• Часопісы
  • Вострая Брама  Сяргей Дубавец

    Вострая Брама

    Сяргей Дубавец

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 520с.
    2005
    108.8 МБ
    адрозьніваюцца ад суседніх. Падказку даерымская назва гэткіх гор. Па лацінску іх завуць Calvus monts, альбо гара чэрапу. Дарэчы, менавіта адсюль этымалягічна вынікае й Кальварыя. Месца сьмерці. Менавіта на колішніх мясцовых Лысых горах і паўставалі пазьнейшыя каталіцкія Кальварыі — у Менску, у Вільні, у Жыровіцах...
    Цікава, што ў кожным краі побач з Лысай гарою ёсьць месцы чыстыя — горы Сьвятыя. Яны абавязкова складаюць пару. Як дабро іі зло, цемра і прасьвятленьне. Сьвятая гара абавязкова вышэйшая. Хоць крыху. Гэткія месцы абіралі для сьвяцілішчаў.Але з 1958 году нашая Сьвятая гара, зусім недалёкая ад Лысай, была перайменаваная ў Дзяржынскую.
    Лысая гара — гэта месца шабашу, на які зьляталіся чарты лысыя (менавіта з лысае галавы вырастаюць рогі). Зьвярніце ўвагу на тое, чым займаліся нячысьцікі падчас свайго шабашу, і ў чым уласна іхны шабаш заключаўся, дзеля чаго ўласна яны зьбіраліся на тую Лысую гару. А зьбіраліся яны — рагатаць. Яны рагаталі, гагаталі, якаталі, дохлі са сьмеху — беспрычыннага, дурнаватага і, трэба думаць, пасвойму выверанага. Пасьля таго, як побач з Лысай гарой у Беларусі перастала існаваць гара Сьвятая, якую пераназвалі ў Дзяржынскага, зьнік балянс дабра і зла. Чартаўшчына разьлілася па краі. Верагодна, гэта была савецкая ідэалёгія, дзе элемэнтарныя чалавечыя каштоўнасьці ставіліся з ног на галаву. I ў полі гэтае ідэалёгіі, зусім не насуперак ёй, учыняла-
    ся рагатуха — пісьменьніцкі шабаш на Лысай гары, адлюстраваны ў ананімнай паэме.
    Між іншым, і сам псэўданім аўтара — Вядзьмак — лішні раз сьведчыць пра тое, што стваральнікі ананімнай паэмы разумелі той кантэкст, у якім гарусьцілі свой капусьнік. Менавіта пісьменьніцкую брацію яны параўновалі з кагортай вадзянікоў, лесавікоў ды ўсялякіх іншых чартоў, што сабраліся на шабаш. Але вынік бяскрыўднага рагатаньня аказаўся іншы, ня той, на які маглі разьлічваць аўтары.
    Памятаю, у 1975 годзе я пераздымаў на фота машынапіс «Сказу пра Лысую гару», які літаральна на гадзіну прынес мне калега. Трэба было тэрмінова зрабіць копіі. Тады мы шмат чаго пераздымалі, і пра гэта можна было б ня згадваць, калі б не адна дэталь. Той машынапіс калега ўзяў у свайго бацькі, які, у сваю чаргу, прынес яго адтуль, дзе працаваў, — з ЦК КПБ. Верагодна, зь нетраў менавіта гэтай арганізацыі Лысагорскі шабаш атрымаў пашырэньне. Менавіта цэкоўскія машыністкі пладзілі дзясяткі ці сотні копіяў «Лысае гары».
    Калі ўлічыць сутнасьць тае ўстановы і тое, што ў ананімнай паэме няма ані слова праўды пра савецкую ідэалёгію, тады, чытаючы паэму, можна пачуць і гэты беспрычынны ды ідэалягічна вывераны рогат. Пісьменьніцкі капусьнік ня быў выдадзены тады, калі быў напісаны, таму што прыдаўся для службовага карыстаньня ведзьмакоў ды вядзьмарак з ідэалягічных аддзелаў камуністычнага ЦК. Гэта, натуральна, не касуе ягонае вартасьці як дакумэнту свайго часу.
    этэр 23 ліпеня 2000 г.
    100 гадоў Наталі Сарот
    Ці вы чуеце іх? Тыя словы, якія нічога ня значаць? Яны быццам нічога ня значаць. A складаюцца ў сказы, у тэкст, які азначае ўсё жыцьцё, дае зусім паўнакроўнае ягонае адчуваньне. Дарэчы, між іншым, так бы мовіць, як той казаў, што вы-што вы, пасьля вас, натуральна, і толькі так...
    18 ліпеня мы маглі адзначыць 100-гадовы юбілей францускай пісьменьніцы Наталі Сарот. Яна, яе проза — яшчэ адна арыгінальная спроба пісаць сутнасьць — адразу, абмінаючы «рэчавы» сэнс слова. Літаратуразнаўцы назвалі гэта «новым раманам», а яшчэ нас вучылі, што гэта — плынь сьвядомасьці. Апошняе — прыгожае і загадкавае вызначэньне — у кантэксьце савецкае ідэалёгіі, дзе слову «сьвядомасьць» было адведзенае культавае месца, выглядала крыху карыкатурна. Зрэшты, яно нічога й не азначала. Калі ісьці гэтым шляхам, дык прозу Наталі Сарот найбольш адэкватна было б назваць плынёю прытомнасьці. Гэта нагадвае перапады сьвятла, блікі на рэчах, будынках, у складках фіранак, лёгкі цень завітка на плячы, шоргат далёкай машыны, зыб кавы ў кубку, адлюстраваньне на паліроўцы... Паспрабуйце на хвіліну адарвацца ад таго, што вы лічыце галоўным, і вы пачуеце і ўбачыце вакол сябе і ў сабе цэлы сьвет. Можна рабіць назыўным ваша галоўнае, а можна — усё, што пры тым, але й па-за тым, усё астатняе. Вось жа
    ўсё астатняе ■— гэта таксама праўда жыцьця, якая напавер выяўляе кантэкст вашага галоўнага і па-здрадніцку выкрывае сапраўдную вартасьць таго, на чым вы засяроджваецеся. Вы чуеце іх? Словы, якія нічога ня значаць?..
    «Быццам крынічныя ручаі, яны цяклі адусюль, нібы нараджаліся зь цёплага, трошкі волкага паветра, плылі, мякка, нібы сачыліся са сьцен, дрэваў, з лаваў, сквэраў, з бруднага тратуару.
    Паміж нежывымі фасадамі дамоў яны выцягваліся доўгімі цёмнымі гронкамі, перад вітрынамі крамаў, сям-там зьбіраліся ў шчыльныя, нерухомыя згусткі, і часам пачыналі ціха круціцца, ціха, як вір, калі плынь натыкаецца на перашкоду.
    Ад іх веяла нейкім дзіўным спакоем, нечым накшталт безнадзейнага, адчайнага задавальненьня. Яны ўважліва разглядалі стосы сподняй адзёжы на Выставе бялізны, адмыслова складзеныя ў выглядзе сьнежных гор, ці ляльку, у якой вочы й зубы праз аднолькавыя інтэрвалы загараліся й гасьлі, загараліся й гасьлі, загараліся й гасьлі, увесь час праз тыя самыя інтэрвалы, зноў загараліся й зноў гасьлі.
    Яны доўга глядзелі, стаялі тут, перад вітрынамі, нерухомыя, загіпнатызаваныя, як ахвяры, увесь час адкладаючы яшчэ на імгненьне той час, калі трэба будзе ісьці. I маленькія, ціхія дзеткі, што трымалі іх за руку, ужо стомленыя ад глядзеньня, няўважлівыя й цярплівыя, чакалі, стоячы каля іх».
    «Яны ніколі не стараліся прыгадаць тую вёску, дзе некалі гулялі ў дзіцячыя гульні, ніколі
    не стараліся ўспомніць тыя колеры й пахі таго мястэчка, у якім расьлі, яны ніколі не адчувалі, каб у іх раптам узьнік, — калі яны крочылі па вуліцах свайго кварталу, разглядалі крамныя вітрыны, пачціва віталіся з кансьержкаю, праходзячы міма яе закутка, яны ніколі не адчувалі, каб у іх памяці ўсплыў той родны мур, за якім кіпела жыцьцё, ці брук на двары, магутны й адначасова пяшчотны, ці ласкавыя прыступкі на ганку, дзе яны сядзелі ў дзяцінстве».
    «Трапізмы» Наталі Сарот у перакладзе Зьмітра Коласа друкаваліся дзесяць гадоў таму ў «Нашай Ніве», год таму пісьменьніцы ня стала, а пару дзён назад ёй споўнілася 100 гадоў. Чытаючы яе прозу, мне нязьменна хочацца шукаць у біяграфіі францускай аўтаркі геаграфічна блізкія сьляды. Інакш кажучы, за «рэчавымі» словамі датаў і жыцьцёвых падзеяў, перамяшчэньняў у часе і прасторы, імёнаў сваякоў убачыць тыя блікі і водбліскі, шоргаты і ледзь улоўныя пахі, якія б пацьвярджалі, што блізкасьць і зразумеласьць ейнага сьветаўспрыманьня — ня толькі плён літаратурнае гульні або агульначалавечых супадзеньняў. Урэшце, кожнае перакананьне ў тым, што «сьвет цесны», заўсёды ўдзячнае, бо ўзбагачае тваю ўласную прыроду і культуру.
    Паходжаньне Наталі Сарот у гэтым сэнсе вельмі слаба дасьледаванае. Агульнавядомая біяграфія пра паходжаньне піша скупа. Маўляў, Наталі Сарот — француская пісьменьніца расейскага паходжаньня, нарадзілася ў Іванава-Вазьнясенску, недалёка ад Масквы. Бацька
    яе Ільля Чарняк быў хімікам і на тэкстыльным заводзе займаўся фарбаваньнем тканіны. Маці — Паўліна Хатаноўская пісала раманы пад псэўданімам Віхроўская. Калі дзяўчынцы было два гады, сям’я пераехала ў Парыж, у 1906-м вярнуліся ў Расею, у Санкт-Пецярбург. Тут бацькі разводзяцца, у Натальлі зьяўляецца мачаха, і праз тры гады, у 1909-м, сям’я перабіраецца ў Францыю ўжо назаўсёды. Далейшае жыцьцё расьпісанае па гадах. Мяне ж, гэтым разам, цікавіць тое, што было раней, у часе, калі нарадзілася пісьменьніца, і да яе нараджэньня.
    Францускія дасьледчыкі звычайна не пераймаюцца фактамі іншаземнага паходжаньня ўласных клясыкаў. «Родам з Расеі» — для іх зусім дастатковы пасыл — што ў дачыненьні да Шагала, што да Сарот. Што да Апалінэра, дарэчы, таксама. Нам жа якраз гэтыя зачыненыя дзьверы карціць адчыніць, бо за імі — і наша прысутнасьць у культурнай прасторы сьвету.
    Натуральна, Ільля Чарняк быў у Іванаве чалавекам прыежджым. У адным з інтэрвію Наталі Сарот казала: «Мой бацька быў адзіным гэбраем у Іванава-Вазьнясенску. Гэбраяў там не было ніводнага, бо закон забараняў ім там жыць, але яму далі спэцыяльны дазвол. Ён прыехаў працаваць на ткацкай фабрыцы, якая належала Макееву, бо ведаў сакрэт, як захаваць колер тканіны».
    Адкуль прыехаў у Іванава бацька Наталі Сарот — невядома. Найбольш верагодна — з тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага тагачас-
    най паласы аселасьці гэбраяў, за мяжу якой — у Расею — іх не пускалі.
    Наталі Сарот акцэнтуе ўвагу на сваім этнічным паходжаньні, калі кажа пра бацьку: «Аднойчы ён пачуў, як адзін рабочы кажа: «Вось, цяпер мы павінны слухацца нейкага жыдзёнка». Мой бацька ў ярасьці пабег да Макеева і сказаў: «Я не хачу тут працаваць, калі мяне так называюць». А той яму кажа: «Мілы ты мой, ну, ня хочаш, дык ня будзем так цябе называць. Мы ж гэбраяў ніколі ня бачылі — ты тут адзіны ».
    Што ўяўляла сабою тагачаснае Іванава — знакаміты ў савецкія гады «горад нявест»? Цяперашнія расейскія даведнікі пішуць, што гэта быў першы горад краіны паводле імклівага індустрыйнага росту, і называюць яго расейскім Манчэстэрам. А мне згадваецца раман Горкага «Маць» — псэўдарэалістычная страшылка для псаваньня настрою і выкліканьня грэблівасьці як да тых заводаў, так і да пралетарыяту. Дзікунскі побыт, дзікунскія дачыненьні, дзікунскія думкі. Памятаеце, Павал Уласаў меў адмарожаныя ў Сібіры мазгі, і таму «не любіў Павал зімы». Галоўны пралетарскі пісьменьнік тут пастараўся ад душы. А вось якая карціна паўстае ў кнізе Наталі Сарот «Дзяцінства»:
    «Мяне прывялі да таты на «фабрыку», дзе ён працуе цэлы дзень... я іду празь вялікі брудны двор міма гліняных збудаваньняў, трэба пераскокваць праз ручаіны, праз калюгі блакітныя, жоўтыя, чырвоныя... паўсюль сярод бочак і калёсаў ходзяць барадатыя мужыкі ў картузах, абутыя ў высокія чобаты... пах тут не такі
    брыдкі, як ад воцату, але я стараюся ўдыхаць яго як мага меней, настолькі ён непрыемны, востры, кіслы...»
    Яркія каляровыя лужыны ніяк не спалучаюцца ва ўяўленьні з барадатымі мужыкамі ў картузах. Магчыма, гэта дае сябе знаць савецкае выхаваньне. Усё пралетарскае мусіць быць шэрым і суворым, але толькі ня яркім і рознакаляровым...