Вострая Брама
Сяргей Дубавец
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 520с.
2005
А потым — мова, беларуская мова, у якой нязьменна цытуецца Крышталевіч. Вулічная мова тагачаснай Вільні. Але настолькі не салённая, не літаратурная, што, каб складаць на ёй вершы, трэба было набыць імідж або вясковага лірніка, або фальклярыста. Што да ўрбаністычнай постаці Крышталевіча, дык яшчэ не прыйшоў час.
А дадайце да гэтага інтрыгі паміж літаратарамі, змаганьне за праўдзівую славу і прызнаньне. Зусім нескладана было ў паэтычных колах 19 стагодзьдзя праславіцца графаманам і вар’ятам.
Між тым, ёсьць сьведчаньні, што слава ці няслаўе Крышталевіча разьлягаліся далёка за межы кнігарні Завадзкага і Вільні. Вось гісторыя пра сапсаваныя адносіны Юзафа Крашэўскага з часопісам «Тыгоднік Пецярбурскі». У гэтым самым «Тыгодніку» выйшла зьедлівая рэцэнзія на паэтычную трылёгію Крашэўскага «Анафеляс». Аўтар рэцэнзіі высьмейваў стылёвую манеру пісьменьніка, граматычныя памылкі, моўнае ўбоства, брак яснасьці і псыхалягічную ненатуральнасьць. Увесь гэты бульдозэрны наезд на клясыка і цяперашняга фаварыта польскіх школьных праграмаў быў падпісаны скаротам «Ф.Кол». Неўзабаве высьветлілася, што Ф.Кол — гэта Ян Чачот. Толькі ягоную рэцэнзію ў «Тыгодніку Пецярбурскім» перакруцілі, дадалі ў яе кпінаў, і таму Чачот мусіў выдаць свой арыгінал асобнай брашурай з апраўданьнямі. Але вось дэталь той пецярбурскай рэцэнзіі. Крашэўскі там называецца графаманам, у параўнаньні зь якім Шурлоўскі і Крышталевіч — сапраўдныя пігмэі. Згадзіцеся, такое, хай сабе і прыніжальнае параўнаньне з аўтарам двухста раманаў у пецярбурскім часопісе — нешта ды значыць.
А потым, уявіце сабе, каб вас параўналі з кім-небудзь з шырокае абоймы сёньняшніх графаманаў — нават на вашу карысьць — і вы адчуеце тое, што мусіў адчуваць Крашэўскі, у
прыватнасьці, да Крышталевіча. I Крашэўскі адпомсьціў. У сваім «Рамане бяз назвы», апісваючы Вільню свае маладосьці, ён згадвае, паміж іншым, як у акадэмічнай кавярні студэнты бавіліся дэклямацыямі праславутага графамана Ігната Крышталевіча, амаль сымбалічнай постаці для мясцовага калярыту. Вось так. Кропка.
Працяг нечакана знаходзім у Сыракомлі. Вясковы лірнік і ўлюбёнец публікі, мусіць, таксама пакрыўджаны параўнаньнем з Крышталевічам, ці падазрэньнем у такім параўнаньні, піша «Ліст Крышталевіча з Элізэйскіх Палёў да Рамуальда Бараноўскага», а сьледам — «Адказ Бараноўскага на ліст Крышталевіча». I тут вельмі істотная дэталь. Сыракомля зьдзекваўся з сымбалю віленскіх вершаплётаў тады, калі Крышталевіча ўжо не было на сьвеце. Жарты жартамі, а трэба мець сур’ёзныя падставы і матывацыі, каб ісьці на такі ўчынак. Біёграфы тлумачаць гэта юначай дурасьлівасьцю Сыракомлі, маладым выбрыкам. Няхай так. Будзем паблажлівымі, як ня раз заклікаў нас ставіцца да сваіх твораў сам Сыракомля.
Але ж вернемся і да першага сьведчаньня — з кнігарні Завадзкага, адкуль Крышталевіч нібыта разносіў падслуханыя імправізацыі і выдаваў іх за свае. Вершыкі Сыракомлі сьведчаць пра тое, што гэта ўжо Сыракомля панес па сьвеце вобраз Крышталевіча як свой.
Але ня толькі Крашэўскі і Сыракомля былі закранутыя за жывое самой наяўнасьцю ў віленскім экстэр’еры паэта-імправізатара, які рыфмаваў той моваю, якой яны гаварылі ў
жыцьці, але не насьмельваліся карыстацца ў літаратуры, бо адчувалі непадымны цяжар гэткага першапраходзтва і рызыку ня стаць клясыкамі чужой, але ўжо распрацаванай літаратуры. Вобраз Крышталевіча перасьледаваў і пісьменьніка менш вядомага, але ня менш пладавітага, чыё імя было Васіль фон Роткірх.
Вось эпізод з апавяданьня Тэабальда «Яцак Крышталевіч, віленскі бажаволак».
«У гарадзкім тэатры Крышталевіч таксама нярэдка заяўляў пра сябе. Трагічнай акторкай была тады спадарыня Ашпэргер, прадмет захапленьня ўсіх тэатральных партыяў. Аднойчы ішла ў бэнэфіс яе трагедыя «Вар’ятка». Дамы рыдалі. Настаў страшны момант 5 акту, калі вар’ятка, што ўцякла з вар’ятні, у адной кашулі, з расплеценымі косамі, з кінжалам у адной руцэ і зь дзіцёнкам пад пахаю ў другой, кідаецца ў спачывальню свайго спакусьніка. Усе чакаюць, што яна выскачыць з спачывальні з акрываўленым кінжалам і зь дзікім рогатам, што ёй удалося нарэшце забіць яго. У чаканьні гэтага кульмінацыйнага моманту сцэна бывае пустая і ў публіцы запаноўвае такая глыбокая цішыня, што здаецца, чуваць біцьцё сэрцаў. Раптам у адным канцы райка нехта чыхнуў.
— На здароўе! — прарэзаў цішыню гучны голас Крышталевіча з другога канца райка.
— Дзякуй! — пачуўся ў адказ дзіцячы голас — і публіка пакацілася са сьмеху.
Акторка зараз жа выскачыла з спачывальні забітага — але ўвесь эфэкт ужо прапаў».
Віленскі дасьледнік творчасьці Роткірха Па-
вал Лаўрынец піша, што барон Васіль Аляксеевіч фон Роткірх належыць да старажытнага рыцарскага роду, карані якога губляюцца ў Сылезіі 12 ст., а адгалінаваньні ўнесеныя ў дваранскія матрыкулы Фінляндыі і Ліфляндыі, a дзед ягоны быў жанаты з малодшай дачкой Ганібала. I гэтак далей. Ня трэба мець шырокіх генэалягічных ведаў, каб пераканацца, што кожны шляхціц паходзіць ад Палемона і абавязкова недзе паджаніўся зь якой сусьветнай славутасьцю. Ёсьць свае законы даказваньня радавітасьці для публікі.
На зямлю з дваранскага зааблочча нас апускае наступны радок біяграфіі — Роткірх скончыў Магілёўскую гімназію і ў 1837 годзе паступіў юнкерам у Галіцкі егерскі полк. 3 той пары служыў у частках, што кватаравалі ў заходніх губэрнях Расеі. Тут ён пераклаў Міцкевічавых « Дзядоў» на расейскую мову і заслаў іх у расейскую прэсу, адкуль атрымаў адказ ад тагачаснае зоркі — Майкова: «Якія нялепыя паданьні захоўваюцца дагэтуль у Літве! I якія сумныя выходзяць зь іх паэмы». Гэта — заўважце — толькі пра сюжэт, якасьць перакладу тут ні пры чым. Ці не нагадвае вам прыведзеная ацэнка раней згадваных ацэнак Крашэўскага? Дык вось, перакладаў Роткірх і Крашэўскага. Водгук на ягоныя пераклады, які зьявіўся ў пецярбурскіх часопісах, моцна перагукаецца з тым, як дасталося самому Крашэўскаму ў «Тыгодніку Пецярбурскім»: «Долго чнталн мы такую чушь, наконец вторые петухн пропелн, лнтовская поэма выпала у нас нз рук, н тяжелый сон оковал нашн бренные веж-
ды; целую ночь сннлнсь нам поэмы н рнфмоплеты»...
Роткірх, Крышталевіч, Крашэўскі, Міцкевіч сышліся ў адно кола для прадзьвінутага расейскага літаратурнага докі. Яны з сваімі віленскімі і літоўскімі праблемамі тут усе — пігмэі. Для паўнаты карціны варта нагадаць, што імя Міцкевіча на той час было пад цэнзурай, і Роткірх даваў пераклады, не называючы аўтара. Апроч таго, і сам Роткірх атрымліваў лісты з цэнзурнай адмовай, напрыклад, на свае «Нататкі пра Друскенікі», якія даслаў быў у часопіс «Пантэон».
I тут задумляесься над наступнай зьявай: наколькі блізка адно ад аднога расейскі літаратурны снабізм і расейская цэнзура. У праекцыі на грамадзкае жыцьцё гэта можна растлумачыць татальнай падменай паняцьцяў, калі вам кажуць, што вы напісалі бяздарны твор, матывуючы гэтым чыста палітычную адмову. Або калі кажуць, што ў нас палітычных вязьняў няма, суцэльныя крымінальнікі...
Трэба разумець і сытуацыю трактоўкі Роткірха. У свой час ён сапраўды разглядаўся, як правінцыйны графаман. Але сёньня, калі навукоўцы па крупіцах зьбіраюць усіх такіх графаманаў, каб паказаць, што ў Вільні існавала расейская літаратурная традыцыя, і мараць пра тое, каб спаборнічаць з традыцыяй польскай, дык на такія дробязі не зьвяртаецца ўвагі. Тым больш, што кожная паперка за сто пяцьдзясят гадоў набывае гістарычную вартасьць.
Але вернемся да біяграфіі Роткірха, напісанай апалягетам расейшчыны ў Віленскім краі
Паўлам Лаўрынцом. Пра апалягета я сказаў, каб падкрэсьліць сваё крытычнае стаўленьне да гэтых фактаў. Бо, скажам, наступны пасаж цалкам кантрастуе з тым, пра што мы казалі вышэй.
У часе паўстаньня 1863 году Роткірх бярэ чынны ўдзел у задушэньні гэтага паўстаньня. За што падпольшчыкі арганізуюць на яго замах і раняць атручаным кінжалам. Але ці то кінжал аказаўся тупым, ці атрута была пратэрмінаваная, але працягу гэты эпізод ня меў. Пярэварацень Роткірх, ня йначай, як той Мураўёў дзекабрыст-вешальнік, пачынае служыць у жандармэрыі. Праўда, у адрозьненьне ад Мураўёва, ён не прыехаў у гэты край у акупацыйным абозе, а быў цалкам тутэйшай гадоўлі. I ў жандармэрыі служыў, як бы цяпер сказалі, у лінейнай, гэта значыць, на чыгунцы. У 1873 годзе ён на пяць гадоў заняў пасаду начальніка Менскай жандарска-паліцыйнай управы на чыгунцы. А пасьля гэтага перабраўся ў Вільню. Вось тут ён і пачынае па-сапраўднаму пісаць — пад псэўданімам Тэабальд. Ці таму, што літаратурнае балаўство было не да твару жандарскаму палкоўніку, як расцэньвае гэта біёграф Павал Лаўрынец, ці таму... раблю гэтае дапушчэньне, што ўсё ягонае жандарства было чыста службовай функцыяй, тады як літаратура выглядала на сапраўднае жыцьцёвае захапленьне. Дый адносіны Роткірха з цэнзурай і пецярбурскімі літаратурнымі докамі да службы ў жандарах і пасьля яе не зьмяніліся. Ён піша аповесьць «Спартанка. Эпізод з падзеяў 1863 году», гістарычны твор «Возера Дзя-
вочае вока», «Найпадобнейшая Эўфрасіня, княжна Полацкая». Да гэтага часу належыць і апавяданьне «Яцак Крышталевіч, віленскі бажаволак».
Выдаўшы ўсе свае творы, Роткірх пайшоў на пэнсію і празь нейкі час памёр. Пахавалі яго на Эўфрасінеўскіх могілках у Вільні — на Ліпоўцы, галоўных гарадзкіх праваслаўных могілках.
* * *
На Бэрнардынскіх могілках у гэты халодны восеньскі дзень у розных месцах корпаюцца чалавек пяць — прыбіраюць магілкі да Дзядоў. Згалелыя дрэвы не затуляюць болей касьмічнага віленскага краявіду, які адкрываецца з гэтай гары. Унізе бяжыць порсткая рачулка-Вялейка. I вецер шоргае лісьцем паміж урослымі ў зямлю надгробкамі, на якіх даўно сьцёрліся імёны герояў і простых сьмяротных.
Натуральна, магілу самага слыннага віленскага вар’ята, вершаплёта і бажаволка я не знайшоў. На гэтых закінутых кладах увогуле цяжка расчытаць і стогадовыя надпісы. А дата сьмерці Крышталевіча — 1840. Наглядчык могілак — дзядзька гадоў трыццаці, які, па ўсім ягоным выглядзе, п’е з маленства і цьвярозым не бываў ніколі, як мог, патлумачыў, што ўсе дакумэнты могілак захоўваюцца ў канторы на могілках Роса. Там, у славутым віленскім нэкропалі, дзе працуе цэлы штат навукоўцаў, у інвэнтарызацыйных кнігах Крышталевіча не знайшлі, але патлумачылі, што ў іх перапісаныя толькі тыя магілы, на якіх мож-