• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вострая Брама  Сяргей Дубавец

    Вострая Брама

    Сяргей Дубавец

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 520с.
    2005
    108.8 МБ
    Няхай даруе нам герой аповесьці, але мы сёньня крыху патрывожым продкаў ягонага стваральніка. Дакладней, да нас тое ўжо зрабіла дачка Сэлінджэра Маргарэт, якая нядаўна разбурыла таямніцу затворніцтва бацькі, надрукаваўшы кнігу пра яго пад назвай «У пагоні за марай». Маргарэт вырасла побач з бацькам акурат на той недаступнай для цікаўнае публікі сядзібе.
    «Маё дзяцінства было падобнае на страшную казку. Існаваньне Джэрома Сэлінджэра далёка не заўсёды было добраахвотным зьняволеньнем, аднак на жыцьці ягоным ляжаў нейкі злавесны водсьвет. У гэтым чалавеку заўсёды адчувалася трагічная раздвоенасьць».
    Дачка пісьменьніка часткова тлумачыць гэта тым, якое было ягонае дзяцінства:
    «Ён рос у цэнтры Нью-Ёрку, на Мангэтане. Бацька ягоны, гэбрай, пасьпяхова гандляваў прадуктамі харчаваньня. Звыш меры клапатлівая маці была ірляндкай, каталічкай. Аднак яна падпарадкоўвалася абставінам і выдавала сябе за гэбрайку, хаваючы праўду нават ад сына. Сэлінджэр, які з асаблівай вастрынёй усьведамляў сябе паўжыдкам, на ўласным досьведзе спазнаў, што такое антысэмітызм. Вось чаму гэтая тэма неаднаразова і даволі выразна праступае ў ягонай творчасьці».
    Нічога дзіўнага ў тым, што бацька пісьменьніка прыехаў у Амэрыку з колішняй рысы аселасьці гэбраяў — з тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Больш дакладных зьвестак пра радзіму гэтага роду мне адшукаць не ўдалося. Але факт ёсьць факт. Нашы землякі-гэбраі добра спрычыніліся да стварэньня Амэрыкі і яе культуры. Пачынаючы ад таго Мэера Ланскага-Шушланоўскага, які прыехаў з Горадні, стаў самым крутым мафіёзі ў Штатах і заснаваў Лас-Вэгас. Або з братоў Гершвіных — Джорджа і Айры, стваральнікаў амэрыканскае опэры. Або з таго самага Сэлінджэра. Цікава, як гучала прозьвішча ягонага бацькі да ад’езду ў Амэрыку?..
    Далейшая біяграфія пісьменьніка нагадвае лёс Васіля Быкава. Пры ўсёй непараўнальнасьці гэтых двух стваральнікаў знакавых аповесьцяў, рызыкну дапусьціць, што менавіта вайна сталася тым вірусам, які выклікаў у абодвух захворваньне на прозу. Вось як гэта ў кнізе дачкі Сэлінджэра Маргарэт:
    «Ягонае юнацтва прыпала на неспакойны
    час. Скончыўшы вайсковую вучэльню, Джэром распусьціўся ў масе амэрыканскіх «джы-ай». У складзе 12-га пяхотнага палка 4-й дывізіі ўдзельнічаў у другой сусьветнай вайне, адкрываў другі фронт, дэсантаваўся на бераг Нармандыі. На фронце было нясоладка, і ў 1945-м будучы клясык амэрыканскай літаратуры патрапіў у шпіталь з нэрвовым зрывам».
    Мусіць, было ад чаго. Там, на фронце, Сэлінджэр пазнаёміўся з Гэмінгўэем і на ўсё жыцьцё быў шакаваны тым, як старэйшы таварыш па-заліхвацку расстрэльвае куранятаў. Тады Джэром яшчэ ня мог ведаць, што праз шмат гадоў зьедлівая крытыка назаве яго «Гэмінгўэем для бедных».
    У адрозьненьне ад Быкава, Сэлінджэр ваенным пісьменьнікам ня стаў. Аднак, калі ўлічыць, што ваенны — гэта ня быкаўскае самавызначэньне, а прыдумка крытыкі, дык тое адрозьненьне можа і зьнікнуць. Урэшце, тэматычны бок літаратуры — вонкавы. Што да кантэксту твораў, дык, думаю, параўнаўчы аналіз тут цалкам магчымы.
    «Стаўленьне да вайны і пасьляваеннага сьвету ў яго было таксама дваістым — на жаль, іншае вызначэньне падшукаць цяжка. У якасьці супрацоўніка амэрыканскай разьведкі Джэром удзельнічаў у праграме дэнацыфікацыі Нямеччыны. Будучы чалавекам, які ўсёй душой ненавідзіць нацызм, ён аднойчы арыштаваў дзяўчыну — маладую функцыянэрку нацысцкай партыі. I ажаніўся зь ёю. Тую немку — першую жонку бацькі — звалі Сыльвія. Разам зь ёй ён вярнуўся ў Амэрыку, і нейкі час яна жы-
    ла ў доме ягоных бацькоў. Але шлюб аказаўся недаўгавечным. Яна ненавідзела гэбраяў з такой самай жарсьцю, зь якой ён ненавідзеў нацыстаў».
    Пасьля ў яго яшчэ былі жонкі. Кожны эпізод з жыцьця пісьменьніка даўно пераплаўлены ў літаратуру. Ды й неапісаныя, гэтыя эпізоды выглядаюць заўсёды знакава, літаратурна. Як і ўсё, што зьвязана зь ім самым і зь ягоным імем. Да прыкладу, пасьля забойства ў НьюЁрку Джона Ленана газэты наперабой паведамлялі пра тое, што забойца, зрабіўшы сваю справу, дастаў з кішэні кніжку і пачаў чытаць. Кніжка была тая самая, Сэлінджэрава, пра 50я ўгодкі якой мы сёньня гаворым.
    Перачытваючы «Лаўца ў жыце», я думаў пра паралелі зь беларускай літаратурай. Культавая кніжка ўсіх падлеткаў выглядае адначасова як дзёньнік і як нататкі псыхааналітыка. Менавіта з гледзішча псыхалёгіі ўсе сытуацыі ў ёй тыповыя і для Штатаў, і для Беларусі.
    «Дачка нашага дырэктара, старога Тэрмэра, часта ходзіць на матчы, але не такая гэта дзеўка, каб па ёй вар’яцець. Хаця ўвогуле нічога. Неяк я зь ёй сядзеў побач у аўтобусе, ехалі з Эгерстаўну і разгаварыліся. Мне яна спадабалася. Праўда, нос у яе доўгі, і пазногці абкусаныя да крыві, і ў станік нешта падкладзена, каб тырчала ва ўсе бакі, але яе чамусьці было шкада. Спадабалася мне тое, што яна табе ня ўкручвала, які ў яе выдатны татуся. Відаць, сама ведала, што ён балбатун несусьветны».
    А хто ў падлеткавыя гады не запісваў у дзёньнік усялякія банальнасьці пра дзяўчы-
    нак-аднаклясьніц, пачынаючы кожнага разу фразай «Дзень правёў нядрэнна» або «Час прайшоў пагана» і г.д. Тыя самыя словы, тыя самыя тэмы, пераказаныя пачуцьці. Тое самае надзіманьне грудзей « пад дарослага». Той самы погляд на сьвет.
    Усё, адным словам, як у нас — што ў амэрыканскага падлетка, што ў беларускага. Але нельга сказаць, што ў амэрыканскага гэта беларускае. Усё наадварот. Бо грудзі нашага земляка надзімаюцца найчасьцей менавіта пад амэрыканскіх герояў кніжак ды фільмаў. Як і ўся маскультура наша — зьява амэрыканская. Гэта мы, выгадаваныя ў полі амэрыканізму, чытаем Сэлінджэра, нібы пра сябе. Хоць нашым быцькам або дзядам у падлеткавым веку наўрад ці гэткае чытво закранула б душу.
    Інтрыгу твору робіць эфэкт чытаньня чужога дзёньніка. Калі тэматычна, дык у нас падобнага дасягаў Андрэй Федарэнка ў сваёй аповесьці «Гісторыя хваробы». Але Федарэнка вырас наўзбоч ад амэрыканскае масавае культуры, і таму аналёгіі яму трэба шукаць хутчэй у расейскай літаратуры. Затое цалкам у полі амэрыканізму вырас Адам Глёбус. Ягоныя аповесьці з кнігі «Толькі не гавары маёй маме» — найбольшае жанравае і тэматычнае набліжэньне да Сэлінджэра ў беларускай літаратуры.
    «Кажу табе: нічога адметнага не было, ніхто не застрэліўся. У іншых здараецца страшнае, і яны трапляюць у лякарні, і труцяцца, і вешаюцца, а ў мяне... Ну, калі ты настойваеш, скажу так: мне было сямнаццаць. Лядачы ўзрост, асабліва калі вясна, травень, і табе сямнац-
    цаць, і ўсе дзяўчаты прыгожыя. А тая, што да цябе бліжэй за ўсіх, — самая прыгожая. A бліжэй за астатніх да мяне была Вольга Пакроўская. За адным сталом на занятках сядзелі. Другі год сядзелі побач, і калі ў мяне ўзьнікалі розныя думкі, дык я іх праганяў зь дзіўнай лёгкасьцю. Ну, мала што каму захочацца ці прымроіцца на занудлівых занятках па вайсковай справе, калі маёр Мухін у соты раз разьбірае й зьбірае аўтамат Калашнікава, а потым прымушае гэта рабіць усіх па чарзе. А аўтамат адзін. I калі дойдзе чарга, дык адчуеш, як ад Мухіна пахне сьпіртам».
    Гэта Глёбус піша пра свае першыя каханьні з усёй дзёньнікавай шчырасьцю. А вось Сэлінджэр:
    «Я жахлівы хлус — такога вы ніколі ў жыцьці ня бачылі. Страшная рэч. Іду ў краму купляць які-небудзь часопіс, а калі ў мяне раптам спытаюць, куды, я магу сказаць, што іду ў опэру. Жудасная рэч! I тое, што я сказаў старому Спэнсэру, быццам іду ў гімнастычную залю забіраць рэчы, таксама была хлусьня. Я і не трымаю нічога ў гэтай трыклятай залі».
    Вось тут ён ня хлусіць. У выніку — эфэкт пранізьлівае, інтымнае шчырасьці.
    Чытаньне чужога дзёньніка ў падлеткавым веку дае адчуваньне ўдвая недазволенага. За савецкім часам такое магло ўспрымацца і як антысавеччына. А цяпер аказваецца, што гэта ўсё — амэрыканізм. Дзіўнавата раптам адкрыць для сябе, што ты як бы напалову амэрыканец. Але так і ёсьць. Прынамсі, так было ў школе. У глыбокія савецкія часы мы з нашымі жуй-
    камі Рыглес і джынсамі Лэвіс, партрэтамі Джона Ўэйна і музыкай «Ролінг Стоўнз» дэ-факта былі напалову антысавеччыкамі, бо былі напалову амэрыканцамі. Нават ніколі ня думаючы пра гэта. I Глёбус, мабыць, таксама ня думаў, калі пісаў сваю кнігу «Толькі не гавары маёй маме». Аднак стыль адносінаў да жыцьця ў яго такі нігілістычны і максымалістычны, які ён бывае толькі ў падлеткаў. У гэтым найперш Глёбус і падобны да Сэлінджэра. Дзіўным чынам мне зноў згадваецца Быкаў. He за амэрыканізм, натуральна, але за максымалізм, які яднае яго з Сэлінджэрам і робіць у беларускай літаратуры непараўнальным ні з кім.
    Кажуць, менавіта з-за «Лаўца ў жыце» Сэлінджэр перастаў дачыняцца з вонкавым сьветам і затачыўся ў сваёй сядзібе далёка ад людзей. Натуральна, цікаўны сьвет ужо трыццаць гадоў спрабуе зазірнуць за Сэлінджэраў плот — чым можа займацца славуты на ўвесь сьвет пісьменьнік. Для Беларусі такую сытуацыю ўявіць цяжка. Каб літаратар у росквіце славы ўзяў ды схаваўся ад усіх назаўсёды. Можа, таму, як у нас звычайна кажуць, што галоўная кніга яшчэ не напісаная, яна наперадзе. Чаго ня скажаш пра Сэлінджэра. Сьвятло на ягонае затворніцкае жыцьцё праліла ягоная дачка Маргарэт:
    «Зрэшты, сьцьверджаньне пра тое, што Сэлінджэр спакусіў юную Клэр, не зусім дакладнае. Якраз у той час ён духоўна ўдасканальваўся і ўстрымліваўся ад сэксу. Ягоным настаўнікам быў нейкі індыйскі гуру, а настольнай кнігай — «Казані Шры Рамакрыш-
    ны». Строгае ўстрыманьне ад плоцкіх насалодаў, як і многае іншае, адлюстравалася ў творчасьці пісьменьніка. Менавіта ў мядовы месяц канчае жыцьцё самагубствам Сэймур — герой апавяданьня «Час бананавых рыбак».
    Гэта было апошняе апавяданьне пісьменьніка. Вось яно якраз і было адзінае перакладзенае на беларускую мову і друкавалася ў першым нумары адноўленае «Нашай Нівы». Далей пачынаецца затворніцкае жыцьцё, пра якое піша дачка:
    «Разам з тым вечная «пагоня за марай» моцна атручвала жыцьцё ўсёй сям’і. Ягоныя вераваньні можна вызначыць як нейкую сумесь індуізму з эгаізмам. Гэтае захапленьне, бадай, самае сталае з усіх. Пісьменьнік пераспытаў цэлы шэраг экзатычных рэлігіяў: дзэн-будызм, саенталёгію, хрысьціянскія навукі. Гэта было падобна да блуканьняў закаханага падлетка. Ня менш экстравагантныя былі мэтады «вядзеньня здаровага ладу жыцьця». Сэлінджэр увесь час вынаходзіць новыя дыеты. На працягу аднаго тыдня ён харчаваўся толькі сырой ежай, на працягу іншага з рацыёну цалкам выключаліся бялкі. Вынікі, праўда, былі ня самыя лепшыя. Ягоная скура пачала зелянець, набыла хвараблівае адценьне, а да дыханьня дамешваўся пах сьмерці. Гэткі быў вынік мікрабіётыкі і галаданьня. Я баялася, што ён памрэ ».