• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вострая Брама  Сяргей Дубавец

    Вострая Брама

    Сяргей Дубавец

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 520с.
    2005
    108.8 МБ
    XXI
    стагодзьдзе
    о н W
    •н
    XD
    •н ю
    Сяргей Дубавец
    Вострая Брама
    Сяргей Дубавец
    Вострая Брама
    беларускі культурны кантэкст на мяжы стагодзьдзяў
    Выбраныя перадачы Радыё Свабода (1997—2004)
    Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода
    Сяргей Дубавец. ВОСТРАЯ БРАМА. (Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе). — Радыё Свабодная Эўропа/ Радыё Свабода, 2005. — 520 с.
    Мастак Генадзь Мацур
    Карэктар Аляксандра Макавік
    Фота на вокладцы Дзяніса Раманюка
    «Вострая Брама» — супольны праект Радыё Свабода і рэдакцыі газэты «Наша Ніва». У 1998 годзе перадача была ўганараваная прэміяй імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭН-цэнтру. У цяперашняе выданьне ўвайшлі выбраныя скрыпты.
    ISBN 0-929849-09-4
    Звон Вострае Брамы
    У Вострай Браме звону няма. Але хто мае прымач, чуе «Вострую Браму» ўжо восьмы год — кожны тыдзень, у нядзелю ўвечары, у Беларусі й Сібіры, Амэрыцы і Аўстраліі слухачы ловяць акорды Брамса, якія адкрываюць перадачу.
    У паўвекавой гісторыі «Свабоды» «Вострая Брама» стварае прэцэдэнт — маратон аднаго аўтара, які мае паўгадзіны этэру і свой погляд на сьвет. Гэта сьвет, дзе мінулае яшчэ не мінула, дзе сапраўднасьць шукае сваё аблічча, дзе самыя простыя рэчы выглядаюць няпэўнымі, бо адсутнічаюць каардынаты нормы.
    «Вострая Брама» аднаўляе кантэкст — нацыянальны, эўрапейскі, агульначалавечы.
    «Вострая Брама» робіцца ў Вільні — зь любога іншага месца рабілася б іншая перадача. Віленскі погляд дае адчуваньне, якой была і якой можа стаць беларуская Беларусь.
    Калі ў сэрцы трывога і жах за радзіму, першым, што ўспомніў паэт, стала Вострая Брама.
    На пераломе стагодзьдзяў Сяргей Дубавец вяртае Вострую Браму ў Беларусь.
    Аляксандар Лукашук, Радыё Свабода, Прага
    Зьмест
    Звон Вострае Брамы. АЛукашук | 5
    Вострая Брама і Курган Славы. Як іртуць і вада | 8
    «Ружовы туман». Сацрэалізм | 15
    Рэспубліка Радзіма. Імя краіны | 21
    Крыху нянавісьці для паўнаты жыцьця.
    Падарожжа у Лёндан | 25
    Сьвятло, зашыфраванае ў смузе.
    Падарожжа ў Вашынгтон | 33
    Маўчаньне паэтаў | 43
    Панарская бітва(1831) | 49
    Літаратура-пракуратура | 58
    Жыды: апраўданьне імя | 63
    Мова-2000. Наватворы 20 cm. | 72
    «Сказ пра Лысую гару» | 81
    100 гадоў Наталі Сарот | 93
    Яцак Крышталевіч — гарадзкі вар’ят | 102
    Загадка Караткевіча | 113
    Друскенікі ў лютым | 121
    Падарожжа ў 20 стагодзьдзе | 133
    Пасаджэньне на кол (1) | 145
    Пасаджэньне на кол (2) | 156
    Джэром Сэлінджэр. «Лавец у жыце» | 165
    Цэнзура | 174
    «Восень патрыярха» | 184
    Амэрыканская трагедыя. 11 верасьня 2001 г. | 197
    Магіла Каліноўскага | 210
    Кен Кізі. Беларусізацыя Амэрыкі | 220
    Дзіцячыя хаўтуры. Фэномэн безэмацыіінасьці | 228
    Сюжэт пераўвасабленьня: Пэгі Лі | 238
    Нацыя паэтаў і яе хросныя бацькі | 243
    «Дон Кіхот» — найлепшая кніга на ўсе часьі | 258
    Стаянка першага чалавека | 267
    Грошы | 281
    Элвіс Прэсьлі | 291
    «Крывавае сьвята» | 301
    Алесь Адамовіч | 308
    Менск: горад, складзены зь вёсак | 320
    «Рэспубліка-партызанка» | 341
    Тодар Кляшторны | 353
    Натальля Арсеньнева. Таямніца творчасьці | 367
    Натальля Арсеньнева. Доры | 376
    Лукаш Бэндэ. Даносчык праўды | 387
    Марцін Кухта | 398
    Аляксандар Салжаніцын. Жыць без ілжы | 408
    Апраўданьне Антона Луцкевіча | 422
    Невядомая вайна | 433
    Тайна Мярлінскіх хутароў | 442
    Зьмест «Вострае Брамы» за сем гадоў | 452
    Паказальнік асобаў | 498
    этэр 12 кастрычніка 1997 г.
    Вострая Брама і Курган Славы
    Мы крочым праз вострыя брамы, якія ўтварае пара дарагая, мая залатая пара.
    Але нас ня золата вабіць, што ўрэшце абернецца бруднай іржою і гноем, а готыка голых таполяў, што рукі скрыжоўваюць недзе ля самага шэрага, шэрага, шэрага неба.
    Мы рушым праз новыя вострыя брамы старыя, як некалі, поруч, і вера вяртаецца нам, і нешта нам кажа, што мы не адзіныя ў сьвеце.
    Тацяна Сапач
    Вострае Брамы ў «Энцыкляпэдыі архітэктуры Беларусі» няма. Гэты помнік дойлідзтва 16 стагодзьдзя на ўезьдзе ў старую Вільню апынуўся за адміністрацыйнай мяжой краіны. Сёньня гэта Вільнюс, Літоўская Рэспубліка. Разам з тым Вострая Брама застаецца цэнтральным вобразам беларускай сьведамасьці, культуры, паэзіі. Нездарма адзін з нашых нацыянальных гімнаў ужо ў трэцім радку згадвае пра яе:
    Толькі ў сэрцы трывожным пачую За краіну радзімую жах, — Ўспомню Вострую Браму сьвятую I ваякаў на грозных канях.
    Максім Багдановіч
    Прызнацца, я доўга шукаў якіх іншых архітэктурных сьвятыняў з гэтага шэрагу — тых, што згадваліся і апяваліся б у беларускай клясычнай паэзіі гэтаксама часта, як Вострая Брама. У выніку шэраг намаляваўся незвычайны: касьцёл Сьвятой Ганны, Замкавая гара, званіца Сьвятога Яна... — усё Вільня, спрадвечная сталіца краю. Яшчэ, можа быць, Полацкая Сафія або Наваградзкі замак разглядаюцца як унівэрсальная беларуская сымболіка. Але на паўнавартасную паэтычную анталёгію можа прэтэндаваць толькі Вострая Брама, у якой месьціцца цудатворны абраз Божае Маці, аднолькава дарагі як для каталікоў, так і для праваслаўных.
    ...Твар то збляднее, то зробіцца ў плямы...
    Стане прад маткай сьвятой з Вострай Брамы,
    Просіць: «Прачыстая, згінуць ня дай, Гора адкінь, ад бяды захавай!» —
    гэтак Алесь Гарун распавядае пра пакуты гераіні свае «Засьцянковае аповесьці». На мяжы 19 і 20 стагодзьдзяў абразкі Вастрабрамскай Божай Маці былі ў хатах па ўсёй Беларусі — як галоўны абярэжны знак. Яшчэ ў канцы мінулага стагодзьдзя Янка Лучына апісаў такі абразок у сваіх «Паляўнічых акварэльках з Палесься»:
    Гаспода вось. На градцы посуд. Чыста ў хаце. Абраз з выявай Божай Вастрабрамскай Маці На покуці ў вянку...
    Але найчасьцей апявалі ў нас гэтую сьвятыню каталікі, паэты-ксяндзы:
    0, Маці Божая, што ў слаўнай Вострай Браме, Як зорка ясная, нам сьвеціш заўсягды... —
    пачынае сваю «Малітву» Андрэй Зязюля. У іншага паэта-сьвятара Казімера Сваяка верш на гэтую тэму — адзін зь лепшых у творчым даробку:
    Вастрабрамска Маці Божа Краска чыстая, прыгожа. Міласэрдзе Твае волі Сьвеціць Вільні у нядолі.
    Уся Цябе Русь славіць Бела I Літва і Польшча цэла, Бо Ты маці міласьціва, Сваім дзеткам дабратліва...
    Сьвятыня краю магла служыць для паэтаў і проста адметным будынкам, і тапаграфічным арыенцірам у горадзе, як, напрыклад, у Міхася Кавыля. Ён усю ноч шпацыраваў з каханаю па Вільні, а разьвіталіся яны раніцою каля Вострай Брамы. Такіх згадак у беларускай паэзіі шмат. Мяне ж цікавяць сапраўдныя паэтычныя пэрліны, якія запамінаюцца адразу і назаўсёды. Адзін з такіх твораў належыць пяру Алеся Салаўя, які ў 1944-м разьвітваўся зь Вільняй, яшчэ ня ведаючы, што астатняе жыцьцё яму давядзецца пражыць у Аўстраліі. Верш называецца «Ля Вострай Брамы»:
    I прашчуры схілялі тут галовы... Мінаю я праход Яе сьвяты, а вусны шэпчуць дабравесьця словы: — Сьвятая Ты!
    За Ёй — і старадаўная сталіца мае радзімы ў чарах пекнаты. Ізноў табе прыехаў пакланіцца — — Сьвятая Ты!
    У вершы іншай эмігранткі, Натальлі Арсеньневай, Вострая Брама ўяўляецца індульгенцыяй, прошчай. А ірваная музыка верша гучыць роспачна і зусім непадобна на звычайна мэлядычныя творы паэткі:
    Выходжу й гукаю, гляджу, выглядаю — нямашка... У ходзішча шчырбах каштанавы тае сьнег. Праз дошкі кастрывыя крыва ўсьміхаюцца крамы.
    (На яве ўсё гэта? У сьне?)
    Чыйсь крок невясёлы і важкі. — Дзе Вострая Брама?
    — Нямашка.
    Кажучы пра нацыянальныя сымбалі, што апетыя беларускай паэзіяй, я да часу ня згадваў савецкіх вершаў. Там мы знойдзем індустрыйны Менск, гіганты прамысловасьці, якія цяжка ўпісаць у шэраг нацыянальных сьвятыняў, а найперш — Хатынь і Курган Славы. У савецкай сыстэме каардынат уласна беларушчына пачынаецца зь мінулай вайны. Гэтаксама як дзень незалежнасьці сёньня прызначаны на дату вызваленьня Менску ад немцаў.
    Дзьве сыстэмы сымбаляў: Вострая Брама і Курган Славы — як іртуць і вада, ніякім чынам не спалучаюцца, не ўзаемапранікаюць. Немагчыма ўявіць сабе паэтычны твор, дзе б згадваліся абедзьве гэтыя сьвятыні. Як, зрэшты, немагчыма ўявіць сабе верш Максіма Багдановіча пра Хатынь. Тут нам адкрываецца глыбокі раскол нацыянальнае сьвядомасьці. Напэўна, нават больш глыбокі, чым падзел на канфармізм і нонканфармізм, савецкую і несавецкую беларускую культуру. Верш пра Курган Славы цалкам мог напісаць Янка Купала, бо «курган» — ягонае слова, назва хрэстаматыйнай паэмы і скразны вобраз усёй ягонай паэзіі. Але пра Вострую Браму Купала не пісаў ніколі. Дый вершы пра Вільню ў яго выходзілі нейкія непаважныя, гратэскавыя...
    Над Вяльлёй-ракой, Па гары крутой
    Туман сьцелецца;
    Hi то лом-ламок, Hi то дом-дамок
    Там віднеецца...
    Найлепей вытлумачвае такія адносіны да Вільні і Вострае Брамы Міхась Машара ў сваёй паэме «Падарожжа». Часам можна пачуць думку, што менавіта такі падыход — сапраўды беларускі, народны.
    Іду далей... вось Востра-брама.
    Зьнімаю шапку (трэба тут).
    Малітвай раньняю сабраны Каля муроў таўпіцца люд.
    Я не малюсь мурам і тайнам Незразумелым і пустым.
    Мой Бог ■— такі прасты, звычайны, Але магутны і жывы.
    Яго аўтар — лясы і поле, Яго сялібай — даль і шыр, I гай зялёны на прывольлі Шуміць імшой, як манастыр.
    I я малюсь Яму з калосьсем,
    I я малюсь Яму з травой, I ў веснашумаў адгалосьсі Гуторыць часта Ён са мной.
    Вось у чым справа. Тое, што ў нас называлі народнасьцю ў дачыненьні да літаратуры — гэта насамрэч дух паганства. Вострая Брама і Курган Славы ўступаюць у этычны і эстэтычны канфлікт менавіта як хрысьціянская і паганская сьвятыні. Можна працягнуць гэтую палярызацыю на ўсё, што сёньня адбываецца ў
    Беларусі. Ледзьве абазначыўся ў нас эўрапейскі, хрысьціянскі тып цывілізацыі, як зараз жа быў зломлены і адмоўлены рэваншам паганства.
    Падзел сьвядомасьці паміж Вострай Брамай і Курганам Славы можна разглядаць таксама як падзел паміж арыстакратычнымі і пралетарскімі стэрэатыпамі, паміж культурай сэрца і стыхіяй душы. Праекцыя гэтага ўнутранага расколу праглядаецца ў беларускіх палярызацыях «захад — усход», «каталіцызм — праваслаўе». Вынікі гэтага падзелу — у неаб’яднанасьці свайго. Калі цётка гаворыць «па-нашаму», але не прызнае, што па-беларуску. Калі намэнклятура адчувае проста фізычную няпрыязь да фактаў і асобаў нацыянальнай гісторыі і культуры. Калі народ хоча жыць як жыве, але пры гэтым не згаджаецца абазначыць стан краіны як незалежную Беларусь і галасуе за СССР.