Вострая Брама
Сяргей Дубавец
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 520с.
2005
Такім чынам, Ільля Чарняк прыехаў у Іванава аднекуль з паласы аселасьці. Магчыма, з Заходняй Смаленшчыны. Славуты Айзэк Азімаў з тамтэйшых Пятровічаў да канца дзён так і ня здолеў зразумець таямніцу свайго паходжаньня. Вялікаму фантасту забракавала фантазіі, каб уявіць — як гэта ён мог нарадзіцца ў Расеі, калі Расея была па-за рысай аселасьці гэбраяў.
Зрэшты, Ільля Чарняк перад Іванавам мусіў яшчэ недзе атрымаць адукацыю доктара хіміі, каб навучыцца фарбаваць тэкстыль. Магчыма, ён вучыўся ў Пецярбургу, бо менавіта туды сям’я на нейкі час вярталася з Францыі. Але для нас важна — што было да той ягонай адукацыі.
Яшчэ большая загадка — з паходжаньнем маці Наталі Сарот. Паўліна Хатаноўская не была расейкай. I тое, што расейскія дасьледчыкі не цікавіліся ёю, пацьвярджае гэта. Хоць і друкавалася яна ў часопісе ў Караленкі. Але асабліва тут цікавы псэўданім, пад якім яна пісала свае раманы — Віхроўская. Гэта ад ракі Віхра або Вяхра, як кажуць на Магілёўшчыне, — той самай, на якой стаіць старажытны
Мсьціслаў. Крыху вышэй па Віхры — родавае гняздо хасыдаў Любавіч, які стаіць на рачулцы Вільнянка. Некалі мы былі ў тых мясьцінах з экспэдыцыяй «Нашай Нівы». Цяпер гэта амаль няжылы, але фантастычна прыгожы край. I калі паспрабаваць вычуць нейкія генэтычныя імпульсы творчасьці, дык менавіта з гэтае зямлі яны мусілі зыходзіць самым шырокім спэктрам. Так тут пераблыталіся культурныя знакі. Тыя мясьціны — поўныя таямніцаў — далі Эўропе і сьвету не аднаго выдатнага чалавека.
Гэтак магло б выглядаць паходжаньне Наталі Сарот, напісанае водбліскамі, водгукамі, словамі, якія быццам нічога ня значаць. Ці вы чуеце іх?
Некалі я напісаў такі абразок — уступ да чацьвертага выданьня Шляхціца Завальні. Думка заблукала якраз у тых ваколіцах, недзе ў віцебскіх ды магілёўскіх лясах, у цёмных непралазных пушчах, на сядзібах позьняе шляхты, паміж Янам Баршчэўскім і Оскарам Мілашам — францускім фантазёрам з Чарэі. Але пісалася выключна і чыста пад уплывам Наталі Сарот-Чарняк. Яе «Залатых пладоў» ці «Трапізмаў». Пісалася словамі, якія нічога ня значаць, адным сказам...
«Кожнага разу, калі настае восень, калі доўгі кастрычніцкі дождж гоніць нас, нібы палае лісьце, зь лесу, з ракі й з суседзкіх двароў, калі шэры дзень так незаўважна перамяняецца ў вечар, што раз-пораз пазіраеш на гадзіньнік, блытаючы «шэсьць» і «восем», каб адразу ж забыцца на час і зірнуць зноў, — кожнага разу мы з
шумам ляцім па гулкай лесьвіцы да свайго паверху і, расчырванелыя, штурхаемся ў калідоры, скідаючы абутак, нешта выкрыкваем, сьмяемся й разьбягаемся па доме, па ўсіх пакоях, каб неўзабаве сабрацца да вечаровага стала, ля якога ўжо сядзіць наш сівавусы дзядуля, каб пасьля вячэры йсьці ў вялікі гасьцёвы пакой, дзе мы з нагамі залазім на старасьвецкую канапу, каб зараз жа стаіцца й слухаць, слухаць пад бомканьне дажджу за вакном доўгі-доўгі роспавед пра іншы сьвет ды іншых людзей, дзе сьвет і людзі такія дзіўныя й такія падобныя да нас саміх, бо гэта наш дзядуля распавядае нам свае дзівосныя гісторыі, а мы, заварожаныя, не варушымся, хоць нам зусім ня хочацца спаць, бо трэба абавязкова дазнацца, чым скончыцца гэтае апавяданьне, якое ўжо заўтра мы будзем пераказваць адзін адному на розныя лады, але так будзе заўтра, а сёньня мы заўважаем, што дзядулевы гісторыі апошнім часам робяцца ўсё больш кароткія і ўсё часьцей паўтараюцца, яны ўжо зусім не такія захапляльныя, як колісь, і ад гэтага нам лезуць у галаву ўсялякія недарэчныя думкі пра тое, што наш дзядуля зусім пастарэў і не распавядзе нам ужо болып нічога — ён пазірае на нас сваімі сумнымі вачыма, у якіх стаяць сьлёзы, нібы вінаваціцца перад намі, бо штосьці зьмянілася — нават ня ў ім, і ня ў нашым вялікім пакоі, a ў цэлым сьвеце, альбо гэта мы ўжо вырасьлі з гэтага сьвету, бо кожнага разу, калі гадзіньнік паказваў дзесяць, дзядуля казаў нам: «Пара спаць!» — а сёньня ўжо даўно за дзесяць, а ён ня кажа нічога. Ён маўчыць...»
Наталі Сарот пазьбягала імёнаў і сюжэтаў. Магчыма, у часы суворых рэалістаў яе папросту ня сталі б чытаць. Але сёньня гэта ўжо большы рэалізм, чым самы крытычны або самы пралетарскі рэалізм пачатку стагодзьдзя. У гэтым міжслоўі нашмат болей праўды і амаль не застаецца месца вымыслу. Дакладней, вымыслу не застаецца месца наагул. Словы, падобныя на водбліскі, водсьветы, водгукі... Ці вы чуеце іх?
«Я сяджу за сталом ля вакна ў сваім пакоі. Я выводжу словы пяром, змакнутым у чырвоны атрамант... я бачу, што яны не падобныя на сапраўдныя словы, тыя, што ў кніжках... яны нібы дэфармаваныя, крыху калекі... I вось адно, якое няцьвёрда трымаецца на нагах, няўпэўненае, я павінна яго паставіць... можа быць, тут... не, там... але я пытаюся ў сябе, ці я не памылілася... здаецца, яно ня надта добра спалучаецца зь іншымі, са словамі, што жывуць недзе ў іншым месцы... я знайшла іх надта далёка адсюль і прывяла іх сюды, але я ня ведаю, што для іх добра, я ня ведаю іхных звычак...»
P.S. Пазьней, пасьля перадачы, мне ўдалосятакі адшукаць канкрэтнае месца, адкуль прыехаў у Іванава-Вазьнясенск бацька Натальлі — Ільля Чарняк. Гэбрайская генэалёгія паказала на горад Бабруйск. Менавіта адтуль узяўся род Чарнякоў. Самы славуты продак у 19 стагодзьдзі гандляваў на бабруйскай вуліцы газіроўкай, а славуты ён тым, што стварыў у горадзе першую пажарную каманду — грамадз-
кую, бо дзяржаўнае не было. Гісторыя гэтага пажарніка — двухмэтровага, шыракаплечага беларускага гэбрая — чытаецца, як рамантычная проза. Столькі там усеагульнага натхненьня і жаданьня паспрыяць свайму гораду, і столькі ўдзячнасьці — ад гораду. Пазьней такі нефармальны калектывізм быў страчаны, выбіты калектывізмам фармальным, накінутым зьверху, ідэалягізаваным. А шкада. Каб гэта дзе ў іншым месцы Эўропы, дык, мабыць, гараджане паставілі б таму Чарняку помнік ці хоць бы вуліцу ягоным імем назвалі. А бабруйскія дзеткі ганарыліся б, што яны землякі сусьветна вядомай пісьменьніцы.
этэр 29 кастрычніка 2000 г.
Яцак Крышталевіч — гарадзкі вар’ят
Паўгоду таму ў «Вострай Браме» мы гаварылі пра невядомага пісьменьніка 19 ст. Васіля фон Роткірха, які пад псэўданімам Тэабальд апісваў усялякія незвычайнасьці з тагачаснага жыцьця. У прыватнасьці, Роткірх прысьвяціў некалькі апавяданьняў віленскаму дзіваку Яцку Крышталевічу, вулічнаму імправізатару вершаў. Прычым у расейскамоўных апавяданьнях Тэабальда Крышталевіч нязьменна гаворыць па-беларуску.
3 тае красавіцкае перадачы мінуў час. I вось надоечы, акурат на Дзяды, зусім выпадкова мне ўдалося адшукаць у Вільні магілу гэтага
культурнага героя 19 ст. Такая знаходка — сама сабою стымул для далейшых пошукаў праўды пра Крышталевіча — сучасьніка Крашэўскага і Сыракомлі, якога, як высьветлілася, добра ведалі абодва клясыкі.
Яцак Крышталевіч пахаваны ў 1840 годзе на Бэрнардынскіх могілках, на Зарэччы. А Зарэчча — гэта найстарэйшае віленскае прадмесьце, якое ад сёньняшняга старога гораду аддзяляе рэчка-Вялейка. Знаўца гораду Лявон Луцкевіч казаў, што менавіта на Зарэччы найлепей захавалася беларушчына старой сталіцы Вялікага Княства. Тут жылі Фэрдынанд Рушчыц, у якога зьбіралася віленская інтэлігенцыя, і слынны беларускі ксёндз Адам Станкевіч, якога адсюль, проста з кватэры забрала назаўсёды нквд...
Вось жа яшчэ напачатку 19 ст. на Зарэччы адкрыліся Бэрнардынскія могілкі. Належалі яны кляштару бэрнардынаў — таму самаму, якому належыць і ўсім вядомы касьцёл сьв. Ганны. Тут ляжыць шмат слынных людзей, і кожная культура — літоўская, польская, расейская — выбірае і згадвае сваіх. Ёсьць тут і беларускія магілы. Але сёньня мы зьвернемся да постаці Крышталевіча, якога ніводная з гэтых культураў да сябе не прызнае. Пакуль што ён застаецца проста віленскім — валацугам і жартаўніком, вар’ятам і ўлюбёнцам публікі, бажаволкам і імправізатарам вершаў.
Розныя выданьні называюць Крышталевіча па-рознаму — хто Яцкам, хто Юзафам, хто Ігнатам. Мабыць, гэта з-за таго, што ў ягонай асобе гістарычная пэрсона і літаратурны пэрса-
наж яшчэ пры жыцьці сталі аднолькава даставернымі.
Распавядаюць, што паэт прыбыў у Вільню з Валыні і, ня маючы ў горадзе нікога, стомлены, заснуў на лаве каля ратушы, а раніцою прачнуўся, пабачыў, што яго абрабавалі і, ня здолеўшы перанесьці гэткага ўдару лёсу, страціў сьвядомасьць, «зьвіхнуўся». Наіўная гісторыя. I гісторыкі, як правіла, распавядаюць яе са шкадаваньнем. Маўляў, Крышталевіч быў нязлы вар’ят і на пытаньні адказваў досыць дарэчна. Але штосьці ў гэтай наіўнасьці насьцярожвае. Можа, тое, што кожны імкнецца падкрэсьліць у Крышталевічу менавіта наіўнасьць? Ці тое, што вядомы мастак Кукевіч намаляваў ягоны партрэт, а купец Вэйс, ведаючы папулярнасьць віленскага вар’ята, гэты партрэт надрукаваў паштоўкай ды сотнямі асобнікаў распаўсюдзіў па ўсім краі і меў з гэтага даход?..
Першыя зьвесткі пра Крышталевіча знаходзім у апісаньні прадпрыемства Юзафа Завадзкага — арганізатара віленскага кнігавыдавецкага і кнігагандлёвага працэсу. Завадзкі так добра паставіў справу, што плаціў ганарар — гэта нязьменна адзначаюць мэмуарысты, а ягоная кнігарня служыла ўвадначасьсе літаратурным салёнам. Мэмуарыст Станіслаў Мараўскі згадваў пра зьвязаны з гэтым эпізод свае маладосьці:
«Кнігарня Завадзкага, калі я ўжо пачаў пра яе казаць, была тады rendez-vous навукоўцаў, літаратараў, мастакоў, дасьціпнікаў. За вялікім сталом сядзеў сам Завадзкі, каротка стры-
жаны брунэт, малы і тоўсты, зь мілым павабным тварам. Каля вокнаў або пад дзьвярыма з вуліцы стаяў адзін з знаёмых усёй Вільні вар’ятаў: альбо Шурлоўскі, або Крышталевіч, альбо абодва разам. Абодва яны, ні для каго ня шкодныя, сьфіксаваныя былі на паэзіі. Бесьперастанку пісалі вершы. I былі вельмі надатныя ў тыя вясёлыя часы. Калі каму ў кнігарні ўдавалася з гэтай нагоды або зь якой плёткі скласьці эпіграмку, вершык, сатырку, а такое здаралася часта, дык гэта зараз жа аддавалася Шурлоўскаму або Крышталевічу, каб запусьцілі гэта ў сьвет, выдаючы за сваё...»
Асабіста ў мяне ацэначны бок гэтых сьведчаньняў не выклікае даверу. Па-першае, легкаважнае стаўленьне аўтара да паэзіі, як да вар’яцтва ў прынцыпе, па-другое — заўсёды цяжка ацэньваць сучасьнікаў. Хто вар’ят і графаман, урэшце, не вызначае часам нават сама гісторыя. Скажам, польскі паэт Цыпрыян Норвід, сучасьнік Крышталевіча, быў пры жыцьці прызнаны вар’ятам. Надрукавалі яго толькі празь пяцьдзясят гадоў пасьля сьмерці, а праз сто гадоў ягоныя вершы пісаў на сваіх лёзунгах польскі прафсаюз «Салідарнасьць». Ідзі тут разьбярыся...