• Газеты, часопісы і т.д.
  • Вострая Брама  Сяргей Дубавец

    Вострая Брама

    Сяргей Дубавец

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 520с.
    2005
    108.8 МБ
    Праз завесу дажджу — кожны дах у штрыхах, як страха,
    Крадуць даль туманы. Ўсё у зьвівах, нібы на паперы вяленевай,
    Усё з шматлікіх штрыхоў, ўсё ў касых характэрных штрыхах.
    Усё з дакладнай штрыхоўкі гравёра: завеса туману,
    Пляма вежы, забытай у дождж на вяршыні гары,
    I акрэсьлены контур званіцы вялікага Яна, I, ля ног яго, пастка зь цямноцьця
    і цэглы — Муры.
    Я ня ведаю, дэман які над гравюрай пануе пахмура?
    I чые гэта вочы халодныя ў віслых мяшках Разглядаюць яе? I чыя гэта крэсьліць крыжамі гравюру,
    3 жыл-вяровак, старэчая, злая, сухая рука?
    этэр 4 сакавіка 2001 г.
    Друскенікі ў лютым
    Інтрыга сёньняшняй перадачы — у тым, што Друскенікі — гэта летні курорт. А яшчэ ў тым, што гэтае чыста літоўскае мястэчка на мяжы зь Беларусяй да Беларусі ніякага дачыненьня ня мае. Вось жа ўсё гэта больш-менш няпраўда.
    Кажуць, яшчэ перад вайною ў саміх Друскеніках жыла толькі адна літоўская сям’я. Ня ўсё ясна і з назваю мястэчка. Яшчэ й цяпер у нас яго часьцяком называюць Друзгенікі. Так яно згадваецца на беларускамоўных мапах пачатку мінулага стагодзьдзя і ў «Геаграфіі» Аркадзя Смоліча. Праўда, польскамоўны «Слоўнік геаграфічны» 1881 году выданьня папярэджвае, што Друскеннікі (праз два «н») і Друзгенікі — гэта няслушныя, памылковыя назвы. Тым часам, нашы сучасьнікі прыгадваюць, што яшчэ ў 60-я гады 20 ст. сюды прыходзіў цягнік з блізкае Горадні, на якім былі табліцы па-беларуску: «Гродна — Друзгенікі». Дык, можа, Друзгенікі — гэта якраз па-беларуску?
    Ці — па-гэбрайску?
    3 усіх мясцовых культураў гэбраі аказаліся другімі пасьля беларусаў паводле трываласьці забыцьця. Далей у гэтым «рэйтынгу» — палякі і расейцы. Што да гэбраяў, дык яны маглі б згадаць і колішні цэнтар палестынафілаў у колішняй Расейскай імпэрыі, калі Друскенікі фігуравалі ў пераліках паміж Варшавай і Вільняй, або масавае засяленьне гэтых мясьцінаў сваёй папуляцыяй у канцы 19 ст. Мерапрыемства мела назву — «Населены лес». Маглі б успомніць і сынагогу, якая згарэла ў 1961 годзе. Маглі б згадаць, але няма каму. He засталося ў Друскеніках гэбраяў.
    А беларусы ёсьць. Яны тут, як і ў Вільні, паводле колькасьці трымаюць сваё ганаровае чацьвертае месца. Праўда, разгледзець іх амаль немагчыма. Тутэйшыя Юрась і Пятрусь міжсобку гавораць па-літоўску і ветліва называюць адзін аднаго: Юргіс і Пятрас. Наагул жа літуанізацыя ў Друскеніках праведзеная ўзорна. Есьць, так бы мовіць, чаму павучыцца. Але ёсьць што ўспомніць і зь беларускіх традыцыяў. I ня толькі колішніх. Мясцовы санаторый «Беларусь», які належыць РБ — ці не найбуйнейшае і найжывейшае ў цяперашніх Друскеніках прадпрыемства. Толькі па-беларуску там умеюць усяго некалькі чалавек — як зьлічыць на пальцах.
    Пра ўсё гэта й пойдзе гаворка ў сёньняшняй праграме. А яшчэ — пра канцэптуальнае, пра засваеньне чужога і насаджэньне свайго, пра нацыяналізм і мультыкультуралізм — два супярэчныя прынцыпы арганізацыі культурнае
    прасторы. Мы разглядаем Друскенікі праз атвор Вострае Брамы.
    ‘к'к’к
    У Друскеніках зімою не пакідае адчуваньне, што мястэчка стаіць на моры. Гэта — прысутнасьць нечага вялікага, неахопнага, касьмічнага. Магчыма, гэта сосны — бясконцае мора хвояў, паміж якіх пракідаюцца будынкі, некалькі вулак, возера і ўжо зусім сталы Нёман у стромых лясістых берагах.
    Першае славутае імя маленькіх Друскенікаў — Мікалоюс Канстанцінас Чурлёніс або Чурлянь, як называла яго «Наша Ніва» пачатку мінулага стагодзьдзя, паведамляючы пра выставу ягонага жывапісу ў Вільні. Чамусьці пашыранае памылковае ўяўленьне, быццам Друскенікі — радзіма Чурлёніса. Напэўна, таму, што ён тут — самая культавая постаць, ёсьць цэлы музэйны комплекс Чурлёніса. Насамрэч нарадзіўся будучы мастак і кампазытар у Варэне, а ў Друскеніках жыў у сям’і свайго бацькі — касьцельнага арганіста.
    Ёсьць і іншая постаць, якая тут мусіла б стаць культавай. Некалі, у спадзеве пераадолець хваробу, на тутэйшыя мінэральныя воды падаўся Ян Чачот. На жаль, ані воды, ані хвоі яму ўжо не дапамаглі. He дажыўшы да паўвеку, Ян Чачот памёр тут у жніўні 1847 году і пахаваны на могілках у прадмесьці Ротніца (па-літоўску Ратніча). I сёньня на прыгожым узгорку па-над выгінам рэчкі Ратнічанкі стаіць помнік з эпітафіяй па-польску. Прозьвішча Czeczott напісанае зь дзьвюма «t» на канцы.
    ... Як усё ж няпроста іншы раз здабываць старую беларушчыну з-пад наслаеньняў іншых культураў. Ігар Лучанок нядаўна ў тэлебачаньні сказаў, што Міхал Клеафас Агінскі — польскі кампазытар. Нібы кропку паставіў. Бо на слых паспалітага беларуса гэта значыць — чужы. Дасьведчаны дасьледнік гісторыі культуры ведае, што сам Агінскі ніколі б не назваў сябе так. Але разбурыць стэрэатыпы нашмат цяжэй, чым іх ствараць — адной фразай.
    I Чачот, беларуска-польскі або польска-беларускі, як у нас пішуць, паэт і навуковец ніколі б не назваў сябе так. На тое ёсьць і ўскосныя, і простыя доказы. У лісьце са ссылкі ў 1825 годзе Чачот піша сябрам: «Цяпер арэнбурская лінія, можна сказаць, запруджаная палякамі (так нас называюць тут і за такіх прымаюць)». Дасьледчык творчасьці Чачота Кастусь Цьвірка піша пра незапатрабаванасьць гэтае постаці польскай культурай. Беларускай культуры яшчэ толькі трэба будзе зацікавіцца гэтай постацяй і гэтым творчым даробкам.
    Пастаўлены ў студэнцкія гады ў Віленскім унівэрсытэце на адну лінію са сваім сябрам Адамам Міцкевічам, Чачот праз усё жыцьцё імкнуўся зразумець, чаму ён, проста кажучы, не настолькі вялікі творца. Але рухала ім ня зайздрасьць або гэтае самае жаданьне стаць вялікім, а шуканьне ў сабе свае праўдзівае рэалізацыі. Седзячы ў ссылцы ў Башкірыі, ён перакладаў Вашынгтона Ірвінга. Факт, які ня можа не зьдзіўляць. Амэрыканскі пісьменьнік быў сучасьнікам Чачота, які (без інтэрнэту) атрымліваў нейкім чынам усе самыя сьвежыя
    навінкі літаратурнага сьвету. Ня варта думаць, што ссылка праходзіла ў цяплічных, спрыяльных умовах. Вось вытрымка зь ліста:
    «Усе мы здаровы. Мы не на лепшай ад няволі свабодзе... Мы блукаем далёка па стэпах, прыносячы адтуль у душы дадому такую ж, як стэпы, аднастайнасьць, панурасьць і млоснасьць. Наш дом — маленькая хатка: зробленая яшчэ пры жыцьці пустэльніка магіла... У гэтай дзіравай і недагледжанай хованцы часам быў такі жахлівы холад, што я змушаны быў сядзець тут адзеты, як у павозцы — у кажуху, паліто, цёплых ботах, рукавіцах і шапцы. Я так замярзаў колькі разоў, што ня ведаю, як яшчэ не захварэў — калі б ня ўнутранае цяпло, можна было б ператварыцца ў лёд».
    Для літаратуразнаўцаў Ян Чачот ня стаў настолькі ж геніяльным паэтам, як ягоны сябра Міцкевіч. Чытаючы Чачотавы лісты, разумееш, што ён сам у сваёй ацэнцы ўласнага паэтычнага даробку быў яшчэ больш жорсткім крытыкам. Але ён не пераставаў шукаць сябе. I знайшоў. Некалькі зборнікаў беларускіх народных песень, адабраных і складзеных з найвялікшай любоўю да матэрыялу ды зь ня меншай рэдактарскай патрабавальнасьцю — вось што стала ягоным вялікім плёнам. Праз амаль 200 гадоў, прызнаюся, тыя песьні выглядаюць нашмат болып глыбокімі, гарманічнымі і жывымі, чым творы аўтарскія, якія патрабуюць ад чытача схільнасьці да архівізму. А тое, народнае, як праменіла спрадвечную беларускую волю і долю, гэтаксама праменіць і цяпер. Словам, знаць Чачота ўсе павінны.
    Стоячы над ягонай засьнежанай магілай у Друскеніках, я згадваю кніжныя зьвесткі. Памёр Ян Чачот на вачах у Юзафа Крашэўскага. Ягоныя апошнія дні найбольш падрабязна апісаў нядаўна адшуканы намі ў «Вострай Браме» пісьменьнік Васіль фон Роткірх. Але гэты сюжэт яшчэ патрабуе разьвіцьця. На помніку Чачоту — верш Антона Адынца, які па-беларуску перакладаў Максім Танк, і які друкаваўся ў кнізе Адама Мальдзіса « Падарожжа ў 19 ст.». У Менску выдадзеная кніга твораў Чачота і некалькі кніг пра яго. Так мы ўсе пакрысе расчышчаем гэтую фрэску з-пад напластаваньняў часу і пылу.
    У прадмесьці Ротніца, на могілках, дзе пахаваны Ян Чачот, ёсьць яшчэ і нядаўні літоўскі помнік — дэпартаваным пры Сталіне землякам. Названыя ўсе пайменна. Уявіць сабе такі помнік дзе-небудзь у беларускай вёсцы я не магу, хоць гісторыя ў нас адна й тая. Людзі парознаму ставяцца адзін да аднаго, часам сварацца, часам усёй вёскай кагосьці ня любяць. Тое самае што ў нас, што ў літоўцаў. Але па выніках яны ўсё ж трымаюцца ў сьвеце неяк інакш. Яны сваіх помняць кожнага — і благога, і добрага. Тут ужо неістотна, хто які. Чаму так? Урэшце раблю выснову, што яны, у адрозьненьне ад нас — даражаць сваёй папуляцыяй. Пачуцьцё вельмі мала знаёмае беларусам. Нават у адраджэнскай прапагандзе заклік да беларусаў даражыць сваімі, калі й гучыць, дык
    недзе напрыканцы сыіісу. Адкуль жа гэта бярэцца — такая воля?
    Дапускаю, яна паходзіць ад таго, што ў літоўцаў як нацыі няма сваякоў. Ці то гэтак склалася аб’ектыўна, ці яны самі сабе так вырашылі, але няма ў іх ані старэйшых, ані малодшых, ані проста братоў і сясьцёр. «Прыбалтыйская абойма» — насамрэч чыста палітычная гульня. Літоўцы часьцяком недалюбваюцца з латышамі. Як, дарэчы, і з палякамі, і з расейцамі. Найлепшае паразуменьне яны знаходзяць з намі. Але яны — балты, у іх адрозная мова, у іх, як той казаў, хутаранская сьведамасьць і вялізная воля да жыцьця. А мы нібыта славяне, наша мова падобная з расейскай, мы ўвогуле — з братняю Русьсю, і нашая нацыянальная воля ледзьве падае прыкметы жыцьця. Наяўнасьць сваякоў — магутнейшых і багацейшых, згадзіцеся, расслабляе. Гэта як спакуса ў нейкіх справах паспадзявацца на старэйшага брата, ня ўзяць адказнасьці на сябе. Вось жа літоўцы сабе такой магчымасьці не далі.
    Літоўскае засваеньне Друскенікаў паводле мадэлі такое самае, як і засваеньне Вільні. Толькі ў маленькім мястэчку гэта даецца прасьцей і хутчэй.
    Гісторыя паселішча пачынаецца з двароў. Спачатку адзін двор, пасьля два двары, пяць двароў. Усе жыхары вядомыя пайменна. Паўтараста гадоў таму, дакладна — 164 гады назад — на тутэйшых мінэральных водах засноўваецца курорт. А ўласна літуанізацыя пачынаецца толькі пасьля мінулай вайны.
    Нібы з аднаго каліва цэлае поле, тут з адна-
    го чалавека паўставала цэлая нацыя. У храналёгіі найважнейшых падзеяў з гісторыі мястэчка першы ўласна літовец сустракаецца пад 1903 годам. Менавіта тады тут нараджаецца Дамінік Вішчыніс, а ў 1912-м — ягоны брат Пятрас. Зь іх усё і пачалося, хоць усяго тады ў Друскеніках было каля трох тысяч жыхароў. У 1943-м, за немцамі, Пятрас скончыць Віленскі ўнівэрсытэт, а ўжо ў 1944-м, за саветамі, стане стваральнікам і дырэктарам першай тут літоўскай прагімназіі. Ягоны малодшы брат з 1941 году будзе забясьпечваць падтрымку з-за мяжы. У Амэрыцы ён узначаліць радыёстанцыю «Звон свабоды». Так выглядае завязка. Першая школа, першая бібліятэка, першая літоўская служба ў касьцёле, першая нелегальная антысавецкая арганізацыя, першае сьвята літоўскай песьні... Гарадзкая хроніка фіксуе кожнага, хто спрычыніўся да паўставаньня нацыі і славы мястэчка. Да прыкладу, 3 ліпеня 1949 году друскеніцкая школьніца Яня Вайкшнорайтэ ставіць рэспубліканскі рэкорд у мятаньні гранаты. Рэкорд пратрывае 30 гадоў...