Тэрэза Дэскейру. Клубок гадзюк
Франсуа Марыяк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 1985
Я не скардзіўся, трымаўся спакойна, лагодна і прымаў усе лякарствы, якія мне прыносілі. Пра наш сумесны план маці гаварыць не хацела. «А куды спяшацца?» — і адразу пераводзіла гаворку на што-небудзь іншае. «Як куды спяшацца?» — уздыхаў я і паказваў на свае грудзі.
— Мая мама дажыла да васьмідзесяці гадоў, a
прыступы ў яе былі цяжэйшыя, чым у вас,— супакойвала яна мяне...
Аднойчы раніцай мне стала намнога лягчэй. Такім бадзёрым я даўно сябе не адчуваў. Я прагаладаўся, але ўсё, што давалі ў гэтым доме, немагчыма было есці. У мяне з’явілася спакуслівая думка схадзіць паабедаць у невялікі рэстаранчык на бульвары Сэн-Жэрмэн. 'Кухня там была адмысловая. Дый каштавала ўсё нядорага. А то зойдзеш, бывала, у які невядомы рэстаран і дрыжы, бойся, што зараз як налічаць!..
На таксі даехаў да вуліцы Рэн. Прайшоўся трохі, каб паспрабаваць свае сілы. Што ж, здаецца, здароўе маё пайшло на лад. Час быў яшчэ ранні — гадзін дванаццаць,— і я вырашыў зайсці ў кафэ «Дэ Маго» выпіць шклянку мінеральнай вады. Сеў у мяккае крэсла і рассеяна глядзеў на бульвар...
Раптам мне кальнула ў сэрца. У акне на тэрасе кафэ я ўбачыў знаёмыя вузкія плечы, лысіну, сіваватую патыліцу, адтапыраныя вушы... Хюбэр... Ён унурыўся ў газету і з-за сваёй блізарукасці амаль носам вадзіў па радках. Наўрад ці ён мяне бачыў. Сэрца маё памалу супакойвалася. Мяне нават ахапіла нейкая радасць: я за табой сачу, а ты, дурань, і не падазраеш...
Цікава!.. Я зусім не здзівіўся б, калі б сустрэў свайго сынка дзе-небудзь у шыкоўным рэстаране на Вялікіх бульварах. Але тут!.. Як ён апынуўся ў гэтым квартале?.. Значыць, прыйшоў ён сюды з нейкай мэтай... Я вырашыў пачакаць. Загадзя расплаціўся за мінеральную, каб можна было адразу пайсці, калі спатрэбіцца.
Хюбэр кагосьці чакаў і ўсё паглядаў на гадзіннік. Я крыху здагадваўся, хто зараз крадком падыдзе да яго, і быў амаль расчараваны, калі пад’ехала таксі і адтуль вылез мой дарагі зяць Альфрэд. Ён быў у піжоністым саламяным капелюшы-канацье. Пакінуўшы далёка жонку, гэты саракагадовы таўстун зусім ажыў.
Вунь як выфранціўся: белы касцюм, яркія жоўтыя туфлі... На фоне гэтай правінцыяльнай крыклівасці вельмі добра выглядаў Хюбэр у сваім строгім элегантным касцюме. Ну, гэты-то ўмее глядзець сябе. Недарэмна Іза гаворыць пра яго: «Апранаецца, як сапраўдны Фандадэж».
Альфрэд зняў капялюш і выцер потны лоб. Потым залпам выпіў чарачку каньяку. Хюбэр устаў і паглядзеў на гадзіннік. Я падрыхтаваўся ісці следам за імі. Мусіць, пойдуць браць таксі. Што ж, я зраблю тое самае і высачу іх. Хоць, відаць, не так гэта будзе проста. Добра ўжо тое, што я ўбачыў... Я пачакаў, пакуль яны адышліся. У таксі яны не селі... Пехатой пайшлі цераз плошчу. Пра нешта гамоняць і кіруюць у бок Сэн-Жэрмэн-дэ-Прэ... Вось дзе нечаканасць, вось дзе цуд: абодва зайшлі ў царкву!.. Наўрад ці паліцэйскі, які бачыць, што злодзей сам лезе ў пастку, адчувае такую радасць, як я ў той момант. Я аж задыхаўся ад радасці. Я зноў трохі пачакаў — яны маглі хутка вярнуцца: сын мой блізарукі, затое ў зяця вочы як у ястраба. Я ледзьве прымусіў сябе пастаяць пару хвілін на тратуары, а потым таксама падаўся ў царкву.
Было гэта ў пачатку першай гадзіны. Асцярожна прайшоўся я па цэнтральным нефе. Людзей было мала, і хутка я пераканаўся, што тых, каго я шукаў, тут не было. На нейкае імгненне я засумняваўся: можа, яны бачылі мяне і зайшлі сюды, каб заблытаць сляды, a самі выйшлі цераз бакавыя дзверы. Я павярнуў назад і, хаваючыся за вялізнымі калонамі, пайшоў па правым бакавым прыдзеле. I раптам у самым цёмным кутку, у глыбокай нішы, я ўбачыў іх. Абодва сядзелі на крэслах, а пасярод іх затаілася яшчэ адна згорбленая, пакорлівая асоба. Прысутнасць гэтага чалавека мяне зусім не здзівіла. Некалькі хвілін назад у кафэ я чакаў, што менавіта гэты нікчэмны чарвяк Рабэр падпаўзе да століка майго законнага сына.
Я прадчуваў такую здраду, але ўсё адганяў ад сябе гэтую думку. Пасля самай першай сустрэчы з Рабэрам мне стала ясна, што ў гэтага шчанюка, гэтага раба не хопіць адвагі, каб паслухацца мяне. Дапускаў я і тое, што маці гэтага дурня, якая занадта добра помніць свае непрыемнасці з прадстаўнікамі правапарадку, напэўна ж будзе раіць сыну ўпотай згаварыцца з маёіі сям’ёй і прадаць мой сакрэт як мага даражэй... I шкада, і агідна было мне глядзець на Рабэра: моцна яго заціснулі гэтыя два кіты! Адзін з іх — Альфрэд — неблагі хлопец, як кажуць. Думае толькі пра сваю выгаду, далей свайго носа нічога не бачыць (што, зрэшты, ідзе яму на карысць). А вось другі — сынок мой Хюбэр!.. У гэтага ёсць і празорлівасць, і асцярожнасць, і вострыя іклы, і выключная ўладарнасць над людзьмі (рыса, канешне, атрыманая ад мяне). Рабэр тут, вядома, бездапаможны... Я сачыў за імі з-за калоны так, як глядзіш часам на барацьбу павука і мухі, калі ўжо загадзя ведаеш, што зараз ад аднаго ўдару загіне і павук і муха. Рабэр усё ніжэй і ніжэй схіляў сваю галаву. А пачынаў ён, мусіць, бадзёра: «Усё дзелім папалам!» Гэты звярок, бачыце, убіў сабе ў галаву, што сіла на яго баку... Эх, дурань!.. Ды з таго моманту, як ты падаў свой голас, цябе адразу раскусілі, і не табе цяпер ставіць умовы... I толькі я, сведка гэтай барацьбы, бачыў яе абсалютную безнадзейнасць і непатрэбнасць! Я адчуваў сябе як усемагутны бог! Я збіраўся знішчыць гэтых гнюсных насякомых, растаптаць гэтых мярзотных гадзюк, і ціхенька смяяўся.
Прайшло яшчэ хвілін дзесяць, і Рабэр зусім анямеў. Затое ўвесь час гаварыў Хюбзр,— відаць, аддаваў распараджэнні, а малады чалавек пакорліва слухаў і ўгодліва ківаў галавой. Ён усё больш горбіўся: спіна была ўжо зусім круглая. Альфрэд разваліўся ў саламяным крэсле, закінуў нагу на нагу і зрэдку задаволена
адкідаў назад галаву, і я мог бачыць яго чорную бараду, яго вясёлы тлусты твар.
Нарэшце яны ўсталі і не спяшаючыся пайшлі да выхаду. Я рушыў следам. Панура плёўся Рабэр, нібы злодзей паміж двума жандарамі. Нязграбнымі чырвонымі рукамі камячыў ён свой паношаны шэры капялюш. I ў той самы момант, калі я падумаў, што болын тут ужо ніхто мяне нічым не здзівіць, я ўбачыў, як Хюбэр адстаў ад Альфрэда і Рабэра, апусціў руку ў крапільніцу са «святой вадой», павярнуўся да алтара і ўрачыста перахрысціўся.
Больш мне не было куды спяшацца. Навошта турбавацца, сачыць за імі далей? Цяпер я ведаў, што сёння ўвечары або заўтра раніцай Рабэр прымчыцца да мяне, скажа, што ён з усім згодны, і будзе прасіць хутчэй брацца за наш план. Як жа мне яго сустрэць? Трэба падумаць. Часу ў мяне яшчэ хапае... Я стаміўся і прысеў перадыхнуць. Сынава ханжаства, яго пачварны жэст перад алтаром... «святая вада...». Вось што ашаламіла мяне, вось што балюча параніла мяне і засланіла сабой усё астатняе!..
Маладзенькая, сціпла апранутая дзяўчына села побач, паклала нейкі клуначак і стала на калені. Я добра бачыў яе профіль, крыху схіленую наперад шыйку. Погляд яе быў прыкаваны да таго самага алтара, на які так урачыста хрысціўся Хюбэр...
Зайшлі два семінарысты. Адзін высокі, худы,— ён нечым нагадаў мне абата Ардуэна. Другі быў невялічкага росту, з пухленькім дзіцячым тварам. Яны таксама ўкленчылі і застылі. Вочы іх умольна ўпіваліся ў алтар. А я не мог зразумець, што яны там бачаць. «Ну што,— думаў я,— нічога тут асаблівага няма, акрамя цішыні, халадку, паху ладану, воску ды каменных сырых сцен...» I зноў мой позірк спыніўся на
твары маладзенькай дзяўчыны. Цяпер вочы яе былі заплюшчаныя. У яе былі доўгія вейкі, і мне ўспомніліся заплюшчаныя вочы нашай Мары, калі яна ляжала ў труне. Я адчуваў, што вось тут, зусім блізка, побач са мной, і разам з тым бясконца далёка ад мяне, існуе невядомы мне свет дабрыні... Іза часта гаварыла мне: «Ты бачыш усюды благое, адно толькі благое...» Гэта было і праўда, і няпраўда.
XVI
Абедаў я з добрым настроем. Такой раскаванасці, свабоды, упэўненасці даўно я не адчуваў. Нібы здрада Рабэра не толькі не перакрэсліла ўсіх маіх планаў, а, наадварот, паспрыяла ім. У маім узросце чалавеку, жыццё якога можа абарвацца ў кожную хвіліну, не варта шукаць прычын перамены свайго настрою: яны фізіялагічныя. Міф аб Праметэю недарэмна сцвярджае, што ўвесь сусветны смутак залежыць ад печані. Але хто адважыцца прызнаць такую простую, грубую ісціну? Боль пакінуў мяне. Я з задавальненнем з’еў смажанае мяса з кроўю. Я радаваўся, што кавалак дастаўся мне вялікі і не давядзецца траціць грошы на другія стравы. А на дэсерт вырашыў узяць сыру — тады і пад’ясі, і танна заплаціш.
Як жа мне быць з Рабэрам? Трэба нешта прыдумаць, але я стаміўся і не магу засяродзіцца. А зрэшты, нашто мне задурваць сабе галаву нейкімі планамі? Лепш за ўсё — экспромт. He хацеў я нічога планаваць і ўсё ж смакаваў, наперад адчуваў тую асалоду, што чакае мяне: хіба гэта не ўцеха, хіба гэта не радасць — пагуляць, як кошка, з гэтым дурным мышанём, Рабэрам. А ён жа, вядома, і не здагадваецца, што я дазнаўся пра яго здраду... Жорсткі я ці не? Бадай, жорсткі. Але не болей, чым іншыя, чым дзеці ці жанчыны. Жорсткі — як і ўсе (і тут мне ўспомнілася маладзень-
кая дзяўчына з царквы Сэн-Жэрмэн-дэ-Прэ) — як і ўсе тыя, хто не шануе Хрыста.
Я вярнуўся на таксі ў свой пакойчык на вуліцы Брэа і прылёг адпачыць. Студэнты, якія займалі большасць пакояў у гэтым доме, раз’ехаліся на вакацыі. Было ціха і спакойна. I ўсё ж пакойчык мой з такой беднай мэбляй і не вельмі чыстымі фіранкамі ніяк не назавеш утульным. Ад ложка ў стылі Генрыха II паадклейваліся маленькія кавалачкі драўлянай разьбы. Чыясьці дбайная рука сабрала іх і паклала ў бронзавы кубачак, што стаяў на каміне. На глянцавітых шпалерах з муаравым узорам скрозь плямы. Нават пры адчыненым акне пах ад начной прыгожай тумбачкі, абліцаванай чырвоным мармурам, стаяў у паветры. Стол быў засланы абрусам гарчычнага колеру... Вось такое тут было «абсталяванне» — узор недарэчных, безгустоўных мяшчанскіх прэтэнзій.
Прачнуўся я ад нейкага шоргання. Расплюшчыў вочы і ўбачыў перад сабой Рабэраву маці. Яна лісліва ўсміхалася. I калі б нават я нічога не ведаў пра здраду яе сынка, то адна толькі гэтая ўсмешка навяла б мяне на нядобрыя думкі. Празмерная ласкавасць, угодлівасць — надзейныя прыкметы вераломнага ўчынку. Я, аднак, таксама ўсміхнуўся і пахваліўся, што адчуваю сябе многа лепш. Дваццаць гадоў назад у яе быў не такі тоўсты нос. Прыгожы круглы роцік тады быў запоўнены двума радамі моцных белых зубоў, якія атрымаў сабе ў спадчыну Рабэр. А сёння яна шырока ўсміхнулася, і я ўбачыў устаўныя сківіцы. Яна, мусіць, ішла хутка, спацела, і едкі пах поту перабіваў нават «водар» ад прыгожай начной тумбачкі. Я папрасіў яе шырэй адчыніць акно. Яна паслухмяна ўстала, падышла да акна і насцеж расчыніла яго. Зноў вярнулася, зноў абдарыла мяне сваёй робленай усмеш-