Вострая Брама
Сяргей Дубавец
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 520с.
2005
У такіх установах мне заўсёды згадваецца дакумэнт са справы пісьменьніка Максіма Гарэцкага. Дакумэнт датаваны 1938 годам і называецца пастановаю Тройкі УНКВД Смаленскай вобласьці. Колькі ні перачытваю гэтую ляканічную паперу, ніяк не магу зьвесьці канцы з канцамі. Словаў усяго чатыры: «Гарэцкага Максіма Іванавіча расстраляць». Сэнсу тут ня больш, чым у дажджы, ад якога загінулі 53 чалавекі. Гэта сапраўды літаратура. Адно насьцярожвае, што яна пазбаўленая мастацкай умоў-
насьці, і тыя, што загінулі, загінулі ў рэальнасьці. Забітыя ў часе спэктаклю акторы ўжо не падымуцца са сцэны.
А яшчэ дакумэнт пра Гарэцкага згадваецца таму, што калі яго — расстраляць, дык чаму б не расстраляць і каго заўгодна: мяне, цябе, вас? I атмасфэра пракурорскага кабінэту нібы пацьвярджае такое дапушчэньне. На стале ў спадара Балтунова беспарадак. Адна з наглядных справаў зьехала проста мне пад локаць. Чытаю на вокладцы прозьвішча — Сонейка. Рэальнасьць зноў адступае, расплываецца, вызваляючы месца літаратуры. Балтуноў судзіць Сонейка. Далей — болей, гэта справа аб рабаўніцтве. Усё зьляпіць у адзін сказ зноў ніяк не выходзіць. Рабаўнік Сонейка пад наглядам пракурора Балтунова. Я згадваю, што калі ён мне затэлефанаваў першы раз і прадставіўся, маёй натуральнай рэакцыяй было: хлопчык, перастань выдурняцца. Толькі пракурорскія ноткі ў голасе ўстрымалі мяне ад гэтых словаў.
Памочнік пракурора Балтуноў дапісвае мае паказаньні. Аднак літаратура працягваецца. Я як рэдактар газэты растлумачыў яму, якім чынам наш калектыў вылучыў карэспандэнта Славаміра Адамовіча ў гарадзкую камісію па выбарах прэзыдэнта Беларусі. Балтуноў падымае на мяне вочы апошні раз і бязь ценю сумневу ўдакладняе: «Вы маеце на ўвазе выбары ў мясцовыя саветы?» Мне застаецца толькі сьцепануць плячыма, але яго такі адказ задавальняе. Ну, даручылі высьветліць законнасьць нашага ўдзелу ў выбарах, ён і высьветліў. А што там былі за выбары — афіцыйныя ці апазы-
цыйныя, мясцовыя ці прэзыдэнцкія — гэта ўжо не ягоная справа.
I тут я пераходжу да іншага сюжэту. Пра тыя якраз выбары, дакладней, пра іхны кантэкст. Там таксама поўна літаратуры. Зянон Пазьняк зьняў сваю кандыдатуру, назваўшы апазыцыйныя выбары сфальсыфікаванымі і таму амаральнымі, а старшыня цэнтарвыбаркаму Віктар Ганчар у адказ заявіў, што з амаральным рэжымам немагчыма змагацца маральнымі сродкамі. Напэўна, яны спрачаліся пра славутую маральную палітыку. Але калі я паспрабаваў растлумачыць свайму літоўскаму прыяцелю, чаму Пазьняк выступіў супраць Ганчара, той не зразумеў. Дык яны ж абодва супраць Лукашэнкі, — зьдзівіўся ён.
I тут было пра што паразважаць. Значыць, яны не абодва супраць яго. Гэта ён супраць іх. Няма сумневу, што Лукашэнка даўно вядзе халодную вайну супраць апазыцыі. Ён вайну аб’явіў, Ганчар гэты выклік прыняў. А Пазьняк аб’явіў вайну Ганчару. Каб разабрацца ў гэтай блытаніне, у нас ёсьць больш рэалістычныя прычыны і выразныя арыенціры, чым у выпадках з дажджом і расстрэлам Гарэцкага. Асабіста мне дапамог разабрацца ў заблытанасьці выбарчай сытуацыі зварот Рады БНР з заклікам чынна ўдзельнічаць у гэтых выбарах. Маральны аўтарытэт Рады вышэйшы за такі самы аўтарытэт усіх удзельнікаў беларускага грамадзкага жыцьця. Дык вось Рада свайго звароту не адклікала, чым дала зразумець сваю пазыцыю.
Зразумела, што ўдзел Рады ў беларускім
жыцьці мае, як цяпер кажуць, віртуальны характар. Але зьвярніце ўвагу, калі я загаварыў пра гэта, як мала ў маіх словах стала літаратуры, і як паболела рэальнасьці. Прычыны і вынікі тут не выглядаюць супярэчліва і абсурдна. Наадварот. Гэта цешыць, бо пазначае поступ — гэтаксама, як і зьяднаньне беларускай апазыцыі супраць аўтарытарнага рэжыму і за Беларусь. Простая лёгіка ў гэтым выпадку становіцца дарэчнай.
этэр 5 сьнежня 1999 г.
Жыды: апраўданьне імя
За апошнія дзесяць гадоў колькасьць гэбрайскага насельніцтва Беларусі скарацілася радыкальна, амаль у пяць разоў — да трьіццаці тысяч. У параўнаньні зь перадваенным часам — жменька людзей. Ня стала іх, ня стала і нас. Іх — колькасна, нас — роўна настолькі ж — якасна. Яны — перамясьціліся ў Ізраіль і Амэрыку, везучы ў сваіх валізах незапатрабаваныя намі ізумруды нашай гісторыі і нашага духу з мацерыка Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.
Яшчэ да вайны жыды складалі палову насельніцтва беларускіх, літоўскіх, украінскіх, польскіх гарадоў і мястэчак. У Расею іх не пускалі, таму рыса аселасьці была тут. He ў апошнюю чаргу менавіта дзякуючы ім гэтая паласа зямлі ад Балтыйскага да Чорнага мора набыла
адзінства і свой характэрны выгляд, які ў нас асацыюецца з ВКЛ. Сёньня мы, беларусы, існуем у стане адчужанасьці зь літоўцамі ды ўкраінцамі і задаемся пытаньнем: як гэта мы з гэтымі народамі пражылі ў межах адной краіны паўтысячы гадоў? Аднак варта ўявіць сабе колішняга падарожніка ад Каралеўца да Крыму, які паўсюль сустракаў жыдоў, а яшчэ татараў і польскамоўную шляхту, каб зразумець, што гэтая зямля мела адзіны культурны ляндшафт. Менавіта жыды надавалі нашай цэнтральнаэўрапейскай супольнасьці адзіны кшталт.
У Расеі іх не любілі, таму слова «жыд» у расейскай мове стала абразьлівым. Разам з русіфікацыяй тыя ж адносіны зьявіліся і ў нас. Літоўцы трымаліся за свайго «жыдаса», палякі — за свайго «жыда», інстынктыўна разумеючы, што той, хто зрабіў імя іншае нацыі ў сваёй мове абразаю, не ад тае нацыі адняў, а ад сябе.
Аднак і прынесены нам наўзамен «жыда» куртаты ў беларускім гучаньні расейскі «яўрэй» не прыжываўся. Спатрэбілася забараніць клясычныя тэксты беларускай літаратуры, у тым ліку і Купалаў верш «Усебеларускія жыды», каб правесьці гэтую ўніфікацыю, каб і мы пачалі разьвіваць у сабе пачуцьцё бытавога антысэмітызму. Прытым зьмена адносінаў да жыда стала зьменаю адносінаў да беларуса. Калі жыд — абраза, тады і беларус — абраза. Жыд — скнара, а беларус — калхозьнік. I далей: пшэк — таргаш, украінец — хахол, літовец — лабус. Абразы, абразы... Харошы толькі
расеец, які шчодра дзяліўся з намі сваім імпэрскім шавіністычным пачуцьцём. I мы прымалі гэта, не разумеючы, што фатальна страчваем сябе.
Але зьвернемся да статыстыкі. На жаль, нам не ўдалося атрымаць дакладныя зьвесткі апошняга перапісу насельніцтва Беларусі, хоць гэтая статыстыка ўжо гатовая. Тыя, хто яе рыхтаваў, спаслаліся на сакрэтнасьць. Тым ня менш, Сяргей Харэўскі дазнаўся, што за апошнія 10 гадоў колькасьць жыдоўскага насельніцтва ў Беларусі зьменшылася ў пяць разоў.
Сяргей Харэўскі:
Колькасьць жыдоўскага насельніцтва ў Беларусі расла да апошняй вайны. У Менску і ў Вільні іх было па 43 працэнты, у некаторых мястэчках і таго болей.
У 1918 годзе, калі стваралася Беларуская Народная Рэспубліка, беларушчына з жыдоўствам ішлі поруч. I першая, і другая Устаўныя Граматы БНР дэкляраваліроўнасьць усіх народаў і моваў. У адказ на гэта жыдоўская фракцыя Менскаіі гарадзкой думы заявіла пра падтрымку беларусаў, пра ўдзел у стварэньні БНР і выдаткаваньне грошай на беларускія справы.
I ў БССР ад пачатку ўлады таксама прыхільна ставіліся да жыдоўства, стпвараючы прэсу, школы, тэатры. На гербе БССР быў зроблены надпіс на ідыш. Невыпадкова таму жыды ў большасьці засталіся тут. Калі ж запрацавалі сапраўдныя мэханізмы бальшавізму, уцякаць ім ужо не было куды. й не было як.
Ва Ўсходняй Беларусі ў 1939 годзе налічвалася крыху больш за 400 тысячаў жыдоў, альбо 8 з паловай працэнта ўсяго насельніцтва БССР. I гэта была тут самая шматлікая нацыя пасьля беларусаў.
Блізу таго склалася сытуацыя і ў Заходняй Беларусі. Але... У тым самым 1939 годзе сюды з Польшчы хлынула шмат уцекачоў, якія ратаваліся ад немцаў. Колькасьць жыдоў у Беларусі перавысіла мільён чалавек...
Заходнебеларускія мястэчкі былі літаральна перапоўненыя гэтымі людзямі. Яны жылі нават у сынагогах. Як польскія грамадзяне яны, часьцяком не трапляючы ў савецкую статыстыку, траплялі ў савецкія лягеры. Тыя ж, хто застаўся тут, застаўся назаўсёды. У магілах. Гэтак нямецкія нацысты перакрэсьлілі цывілізацыю, што праіснавала ў нас паўтысячы. гадоў, стаўшы неад’емным складнікам беларускасьці. Невялікая частка беларускіх жыдоў была эвакуяваная ў глыбіні савецкае Эўразіі. Тых, хто вярнуўся сюды па вайне, было зусім няшмат. Людзі не хацелі вяртацца ў вусьцішныя ўспаміны. Таму па вайне ў Беларусі зьявіліся жыды з Украіны, Расеі, Прыбалтыкі. Адначасова з колькаснымі адбыліся й зьмены якасныя. Паваенныя жыды былі ўжо часткаю савецкае інтэлігенцыі. У 1959 годзе жыдоў у БССР стала 150 тысячаў чалавек. Гэта была самая вялікая паваенная лічба. Бо, пачынаючы з 1970-х, спачатку павольна, а пасьля ўсё больш хутка, яны пачалі пакідаць Беларусь, ад’яжджаючы з краіны саветаў у вольны сьвет. Напрадвесьні беларус-
кае незалежнасьці, у 1989 годзе, іх было ўжо 112 тысячаў.
Незалежнасьць Беларусі не прынесла чаканага жыдоўскага адраджэньня. Гэтым разам іх пагнала з нашае краіны ўсёразам — радыяцыя, эканамічны крызіс і... доўгачаканая свабода выбару. Ужо сёньня дэмографы й сацыёлягі прагназуюць, што жыдоў у Беларусі засталося блізу 30 тысячаў.
Калі расстаўляць акцэнты, дык галоўныя страты ў гэтай статыстыцы прыпадуць на гады вайны, якія для жыдоўскага насельніцтва сталі гадамі татальнага вынішчэньня. Гартаючы леташні зборнік артыкулаў пра жыдоў Беларусі, іх гісторыю і культуру, я натрапіў на артыкул Аркадзя Лейзерава, які расшукаў у архівах зводкі нямецкага камандаваньня пра апэрацыі супраць жыдоўскага насельніцтва на акупаванай беларускай зямлі ў 1941 годзе. Маштабы генацыду ўражваюць.
Пры фільтрацыі ў Менску мужчынскага лягеру цывільных асобаў і ваеннапалонных «спачатку расстраляна 1050 жыдоў. Астатнія штодзённа дастаўляюцца на экзэкуцыю».
Кідаецца ў вочы, што колькасьць расстраляных у розных мясцовасьцях, як правіла, супадае — крыху больш за тысячу.
Гэтак у зводцы ад 24 ліпеня паведамляецца, што ў Слоніме пачата акцыя «супраць жыдоў і варожых элемэнтаў. Арыштавана больш за дзьве тысячы чалавек, зь іх 1075 расстраляныя».
Яшчэ адзін істотны факт, які зьвяртае на
сябе ўвагу ў нямецкіх дакумэнтах — гэта характарыстыка беларускага насельніцтва ў тых умовах. Фашыстоўцы наракаюць на беларусаў, што яны зусім не заражаныя антысэмітызмам і замест таго, каб расстрэльваць жыдоў, усё памыкаюцца неяк схаваць іх, завезьці ў лес.