Вострая Брама
Сяргей Дубавец
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 520с.
2005
на расчытаць прозьвішча. У тым, што на паўтарастагадовых не расчытаеш, я пераканаўся сам. Але, апроч сучасных інвэнтароў, існуюць так званыя пахавальныя кнігі, у якіх запісвалі ўсіх, каго ў прынцыпе хавалі. Дык вось, пахавальная кніга Бэрнардынскіх кладоў знаходзіцца цяпер у Польшчы, ва Ўроцлаве. Там яна і апублікаваная. Зь яе я і даведаўся пра месца апошняга прыстанку віленскага вар’ята.
Вяртаючыся на Зарэчча, я спрабаваў уявіць сабе, хто і як хаваў Крышталевіча. Можа быць, гэта была цэлая працэсія, якая сабрала ўвесь горад на сьмерць агульнавядомага культурнага героя. А можа, гэта быў сьціплы вазок санітарнае службы, вазьніца і работнік, якія выканалі сваю непрыкметную работу.
Так ці інакш, а культурны герой лёг на ўдалым месцы. Рана ці позна будуць прыведзеныя ў парадак Бэрнардынскія могілкі. Гэта дакладна. Менш дакладна, што ў нашчадкаў хопіць энтузіязму і настрою ўспомніць таго вершаплёта як паэта і імправізатара, які выклікаў усеагульныя насьмешкі галоўным чынам з-за нясвоечасовае мовы сваіх твораў.
этэр 7 студзеня 2001 г.
Загадка Караткевіча
Напачатку 1980-х сьвядомыя беларусы сьпявалі. I сярод песень Беларускай сьпеўна-драматычнай майстроўні была Багдановічава «Паго-
ня» — на матыў «Марсэльезы», бо іншай мэлёдыі — Шчаглова-Куліковіча — тады яшчэ ня ведалі. Часам замест словаў «Пагоні» на той самы матыў «Марсэльезы» сьпявалі верш Уладзімера Караткевіча «Багдановічу». Замена падавалася адэкватнай.
Сьцюжны час, бязьмежна-суровы. Сьпіць народ, нібы зерне ў ральлі.
Ты прыйшоў
I гарачым словам
Рунь узьняў на роднай зямлі.
Ты сказаў нам: «Унукі Скарыны, Дзе ваш гонар, моц і краса?
Ёсьць і ў вас, як у іншых, сьвятыня.
He давайце сьвятыні псам!
He давайце зь яе глуміцца, Бо прасьпіць яна ясну зару, Бо сьвяты ізумруд заімгліцца У пярсьцёнку тваім, Беларусь».
Караткевічавы словы заварожвалі сваёй таямнічай магіяй. I калі найбольш дасьведчаныя сьпевакі ўжо ведалі, што паэт выкарыстаў тут словы Хрыста з Нагорнай казані, дык наступныя словы ўражвалі сваёй экзатычнай выключнасьцю ды нетутэйшым бляскам — сьвяты ізумруд у пярсьцёнку Беларусі не павінен быў заімгліцца. Тэза ўспрымалася настолькі ж неаспрэчна, наколькі была няўцямная. Часам думалася — чаму гэткі знаўца мовы і старажытнасьці, як Караткевіч, ня ўжыў смарагд замест ізумруду. Але пра тое, што азначаў гэты ізумруд, разважаць не хацелася. He хацелася разбураць гэтую адначасова казку і ўжо вы-
значаную жыцьцёвую праграму. Ізумруд выпраменьваў вобраз Беларусі настолькі магутна і пры тым інтымна, што ўдавацца ў канкрэтыку не было пазыву. Нешта падобнае перажывалі майстроўцы, сьпяваючы верш Натальлі Арсеньневай «У гушчарах». Эмацыйнай вяршыняй там былі словы: «Беларусь, Беларусь залатая, за цябе, за цябе мы ідзём». Была б на месцы «залатой», да прыкладу, «дарагая» — і тэкст адразу б рабіўся звычайным. Магчыма, і сьпявалі б яго ня гэтак ахвотна. А тут — кожнага разу «дабіраліся» да тых апошніх радкоў з залатой Беларусяй, нібы расьцягваючы задавальненьне, нібы доўжачы гэтае чаканьне незразумелага шчасьця, быццам рыхтаваліся да раптоўнага эмацыйнага ўзьлёту. Зразумела, што «залатая» была ў Арсеньневай маленькім паэтычным азарэньнем, бязь нейкага канкрэтнага намёку ці шыфроўкі. Вось жа гэтаксама ўспрымаўся і Караткевічаў сьвяты ізумруд. Аднак, як высьвятляецца, у ізумрудзе якраз была зашыфраваная канкрэтная зьява.
Для дасьведчанага ў беларускай літаратуры чалавека паходжаньне Караткевічавага ізумруду ў вершы «Багдановічу» — не загадка. Дастаткова зьвярнуцца да твораў самога Максіма Багдановіча. Ёсьць там такі вершык зь дзіўнаю назвай «Безнадзейнасьць».
Скарына, доктар лекарскіх навук, У доўгай вопратцы на вежы сочыць зоры. Яны спрыяюць! Час! 3 рухавых рук Скарыны п’е адвар пан земскі пісар хворы. I ўраз пабачыў ён, што ізумруд
Ў пярсьцёнку залатым на пальцы штось імгліцца,
Што блеску ў ім няма... I з болем тут
Ён зразумеў, што ўжо к жыцьцю не вараціцца.
Як бачым, Уладзімер Караткевіч у вершы, напісаным да 75-х угодкаў Максіма Багдановіча, выкарыстаў Багдановічаву сымболіку і вобразы — тут і Скарына, тут і ізумруд, тут і матыў Багдановічавай «Пагоні». Усё нібыта зразумела. Аднак ізумруд... 3 залатога пярсьцёнка хворага земскага пісара ў Багдановіча, дзе ён імгліўся, прадвяшчаючы сьмерць чалавека, ізумруд у Караткевіча перамясьціўся ў залаты пярсьцёнак Беларусі. Найбольш проста трактаваць і тут заімгленьне ізумруду як прадвесьце сьмерці Беларусі. Але ёсьць у гэтым вобразе і канкрэтны кантэкст. Каб адшукаць яго, нам давядзецца зазірнуць у перадгісторыю напісаньня Багдановічавага верша.
Максім Багдановіч зь пяці гадоў невыезна жыў у далёкіх расейскіх гарадах — Ніжнім Ноўгарадзе і Яраслаўлі. Там ён з кніжак вывучыў родную мову і прасякнуўся беларушчынай, там пачаў пісаць вершы, якія дасылаў у рэдакцыю «Нашай Нівы» ў Вільню. У рэдакцыі заўважылі маладога паэта і ягоны талент ды вырашылі запрасіць хлапца ў Беларусь. I вось у 1911 годзе Багдановіч прыяжджае ў Вільню. Тут ён праводзіць некалькі дзён праездам у Ракуцёўшчыну пад Маладэчнам. У наступныя гады ва ўсёй творчасьці паэта будзе выразна праглядаць жывы досьвед той паездкі, прычым ясна падзелены досьвед — на гарадзкі і вяско-
вы, Некалькіх дзён у Вільні яму хапіла, каб пасьля на працягу гадоў ашчадна выпісваць свае ўражаньні. He кранаючы чыста віленскіх вершаў, сабраных у нізку «Места», можна яшчэ ў дзясятках іншых твораў убачыць тыя віленскія ўражаньні. Да прыкладу, у знакамітых «Слуцкіх ткачыхах». Дасьведчанаму ў біяграфіі Багдановіча гэты верш, ягоная тэма і вобразы могуць падацца дзіўнымі, маўляў, пры чым тут Слуцак і радзівілаўскія мануфактуры. Але варта прачытаць успаміны бацькі паэта — Адама Багдановіча, напісаныя шмат пазьней пасьля сьмерці Максіма. Ва ўспамінах згадваецца, што найбольшае ўражаньне на Максіма ад паездкі ў Беларусь зрабілі слуцкія паясы, якія ён разглядаў у Вільні ў калекцыі Івана Луцкевіча. Сёньня, між іншым, тыя паясы знаходзяцца ў экспазыцыі літоўскага этнаграфічнага музэю. Дык ці ж верш пра слуцкіх ткачых ня мусіць быць уключаны ў віленскі цыкль? Згадаем радкі:
Цямнее край зубчаты бору... I тчэ, забыўшыся, рука, Заміж пэрсідзкага узору, Цьвяток радзімы васілька.
Запомнім гэты «васілёк». Аналіз паэтыкі Багдановічавых вершаў падкажа нам, што чыста фармальна гэта — той самы ізумруд, тая самая разынка ў палатне верша, што і залатая Беларусь у Арсеньневай, толькі больш прадметная — па-багдановіцку. Васілёк дапаможа нам далей прасачыць сюжэт з ізумрудам.
У часе тых некалькіх дзён у Вільні Максім
жыў у сакратара рэдакцыі «Нашай Нівы» Вацлава Ластоўскага. Ластоўскі — гісторык і мовазнаўца, вялікі рамантык беларушчыны, паказваў Багдановічу Вільню. Вось тут друкаваў свае кнігі Францішак Скарына, мы пісалі пра яго ў «Нашай Ніве», гэта выбітная постаць беларускага адраджэньня. Ня толькі першадрукар, але і астраном — Ластоўскі паказвае на вежу абсэрваторыі Віленскага ўнівэрсытэту. Там Скарына назіраў неба. А яшчэ ж і лекарам быў. Каго лячыў? Ну, да прыкладу, земскага пісара... У галаве Багдановіча рояцца ўражаньні, і ўрэшце, складаецца карціна, якую ён пасьля апіша вершам. Праўда, аднаго сюжэту і пераліку Скарынавых умельстваў будзе мала. Гэта Багдановіч ведае з тэорыі паэтыкі. Патрэбная нейкая дэталь, якая зробіць верш філязофскім і вечным. I тут згадваецца пярсьцёнак, які ён сёньня бачыў у калекцыі Луцкевіча. Дакладна гэтак, як у сюжэце са слуцкімі ткачыхамі спатрэбіўся васілёк.
I тут самы час перайсьці да галоўнага пытаньня гэтага вершаванага «вузла»: што меў на ўвазе Караткевіч пад сьвятыняй у тым радку з Нагорнай казані? Увага:
Ты сказаў нам: «Унукі Скарыны, Дзе ваш гонар, моц і краса?
Ёсьць і ў вас, як у іншых, сьвятыня.
He давайце сьвятыні псам!
He давайце зь яе глуміцца, Бо прасьпіць яна ясну зару, Бо сьвяты ізумруд заімгліцца У пярсьцёнку тваім, Беларусь».
«Сьвятыня» ў Караткевіча ўжытая ў адзіночным ліку, у адрозьненьне ад Нагорнай казані, дзе Хрыстос гаворыць пра сьвятыні. Калі б Караткевіч казаў пра шмат сьвятыняў, атрымаўся б дыдактычны радок патрыятычнага зьместу. Але гутарка ідзе пра адну, найбольшую. Простая аналёгія са словам «храм» тут таксама непераканаўчая. Караткевіч ведаў і цаніў шматканфэсійнасьць Беларусі, а да таго ж у 1966-м рабіць такі адназначны рэлігійны акцэнт было і рызыкоўна, і — для багемнага асяродку паэтаў філялягічнае школы — неадэкватна. Можа быць, Караткевіч назваў сьвятыняю Беларусь? Але ж Беларусь тут названая сама сабою, гэта ў яе пярсьцёнку заімгліцца ізумруд, калі будзе зглумленая сьвятыня.
Нарэшце, трэба падводзіць рысу. Пішучы верш-водгук на Багдановічава васьмірадкоўе пра Скарыну, выкарыстоўваючы рытміку Багдановічавай «Пагоні» зь яе Вострай Брамай сьвятою, Уладзімер Караткевіч меў на ўвазе Вільню, страчаную і нічым не апраўдана чужую. Вільню зь яе абсэрваторскай вежай і дамамі бурмістра Бабіча, які даў прытулак першадрукару, зь яе слуцкімі паясамі ў беларускім музэі Івана Луцкевіча, з васільком на іх і зь пісарам земскім, які пісаў зразумела на якой мове. Вільню, культурную цану якой Караткевіч і ведаў, і вычуваў, як рэдка хто з сучасных беларусаў.
Звышэмацыйны выкрык Караткевіча, які прагучаў у вершы «Багдановічу» менавіта з-за гэтай самай звышнасьці ня быў пачуты цэнзурай, бо звычайнае вуха ня чуе інфрагукаў,
якімі перагукаецца з суродзічамі «чорны кажан, што шнуруе ля вежы». Гэты выкрык працягвае гучаць і сёньня, ён блукае рэхам па віленскіх вуліцах Завальнай, Вялікай Пагулянцы, Вастрабрамскай... Але чуюць яго адно кажаны. Караткевіч выказаўся, як выгукнуў. Тэзіс пра немагчымасьць новага нацыянальнага адраджэньня бязь Вільні прагучаў на поўную моц у 1966-м. Паэт шыфраваў свае думкі, бо выказаць іх адкрыта было цяжка, і думкі выходзілі друзлыя, гнятлівыя, амаль невыносныя. Побач зь вершам «Багдановічу» ў кнізе «Мая Іліяда» зьмешчаны верш, у якім Караткевіч спрабуе сказаць тое самае напрасткі. Мая найвялікшая любоў да беларушчыны падае птушкаю ў нейкія дэманічныя, злыя і бязьлітасныя рукі, — прызнаецца Караткевіч, як можа, эўфэмізуючы свае пачуцьці. Верш называецца «Вільня ў дождж»:
Вільня ў дождж, як старая гравюра у «Тэцы Віленьскай»: