• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вострая Брама  Сяргей Дубавец

    Вострая Брама

    Сяргей Дубавец

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 520с.
    2005
    108.8 МБ
    У чым зьмест дзейнасьці? Увайсьці на тэрыторыю праціўніка, зьбіць там групу, напасьці на інкасатара, каб было за што піць-есьці, пасьля арганізаваць напад на абоз ці склад з боепрыпасамі, а з гэтым ужо прыступаць да дывэрсійнай дзейнасьці. Што-небудзь зьнішчыць, каго-небудзь забіць, разграміць невялікі гарнізон. I пры гэтым сьцягваць да сябе ўсё новых прыхільнікаў. Дзеля чаго ўсё гэта? Дзеля ўсясьветнай рэвалюцыі — гучыць выцьвіла і непераканаўча. Калі ж адкінуць ідэалістыку, дык маем справу з рамантыкай звычайнага бандытызму.
    Зьвярніце ўвагу, як наіўна гучаць сёньня апраўданьні разбою на дарогах. Перайшоўшы мяжу, дывэрсанты сядзяць у лесе. Ад мясцовага агента даведваюцца, што па дарозе Бягомаль — Мсьціж будзе ехаць польскі вайсковы скарбнік. Нехта прапануе напасьці. Камуністычныя дывэрсанты ў сілу сваёй ідэалістыкі пачынаюць сумнявацца. Ваўпшасаў працягвае:
    «— Экспрапрыяцыя? — спытаўся я. — Трэба падумаць. Мы ж камуністы, падпольшчыкі, і наўрад ці нам трэба даваць польскім уладам падставу называць нас разбойнікамі з бальшой дарогі.
    Але Зыс стаяў на сваім, і мы пайшлі да на-
    шага камандзіра, каб ён вырашыў нашу спрэчку. Нехвядовіч уважліва выслухаў нас і сказаў:
    — Таварыш Зыс мае рацыю. Мы павінны жыць за кошт праціўніка, забіраючы ў яго зброю, харчы і іншыя матэрыяльныя каштоўнасьці, у тым ліку і грошы. Такая лёгіка партызанскай вайны.
    Камандзір прыняў рашэньне: арганізаваць засаду, ахову і скарбніка раззброіць, але не забіваць, а грошы падзяліць паміж найбольш беднымі сялянамі, і частку ўзяць сабе для патрэбаў падпольля».
    Ну, проста калыханка нейкая. Ідылія. Нібы і пісаў гэта ўсё Ваўпшасаў у тыя часы, калі ня меў яшчэ й дваццаці гадоў, а не ў сваім кабінэце зь відам на маскоўскі Ленінскі праспэкт.
    ...Уладкаваўшыся зручней у падвальным катуху, я прабягаў вачыма старонкі, запоўненыя вадзяністым расповедам. Сярод усіх гэтых робленых дыялёгаў раз-пораз натрапляў на назвы знаёмых мне вёсак, сустракаў і ведамых гістарычных пэрсанажаў. Але цікавіла мяне, мабыць, ня гэта.
    Масьціты забойца нідзе не апісваў саміх экзэкуцыяў, быццам стараўся не пакідаць сьлядоў злачынства. Хіба што ў такіх знакавых выпадках, як расстрэл памешчыка Вішнеўскага зпад Вялейкі на вачах ягоных батракоў. Далей імем гэтага памешчыка будуць палохаць іншых. Што да астатніх ліквідацыяў, дык яны папросту выпадаюць з тэксту. Гаворыцца, што правакатарам няма дараваньня, пасьля эпізод допыту і... усё. Ліквідацыя шпіёнаў — так ён сам гэта называе. Насамрэч тут лёгка вычытва-
    ецца правобраз будучых заградатрадаў. Бальшавіцкія дывэрсанты сядзелі ў лясах за польскай мяжою, адсочвалі і зьнішчалі перабежнікаў з савецкага боку. Ішоў 1923 год. Вось як гэта выглядала:
    «Але хто ня мог чакаць ад нас літасьці, дык гэта шпіёны і правакатары.
    Дзьмітры Балашка паведаміў мне, што ягоная група затрымала на шашы каля вёскі Бамбалі мужчыну, які назваўся Жылінскім. У яго адабралі зброю.
    — Прывядзіце яго сюды, — папрасіў я.
    Допыт працягваўся некалькі дзён. Жылінскі і жартамі аддзелваўся, і сварыўся з намі. Упарта цьвердзіў сваю легенду:
    — Я служыў у Чырвонай арміі, быў на фронце і ваяваў супраць белапалякаў. Цяпер дапамагаю сумленным беларусам змагацца ў тыле ворага.
    — Патрыёт, значыць? — спытаўся я ў яго, будучы выведзены зь цярпеньня нахабнай хлусьнёю.
    — А што, скажаце, не? — адказваў ён, не зьміргнуўшы вокам.
    — Ва Ўсходняй Беларусі бывалі?
    — Бываў.
    — Выпадкова не знаёмы з камісарам ляснога наркамату ў горадзе Ігумен?
    Такога пытаньня арыштаваны не чакаў. Бо гэтым камісарам да нядаўняга часу быў ён сам».
    Канец эпізоду.
    Самой экзэкуцыі аўтар не апісвае. Гэта як у эратычных кінафільмах — закаханыя кладуц-
    ца ў ложак і гасяць сьвятло. Далей мусіць запрацаваць уяўленьне гледача — наколькі яно разбэшчанае. Так і тут.
    Ня могуць не запыняць увагі эпізоды, дзе адным сказам пазначаюцца некалькі гадоў працы ў НКВД у самы разгар выкрываньня шпіёнаў і ворагаў народу. У Ваўпшасава гэты сказ гучыць так: «Некалькі гадоў праслужыў у рэспубліцы, зь якой даўно і моцна зьвязаў свой лёс. Затым зноў Масква». А там — Беламорканал. Можна толькі дзівіцца, як адзін чалавек накрывае сваім лёсам усе гарачыя кропкі стагодзьдзя. Прычым, па ўсім сьвеце. Вось ён апынаецца ў Барсэлёне. Аказваецца, яшчэ да Адама Глёбуса гэты горад наведаў, апісаў і палюбіў верны опэр НКВД. Сцэнка сустрэчы двух сяброў настолькі беларуская савецкая, што не магу яе не прывесьці.
    «Барсэлёну нездарма называюць пэрлінай Міжземнага мора. Горад проста цудоўны са сваімі велічнымі старажытнымі будынкамі, пышнымі пальмавымі бульварамі, шматкілямэтровымі праспэктамі і ўзьбярэжнымі, раскошнымі віламі ў ваколіцах. Калі я прыехаў, неба над морам і гарадзкімі кварталамі зьзяла яркім блакітам, і ўсё навокал было па-паўднёваму яркае, жыцьцярадаснае, прыгожае.
    У Барсэлёне я сустрэўся з многімі савецкімі добраахвотнікамі, што прыехалі сюды раней за мяне. Вельмі радаснай была сустрэча з Кірылам Пракопавічам Арлоўскім, усё такім жа маладым, задорным, агнявым.
    — Сьвет малы, Станіслаў! — прамовіў ён, калі мы абняліся. — Колькі разоў мы з табой
    разлучаліся, але дарожкі нашыя сыходзяцца зноў і зноў. Ці ж ня дзіва!
    — Калі разабрацца, Кірыл, ня дзіва. У такое стагодзьдзе так і павінна адбывацца. Заканамернасьці часу супадаюць з заканамернасьцямі асобы.
    — Вось-вось, Станіслаў! Гэтак мы з табою ўсё жыцьцё пройдзем разам».
    Дзея адбываецца ў часе гішпанскай грамадзянскай вайны. Ваўпшасаў прыехаў сюды дарадцам, які кансультаваў дывэрсійныя атрады, як правільна разбураць камунікацыі, мініраваць дарогі, ствараць паніку сярод насельніцтва.
    Наступны эпізод зноў ляканічны, хоць і ўбірае некалькі гадоў:
    «Па вяртаньні ў Маскву я стаў працаваць у адной з управаў НКВД. Жыў у сям’і, хадзіў па родных маскоўскіх вуліцах, любаваўся сталічным бляскам і дзелавой мітусьнёй вялізнага гораду». I ўсё. Далей адразу — фінская вайна. Задача Ваўпшасава — здымаць з дрэваў «зязюляў» — фінскіх снайпэраў.
    « Любіў я сваіх падначаленых, па-бацькоўску клапаціўся пра іх. I яны не аднойчы ратавалі мяне ад вернай пагібелі, а паміж сабою за ўзрост, гумар і вечную заіндзянеласьць празвалі Дзедам Марозам»...
    Часам правалы здараюцца нават з геаграфіяй. «Паўтара году я правёў у капіталістычнай Эўропе, выконваючы спэцыяльныя заданьні». Увесь пэрыяд нямецкай акупацыі Беларусі Ваўпшасаў на акупаванай тэрыторыі нашай краіны займаецца звыклай работай —
    дывэрсіі, стварэньне ліквідацыйных групаў і ўласна сама ліквідацыя. У прыватнасьці, ён бярэ ўдзел у арганізацыі забойстваў «актыўнага буржуазнага нацыяналіста» Фабіяна Акінчыца, «ворага беларускага народу» Вацлава Іваноўскага і «злобнага буржуазнага нацыяналіста» Казлоўскага.
    «У выніку ўдараў, нанесеных па беларускіх нацыяналістах, гэтыя празрэнныя адшчапенцы, ня маючы апоры ў народзе, не змаглі аказаць эфэктыўнай дапамогі фашысцкім акупантам. Чэкісцкімі групамі праводзілася вялікая праца дзеля разлажэньня нацыяналістычных арганізацыяў і фармаваньняў, якія ствараліся гітлераўцамі зь ліку мясцовага насельніцтва». Дэталі не ўдакладняюцца.
    Пасьля вайны бальшавіцкі бандыт мяняецца месцамі з тымі, хто перасьледаваў яго ў лясах. Адбываецца новае важнае пераапрананьне. Цяпер ён ад імя ўлады ловіць бандытаў у Беларусі і Літве.
    «Зноў замкнулася кола лёсу: тут у 1920-я гады я працаваў у падпольлі, змагаўся ў партызанскіх атрадах, а цяпер ролі перамяніліся, я бараніў народную ўладу ад усялякага роду ўзбройных прайдзісьветаў, што хаваліся ў лясах ».
    Далей Ваўпшасаў пачынае распавядаць гісторыю, якая мае ўжо адкрыта казачны зьмест. Ён прыяжджае ў Жэмайцію, дзе ў лесе сядзіць банда нейкага Клаюнаса. Наш герой вырашае ліквідаваць банду па-добраму. Ён піша Клаюнасу ліст, каб той перастаў змагацца, бо такое вакол цудоўнае жыцьцё, савецкае. Маўляў, за
    24 гадзіны ўся банда на фурманках павінна выехаць зь лесу пад чырвонымі сьцягамі. Гадзіны бягуць хутка, чэкіст хвалюецца. Але хіба ж можа ён памыляцца. I вось сапраўды мноства фурманак зь ляснымі братамі пад чырвонымі сьцягамі прыяжджаюць у мястэчка. Малайцы, — кажа ім Ваўпшасаў. Чым хацелі б займацца ў мірнымі жыцьці? Тыя адказваюць, што ім за здраду можа дастацца ад іншых лясных братоў, таму яны хацелі б паехаць на Далёкі Ўсход.
    Хто б мог падумаць, што пасьляваенныя масавыя дэпартацыі літоўцаў у ГУЛАГ адбываліся добраахвотна...
    Верагодна, у сэнсе даставернасьці гэты эпізод адпавядае і ўсёй астатняй кнізе. I яшчэ — ані разу не ўзьнікае жаданьня параўнаць сябе з героем-распавядальнікам, маўляў, як бы зрабіў я. Наадварот, нязьменна ўяўляеш сябе на месцы ахвяраў безагляднага дывэрсанта. Ад гэтага ўвесь час кніжку хочацца адкласьці. Тым ня менш, я дачытваю да апошняга абзаца, які мае філязофскі характар:
    «На дарогах жыцьця растуць не адныя посьпехі ды ўдачы. Вельмі важна пазьбегнуць паразы і дамагчыся перамогі. Але ня менш важна пры любых абставінах захоўваць паўсюль — і ва ўнутраным сваім сьвеце, і ў калектыве людзей, сярод якіх знаходзісься, — аптымальную маральную атмасфэру».
    Дзесьці я нешта падобнае нядаўна чытаў. Ага, згадваю. Цяпер у Вільні судзяць нейкага Янушкевіча. За пяць гадоў ён учыніў трынаццаць забойстваў — пераважна інкасатараў і мянялаў валюты, учыніў мноства ўзбройных
    нападаў, рабункаў. Словам, чысты Ваўпшасаў нашых дзён. Гэта ён сказаў журналістам нешта пра «аптымальную маральную атмасфэру». Газэты не ўдакладняюць, ці кіраваўся Янушкевіч нейкімі ідэйнымі матывамі, напрыклад, ці ён камуніст. Але калі да ягонае дзейнасьці прыставіць нейкія матывацыі — скажам, дэстабілізаваць сытуацыю ў цяперашняй капіталістычнай Літве, дык мы атрымалі б яшчэ аднаго савецкага героя.
    Але ж як у выпадку зь Янушкевічам, так і ў выпадку з Ваўпшасавым усе ўчыненыя ім забойствы, рабункі і дывэрсіі засталіся толькі забойствамі, рабункамі і дывэрсіямі, бо ўсё, дзеля чаго гэта нібыта рабілася, было асуджана, адкінута, забыта. Інтэрнэтаўскія шукалкі на імя Ваўпшасаў адгукаюцца сёньня толькі адрасамі ўстановаў, разьмешчаных на адной зь менскіх вуліц...
    На вуліцы Ваўпшасава ў Менску ёсьць маторны завод, дзьве аўтазапраўкі і першы ў Беларусі прытулак для бяздомных людзей.
    Паўстагодзьдзя наш герой займаўся дывэрсійнай і тэрарыстычнай разбойнай дзейнасьцю. У сваёй кнізе ён апісаў нашу краіну не як краязнаўца або падарожнік, не як навуковец, а менавіта як бандыт.