Вострая Брама
Сяргей Дубавец
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 520с.
2005
Яшчэ крыху, і кола пачне круціцца само. Можна сабе ўявіць, як няпроста было пачынаць. Але ўсе тыя кроў, пот і сьлёзы ня йдуць ні ў якое параўнаньне з вынікамі. I яшчэ што важна. Літоўцы рабілі сваю справу вельмі творча. Наўкола будаваліся й адкрываліся ўсё новыя санаторыі і дамы адпачынку, а ў мясцовых актывістаў нараджаліся дзеткі. Хлопчыкаў прыдумалі называць Вітаўтасамі — у гонар Вялікага князя Вітаўта. I вось сёньня ў Друскеніках жывуць трыста Вітаўтасаў. Уявіце
сабе, чаго вартыя спаянасьць і воля гэтага клюбу. За часамі незалежнасьці ў цэнтры мястэчка зьявіўся і помнік самому князю.
Дарэчы, пра тых Вітаўтасаў. Самі літоўцы літуанізацыю называюць гарманізацыяй. Імёнам і прозьвішчам надаецца вялікая ўвага. Бо гэта — вобраз нацыі і, ўрэшце, краіны. Немагчыма сярод сьведамых літоўцаў уявіць сабе якога-небудзь Іванова ці Пятрова або нават Івановаса зь Пятровасам. Гэткія прозьвішчы — незгарманізаваныя. Затое літоўца па прозьвішчы адразу відаць, дзе б у сьвеце ён ні апынуўся. Згадайце тую зорку маскоўскай эстрады Арбакайтэ. Зьявіся там беларуска Дарафеева, мы яе проста не адрозьнім як сваю. Журналіст беларускага радыё Ёнас Лаўрынавічус ніколі і ў галаве ня меў замяніцца на Івана Лаўрыновіча. Затое шмат якія беларусы Іваны Лаўрыновічы, якія жывуць у Літве, ахвотна перапісаліся на Лаўрынавічусаў. Гістарычныя прозьвішчы гарманізавалі навукоўцы. Скажам, Ян Чачот па-літоўску — Cecota.
Такім чынам, махавік запрацаваў на поўную моц і ўжо не патрабуе такіх неверагодных высілкаў і фантазіі, як тое было напачатку.
Друскенікі ў лютым пуставатыя. Ня столькі таму, што зіма. Цяпер ужо і ўлетку тут няма тых шумных натоўпаў «з усяго Саюзу», і многія санаторыі стаяць зачыненыя. Але няма тут і запусьценьня. Як любяць казаць нашы людзі, у літоўцаў — культура. Вось жа гэты сапраўды вышэйшы бытавы стандарт — га-
лоўны інструмэнт літуанізацыі. Негвалтоўны і пасьпяховы. Быць літоўцам і гаварыць палітоўску — найперш прэстыжна, а пасьля ўжо выгадна. Праўда, правілы гульні, усталяваныя ад пачатку, жалезныя і перагляду не падлягаюць: адна дзяржава і адна мова. Ніхто не спрачаецца. А чаго спрачацца? Зь літоўскай хутчэй знойдзеш добрую працу, за якую будзеш атрымліваць столькі, што назад у Расею не захочаш. Няма сэнсу. 3 добрым заробкам тут набудзеш усё, што табе трэба. Як кажуць, у асартымэнце. Каб сапраўды не хацець назад у СССР ці ў якое СНГ, жыхарам Літвы дастаткова нагляднае ілюстрацыі — суседняй РБ зь яе заробкамі, крамамі і няяснай будучыняй.
Ці надаюцца літоўскія мэтодыкі да беларускай сытуацыі? Гэта загадка, якую трэба разгадваць. Прыкладам, можна, як літоўцы, ставіцца да тутэйшых традыцыяў выбіральна. А можна — мультыкультурна. Два падыходы супярэчаць адзін аднаму. Калі маеш на мэце ўзгадаваньне нацыі, мусіш разумець, што маладая нацыя заўсёды імкнецца да экспансіі. Менавіта так выяўляецца яе воля і інтарэс да жыцьця. Літоўцы працягваюць актыўна засвойваць Віленшчыну і Клайпедзкі край, імкнуцца ўдзельнічаць у пытаньні Калінінграду, некаторыя залучаюць ва ўласна літоўскія землі цяперашнюю Беларусь — аж да Маладэчна. Дзеля чаго ім гэта ўсё трэба? Каб захоўваць малады жыцьцёвы імпэт найперш у самой Літве. Бадзёрасьць духу, прагу пазнаньня і тварэньня. Гэта як бы беларусы актыўна дыскутавалі пытаньні Вільні, Дзьвінску, Смаленску, Беласто-
ку, Чарнігава... Ня дзеля таго, каб гэта ўсё адваяваць. А дзеля таго, каб жывой нацыянальнай творчасьцю напоўніўся сёньняшні Менск.
Другі падыход — мультыкультуралізм. Беларусы ў Літве спрадвеку жывуць у суплёце розных традыцыяў — польскай, гэбрайскай, татарскай, літоўскай, расейскай... Нам, як жыхарам краю, цікавая ўся культура гэтага краю. Узаемапранікненьні зь іншымі ня толькі ня шкодзяць, але спрыяюць. Бо гаворка йдзе не пра нейкую ачышчанасьць, нацыянальную адасобленасьць, а пра ўзвышэньне культуры. Тады мы ня можам гаварыць пра кроў, якая цячэ ў нашых жылах, адразу прызнаючы, што яна мяшаная. Тут дарэчы будзе клясычны прыклад трох родных братоў Іваноўскіх, якія прызнаваліся кожны да іншай нацыі: беларус, літовец і паляк.
Як мультыкультуралісты, мы цікавыя сьвету. Як нацыяналісты — цікавыя найперш сабе і служым нацыянальнаму ўзгадаваньню.
Напэўна, добра, калі ў межах аднае нацыі ёсьць прадстаўнікі абедзьвюх плыняў. Беларусы — пераважна мультыкультуралісты. Міжволі падумаеш, ці ня ў гэтым перакосе наша нацыянальная слабасьць і зьнешняя безаблічнасьць?
17 верасьня 1939 году Друскенікі ўвайшлі ў склад Парэцкага раёну БССР, дзе знаходзіліся амаль чатырнаццаць месяцаў. Мала дасьледаваная гісторыя. Ці была тут створаная беларуская школа, ці выходзіла беларуская газэта, ці
заснавалася якое таварыства — невядома. Вядома, што менавіта ў тую пару быў адкрыты санаторый «Беларусь» — для супрацоўнікаў Акадэміі навук. У 1952-м быў адкрыты яшчэ адзін — санаторый для дзяцей беларускіх чыгуначнікаў «Пралеска». Але да сёньня даіснаваў той першы — «Беларусь». Мая маці прыгадвала, як пасьля вайны курортнікам тут ня раілі гуляць блізка каля Нёману, бо з процілеглага боку ракі пастрэльвалі лясныя браты. Цяпер, дарэчы, іхная стаянка ў лесе ператвораная ў мэмарыял. Згаданыя ўсе пайменна.
У сёньняшняй перадачы я не назваў ніводнага беларускага чалавека ў сучасных Друскеніках. Але яны ёсьць, і сапраўдныя падзьвіжнікі беларушчыны сярод іх ёсьць. Ёсьць суполкі, і нават дзіцячы хор. Праўда, пра школу гавораць, як пра тое, што становіцца ўсё менш рэальным. Беларусы, як і расейцы, і палякі, ходзяць тут у расейскую школу. I ўжо тая на мяжы закрыцьця. Юрась і Пятрусь ахватней адгукаюцца на Юргіса і Пятраса. Санаторый «Беларусь», які быў прадметам міждзяржаўных спрэчак за Шушкевічам і Кебічам, як праблема, ужо нікога не цікавіць. Высьвятляць ісьціну ў архівах стала ня модна. Беларускія архівы цяпер запатрабаваныя ўладамі дзеля кампрамату, а ня ісьціны. Хіба ТБМ часам нагадвае пра Друскенікі. А ў цэлым справа завіслая. Да лепшых часоў.
Колішнія шумныя Друскенікі, у якіх летняй парой перабывала столькі беларускага народу, сёньня сустрэлі нас у лютым. Мэтафара, падобная на мэтамарфозу. Усё перамянілася —
Літва, Беларусь, мы з вамі. Дакладней, усё перамяняецца, усё незавершанае. Апусьцелы засьнежаны курорт таксама напружана думае, як вярнуць сабе былую сваю славу і тыя шумныя натоўпы аматараў лекавых гразяў, мінэральнай вады і хваёвага паветра.
этэр 11 сакавіка 2001 г.
Падарожжа ў 20 стагодзьдзе
Аднойчы ў падвале бацькоўскага дому я перажыў самую сапраўдную трансфармацыю ў часе. Прыйшоўшы па бульбу, я стаў разглядаць стосы старых кніг, зьнесеных сюды з хатняе бібліятэкі. Раптам вока ўпала на карэньчык з прозьвішчам «Ваўпшасаў». Гэтая асоба зацікавіла мяне яшчэ на шыльдзе адной менскай вуліцы. Што за прозьвішча такое? Каўказец — не каўказец. Аказаўся літоўцам. Толькі да прозьвішча Ваўпшас дадаўся расейскі канчатак -ов. (Унікальны на маёй памяці выпадак.) Што за чалавек? Дывэрсант, чэкіст, опэр, асабіст, чый лёс увабраў заградатрады, НКВД, спэцпадразьдзяленьні... Прафэсія — ліквідацыя людзей. Пяцьдзясят гадоў біяграфіі Ваўпшасава прыпадаюць на Беларусь.
Наша краіна вачыма тэрарыста...
Я прысеў, разгарнуў таўставаты, амаль на 500 старонак, том і пачаў чытаць.
Паглыбляючыся пры сьвятле тускнай лямпы ў зьмест Ваўпшасавых мэмуараў, я зразумеў.
што паглыбляюся ў самое мінулае стагодзьдзе. Міжволі я параўнаў сваё падарожжа з колішняй кнігай Адама Мальдзіса «Падарожжа ў 19 ст.». Пэўне ж, не на сваю карысьць. Там Агінскі, Чачот, Бакшанскі — узьлёты духу з зразумелай адвеку і давеку думкаю пра Бацькаўшчыну, яе свабоду і посьпех. Мальдзіс кліча чытача ў нябёсы нязьменных ідэалаў, у сьветлыя рамантычныя вышыні, у палёт. A мне з маім падарожжам у стагодзьдзе 20-е выпала сядзець у пыльным бульбяным падвале сярод сьпісаных састарэлых кніг, чые ідэалы ператварыліся ў скукожаныя ідэалягемы. Тым ня менш, я вырашыў прайсьці сваё падарожжа, каб ясьней разгледзець мінулае стагодзьдзе і ягоных герояў, ягоных заканадаўцаў і гаспадароў.
Узьлёты духу... Колькі ж жыцьцяў на сумленьні аднаго гэтага чалавека! А які матыў соцень, або і тысяч забойстваў? Усясьветная рэвалюцыя? Далёкая песьня, усё болып далёкая, ужо амаль неразборлівая... Да аснаваньня, a зацем... Словам, матыў кануў некуды ў нябыт. А безь яго з чым будзе стаяць тая душа чалавечая перад вечнасьцю, чым растлумачыць свае ўчынкі? Эй, хто ты?
Ужо першы абзац Ваўпшасавай кнігі мяне насьцярожыў і азадачыў:
«Канфліктаваць з жыцьцём я пачаў рана. Асаблівых падставаў для майго неўсьвядомленага пратэсту не было, зьнешне ўсё выглядала на дабрабыт, я не магу паскардзіцца на бязрадаснае або жабрацкае дзяцінства. Тым ня менш нешта не задавальняла мяне ў звыклых парад-
ках, а што менавіта, адразу цяжка было зразумець».
Пасьля высьветліцца, што гэта — уся жыцьцёвая праграма, якая можа быць пададзеная ў боскую канцылярыю, бо астатніх вытлумачэньняў — пра інтарэсы рэвалюцыі і савецкае ўлады — там ня прымуць.
Калі ж адкінуць бальшавіцкую ідэалёгію, якую сёньня больш дакладна назваць ідэалістыкай, дык жыцьцёвыя прыгоды Ваўпшасава ўспрымаюцца як успаміны якога-небудзь бэн Ладэна, ня йначай.
Як нараджаецца тэрарыст? У нашым выпадку ён сфармаваўся з вайскоўца.
«На другі дзень раніцою Нехвядовіч атрымаў цывільную вопратку, літаратуру, выбухоўку і, рассоўваючы ўсю гэтую гаспадарку па рэчавых мяшках, сказаў:
— Вось хутка пераапранемся, і нічога ў нас чырвонаармейскага не застанецца. Мужыкі і мужыкі. Былі франтавікі — сталі партызаны, і што нас чакае наперадзе, нікому няведама. Але мы далі слова партыі і павінны яго сьвята выконваць, а хто паверне...
— Няма ў нас такіх, камандзір! — адгукнуўся Жулега. — Мы ня зьвернем з абранай дарогі да самага сканчэньня ўсясьветнай рэвалюцыі, пакуль апошняга буржуя не прыкончым.
— Жулега ў нас такі, — умяшаўся Пеця Курзін. — Барацьбу прызнае толькі ва ўсясьветным маштабе. Польскі пан для яго ня пан, а дробная казурка. Як дасьць па фрызуры — так і вырасьце сьвежая магілка».
Ключавое слова тут — пераапранемся. За сваё жыцьцё Ваўпшасаў толькі паводле мэмуараў мяняў прозьвішча і дакумэнты разоў дзесяць. Гэта вельмі важная дэталь — закрыцца. 3 чужым імем ты быццам і недасягальны, і беспакараны. Гэтым разам дзея адбываецца яшчэ за першай польскай акупацыяй.