Тэрэза Дэскейру. Клубок гадзюк
Франсуа Марыяк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 1985
кай і прашчабятала, што цяпер, калі я паправіўся, Рабэр поўнасцю гатовы да «той самай справы». Заўтра, у суботу, хлопчык прыйдзе да мяне апоўдні. Я нагадаў ёй, што ў суботу пасля абеду банкі не працуюць. Тады яна сказала, што Рабэр адпросіцца з работы ў панядзелак. Яго абавязкова адпусцяць, а, зрэшты, можна і не адпрошвацца: няма чаго цяпер баяцца гаспадара.
Яна моцна здзівілася, калі я рашуча запярэчыў і сказаў, каб Рабэр не звальняўся з працы яшчэ некалькі тыдняў. Развітваючыся, яна паабяцала зайсці да мяне заўтра разам з сынам, але я адказаў, што буду чакаць Рабэра аднаго і хачу пагаварыць з ім сам-насам, каб лепш, глыбей пазнаёміцца з юнаком і навучыць яго сяму-таму... Бедная дурніца не магла схаваць сваёй заклапочанасці: яна, вядома, баялася, каб сын не выдаў сябе. Аднак, калі я гавару сваім прывычным рашучым голасам і свідрую субяседніка сваім суровым позіркам, ніхто і не адважыцца спрачацца са мною. Вось так, дарагая, сама ж падвучыла сынка пайсці на змову з маёй сям’ёй!.. Я вельмі добра ведаў гэтага баязліўца, гэтага недарэку, каб уявіць сабе, як заўтра будзе ён калаціцца перада мной.
Калі назаўтра раніцай няшчасны Рабэр пераступіў мой парог, я адразу зразумеў, што адпакутаваў ён за гэтую ноч больш, чым я мог меркаваць. Павекі яго пачырванелі, апухлі,— спаць яму, відаць, ні хвілінкі не давялося. Па-зладзейску бегалі вочкі... Я запрасіў яго сесці і са спачуваннем сказаў, што мне не падабаецца яго хваравіты выгляд. Словам, я быў з ім лагодны, амаль пяшчотны. 3 зайздросным адвакацкім красамоўствам я пачаў маляваць яму карціны райскага бесклапотнага жыцця, якое адкрывалася перад ім. Я куплю яму ў Сэн-Жэрмэне дом, парк гектараў на дзе-
сяць. Усе пакоі ў доме будуць абстаўлены старадаўняй мэбляй. У парку — сажалка, у ёй — цудоўная рыба. На двары — гараж на чатыры аўтамабілі. Адна за адной на маладога чалавека сыпаліся ўсё новыя і новыя спакусы. Калі я загаварыў пра аўтамабіль і прапанаваў купіць машыну самай лепшай амерыканскай маркі, трэба было бачыць, якія пакуты цярпеў гэты чалавек. Хутчэй за ўсё ён паабяцаў не прымаць ад мяне пры жыцці ніводнага франка.
— Больш цябе ўжо ніхто і нішто не патрывожыць,— дадаў я.— Купчую падпішаш сам. Я ўжо адклаў і ў панядзелак перадам табе некаторыя каштоўныя паперы, ад якіх ты будзеш мець гадавую рэнту сто тысяч франкаў. 3 такой сумай можна пакуль што спакойна жыць. А асноўная частка майго капіталу — у Амстэрдаме. На наступным тыдні мы з табой з’ездзім туды і аформім усе дакументы... Пачакай, Рабэр, што з табой?..
Ён прамармытаў:
— He, не трэба... Я нічога не вазьму ад вас... пакуль вы будзеце жыць... He хачу я вас абкрадаць... He хачу... He трэба...
Ён стаяў, абапёршыся аб шафу, і грыз пазногці на левай руцэ. Я пранізваў яго сваім пільным позіркам, якога так баяліся ў судзе. Бывала, у некаторых падсудных падкошваліся ногі ад такога погляду, і яны падалі на рукі жандараў...
А ў глыбіні дўшы я быў нават удзячны Рабэру. Цяпер я мог жыць свабодна, незалежна ад яго. А магло ж так здарыцца, што дажываў бы я свой век разам з гэтым чарвяком. He было ў мяне да яго і нянавісці. Я вырашыў адкінуць яго са сваёй дарогі і не рабіць яму нічога благога. I ўсё ж я не мог адмовіць сабе ў асалодзе трохі пазабаўляцца з ім:
— Як гэта прыгожа, Рабэр! Ты мяне парадаваў. Мяне вельмі кранула, што ты хочаш дачакацца маёй
смерці. Але я не прыму такой ахвяры. У панядзелак ты атрымаеш усё, што я абяцаў, а да канца тыдня я перавяду на тваё імя астатнюю частку капіталу (ён замахаў рукамі, скрывіўся, нешта замармытаў). Як гэта разумець, Рабэр?! Мне ўсё гэта надакучыла! Або ты згадзішся, або зусім нічога ад мяне не атрымаеш,—■ суха адрэзаў я.
Ён адвёў убок вочы і папрасіў пачакаць некалькі дзён,— хацеў выйграць час, каб напісаць у Бардо і атрымаць адтуль адпаведныя ўказанні. Ах ты ідыёт няшчасны!
— Рабэр, ты мяне здзіўляеш. He разумею я цябе...
Я акінуў яго, як мне здавалася, лагодным позіркам. Якая там лагоднасць?! — Вочы ў мяне яшчэ горшыя, чым я сам. Рабэр ледзь чутна прашаптаў:
— Чаму вы на мяне так гледзіце?
— Чаму я на цябе так гляджу? — перапытаў я, міжволі перадражніваючы яго.— А ты, чаму ты не можаш глядзець мне проста ў вочы?
Людзі, якіх усе любяць, ад прыроды ўмеюць знаходзіць менавіта тыя словы і жэсты, якія прыцягваюць усе сэрцы. А я ўжо так прывык выклікаць ва ўсіх страх і нянавісць, што ў мяне і вочы, і бровы, і голас, і нават смех толькі падкрэсліваюць маю бессардэчнасць. Так было і цяпер: я хацеў надаць свайму позірку лагоднасці, паблажлівасці, а няшчасны хлапец курчыўся ад страху. Я ўсміхнуўся, а ён успрыняў маю ўсмешку як злавесны знак бяды. I нарэшце — так апошнім ударам дабіваюць жывёліну — я нечакана спытаўся:
— Ну, а тыя, колькі ж паабяцалі яны?
Ашаломлены юнак з жахам і адчаем глянуў на мяне: «Х-хто т-тыя?.. Хто па-а-бяцаў?»
— Як хто? А тыя два месье: адзін — тоўсты, другі — тонкі.
Мне ўжо хацелася хутчэй скончыць гэтую размову.
Агідна было працягваць такую гульню, але ж не адразу неяк адважышся раздушыць абцасам сараканожку...
— Ды супакойся ты! — сказаў я нарэшце.— Я дарую табе.
— Гэта не я... Я не хацеў... Гэта...
Я заціснуў яму рот рукой. He хапала яшчэ, каб гэты чарвяк абвінаваціў ва ўсім сваю маці.
— Ціха! He трэба нікога называць... Ну, колькі абяцалі? Мільён? Пяцьсот тысяч? Меней? Немагчыма! Трыста тысяч? Дзвесце?
— He,— жаласна запішчаў ён.— Нам абяцалі рэнту. Гэта нас і спакусіла, гэта надзейней. Дванаццаць тысяч франкаў у год.
— 3 сённяшняга дня?
— He, калі яны спадчыну атрымаюць. Яны ж не маглі дадумацца, што вы можаце ўсё ўжо цяпер пакласці на маё імя. А цяпер позна ўжо... Цяпер яны мяне адразу ў суд... Хіба што ўсё схаваць ад іх... Ах, які я быў дурань!.. Вось мне і кара...
I ён уткнуўся галавой у мой ложак і заліўся горкімі слязьмі. Адна рука яго бездапаможна павісла, вялікая чырвоная рука, налітая кроўю...
— Як-ніяк, а я ж ваш сын,—стагнаў ён.— He адракайцеся ад мяне...
I нязграбным рухам ён паспрабаваў абняць мяне за шыю. Я даволі далікатна не даў яму гэтага зрабіць. Потым падышоў да акна і сказаў:
— 3 першага жніўня ты і твая маці будзеце атрымліваць паўтары тысячы франкаў у месяц. Я паклапачуся, каб гэтая рэнта выдавалася да канца твайго жыцця. Калі спатрэбіцца, яе перавядуць на імя тваёй маці. Мая сям’я ні ў якім разе не павінна ведаць, што я раскрыў вашу змову ў царкве Сэн-Жэрмэн-дэ-Прэ. (Ён аж падскочыў, калі пачуў гэтую назву.) Думаю, няма патрэбы папярэджваць цябе, што, калі ты не зможаш утрымаць язык за зубамі — страціш усё. I яшчэ. Я змагу табе ад-
дзячыць, калі ты будзеш трымаць мяне ў курсе ўсяго таго, што будзе задумвацца супраць мяне.
Цяпер-то ён добра ведаў, як цяжка ад мяне штонебудзь утаіць і як дорага будзе каштаваць яму яшчэ адна здрада. Я даў зразумець, што не жадаю больш бачыць ні яго самога, ні яго маці. Пісаць яны мне могуць да запатрабавання ў тое самае паштовае аддзяленне.
— Калі ад’язджаюць з Парыжа твае супольнікі?
Ён запэўніў мяне, што яны паехалі ўчора вечарам. Я рэзка спыніў яго, калі ён пачаў расшарквацца, дзякаваць і даваць абяцанні. Ён, вядома, быў ашаломлены: нейкае казачнае бажаство, якому ён здрадзіў, то ўзнімала яго да нябёс, то кідала ў бездань, то зноў падхоплівала... Сабой ён ужо не валодаў і аддаў усяго сябе ў рукі гэтаму бажаству. Выгнуўшы спіну, утуліўшы хвост, гэты сабака паўзком выносіў костку, якую я кінуў яму... Раптам ён спахапіўся і спытаўся, як і цераз каго ён будзе атрымліваць рэнту.
— Ты яе атрымаеш. Я заўсёды выконваю свае абяцанні. Астатняе — не твая справа!..
Рука яго ўжо была на клямцы, а штосьці не давала яму пайсці. У поўнай нерашучасці ён загаварыў:
— Добра было б цераз якую-небудзь страхавую арганізацыю... ну, нібыта гэта пажыццёвая рэнта ці яшчэ што-небудзь такое... Так было б спакайней...
Я з усёй сілы выпхнуў яго за дзверы.
XVII
Я абапёрся аб камін і машынальна пачаў лічыць кавалачкі драўлянай разьбы, што ляжалі ў бронзавым кубачку.
Колькі марыў я пра гэтага незнаёмага сына! Усё маё бязрадаснае жыццё мяне ніколі не пакідала адчуванне, што ён ёсць, падрастае, мужнее. Дзесьці ёсць у мяне сын, мой сын, я знайду яго, калі захачу, і, можа,
хоць ён стане мне ўцехай. Жыве ён не ў раскошы, але ад гэтага ён мне яшчэ бліжэйшы: мпе прыемна было думаць, што ён нічым не будзе нагадваць майго законнага сына Хюбэра. Мне бачыўся ён простым, здаровым, дужым — вартасці, якія так шануюць у народзе... Словам, на яго я ставіў сваю апошнюю карту. Я цвёрда ведаў: калі і яна будзе бітая, то больш чакаць ад гэтага жыцця мне не будзе чаго,— застанецца толькі скруціцца ў клубочак, адвярнуцца да сцяны і чакаць смерці... За сорак гадоў, як мне здавалася, я звыкся з нянавісцю — мяне ненавідзелі, і я ненавідзеў. А аказалася, як і ўсе людзі, я песціў у душы іскрынку надзеі і, як мог, ашукваў свой душэўны голад... да самай апошняй мяжы... А цяпер усё было скончана.
Цяпер я пазбаўлены нават ганебнай асалоды строіць планы, як пазбавіць спадчыны тых, хто хацеў мне ліха. Рабэр навёў іх на мой след: у рэшце рэшт яны знойдуць усе мае сейфы, нават тыя, якія запісаны на чужое імя. А можа, прыдумаць яшчэ што-небудзь? Эх! Пажыць бы яшчэ ды ўсё растраціць! А потым памерці... і каб у іх не было нават чым заплаціць за маю самую танную труну... Але пасля такога жыцця, калі ўсё падлічвалася да апошняга сантыма, ашчаджалася, эканомілася — хіба можна пасля такога жыцця стаць марнатраўцам?! Ды яшчэ ў маім веку!.. А дзеткі мае, канешне ж, будуць сачыць за кожным маім крокам. He, не магу я кідаць грошы на вецер — гэта дало б небяспечную зброю маёй сямейцы... Трэба было пачынаць усё гэта раней, памалу, паціху... А цяпер — паспрабуй, разарыся! Куды ты падзенеш свае капіталы? Ах, забраць бы іх з сабой у магілу, і там сціскаць у абдымках гэтае золата, гэтыя купюры! I даказаць усім святым, што багацце зямное можа паслужыць і на тым свеце!
А можа, стаць шчодрым дабрачынцам? Узяць ды паслаць у канторы грамадскай апекі або ў манастыры ахвяраванні ад добрага чалавека, які захацеў застацца
невядомым? Mary ж я нарэшце забыцца пра сваіх ворагаў і падумаць пра іншых людзей?.. Але самае страшнае ў тым, што старасць — гэта вынік цэлага жыцця, вынік канчатковы, у якім немагчыма памяняць ніводнай літары, ніводнай лічбы, ніводнай коскі... Шэсцьдзесят восем гадоў ляпіў я з сябе гэтага старога, перапоўненага нянавісцю да сваіх блізкіх... Такім я і памру. Якім зрабіла мяне жыццё, такім я і застануся! А як хацелася б стаць другім! О, божа, калі ты ёсць!..