Вострая Брама
Сяргей Дубавец
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 520с.
2005
Тое, што паэтку тут памятаюць, засьведчыла дорская настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Ала Сыч:
— Імя Натальлі Арсеньневай у школе вядомае. Дзеці ведаюць. I яшчэ як жыў Равінскі, былы дырэктар Шакуцёўскай школы, ён прыяжджаў да нас у школу. 1, наагул, такі цікавы матэрыял прапаноўваў. I расказваў пра яе жыцьцё. Што яна менавіта тут жыла. I выехала ў Амэрыку. Пасьля вайны.
Вёска Доры, цяпер ужо назаўжды пазначаная імем Натальлі Арсеньневай, — зусім ня проста вёска. Гэта знак палярнасьці беларускага лёсу. Разам з суседняй Люцінкай гэтая мясцовасьць спазнала і самы сьветлы, і самы страшны беларускі час. Менавіта тут разгортваліся падзеі двух знакавых твораў беларускай літаратуры. У сярэдзіне 19 стагодзьдзя тут была ўбачаная і апісаная Вінцуком ДунінымМарцінкевічам «Ідылія» — жывыя карцінкі сацыяльнага міру, рамантычная раўнавага ўсяго і ўся, дзе ўладальнік мясцовасьці граф Тышкевіч, ходзячы па вясковых хатах, вядзе запіс
сялянскіх паданьняў і разам зь сялянамі сьпявае іхныя песьні. I вось праз сто гадоў у гэтых самых краявідах разгортваюцца сцэны наступнага фільма і наступнае кнігі. Гэта «Карнікі» Алеся Адамовіча. Менавіта батальён Дырлівангера спаліў дорскіх сялянаў у іхнай царкве. Адамовіч прыводзіць цытату з дакладной запіскі, пад якой стаіць подпіс Кушаля:
«У другой палове ліпеня г.г. нямецкія атрады СС праводзілі ачыстку ад партызан тэрыторыі Валожынскага раёну. Пры гэтым атрадамі былі спаленыя разам з пабудовамі зажыва жыхары вёсак Пяршайскага павету: Доры, Мішаны, Даўгулёўшчына, Лапіцы, Сярэдняе Сяло, Раманаўцы, Нелюбы, Палубоўцы і Макрычаўшчына.
Атрады СС ніякага сьледзтва не праводзілі, толькі заганялі жыхароў, пераважна старых, жанчын і дзяцей, у асобныя пабудовы, якія затым падпальваліся.
У Дорах жыхары былі сагнаныя ў царкву і разам з царквой спаленыя».
Асабіста мне ў гэтым пасланьні афіцэра дапаможнае паліцыі бачыцца стрыманае жанрам рапарту абурэньне і скарга. Аднак гаворка не пра тое. Гаворка пра Доры, празь якія крыжнакрыж леглі дзьве дарогі беларускага лёсу: самая сьветлая і самая цёмная, — і ў якіх, нібы ў замесе дабра і зла, высьпеліўся талент беларускай паэткі, аўтаркі гімну «Магутны Божа».
Складаючы разам імёны і факты дорскае гісторыі — ад Тышкевіча да Шарэцкага, ад сярэднявечнага кальвінскага збору да спаленае разам зь людзьмі царквы, ад калгасных ка-
роўнікаў на месцы панскае сядзібы да высокае паэзіі ўзгоркаў і запаленых восеньню клёнаў, пачынаеш разумець, што тут, у Дорах, табе адкрываецца ўвесь беларускі сьвет і ўвесь беларускі лёс, прынамсі — самае важнае, што ў гэтым сьвеце і лёсе было, ёсьць і будзе.
этэр 15 лістапада 2003 г.
Лукаш Бэндэ
1930-я гады. Камуністычная мафія кіруе ў савецкай Беларусі. Яны вераць у камунізм, як у сваю беларускую тоеснасьць. Усе, хто гаворыць пра нешта іншае, напрыклад, пра нацыянальнае адраджэньне, замінаюць, яны ворагі, лепей, каб іх не было. Мы ўсе гуляем у адну гульню і імкнемся пазбавіцца ад чужакоў, на што маем санкцыю клясавай барацьбы. Гэта разумеюць і Янка Купала, і Якуб Колас, а лепш за ўсіх — ён, Лукаш Бэндэ, галоўны літаратурны крытык, чые газэтныя разносы цягнуць за сабой для аб’ектаў крытыкі турэмнае зьняволеньне, катаргу або ссылку ў расейскую глыбінку, самагубства або расстрэл. Мафія зьнішчае сваіх адкрытых і таемных ворагаў, выкрывае сваіх няшчырых прыхільнікаў. Бэндэ ўважліва вывучае жыцьцёвыя і творчыя біяграфіі пралетарскіх пісьменьнікаў, у шэрагі якіх запісалася зашмат зьбяднелых шляхцюкоў ды папоўскіх дзяцей, якіх непазьбежна
хіліць пад розныя дробнабуржуазныя адхоны. Работы непачаты край...
Ягоная ўласная біяграфія па-пралетарску простая, як стрэл. Нарадзіўся ў 1903-м на Палесьсі, у тых мясьцінах, дзе вёскі маюць назвы, вартыя мэгаполісаў. Харомск, Ізборск... Ягоная называлася Шчакоцк. Скончыў Камуністычны ўнівэрсытэт Беларусі. Далей пачынаецца кар’ера літаратурнага крытыка. За вочы Бэндэ называлі аглабельшчыкам, але сучасьнікі згадваюць, што хадзіў ён не з аглаблёй, a зь пісталетам на правым баку, бо зь першых кар’ерных крокаў зьвязаў лёс з НКВД. Мабыць, адчуваў сваю місію — праўду яму давядзецца казаць у варожым асяродзьдзі.
Імя Бэндэ паміж літаратараў даўно стала назыўным. Яго самога найчасьцей згадваюць як вульгарнага сацыялягізатара, альбо і зусім проста — як літаратурнага ката. Між тым, ня ўсё так проста ў гэтай гісторыі. Думаючы пра Бэндэ на стогадовы ягоны юбілей, міжволі пачынаеш адчуваць ягоную прысутнасьць побач з сабою.
Калі Бэндэ і сапраўды — кат, дык ён назаўсёды прывязаны да сваіх ахвяраў. Мёртвым не баліць, і яны ідуць усе разам. Калі за савецкім часам было накладзенае табу на імёны і творы рэпрэсаваных беларускіх пісьменьнікаў, такое ж табу легла і на імя іхнага ката. Як толькі стала магчыма ўзьняць з забыцьця прозьвішчы забітых, сярод першых усплыло ў друку і прозьвішча Бэндэ.
У сёньняшняй перадачы бярэ ўдзел гісторык і архівіст Віталь Скалабан:
— У1988 годзе ў газэце «Літаратура і Мастацтва» зьявіўся артыкул сьветлай памяці Барыса Сачанкі, які так і называўся «Бэндэ». Фактычна, упершыню Барыс Сачанка падаў больш-менш поўны нарыс пра жыцьцё і дзейнасьць гэтага чалавека і крытыка, які пакінуў свой вельмі значны сьлед у гісторыі Беларусі канца 1920-х — 50-х гадоў. Менавіта з імем Бэндэ зьвязваецца так званая вульгарна-сацыялягічная крытыка, калі творы разглядаліся не як творы мастацтва, а як звычайныя палітычныя агіткі.
3 артыкула Барыса Сачанкі «Бэндэ»:
«Ён нават зьнешне быў непрыемны. Худы, лысы да апошняга воласа, з вачыма, што глядзелі быццам з таго сьвету і праціналі навылёт. Помню, калі, знаёмячыся, ён працягнуў мне руку, і я ў адказ падаў сваю, здалося, што дакрануўся чагосьці ліпкага, агіднага — ні то цьвілі, ні то павуціньня. Ішоў 1960 год, і з «мест не столь отдаленных» вярталіся, атрымаўшы доўгачаканую рэабілітацыю і грамадзянскія правы, многія, у тым ліку і пісьменьнікі. I, вядома ж, то адзін, то другі з рэабілітантаў заходзілі ў рэдакцыю часопіса «Полымя», дзе я тады працаваў... Завітаў неяк і ён... Ён не спытаў, як пыталі некаторыя, ці чуў я, тады яшчэ малады чалавек, яго прозьвішча. Ведаў, напэўна, што чуў. Ня мог ня чуць...»
В.Скалабан: Біяграфія яго сёньня вядомая. Ён нарадзіўся ў 1903 годзе пад Янавам. Праўда, якая сям’я была, як ён жыў, якія сваякі —
невядома. Потым ён вучыўся ў Камуністычным унівэрсытэце. I ў канцы 1920-х гадоў стаў вядучым літаратурным крытыкам, вучыўсяў асыгірантуры, у яго былі пасады і ў выдавецтве, і ў Інстытуце літаратуры Акадэміі навук... Бэндэ — гэта той чалавек, які разносіў усіх пісьменьнікаў. Яго і малявалі з аглобляй. Адсюль зьявіўся такі тэрмін — аглабельная крытыка...
Д’яблам ён ня быў. Ён добрасумленна выконваў тыя ўстаноўкі, якія фармаваліся ў ЦК кампартыі Беларусі. Болей таго, многія зь яго паплечнікаў жылі пасьля вайны і ім выгадна было ўсё сьпісаць на Бэндэ... У Бэндэ ёсьць тое, што сёньня, калі пакласьці на вагі, дык невядома, што пераважыць. Акрамя ўсяго іншага, ён быў калекцыянэрам, зьбіральнікам літаратурнага архіву і сабраў вельмі значныя матэрыялы. У 1934 годзе Бэндэ зьехаў зь Менску ў Ленінград, працаваў на кінафабрыцы «Савецкая Беларусь», у архівах, выкладаў у навучальных установах. I архіў ён захаваў. Сёньня архіў Бэндэ зьберагаецца ў Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва. Там сапраўдныя скарбы. Там архіў Паўлюка Труса, матэрыялы Замоціна з тэкстамі ДунінаМарцінкевіча, там «Хрэстаматыя» Браніслава Эпімаха-Шыпілы...
Архівіст Віталь Скалабан, як і належыць архівісту, глядзіць на сытуацыю з вышыні часу і аддае належнае архівісту Бэндэ. Калі перачытаць згаданы артыкул Барыса Сачанкі, мы знойдзем там зьвесткі пра тое, якім чынам Бэн-
дэ фармаваў сваю калекцыю. Крытык ня толькі атрымліваў па лініі НКВД тыя матэрыялы, аўтараў якіх трэба было выкрыць у друку, але й сам удзельнічаў у ператрусах на кватэрах ахвяраў.
Шчыра кажучы, ня ведаю, ці дарэчы тут будзе маральны аспэкт праблемы. Можна ж разважыць і так: усё адно ніякі Бэндэ, як бы таго ні хацеў, ня змог бы выратаваць асуджанага на рэпрэсіі клясавага ворага. He напісаў бы ён, напісаў бы іншы, такіх «пісьменьнікаў» хапала. I тады тое, што Бэндэ захаваў архіў рэпрэсаваных літаратараў, дзякуючы якому мы цяпер толькі і можам даведацца пра іх і прачытаць іхныя творы, — гэткі Бэндаў учынак выглядае ледзьве не як подзьвіг. Для параўнаньня дастаткова згадаць факт, які Аляксандар Лукашук апісвае ў сваёй кнізе «За кіпучай чэкісцкай работай». Аўтар вывучаў асобу іншага крытыка-аглабельшчыка сталінскае пары Васіля Барысенкі і, натуральна, зьвярнуўся да ягоных асабістых архіваў. Дык вось, усё, што ён там знайшоў, — гэта ганаровыя граматы таго самага Барысенкі...
А што ж самі артыкулы Лукаша Бэндэ? У свой час яны расцэньваліся, як даносы. Аднак ці была ў іх нейкая літаратурная каштоўнасьць? Кажа Віталь Скалабан:
— Яны ня вельмі арыгінальныя. Яны паўтараюць тое, што пісалася і іншымі аўтарамі. Уражаньне такое, што яго проста нацкоўвалі. Такіх, як Бэндэ, было шмат. Але ў сярэдзіне 1930-х гадоў ён ужо выканаў сваю ролю агла-
бельшчыка, і яго саслалі ў Ленінград на кінафабрыку «Савецкая Беларусь».
Ня толькі яго дзейнасьць ламала чалавечыя лёсы. Уся атмасфэра ламала. I сёньня, углядаючыся ў гэтыя 30-я гады, вызначыць, хто ня ўдзельнічаў у гэтым кашмары, проста цяжка. Ня ўдзельнічаў той, хто быў ужо сасланы ў Вятку, у Сібір, у Сярэднюю Азію...
3 кнігі А.Лукашука «За кіпучай чэкісцкай работай »:
«Падчас расправы з сотнямі вучоных, пісьменьнікаў права «караць і мілаваць» манапалізавала пэўная група, у якую ўваходзілі Барысенка, Бранштэйн, Бэндэ, Вольскі, Канакоцін, Клімковіч, Кучар, Модаль... Іх ацэнкі рабілі «надвор’е», зь іх ліку сьледчыя выбіралі аўтараў рэцэнзіяў-прысудаў. Ня варта перабольшваць ролі гэтых асобаў. Яны нярэдка толькі паслухмяна выконвалі волю іншых. Аднак нельга і прымяншаць, бо гэта была роля памагатых катаў».
Аглабельшчыкаў было шмат, але Бэндэ атрымаўся цэнтральнай сярод іх фігурай. Што праўда, калі параўноўваць яго зь некаторымі іншымі, з тым жа Барысенкам, дырэктарам Інстытуту літаратуры, Бэндэ сваімі артыкуламі не вымасьціў сабе дарогі да высокіх пасадаў ды званьняў ці нейкага іншага набытку. Да канца жыцьця застаўся правінцыйным выкладчыкам, якому нават у Беларусь вярнуцца не далі. Такім чынам, варта было нам бліжэй падысьці да постаці гэтага літаратурнага ката, як ягоны