Тэрэза Дэскейру. Клубок гадзюк
Франсуа Марыяк
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 319с.
Мінск 1985
Але Рабэр і маці зноў баяцца, што Буру нічога не спаліць і пачне іх шантажыраваць. Шчыра кажучы, я і сам пра гэта падумаў і вырашыў перадаць ім некаторыя дакументы, якіх будзе дастаткова, каб адправіць Буру на катаргу, калі ён пачне што вытвараць. Такім чынам, Буру будзе вымушаны спаліць заяву Рабэра ў іх на вачах і толькі тады атрымае ў свае рукі дакумен-
ты, што кампраметуюць яго. Ну, чаго можна япічэ хацець?
Але да старой ідыёткі і маладога невука нічога не даходзіць! Я ім аддаю мільёны, а яны, замест таго каб кінуцца мне ў ногі, пачынаюць спрачацца, сумнявацца... Нават калі б тут і была нейкая рызыка,—• дык ёсць жа за што рызыкаваць! He, усё роўна не хочуць падпісваць заявы: «Потым жа давядзецца плаціць падаходны падатак, а тады ў нас і спытаюць: «Адкуль у вас узялося такое багацце?..»
Ах, як жа трэба ненавідзець сваю сям’ю, каб не выгнаць гэтых двух псіхапатаў і назаўсёды не замкнуць перад імі дзверы!.. Яны цяпер баяцца маіх законных спадчыннікаў: «Ды яны ж усё разнюхаюць і пададуць на нас у суд...» Рабэру і яго маці ўжо здаецца, што мая жонка і дзеці паднялі на ногі паліцыю і сочаць за мной. Таму сустракацца цяпер са мной можна толькі ноччу дзе-небудзь на ўскраіне горада. Ды хіба ў маіх гадах, з маім здароўем можна не спаць начамі і раз’язджаць на таксі! He думаю я, каб мае дамачадцы што западозрылі: не ўпершыню я паехаў у падарожжа адзін. I адкуль ім ведаць, што ў тую ноч у Калезе я, нябачны ім, прысутнічаў на іх ваенным савеце. Ва ўсякім разе, яны яшчэ не паспелі асачыць мяне ў Парыжы. I на гэты раз нішто і ніхто не перашкодзіць мне дамагчыся свайго! А з таго моманту, калі Рабэр прыме маю прапанову, я буду спаць спакойна. Але ён баязлівец, і ўгаворваць яго, відаць, давядзецца доўга...
Сёння вечарам, трынаццатага ліпеня, на рагу вуліцы Брэа іграе аркестр. Кружацца пары...
0, ціхі, спакойны Калез! Успамінаю сваю апошнюю ноч у гэтым гарадку... Я тады не паслухаўся доктара, выпіў таблетку вераналу і моцна заснуў. Нечакана я прачнуўся, глянуў на гадзіннік: была гадзіна ночы. Да мяне данеслася гамонка. Я насцярожыўся. Акно ў
пакоі было адчынена. Я прыслухаўся — ні на двары, ні ў гасцінай нікога няма. Я пайшоў у ванную — там акно выходзіць на поўнач, гэта значыць да пад’езда. Бачу — уся сямейка на ганку. У такі позні час там няма каго баяцца: навокал — ні душы, а на той бок выходзяць вокны толькі з калідора і ванных пакояў.
Ноч была цёплая і ціхая. Калі размова спынялася, я мог нават чуць частае дыханне Ізы... Кожнага свайго ворага я пазнаваў па голасе, смеху... I вось я на свае вушы пачуў:
— А ты ўпэўнена, мама, што ў сейфе няма каштоўных папер? Жмінды заўсёды неасцярожныя... Ты ўспомні пра золата, якое ён хацеў аддаць Люку. Дзе ён яго хаваў?
— He, у сейфе нічога каштоўнага няма. Ён даўно здагадаўся, што я ведаю шыфр, якім адмыкаецца замок: «Мары». У сейф ён лазіць толькі тады, калі яму трэба паглядзець квітанцыі на страхоўку або на падаткі.
— Мама, гэта ж вельмі важна. Мы і па квітанцыях можам лёгка вызначыць суму яго даходаў.
— He, там толькі паперы, якія маюць дачыненне да нерухомай маёмасці. Я ўжо глядзела.
— Што ж, гэта таксама цікава. Значыць, ён прыняў усе меры перасцярогі.
Філі пазяхнуў і прамармытаў:
— Ну і кракадзіл! I пашэнціла мне нарвацца на такога кракадзіла!
— Калі хочаце ведаць маю думку,— сказала Жэнеўева,— то мне здаецца, нічога мы не знойдзем і ў тым сейфе, які захоўваецца ў Ліёне... Ты што, Яніна?
— Мама, ды што ж гэта такое?! Усе кажуць, што ён трохі любіць цябе. А Хюбэр, Жэнеўева! Няўжо, калі вы былі малыя, ён ні разу не гуляў з вамі, не песціў вас?! Значыць, вы самі вінаватыя. He ўмелі ўзяць яго ласкай. Трэба было круціцца каля яго, лашчыцца. Я ад
яго чаго хочаш дамаглася б, ды толькі ён не можа глядзець на майго Філі...
Хюбэр перапыніў сваю пляменніцу:
— Дорага нам абыдзецца нахабства твайго мужа.
Пачуўся смех Філі. Я трохі нахіліўся і ўбачыў, як полымя запальнічкі на секунду асвяціла яго круглы падбародак і тоўстыя губы.
— Ну, хопіць! Выходзіць, што ён толькі мяне і чакаў, каб вас узненавідзець.
— Але ж раней ён нас не так ненавідзеў.
— А ўспомніце вы, што расказвала бабуля. Як ён пашкадаваў сваю дачку, сваю маленькую Мары? Пляваць яму было на яе! На магілку так ніколі і не схадзіў!..
— He, Філі, вы ўжо залішне далёка зайшлі. Калі ён і любіў каго на свеце, то толькі Мары.
Калі б Іза не сказала сваім слабым, дрыготкім голасам гэтых слоў, я не змог бы сябе стрымаць.
Умяшалася Жэнеўева:
— Ну, а каб Мары і засталася жыць, мы ўсё роўна нічога ад гэтага не мелі б. Ён усё аддаваў бы ёй...
— Ды сціхніце вы! Ён і яе ўзненавідзеў бы, як усіх астатніх. Гэта ж пачвара, а не чалавек!..
Іза зноў спыніла Філі:
— Прашу вас, не гаварыце так пра майго мужа, ды яшчэ пры мне і яго дзецях. Вы павінны ставіцца да яго з павагай.
— 3 павагай! 3 павагай!.. Вялікая мне радасць парадніцца з такой сямейкай!..
Жэнеўева суха адрэзала яму:
— Вас ніхто не прымушаў і не цягнуў сюды.
— А нашто ж тады было пускаць туман у вочы: «Ах, у нас грошы, у нас такія надзеі...» Ну во, цяпер Яніна раве! Чаго ты? Што я такога сказаў?.. Ох, як жа ўсё гэта абрыдзела!
Усе змоўклі. Чуваць было толькі, як усхліпвае Яні-
на. Нехта (не змог я пазнаць голасу) сказаў: «Якая зорная ноч!»
— Ужо позна, дзеці мае. Дзве гадзіны. Пара спаць.
Хюбэр занепакоіўся: як можна разыходзіцца, калі нічога так і не вырашылі. А цяпер — самы час дзейнічаць. Яго падтрымаў Філі.
— Ды ён не сёння-заўтра богу душу аддасць, а тады ўжо нічога не зробіш. Усё прадугледзеў, стары кракадзіл...
— Пачакай, памаўчы, Філі. Паслухайце, дзеці мае, усё, што магла, я зрабіла.
— He, не ўсё,— запярэчыў Хюбэр.
I ён штосьці пачаў шаптаць. Што? Нічога я не змог разабраць. Значыць, самае цікавае, самае галоўнае застанецца для мяне таямніцай... Нарэшце загаварыла Іза. Па яе голасе я зразумеў, што яна чымсьці ўсхваляваная, перапалоханая:
— He, не! Я не магу, не хачу...
— Справа не ў тым, мама, хочаш ты ці не хочаш. Нам трэба ратаваць нашу спадчыну — вось і ўсё.
Зноў пачуліся неразборлівыя шэпты. Ізноў голас Ізы:
— Гэта вельмі жорстка, сынок.
— Бабуля, няўжо вам захацелася стаць яго супольніцай? Ён абкрадае нас, пазбаўляе спадчыны, а вы будзеце маўчаць?! Яму ж гэта якраз на руку!
— Яніна, мілая, як ты можаш!..
Бедная Іза, колькі бяссонных начэй правяла яна над яе калыскай! Забрала яе да сябе ў пакой, таму што бацькі хацелі спаць спакойна, а ніякая нянька не згаджалася заставацца з гэтай плаксай...
А Яніна рэзкім нахабным тонам гаварыла (Ох і даў бы я ёй за такі тон!):
— Мне цяжка гаварыць вам такое, бабуля, але гэта мой абавязак.
Абавязак! Яе абавязак! Вось як яна заспявала, калі спалохалася, што яе можа кінуць гэты гультай...
Жэнеўева падтрымала сваю дачку:
— Я так разумею: твая слабасць, мама, давядзе да таго, што ты будзеш з ім заадно.
Іза цяжка ўздыхнула:
— А можа, лепш было б напісаць яму пісьмо?
— Ну што ты, мама! Якія пісьмы?! — забубніў Хюбэр.— Гэтыя пісьмы нас і загубяць! Спадзяюся, ты яшчэ не напісала яму?
Іза прызналася, што два ці тры разы пісала мне.
— Ну, а там хоць не было ніякіх пагроз, абраз?..
Іза маўчала, баялася прызнацца. А я... я ціха смяяўся. Як каштоўную рэліквію я захоўваў яе тры пісьмы: у двух яна лаяла мяне на чым свет стаіць, a трэцяе было амаль пяшчотнае. Такім чынам, гэтага было дастаткова, каб прайграць працэс, калі б дзеткі праз сваю дурноту ўгаварылі яе падаць на мяне ў суд і патрабаваць скасавання шлюбу... Цяпер усе захваляваліся, загаварылі,— так бывае з сабакамі: адзін гаўкне — і ўся зграя адразу заліваецца брэхам.
— Бабуля, скажыце,— могуць быць у яго небяспечныя для нас пісьмы?
— Думаю, што не... Праўда, Буру, ну, гэты павераны з Сэн-Венсана, неяк аднойчы сказаў мне жаласлівым тонам (хоць я не надта давяраю гэтаму прайдзісвету і крывадушніку): «Ах, мадам, і трэба ж было вам яму напісаць! Гэта ж такая неасцярожнасць!..»
— Дык усё-такі што ты там напісала?
— У адным пісьме былі даволі рэзкія папрокі,— гэта пасля смерці Мары. Другі раз я напісала яму ў дзевяцьсот дзевятым годзе. Тады ён, ведаеце, звязаўся з адной дамай... Гэта было вельмі сур’ёзна, і я была абавязана напісаць.
Хюбэр замармытаў:
— Вунь яно што! Гэта ж вельмі важна. Ну, ну... Далей...
Іза супакоіла ўсіх і сказала, што ў трэцім пісьме яна напісала, што была залішне рэзкай, зняла з мяне свае папрокі і прызнала сябе вінаватай.
— Ах, божа! Ды тут сам чорт не разбярэцца! Трэба ж столькі глупства натварыць!
— У такім выпадку яму няма чаго баяцца разводу...
— Але чаму ўжо ўсе вы так ўпэўнены, што ў яго адны чорныя задумы супраць вас?
— Мама! Ты што?! Сляпы і той убачыў бы яго намеры! Усе свае фінансавыя справы трымае ў сакрэце. А яго намёкі? А словы Буру, памятаеш: «Ох і паплачуць яны пасля смерці старога!.. Будзе ім сюрпрызік!..»
Усе пачалі спрачацца так горача, нібы Ізы там і не было. Моцна застагнаўшы, яна паднялася з крэсла. «Не трэба было мне з маім рэўматызмам столькі быць на холадзе». Ніхто яе не пачуў, ніхто не адклікнуўся. Да мяне данесліся абыякавыя «Дабранач», якія кідалі ёй дзеці, не перапыняючы сваёй спрэчкі. I, відаць, ёй давялося самой падысці да кожнага і развітацца. Усім было ўжо не да яе. Я паспяшаўся легчы ў пасцель. На лесвіцы пачуліся цяжкія крокі. Яна падышла да маіх дзвярэй. Я добра чуў яе няроўнае шумнае дыханне. Адчыніліся дзверьі. Іза падышла да маёй пасцелі. Нахілілася і доўга-доўга ўглядалася ў мяне. Я ўжо думаў, вось-вось не вытрымаю і выдам сябе, што яшчэ не сплю. Потым яна выйшла і зачыніла за сабой дзверы. Калі пстрыкнуў замок і ў яе спальні, я зноў вярнуўся на свой «назіральны пункт».
Усе былі яшчэ на месцы. Але гаварылі цяпер напаўголаса. Многіх слоў мне не было чуваць,
— He пара ён ёй быў,— гаварыла Яніна.— Гэта таксама адыграла сваю ролю. Філі, дарагі, ты кашляеш, накінь паліто.
— А зрэшты, не жонку ён ненавідзіць больш за ўсіх, а нас. Проста ў галаве не ўмяшчаецца! У раманах і то такога не знойдзеш. Асуджаць маму мы, вядома, не можам, і ’ўсё ж такі яна занадта спакойна адносіцца да яго,—спрабавала падагульніць Жэнеўева.
I зноў голас Філі:
— А ёй няма чаго турбавацца. Пасаг свой яна заўсёды можа сабе вярнуць. Бацькавы акцыі Суэцкага канала... Ім цяпер цаны няма!..