Вострая Брама
Сяргей Дубавец
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 520с.
2005
Даводзячы гэты раскол да зусім канкрэтнага знакавага ўзроўню, я спрабую паставіць эстэтычную задачу — убачыць верш, у якім бы апяваліся Вострая Брама і Курган Славы адначасова. Вострая Брама — міжканфэсійны сымбаль. Для курганаслаўнікаў ён незразумелы і чужы. Курган Славы — для вастрабрамнікаў — сымбаль чужое вайны на беларускай зямлі. Хоць нішто не замінае разглядаць яго як сымбаль перамогі над фашызмам. Так ці інакш, уся справа ў трактоўках, якія яшчэ трэба будзе стварыць. Сёньня ж недарэчнасьцю ўяўляецца думаць пра Вострую Браму, схіліўшы галаву ля падножжа Кургана Славы, або разважаць пра
Курган Славы, уваходзячы ў Вострую Браму. Можа быць, калі такі верш усё ж зьявіцца, тады адбудзецца і наша нацыянальная кансалідацыя. Калі ж я памыляюся, і два сымбалі ніколі ня ўступяць у эстэтычны кантакт, а будуць працягваць сьмяротны двубой, дык аднаму зь іх рана ці позна давядзецца капітуляваць, загінуць, прапасьці. Але гэта будзе ўжо зусім іншая краіна або тэрыторыя.
этэр 26 кастрычніка 1997 г.
«Ружовы туман»
Адыходзіць у нябыт таталітарная савецкая культура, якая паўстагодзьдзя лічылася ў Беларусі культурай нацыянальнай. Ілжывая вартасьць уласна савецкіх твораў вытлумачвалася ілжываю ідэалёгіяй, хоць самі гэтыя творы не рабілі нам гонару ў сьвеце. Падступны амаралізм партыйнае палітыкі выяўляўся ў тым, што сацрэалістычная хлусьня падавалася менавіта як беларушчына і менавіта як да беларушчыны — як да роднага — да яе выхоўвалася любоў. Ніякім іншым спосабам убіць гэта ўсё ў галовы людзей было немагчыма. I таму быў абраны самы каварны мэтад. Пры гэтым добрую палову твораў праўдзівае беларускае культуры давялося ад народу схаваць.
Што праўда, і ў гэтым каварстве людзі часта распазнавалі фальш. I тады зьяўляліся іраніч-
ныя трындушкі пра тое, што «Пятрусь Броўка піша лоўка, піша лоўка і даўно...»
Але што сёньня рабіць з усёй гэтай неабдымнай спадчынай сацрэалізму? He, мы ня станем адмаўляць і хаваць яе так, як яна сама ў свой час адмовіла і схавала несавецкую беларушчыну. Але мы мусім аднесьці яе да адпаведнага ёй разьдзелу не літаратуры, а іншае дысцыпліны — гісторыі таталітарызму ў Беларусі.
& & &
Сёньня ў Вільні адбываюцца спрэчкі вакол ідэі музэю таталітарнае скульптуры. У віленскіх газэтах адныя прапануюць паставіць усіх ленінаў і сталінаў у двары былога КГБ, у будынку якога цяпер разьмясьціўся суд. Іншыя супраць. Іх галоўны аргумэнт такі: як людзі будуць даваць у судзе паказаньні, бачачы ў вакне Леніна?
У гэткай палеміцы найвастрэй выявілася якраз тое, што сацрэалістычныя шэдэўры паводле ўзьдзеяньня на чалавека — гэта не культура, і зь іх ня можа вырасьці новы, нармальны культурны кантэкст. У такім сьвятле размовы пра высокую эстэтычную вартасьць манізераўскага Леніна на плошчы Незалежнасьці ў Менску гучаць недарэчна. Зразумела, фармалістычныя знаходкі могуць сустракацца і ў прадметах сатанінскага культу, чым па сутнасьці і была беларуская савецкая культура, але...
«Думаю, што многія з нас, савецкіх літаратараў, людзей партыйных, мараць калі-небудзь напісаць вобраз Уладзіміра Ільліча Леніна,
кожны ў сваім жанры», — яшчэ нядаўна выказваўся Іван Шамякін.
Як можна даваць паказаньні ў судзе, бачачы ў вакне каменнага Леніна? — уражана пытаюцца ў Вільні. Суд судом. Але як можна жыць, штодня сустракаючы каменных і бронзавых ленінаў на вуліцы і на пляцы? Як ня зблытаць эпохаў? Як выйсьці з гэтага, паводле Васіля Быкава, ружовага туману?
«Ружовы туман» — караценькае быкаўскае апавяданьне зь ягонае яшчэ нявыдадзенае кнігі прозы*. Савецкія партызаны падрабілі нямецкія прадуктовыя карткі і з тымі фальшывымі карткамі адправілі глуханямога селяніна ў краму. Маўляў, нам набярэш і сабе таксама. Той селянін, нічога не падазраючы, шчасьлівы, прынес з крамы прадуктаў. Фальшыўка спрацавала. I да глыбокае старасьці глуханямы захаваў бязьмежную ўдзячнасьць тым партызанам, так і ня ўведаўшы, што хадзіў з падробкай, што на ім выпрабоўвалі тыя карткі. Гэты стан Быкаў і назваў ружовым туманам маны.
Ёсьць, дарэчы, пра ружовы туман і ў Шамякіна. Фрагмэнт, варты параўнаньня:
«Дома! Як хораша дома! У суботу жыў у ружовым тумане. Цэлы дзень аглядаў сваю рэканструяваную дачу. Добра атрымалася. Расстаўляў мэблю. Хлопцы расстаўлялі па маім указаньні».
Гэта 1982 год. Наколькі ўсё ж адзін і той вобраз у розных аўтараў азначае рознае, супраць-
* Кніга Васіля Быкава «Сьцяна» выйшла ў Менску ў выдавецтве «НашаНіва» напрыканцы 1997 г.
леглае. Для аднаго — душэўны камфорт, для другога — аблудны наркатычны падман.
Магчыма, Быкаў стаў тым пісьменьнікам, які першы выйшаў з ружовага туману. Фігуральна кажучы, з Коласам беларуская літаратура ўвайшла ў гэтую хмару, надоўга згубілася ў ёй, а з Быкавым выйшла. Яшчэ ня ўся. Надта цяжка ёй гэта даецца.
Натуральнае пытаньне — што рабіць з тымі сотнямі літаратараў і дзясяткамі клясыкаў, якія цалкам упісаліся ў савецкі пэрыяд? Выбіраць зь іхнае творчасьці тое, дзе ня згадваюцца дыктатары? Але флюідамі таталітарызму прасякнутыя нават кнігі тых аўтараў, на якіх учора гадаваліся сёньняшнія незалежнікі і дэмакраты. Для пісьменьнікаў гэта было зацятае спаборніцтва, хто лепш апіша чалавечнасьць Леніна і ягоных паплечнікаў. А ў чытачоў у свой час нават паэма « Ленін думае пра Беларусь» абуджала пачуцьцё нацыянальнае годнасьці.
Пакінуць усё на водкуп чытачу? А школьныя праграмы, дзе й цяпер поўна чалавечных бальшавікоў, якія вяршаць свае акты справядлівасьці — раскулачваньне, выкрыцьцё шпіёнаў і сабатажнікаў, удалы расстрэл якога-небудзь папа?
На золаце — ўзьняты Кастрычніка сьцяг, Прасторы бязьмежныя, ясныя, Да сонца шырокі праложаны шлях, Багатыя нівы калгасныя...
Максім Танк
Пакінуць усё на водкуп рынку? Але з выдаленьнем савецкага кантэксту многія матывацыі ўчынкаў ды і проста рэаліі становяцца незразумелымі сучаснаму чытачу. Рынак адкідае гэтую літаратуру. А як быць зь яе відавочным амаралізмам, няшчырасьцю або перавернутым разуменьнем сьвету?
Камуністы — гэта слова, як са сталі, Камуністы — гэта слова, як з агню. Маркс і Энгельс нам імя такое далі Сто гадоў таму назад упершыню.
Аркадзь Куляшоў
Калісьці крытык Анатоль Сідарэвіч сказаў мне па сакрэце, што далі б яму волю, ён бы зь дзевяці тамоў Броўкі выбраў некалькі дзясяткаў «крэпкіх вершаў», і атрымаўся б прыстойны зборнік. Але ён казаў тое гадоў пятнаццаць назад. Сёньня, думаю, трэба было б зноў адбіраць — ужо з таго выбранага зборніка.
Дык хто мы?
Песьняры ці хлусьняры?
Я добра жыў: Пакутваў і спагадваў, Я веру Леніну Зь дзіцячае пары...
Няхай агнём бязьлітасным гарыць Сьвет бюракратаў, махляроў і гадаў.
Пімен Панчанка
Амаралізм у крыві гэтага антымастацтва. Вы можаце чытаць пра вясковыя сантымэнты або сцэны каханьня, захапляцца лёгкасьцю пяра.
празрыстасьцю апісаньня, але пры гэтым атрымліваць тыя самыя мэтастазы сатанізму. Бо оды Сталіну, чэкістам і партыі — гэта не маскіроўка або недаразуменьне паэтаў. Гэта іх шчыры стан душы, нават у момант замілаваньня прыродай.
Апанэнты звычайна кажуць, што адбор прывядзе да зьбядненьня літаратуры. Але гэта зьбядненьне для тых, хто сумуе па савецкай ярархіі, хто дагэтуль думае пра золата, якое для чытача даўно ператварылася ў іржу і гной. Адсюль непапулярнасьць літаратуры, яе разбэрсанасьць, нявыстраенасьць і неканвэртабэльнасьць. Яна, поўная «дарагіх усімімёнаў», нікому не патрэбная. Прычым творцы ружовага туману пераблытаныя ў ёй з сапраўднымі клясыкамі і разбураюць тую сапраўдную ярархію, якая мусіць выбудоўвацца сёньня.
Зьбядненьне літаратуры — міт. Калі яно й ёсьць, дык выяўляецца ў замоўчваньні або стрымліваньні сапраўдных шэдэўраў. Ніхто ня будзе сёньня чытаць усяго Коласа, але дасавецкі Колас складаецца з патэнцыйных бэстсэлераў. Колькі ні выдаюць «Вянок» Багдановіча ў адным шэрагу з кнігамі савецкіх паэтаў, a «Вянка» не купіць...
У савецкай Беларусі былі свае спосабы «пераацэнкі каштоўнасьцяў». Вымаліся, напрыклад, усе вершы Купалы, прысьвечаныя Сталіну. Але тут ніхто не казаў пра зьбядненьне Купалы. I каго гэта сёньня хвалюе, акрамя пяці спэцыялістаў-навукоўцаў. Паводле гэткае лёгікі, цяпер мы мусім выняць Леніна зь ягонымі паплечнікамі, кампартыю зь яе роляю,
прычым выняць як з тэксту, так і з кантэксту. Але такая «зачыстка» — гэта таксама мэтад таталітарнага рэжыму. У нашым жа выпадку даводзіцца сьцьвярджаць, што беларуская савецкая літаратура — гэта не разьдзел беларускай літаратуры, а, паўтаруся, разьдзел гісторыі таталітарызму.
Яшчэ адзін міт беларускай савецкай літаратуры — гэта яе эстэтычныя здабыткі. «Пахне чабор», «Сьцяг брыгады» і г.д. Але перачытайце гэтыя творы сёньня. Зразумела, што ў свой час, калі існавала адпаведная сытуацыя для ўспрыняцьця такой эстэтыкі, гэтыя творы пасвойму выдатна дапаўнялі «Марш энтузіястаў» і «Пастанову аб далейшым паляпшэньні палітыка-выхаваўчай работы». Але сёньня гэтага кантэксту няма ці, дакладней, амаль няма. I ўжо нічога не вытлумачвае тых або іншых пачуцьцяў Броўкі або Пысіна або Панчанкі. Выраз «Ленін думае пра Беларусь» успрымаецца цяпер як фатальнае таўро на нашай гісторыі 20 стагодзьдзя.
этэр 18 студзеня 1998 г.
Рэспубліка Радзіма
Адзін піцерскі знаёмец некалі распавядаў, што для расейскага вуха «Вячаслаў Францавіч Кебіч» гучыць як «Бэата Тышкевіч», гэтазначыць, не па-свойску. У тыя часы людзі ў Расеі, магчыма, упершыню адчулі, што брацішка-бе-
ларус жыве ў іншай краіне. Прычым адчулі на самым жорсткім, знакавым узроўні — на ўзроўні ўласных імёнаў. Тады ж, спрабуючы вярнуць братэрскае «едннообразне», сёй-той з палітыкаў тлумачыў, што ў Беларусі ўладу захапілі палякі. А мясцовыя нацыяналы, наадварот, вышуквалі ва ўласных імёнах глыбокія эўрапейскія повязі. I калі Кебіч сустракаўся з Колем, яны задаволена адзначалі, што сустракаюцца дзьве капусты: Кебіч — па-ангельску і Коль — па-нямецку.
Роля ўласных імёнаў, іх таемны ўплыў на лёсы людзей і ўсяго народу магутны і да канца невытлумачальны.
Мінулым разам мы гаварылі пра фіксаваную беднасьць на чалавечыя імёны, якая з савецкіх часоў гаспадарыць у Беларусі. Сашы з Машамі і Наташамі, безумоўна, пазычаныя ў суседняга народу, ствараюць пэўны абмежаваны прэйскурант, за межы якога ў загсах, дзе рэгіструюць дзяцей, выходзіць або не рэкамэндуюць, або нават забараняюць. У іншых народаў такіх жорсткіх абмежаваньняў «паводле ўсенароднай дамоўленасьці» не існўе. А ў дачыненьні да нас гэта сьведчыць пра абмежаваны кругагляд, што выяўляецца ці не ва ўсіх сфэрах жыцьця.