• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вострая Брама  Сяргей Дубавец

    Вострая Брама

    Сяргей Дубавец

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 520с.
    2005
    108.8 МБ
    Урэшце, для пісьменьніка існуе свая вечнасьць. Гэта газэтчыку альбо палітыку так важныя праблема ўлады або выбары. Гэта ім важна надаць значнасьць сёньняшняму дню. Гэта для іх вечнасьць — не крытэр. Гэта яны кажуць пра нелегітымнасьць, як пра свой інструмэнт. А ў пісьменьніка такога інструмэнту няма.
    Беларускі пісьменьнік перастаў быць палітыкам. Гэта значыць, што нелегітымнасьць улады ўжо ня можа заспакоіць яго. Яму вяртаюцца ягоныя прафэсійныя функцыі — прымаць чалавека і сьвет такімі, якія яны ёсьць. Толькі так ён можа быць дасьледнікам жыцьця. Верагодна, цяперашні злом у беларускай палітыцы ўсё паставіць на свае месцы. Сем гадоў пісьменьнік чакаў або змагаўся, а цяпер ён, як змагар, канчаткова ўпёрся ў маналіт жыцьця. Ужо зьмененага, ужо іншага. Ягоны супляменьнік толькі й паўтарае, што хоча ЖЫЦЬ тут і цяпер. Кахаць, працаваць, зарабляць грошы, нараджаць дзяцей — сёньня. I ніякіх сямі гадоў на чаканьне няма і быць ня можа.
    Што такое нелегітымнасьць улады для літаратара? Гэта значыць, што літаратар выходзіць адзін на адзін з прэзыдэнтам і горда кажа — падай, ты забіты, я ў цябе патрапіў, цябе няма. Слушна, — адказвае дыктатар, — гэта слушна, пакуль мы гуляем у змаганьне. Але гульня скончаная. Дакладней, кожны будзе гуляць на сваім полі. Я магу цябе закапаць на Паўночных могілках, а ты можаш закапаць мяне ў вачах майго народу і ўсяго сьвету, калі напішаш сваю «Восень патрыярха» і атрымаеш Нобэлеўскую прэмію.
    Тысяча выкрывальніцкіх тэкстаў — вершаў, апавяданьняў і п’есаў, у якіх аспрэчвалася і высьмейвалася папулісцкая дэмагогія — усё гэта выматала пісьменьніка і ўжо не ратуе. Ня тая зброя. Застаецца сказаць — ён ёсьць. I гэта дадзенасьць. I мы ў гэтай дадзенасьці жывем і вывучаем чалавека менавіта ў ёй. Для літара-
    туры адкрываецца цэлае поле дзейнасьці. Сапраўды, наш чалавек можа прапасьці бязь сьледу, і быць тым, хто ўчыняе прапажу. У абодвух за плячыма цэлы клубок сувязяў і матывацыяў. Рыбакі і Сотнікавы доўжаць сваю біблейскую палеміку ў вечнасьці.
    Гаворка ня йдзе пра прыманьне ці непрыманьне ўлады. Пісьменьнік заўсёды ў апазыцыі. Але беларуская літаратура за савецкім часам была адвучаная ад таго, каб быць у маральнай апазыцыі. I толькі цяпер яна апынулася на сваім месцы, канчаткова пакінуўшы ўладныя пасады і быццам наноў засяляючы свой пакінуты на час Парнас.
    Калі б Дастаеўскі ставіў на мэце адмаўленьне свайго Мёртвага дому, а Горкі — свайго Дна, а Быкаў — сваёй Вайны, калі б яны выступалі змагарамі супраць самое наяўнасьці гэтых агідных праяваў жыцьця — не было б літаратуры. Безумоўна, як грамадзяне, яны супраць. Але іхная справа выявіць гэта праз прыроду чалавека, які сам творыць сваё пекла. Бо яшчэ Сартр апісаў у сваёй п’есе «Пры зачыненых дзьвярах» ня толькі рукатворнасьць пекла, але й марнасьць пісьменьніка змагацца зь ім, бо інакш трэба было б змагацца з чалавекам, у якім ёсьць і добрае і злое.
    За савецкім часам так і было — дыктатар успрымаўся, як дадзенасьць, і ніводзін пісьменьнік не задаваўся ідэяй замяніць Машэрава або Панамарэнку, ніхто ня жыў чаканьнем іхнага сыходу, ніхто не высьмейваў дурасьці, сказанай мажнаўладцам, настолькі маналітнай была ўлада. Наперадзе ў пісьменьніка была веч-
    насьць тварэньня, поўная рызыкі і спадзеву на цудоўнае адкрыцьцё. Іншая рэч, што часьцяком ён абіраў канфармісцкі шлях.
    Выбары і ў прынцыпе выбар для нашага літаратара, які прызвычаіўся быць пры ўладзе, сталі спакусай на цэлых апошніх дзесяць гадоў. Няўжо і праўда можна зьмяніць свой сьвет? Зорка Габрыэле д’Анунцыо для кагосьці, а для кагосьці зорка Юкіо Місімы зазьзяла на поўную моц. Але калі іхнае халоднае зьзяньне і напаўняла сэрцы адзінак, дык для літаратуры таго сьвятла не было відаць наагул.
    У нядаўна надрукаванай гутарцы Алеся Адамовіча і Васіля Быкава Быкаў кажа, што ня ставіць на мэце ані зьмяніць сьвет, ані палепшыць чалавека. Мэта — паказаць чалавеку, што ў ім ёсьць і добрае і благое. I калі чалавек гэта ўбачыць, мяркуе Быкаў, ён паразумнее.
    Сказана — пісьменьнік заўсёды ў апазыцыі. Можа быць, гэта апазыцыя да недасканалага сьвету. I тут ёсьць спакуса ўсю тую недасканаласьць сьвету зьвесьці да гэтага вось дыктатара і ягонага рэжыму. Зьменім — і ўсё будзе добра. Усё можа быць па-іншаму.
    Ня будзе. Нічога ня зьменіцца. Самы час прыгадаць Астурыяса зь ягоным раманам «Пан прэзыдэнт ». Гаворка ідзе пра дыктатуру Эстрады Кабрэры:
    «Дыктатура — гэта страшны ядавіты павук, які разбэшчвае, падкупляе, запалохвае ўсе клясы грамадзтва, людзі робяцца альбо бяздушнымі мэханізмамі, альбо фанатыкамі, аль-
    бо брыдкімі прыстасаванцамі. Некаторыя думаюць, што пасьля дыктатуры настане новы час, і ўсё стане на свае месцы. На жаль, гэта ня так. Мінаюць гады, а дух дыктатара і ягонай сыстэмы ўсё жыве і жыве. Чаму? Ды таму, што дыктатура разьядае грамадзтва да мозгу костак ».
    Між іншым, гватэмалец Астурыяс упершыню выдаў свой раман гадоў празь пятнаццаць пасьля таго, як напісаў яго, прычым выдаў за ўласныя грошы і толькі за мяжою — у Мэксыцы. Для пісьменьнікаў з Паўднёвае Амэрыкі гэта тыповая сытуацыя, як і творчасьць у выгнаньні, з чым беларускія літаратары пачалі знаёміцца толькі за часамі гэтай самай сваёй дыктатуры.
    Mary дапусьціць, што сьвет зьмяняецца не дыктатарамі і змагарамі — знакавымі постацямі з нацыянальнае гісторыі. Усё ня так хутка і ня так пасьпяхова. Калі мы мроім пра эўрапейскую цывілізацыю, дык яна ўся складаецца з цывілізацыяў нацыянальных, што высьпелі празь неверагодныя церні агульнага граху і агульнага пакаяньня. Той, каму ўдалося ў гэтым тралейбусе праехаць зайцам, той сёньня і мае тое, што мае — або дыктатуру, або нябыт. Гісторыя — надта строгі і непадкупны кантралёр.
    А як жа тады грамадзянская пазыцыя пісьменьніка? Можа быць, яна ўжо ня ў тым, каб выйсьці на пляц, на мітынг і сказаць прарочае слова пра тое, што рэжым абавязкова ўпадзе. Можа, яна ў тым, каб з усіх сілаў імкнуцца ўразіць сьвет раптоўным зразумень-
    нем у чалавеку таго, чаго раней неяк не заўважалі, і ў тым, каб данесьці гэтае зразуменьне, набыць высокі аўтарытэт. Каб у масавай сьвядомасьці Беларусь Лукашэнкі зьмеркла перад Беларусяй пісьменьнікаў — адсюль столькі спадзеву на гэтую Нобэлеўскую прэмію. Але каб цэлым атрадам нашыя літаратары імкнуліся да прызнаньня ў сьвеце, а тады і дома. Гэтак, скажаце, дакаціўся я да тых самых словаў, што кажа дыктатар: няхай пісьменьнікі пішуць. Толькі ў гэтым «няхай пішуць» ёсьць два розныя сэнсы. Няхай пішуць «Восень патрыярха». Новая пяцігодка можа даць ім для гэтага шмат матэрыялу.
    Дыктатар сапраўды рукатворны. У стварэньні яго ўдзельнічае ўвесь народ. Большменш тыпова выглядае шэраг апалягетаў — прапагандыстаў, самадураў і запалоханых. Тут найменш выяўляецца нацыянальная сутнасьць. Але за дзесяць гадоў стварыліся вобразы апазыцыйнага палітыка, апазыцыйнага творцы, апазыцыйнае моладзі — такія непадобныя да падобных у іншых культурах. I самае галоўнае — паўстаў зусім іншы беларус, якога раней не было. Гэта беларус перад выбарам. Ён разнастайны, але таксама раскладаецца на акрэсьленыя тыпажы.
    Варта згадаць і яшчэ адзін досьвед паўднёваамэрыканскіх дыктатураў. Яны спрычыніліся да стварэньня нацыяў. Гэта факт. Гішпанская Амэрыка ператварылася ў коўдру з рознакаляровых лапікаў. I далося гэта цаною многіх і многіх жыцьцяў. He паўсюль удаюцца аксамітныя або сьпеўныя рэвалюцыі.
    Мы ня можам не заўважаць, колькі, насуперак уціску мовы, за гэтыя сем гадоў стала ў Беларусі беларускамоўнае моладзі. Уменьне мовы стала добрым тонам палітыка, перадусім апазыцыйнага. I самае апошняе сьведчаньне — у культурніцкіх асяродках ужо не гавораць, што гіне мова, нацыя і Бацькаўшчына. Вось чаму я раблю выснову, што беларуская «Восень патрыярха» можа быць ня менш значнай, але, безумоўна іншай паводле духу і мовы — яна будзе напісаная па-беларуску, раскажа пра Беларусь сьвету.
    He хачу, каб падумалі, што я сьпісваю нацыянальнае станаўленьне ў заслугі дыктатуры. Гэта прыродная зьява, і адбываецца сама сабою. Але гарт нацыя набывае ў супрацьстаяньні. Альбо ў экспансіі вонкі, або ўнутры сябе мацнее духам. Гэта аб’ектыўныя рэчы. Нельга ўхваліць вайну і ГУЛАГ, але беларуская інтэлігенцыя, якая прайшла гэтыя два пеклы — яна сапраўды найбольш загартаваная, мужная, верная Бацькаўшчыне і людзкая.
    У пісьменьнікаў з Лацінскай Амэрыкі часьцяком сустракаем эпахальныя выразы, якія падтрымліваюць адчуваньне велічы і вечнасьці нікчэмных дыктатараў. Запомнілася ў Маркеса — Эпоха Вялікага Шуму. У беларускай літаратуры гэткіх звышазначэньняў яшчэ, бадай, не завялося. Аднак паралелі з лацінасамі і іхнымі дыктатурамі пачаліся ад самага пачатку выбраньня Аляксандра Лукашэнкі. Нават яшчэ перад ягоным выбраньнем. У надрукаваных у «Нашай Ніве» «Казках пра кандыдатаў» — гэта калектыўны твор Глёбуса, Клімковіча і
    Сьцяпана — яшчэ ў 1994 годзе была зробленая спроба мэтафарычна перадаць сутнасьць кожнага з кандыдатаў. Тады іх было шэсьць. Кебіч зьбіраў грыбы, Шушкевіч лячыў галубку, Пазьняк змагаўся з камуністамі, Новікаў дапамагаў пэнсіянэрам, Дубко адмаўляўся ад мэдаля. Пераможца — хто б тады пра такое мог і падумаць — насіў самбрэра. Казка пра яго, яшчэ кандыдата, так і называлася — «Лукашэнка і самбрэра»:
    «Вельмі ўжо да твару Алесю Рыгоравічу Лукашэнку звычайнае мэксыканскае самбрэра. Надта ж зручная рэч, нашмат лепшая за цюбяцейку ці генэральскую папаху. I ў сьпёку заўсёды цень знойдзеш, і ў дождж не замокнуць дэпутацкія плечы. Насіў бы і насіў Алесь Рыгоравіч сваё самбрэра, у якім так хораша гойсаць на саўгасным «козьліку» ад кароўніка да сьвінарніка, але закінуў лёс Лукашэнку ды ў сталіцу. Змог бы і ў горадзе Алесь Рыгоравіч насіць любы сялянскаму сэрцу галаўны ўбор, каб была ў яго службовая машына з адкрытым верхам. Але не такі ён чалавек, каб перарабляць машыну пад сябе і кідаць на вецер народныя грошы. I паспрабаваў Лукашэнка езьдзіць у грамадзкім транспарце, бо хацеў захаваць імідж простага мэксыканскага селяніна. Але як ты ўваб’есься-ўшчэмісься ў лацінаамэрыканскай шапцы ды ў менскі тралейбус?! Раз брылі пакамечылі, другі пакамечылі, і давялося Алесю Рыгоравічу Лукашэнку павесіць сваё самбрэра на цьвік. Але ня траціць надзеі Лукашэнка, што надыдзе час, калі будзе ў яго машына з адкрытым верхам».