месячным святлом... Сяброўкі бесклапотна смяяліся, гледзячы на свае доўгія цені, якія зліваліся ў адзін. Гаварылі яны пра сваіх настаўніц, таварышак. Адна абараняла свой манастырскі пансіён, другая — свой ліцэй. «Анна...» — гукнула ў цемру Тэрэза. Перш
за ўсё Бернару трэба расказаць пра Анну... Ён жа так любіць дакладнасць: педантычна раскладвае ўсе пачуцці, кожнае разглядае асобна і не мае ніякага ўяўлення, якая складаная сетка шляхоў, пераходаў і перапляценняў існуе паміж імі. Як жа пазнаёміць яго з гэтымі заблытанымі матэрыямі, якімі жыла і пакутавала Тэрэза. А зрабіць гэта трэба. Застаецца толькі адно: сёння вечарам зайсці ў спальню, сесці каля яго ложка і расказваць, расказваць... пакуль Бернар не спыніць яе і не скажа: «Цяпер я ўсё разумею. Устань. Я дараваў табе».
Яна ціха прайшла цераз садзік начальніка станцыі, адчула пах хрызантэм, хоць саміх кветак у цемры не было відно. У купэ першага класа пуста. Ды пры такім цьмяным асвятленні наўрад ці хто й пазнаў бы яе. Чытаць немагчыма. Зрэшты, самы цікавы раман падаўся б Тэрэзе прэсным у параўнанні з яе асабістым жыццём. Можа, яна памрэ ад сораму, ад страху, ад пакут сумлення, ад стомы, але толькі не ад суму.
Яна прыціснулася да сцяны, заплюшчыла вочы. Няўжо такая разумная жанчына, як яна, не здолее расказаць усёй гэтай драмы так, каб сутнасць яе стала зразумелая? Можа, усё адбудзецца вось як: Тэрэза скончыць сваю споведзь і Бернар скажа ёй: «Тэрэза, ідзі, супакойся і не хвалюйся. Мы будзем жыць у Аржалузе, у гэтым жа доме, да самай смерці, і ніколі паміж намі не паўстане тое, што адбылося. Я хачу піць. Схадзі сама на кухню і прынясі мне шклянку апельсінавага напітку. Я вып’ю яго залпам, нават калі ён будзе мутнаваты і з тым самым прысмакам, што ў таго шакаладу, якім ты паіла мяне тады раніцай. Помніш, любая, як мяне рвала? Ты падтрымлівала мне галаву сваімі мілымі рукамі, не адводзячы вачэй ад зеленаватай вадкасці, якую выкідваў мой страўнік. Прыступы рвоты зусім не палохалі цябе. Але як жа ты дбялела ў тую ноч, калі я сказаў табе, што ў мяне ня-
меюць і адымаюцца ногі! Помніш, мяне пачало трэсці. А гэты прасцяк доктар Педмэ ніяк не мог уцяміць, чаму ў мяне тэмпература нізкая, а пульс такі часты...»
«Ах, не,— думае Тэрэза,— так ён нічога не зразумее. Трэба пачаць з самага пачатку...» А дзе гэты пачатак? Наша жыццё, калі мы хочам адасобіць, ізаляваць яго, нагадвае расліны, якія нельга вырваць з усімі каранямі. Можа, пачаць з самага дзяцінства?.. Але ж і дзяцінства — гэта таксама нейкі канец, нейкае завяршэнне.
Тэрэзіна дзяцінства — гэта чысты празрысты выток самай каламутнай ракі. У ліцэі яна, здавалася, была да ўсяго абыякавая і не заўважала тых маленькіх драм, якія перажывалі яе сяброўкі. Тэрэзу Лярок настаўніцы часта ставілі за прыклад: «Тэрэзе не трэба ніякіх узнагарод, акрамя радаснага разумення, што яе лічаць увасабленнем высокіх чалавечых пачуццяў. Сумленне — вось яе адзіная пуцяводная зорка. Гордая думка, што яна належыць да чалавечай эліты, падтрымлівае яе болып надзейна, чым страх перад пакараннем...» Так характарызавала яе адна настаўніца. «А ці была я такая шчаслівая, чыстая сэрцам»,— пытаецца ў сябе Тэрэза. Вядома, усё, што было да замужжа, згадваецца як нешта асабліва чыстае ў параўнанні з агідным брудам шлюбнай ночы. Ліцэй, усё, акрамя шлюбу і мацярынства,— усё гэта цяпер рай. Аднак тады я гэтага не разумела. I хіба можна было дапусціць, што ў той час, калі жыццё маё яшчэ не пачыналася, я якраз і жыла сапраўдным жыццём. Папраўдзе, я была чыстая, я была анёлам! Аднак анёл гэты быў залішне перапоўнены моцнымі пачуццямі. Што б там ні гаварылі пра мяне настаўніцы, а я пакутавала і прымушала пакутаваць другіх. I гэта было мне прыемна. Нашы беды былі вельмі чыстыя і не выклікалі ніякіх пакут сумлення. Нашы непрыемнасці і радасці спараджаліся самымі нявіннымі жаданнямі.