• Часопісы
  • Вострая Брама  Сяргей Дубавец

    Вострая Брама

    Сяргей Дубавец

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 520с.
    2005
    108.8 МБ
    •к’к'к
    У чым адмысловая жывучасьць амэрыканскае мадэлі? Найперш, у адносінах да права. Закон тут не рэгулюе жыцьцё, а забясьпечвае свабоду людзей. Дзеля параўнаньня дастаткова зірнуць на правы прэзыдэнта і прэсы.
    У адрозьненьне ад кіраўніка РБ, Клінтан мае фактычна толькі адну магчымасьць рэальна ўмешвацца ў палітыку — гэта накласьці вэта на рашэньне Кангрэсу. Усё астатняе робіць Кангрэс. А што ж прэзыдэнт? Ён цэлымі днямі «сядзіць на тэлефоне» і ўгаворвае кангрэсмэнаў галасаваць за патрэбны яму законапраект. Патрэбны, але не ягоны, бо сам ён права заканадаўчай ініцыятывы ня мае.
    Наагул, усё жыцьцё ў ЗША точыцца шляхам дамоўленасьцяў і пагадненьняў. Менавіта гешэфты, а не закон, рэгулююць жыцьцё. Закон існуе для забесьпячэньня гешэфтаў — раўнапраўных і свабодных. Амэрыканская сыстэма нагадвае мне джазавую кампазыцыю, у якой фрагмэнты яснай мэлёдыі зараз жа вар’ююцца і разьвіваюцца ў розныя бакі, нібы імкнуцца адлюстраваць усю заблытанасьць жыцьця. На канцэрце піяніста Дзіка Хаймэна ў Цэнтры імя Кенэдзі мне падумалася, што джаз — гэта ўцёкі ад банальных рашэньняў.
    Што да прэсы, дык у Амэрыцы няма ніводнага дзяржаўнага выданьня, радыё або тэлеканалу. Голас Амэрыкі і Радыё Свабода — дзяржаўныя, але іх забаронена трансьляваць на тэрыторыю ЗША. Адзіны нарматыўны акт аб прэсе — гэта прыняты ў 1934-м годзе закон, які забараняе цэнзуру з боку ўладаў. I гэта такса-
    ма своеасаблівае, не такое, як у нас, разуменьне законаў. Законы абараняюць ня друк, а народ — ад умяшальніцтва ўладаў у сродкі масавай інфармацыі. Дарэчы, у ЗША ніколі й не было дзяржаўных выданьняў. I прэзыдэнт краіны, каб выступіць у тэлевізіі, мусіць дамовіцца з тэлекампаніямі. А яны пры гэтым будуць яшчэ й круціць носам — ці скажа ён чаго цікавага, і ці спадабаецца гэта іхным гледачам.
    Урад у прынцыпе ня можа чагосьці прадпісаць прэсе або закрыць выданьне. Хутчэй наадварот. Скандальная адстаўка Ніксана была ажыцьцёўленая фактычна двума журналістамі Washington Post. Ды і пад сёньняшнім прэзыдэнтам разгойдвае крэсла прэса. Менавіта амэрыканскія рэаліі нарадзілі сьцьверджаньне, што прэса — чацьвертая ўлада, якое часам без усялякіх падставаў ужываюць беларускія журналісты.
    Я ўвесь час думаю пра тое, чаму тут, у Амэрыцы, пазаставаліся многія не апошнія людзі Беларусі, сярод якіх нямала і маіх знаёмых? Адказ, відаць, ня можа быць адзін.
    Па-першае, тут няма бытавое нянавісьці, адсутнасьць якой я заўважыў яшчэ ў Лёндане. Ніхто нікога ня шчэміць проста так, дзеля самазадавальненьня. I гэта галоўны плюс.
    Па-другое, даходы тут на ўзроўні чалавечых жаданьняў — кожны звычайны жыхар набывае дом, машыну і што там яшчэ трэба для таго, «каб дастойна сустрэць старасьць».
    Па-трэцяе, тут давяраюць. У краме, у доме, паўсюль. Цана даверу нашмат большая, чым у нас. I калі ты скрадзеш, або падманеш, ганьба будзе неадэкватна (па-нашаму) вялікая.
    Трох гэтых пунктаў ужо дастаткова, каб наш зямляк пераканаўся, што нічога такога ў Беларусі пры ягоным жыцьці ня будзе, і падаў заяву на эміграцыю. Летась 750 беларусаў выйгралі грын-карту. Нельга нават уявіць, колькі іх прайграла — у сто разоў болей ці ў тысячу.
    Фактар радзімы пакрываецца словам «Чарнобыль». Г.зн., эміграцыя для дзяцей і для здароўя ня можа падлягаць маральным сумневам.
    Што яшчэ? Свабода. Абсалютна незразумелае ў Беларусі слова. Па вяртаньні ў Менск мне сходу давялося прачытаць у газэце тэзу пра тое, што журналіст — гэта самая дзяржаўная прафэсія...
    Ну вось, бадай, і ўсё. Усё астатняе 50/50. Зямля ў нас прыгажэйшая. Яшчэ з самалёта я глядзеў на нашыя ўзьлескі і згадваў вашынгтонскі Патамак, у якім ня здолеў абмыць твар — такая брудная там вада. I людзі нашыя, падалося, у масе сваёй прыгажэйшыя. Дык чаму ўсё ж імкнуцца туды нашыя землякі і не вяртаюцца? Можа таму, што ня меў рацыі Багушэвіч — Бог дзеліць якраз роўна, і меў рацыю Караткевіч — каму найлепшая зямля і найлепшы народ, таму найгоршае ў сьвеце начальства? У нашага народу было дастаткова часу, каб пераканацца, што балянс у гэтай справе ёсьць вялікай раўнавагай існаваньня, якой нельга парушаць, бо інакш — зноў вайна ці зноў рэвалюцыя. I таму яны галасуюць за Лукашэнку,
    а выбіраюць Клінтана, пішучы заявы на конкурс зялёных картак.
    Што да прысутнасьці Беларусі ў амэрыканскім жыцьці, дык тое «замоўчваньне», якое можа часам раздражняць у Менску, тут успрымаецца зусім натуральна. Вялізная, 270-мільённая фэдэрацыя, складзеная з 50 штатаў, у кожнага зь якіх ёсьць свая канстытуцыя, жыве ў цалкам самадастатковым сьвеце. Што ім Беларусь. Беларусь? — перапытваюцца яны. Расея? Soviet Union? У кнігарнях я сустракаў тут толькі адну кнігу, дзе можна прачытаць пра нашу краіну — гэта фундамэнтальны даведнік «Расея — Украіна — Беларусь». Наш разьдзел пачынаецца на 1019-й старонцы. Герб Пагоня выяўлены побач з партрэтам першага прэзыдэнта. Тое самае ў сувэнірных крамах, якія спэцыялізуюцца на сымболіцы розных краінаў — можна знайсьці значкі, гадзіньнікі, папяльнічкі зь бел-чырвона-белым сьцягам, а побач — з савецкім, чырвона-зялёным. Прычым выраблена гэта ўсё ў Кітаі.
    На сустрэчы з рэдактарам міжнародных навінаў CNN я спытаўся, хто ў іх фармуе ўяўленьне пра Беларусь, і атрымаў адказ: маскоўскае бюро. Тое самае мне сказалі і ў міжнародным аддзеле Washington Post. Цікава, што падзеі ва Ўкраіне для гэтай газэты асьвятляе варшаўскае бюро.
    У вашынгтонскім Newseum — адзіным у сьвеце інтэрактыўным музэі інфармацыі — ёсьць карта сьвету, на якой усе краіны расфар-
    баваныя ў тры колеры, у залежнасьці ад становішча прэсы: свабодная яна, не зусім свабодная або зусім несвабодная. Тут у коле сваіх суседзяў — вольных Польшчы, Літвы, Латвіі, не зусім вольных Украіны і Расеі, — Беларусь зафарбаваная самым нядобрым колерам. Музэй належыць арганізацыі Freedom Forum, якая ўважліва сочыць за становішчам прэсы ў нашай краіне, ведае пра арышты журналістаў, дзяржаўную манаполію і барацьбу прэзыдэнта зь незалежнымі выданьнямі.
    Так ці інакш, у мяне склалася ўражаньне, што Амэрыка гатовая прыняць Беларусь у сваю інфармацыйную прастору. Прынамсі БЫЛА гатовая пару гадоў таму. Але сёньня справа застопарылася. Пераходны пэрыяд. Два сьцягі, інфармацыя праз Маскву і немагчымасьць што-колечы растлумачыць. Я доўга расказваю перакладчыку Білу пра наш back in USSR і пра тое, як гэта б’е па свабодзе, па культуры і эканоміцы, а ён заўважае, што ў апошнім нумары часопіса Economist для Беларусі прагназуецца эканамічны рост. Дай Бог, — кажу я і адпраўляюся на скрыжаваньне P-street і 22-й вуліцы, каб дзеля падмацаваньня свайго нацыянальнага аптымізму прачытаць на помніку словы ўкраінскага песьняра:
    ...колн
    мн діждемося Вашннгтона з новнм і праведннм законом? А діждемось такн колнсь!
    этэр 20 сьнежня 1998 г.
    Маўчаньне паэтаў
    Гэтаму пытаньню ўжо дзесяць гадоў. I я ўрэшце наважваюся яго задаць. Чаму беларускія паэты, якія ў другой палове 1980-х, на выхадзе з камунізму, сталі ледзьве ня знакамі гэтага выхаду і нацыянальнага адраджэньня, чаму яны перасталі пісаць вершы? Адам Глёбус, Анатоль Сыс, Ігар Бабкоў, Алег Мінкін... Тады, у другой палове 1980-х, іхнае лідэрства ў паэзіі было бясспрэчным і зусім не выглядала на часовае. Нацыя, маладая й сьвядомая яе частка, бачыла ў іх новых багдановічаў і купалаў, як мінімум, творцаў, пакліканьне якіх не падлягае сумневу. I раптам на пачатку 1990-х яны замаўкаюць, прападаюць як паэты, ня пішуць. Чаму?
    Адам Глёбус: Ня я пішу вершы, а вершы пішуцца мною. Я толькі запісваю словы,радкі, сказы. Быў час, калі гэтыя радкі й словы складаліся ў вершы. Цяпер яны складаюцца ў афарызмы, нататкі й апавяданьні. А паэзія пакінула мяне.Ды й ня толькі, зрэшты, мяне. Яе вялікасьць паэзія пакінула пакаленьне маіх аднагодкаў. Прымусіць яе вярнуцца няма ніякай магчымасьці. Адно, што застаецца, гэта быць гатовымі да яе вяртаньня. Я гатовы.
    Свой апошні паэтычны зборнік «Скрыжаваньне» Адам Глёбус выдаў у 1993-м. А перастаў пісаць вершы, мабыць, яшчэ раней. У Ігара Бабкова кніжка «Solus Rex» выйшла ў 1992-м.
    Ігар Бабкоў: Маўчаньне паэтаў... Уменьне маўчаць і слухаць прыходзіць з узростам. Голас, які напачатку мае шмат абэртонаў, пачынае дрыжаць, ламацца і ўрэшце зьнікае, прападае ў цішыні сьвету. Крытыкі й чытачы заўважаюць: паэт болый ня піша. Паэты ня пішуць — гэта мэханічны вынік больш глыбокай зьявы: паэты маўчаць. Але маўчаньне паэтаў — гэта не маўчаньне паэзіі. Тыя, хто мае паэтычны слых, могуць пачуць у гэтай цішыні нават больш, чым у новых бадзёрых прамаўленьнях. Раптам пачынаюць перачытвацца старыя забытыя вершы. Яны ўжо чытаюцца па-іншаму, не як літаратурная прадукцыя, частка агульнага працэсу, не як падстава нацыянальнага гонару (I ў нас ёсьць добрыя паэты!) альбо сораму (Божухна, колькі графаманаў!), яны чытаюцца проста як вершы. Маўчаньне заўсёды гоіць, і паэзія тут не выключэньне. Прыгадайце свой стан спустошанасьці, вычарпанасьці пасьля даўгіх прамаўленьняў, асабліва калі гэта істотныя словы, што патанулі ў агульным шуме. Стан маўчаньня, затрымкі, устрыманьня — гэта стан ня толькі сёньняшняй паэзіі, гэта стан усёй беларускаіі літаратуры. Літаратура нібы заціхла перад рэчаіснасьцю, літаратура нарэшце дазволіла сабе падзеньне ўглыб. Хіба толькі голас Быкава гучыць з самых прадоньняў беларускаіі безнадзейнасьці. А потым у паэтаў зьяўляецца іншы голас — голас ценю.
    Адзіны зборнік вершаў Сержука СокалаваВоюша пабачыў сьвет у 1989-м. Ён называўся «Кроў на сумётах».
    Сяржук Сокалаў-Воюш: Паэта ня можа не пісаць. Амаль нічога не стварыў у часе фізычнай эміграцыі Адам Міцкевіч і, зноў жа, амаль — у часе духовай эміграцыі — Анатоль Сыс. Але нястворанае на паперы ня ёсьць няствораным наагул. Яно — непрачытанае. Біяграфіі абодвух згаданых паэтаў гавораць самі за сябе. Да гэтых біяграфіяў можна ставіцца па-рознаму, але нельга адмаўляць, што яны — Біяграфіі, у якіх для нас ёсьць цэнтар — паэзія, і навакольле, магчыма, не такое паэтычнае для сучасьнікаў, але цалкам прымальнае для нашчадкаў.
    Паэта ня можа не пісаць. Наш чалавечы слоўнік забедны на маўчаньне. Тупое, шматзначнае, немае, таямнічае — усё гэта эпітэты. А яно, маўчаньне, ніколі не бывае толькі такім. Яно, як сьнег у якутаў, які ніколі не бывае проста сьнегам. Маўчаньне можна пачуць, можна зразумець, але ня можна выказаць. Можа быць, некалі мы ці нашыя нашчадкі, зможам прачытаць маўчаньні паэтаў, і, можа быць, гэтыя маўчаньні будуць больш геніяльныя, чым пісаньні. А можа быць, іх і наагул ня трэба будзе чытаць. Прыходзіш у краму і набываеш касэтку, якая называецца «Маўчаньне Адама Глёбуса», і слухаеш. Але пакуль што гэта тэма для фантастаў.