Вострая Брама
Сяргей Дубавец
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 520с.
2005
Кляшторны часта насіў з сабою ў клетцы канарэйку, якую вучыў размаўляць. Рабочыя-муляры ведалі, што ён — паэт. 3 рыштаваньняў забачаць яго і гавораць: «Вунь, ідзе пралетарскі паэт!» Пыталіся: «Як сьпявае канарэйка?» «Не сьпявае, а плача ў клетцы канарэйка», — адказваў Тодар...
...У 1934 годзе ўтварылі Саюз пісьменьнікаў БССР. Крытыкі яшчэ горай напалі на «ворагаў народу», «нацдэмаў». Асабліва шчыравалі Бэндэ й Кучар. Моцна дасталося Тодару Кляшторнаму дый амаль усім «узвышэнцам» і «маладнякоўцам».
Нарэшце, зусім праясьняюць тагачасную сытуацыю наступныя паведамленьні. Публікатар лістоў Юркі Віцьбіча да Антона Адамовіча Лявон Юрэвіч зьвяртае ўвагу на такую невядомую савецкай крытыцы арганізацыю, як ТАВІЗ — Таварыста аматараў выпіць і закусіць. Віцьбіч згадвае Кляшторнага цёплым сяброўскім словам. Пры гэтым робіць важную заўвагу: пасьляліквідацыі «Ўзвышша» і стварэньня адзінага Саюзу пісьменьнікаў з усіх узвышэнцаў, якія былі прынятыя ў Саюз, «толькі Тодар Кляшторны быў прыняты кандыдатам, але не за былое ўзвышэнства, а за справы ТАВІЗу». Юрка Віцьбіч піша:
«Вас цікавіць ТАВІЗ. Пасьля расшыфроўкі атрымліваецца вельмі празаічна — Таварыства Аматараў Выпіць і Закусіць. Па сутнасьці, гэта штосьці накшталт спробы арганізацыйна аформіць беларускую багему... У склад ТАВІЗу ў розныя часы або адначасова ўваходзілі Тодар Кляшторны, Уладзімер Хадыка (да жаніцьбы), Васіль Каваль, Алесь Дудар, Міхась Багун, Валеры Маракоў, Эдуард Самуйлёнак (да хваробы), Сяргей Дарожны і іншыя. Зьбіраліся звычайна або ў каго-небудзь на кватэры (пераважна ў Багуна), або ў 2-й гасьцініцы, калі я прыяжджаў зь Віцебску, або ў шашлычнай на вуліцы Камсамольскай, або ў маленькай піў-
нушцы — уніз па вул. Савецкай, або (у крайнім выпадку) у сутарэньні Дому Пісьменьніка, дзе меўся пэўны час рэстаран...
...Беларуская багема, бадай, нічым не адрозьнівалася ад багемаў іншых нацыянальнасьцяў. Яна зьяўлялася пратэстам супраць існуючага «пракрустава ложа». На паседжаньнях багемы, без старшыні і сакратара, за кухлем ці кілішкам, чыталіся творы, якія пісалі для сябе, а не для друку.
Да нейкае ступені, вельмі невялікае ступені, гэты наш ТАВІЗ нагадвае ясенінска-марыенгофскую «Зойкнну квартпру». I тут і там — літаратарская багема, аднак на гэтым падабенства і канчаецца. У нас ТАВІЗ набыў характар ня толькі палітычнага, але й нацыянальнага супраціву, а таму невыпадкова не сыходзіў з парадку дзённага на партпаседжаньнях».
Такім чынам, вобраз Тодара Кляшторнага — гэта сумны, крыху нехлямяжы паэт, вечна нападпітку, але ня здатны на канфлікты. Ён піша вершы пра вечаровую муць, у якіх словы, як акварэльныя фарбы, расплываюцца на паперы. Але нельга такі партрэт разглядаць асобна ад тагачасных абставінаў. I алькаголь, і паўвар’яцкі выгляд, нават неахайнасьць у адзеньні, і незлаблівасьць — гэта ўсё спосабы абароны ад рэчаіснасьці, спосабы захаваць сваю асобу і свой паэтычны талент, агарадзіць сябе ад палітычнай рэальнасьці таталітарнага грамадзтва. Сапраўды, такога не запросяць у прэзыдыюм, але супраць такога і паказальнага судовага працэсу ня зладзіш. Таварыства аматараў выпіць і закусіць — гэта вам не Саюз
вызваленьня Беларусі. Такога нават крытыкаваць сур’ёзна за «палітычныя памылкі» — не выпадае. Выглядае, што Кляшторны і сьведама, і змушана рабіў сабе вобраз, у якім яго можна было толькі... расстраляць — без асаблівага перад тым вымазваньня ў друку. Уявіце, каб ён і сапраўды быў правільным камсамольцам, непазьбежна ўцягнулі б у нейкія прэзыдыюмы, тройкі, прымусілі б загубіць уласных таварышаў, пасьля ўчынілі абліваньне брудам, паказальны працэс і — у выніку — расстрэл. Кляшторны не пацягнуў за сабой гэткага бруднага шлейфу. Ён проста загінуў, як бажаволак, ведаючы, што ў гэтым сьвеце ні ад каго яму ня варта чакаць паратунку. Бо такія правілы гэтага жыцьця, а іншага ён, бадай, і ня ведаў.
Вось дзе распадаецца савецкае маналітнае ўяўленьне пра тых камсамольскіх паэтаў, як пра змагароў за сьветлую яву. Калі арыштавалі галоўных завадатараў «Узвышша», яны зьбіраліся сваім ТАВІЗам, крыху выпівалі і чыталі адзін адному вершы, наіўна спадзеючыся самі вычуць у іх крамолу, каб, крый Божа, не аддаць у друк чагосьці недазволенага. Прыпёртыя да сьцяны, яны проста не маглі ўцяміць, каму і навошта іх спатрэбілася забіваць. 3-за іхнай паэзіі? Яны, ня маршавыя зусім людзі, былі акрасаю гэтага манатоннага і нуднаватага сьвету, адзінай у ім разнастайнасьцю — са сваёй вечнай прагай пісаць пра васількі, пра чыстую красу. Але... Той сьвет вырашыў пазбавіцца ад іх. I ад усіх такіх, як яны. Той сьвет думаў ачысьціцца ад усяго лішняга, а выйшла, што лішняе якраз і засталося. Рэшта застала-
ся пасьля таго, як было зьнішчана цэлае. Жыцьцё.
Пачаўшы гэтую перадачу зь Якуба Коласа і з развагаў пра ягоную адказнасьць за дзясяткі зьніклых маладых паэтаў, я ўсё пытаўся пра знакі, якія народны пясьняр мог пакінуць у нішчымным паваенным жыцьці — знакі калі не адказнасьці, дык хаця б шкадаваньня, і калі не пра паэтаў, дык хаця б пра іхную творчасьць, безь якой нацыянальная літаратура надоўга патрапіла ў вакуўм бясчасься. He знайшоўшы такіх знакаў, я думаю пра тое, што ніхто, бадай, і не пытаўся ў Коласа пра ягоныя перажываньні. Урэшце, даць нейкі знак нашчадкам — значыць ня толькі самое гэтае «даць», але й прыняць, пачуць, зразумець. Варта толькі пачаць думаць пра гэта, і адкрыецца.
Неверагодна, але Колас сустрэўся з Кляшторным. У 1956 годзе. Гэты факт зафіксаваў у сваёй кнізе пра народнага песьняра літаратуразнаўца Сьцяпан Александровіч. У самы апошні дзень свайго жыцьця Якуб Колас паехаў у Курапаты.
«Пасьля сьняданьня 13 жніўня 1956 году Канстанцін Міхайлавіч папрасіў шафёра завезьці яго ў лес. Праехалі яны па Маскоўскай шашы і зьвярнулі налева, дзе на пагорку стаялі высокія сосны, а крыху ніжэй прыкідаліся купкі дужых бяроз.
Спачатку ён крыху патупаў: ці не схаваліся дзе ў зялёным моху ці пад кустом баравікі. A потым прысеў на пень. Сонца сьвяціла яшчэ палетняму, але перагонамі налятаў халодны ве-
цер, і ён вымушаны быў шукаць зацішак у лагчыне каля бяроз. Прылёг на сухую купіну і цяпер толькі ўбачыў побач з трыма бярозамі вялікі мурашнік... Доўга сядзеў ён, пазіраючы на мітусьню мурашак, адключыўшыся ад усяго, што дзеелася вакол. Потым моўчкі падняўся, пахадзіў вакол мурашніку і бяроз, сеў у машыну і вярнуўся дахаты. Зь цяжкасьцю падняўся ў свой рабочы пакойчык, перакусіў, і раптам стала кепска.
У трынаццаць гадзін дваццаць хвілін перастала біцца ягонае сэрца...»
этэр 20 верасьня 2003 г.
Натальля Арсеньнева. Таямніца творчасьці
Беларуская паэтка Натальля Арсеньнева пражыла амаль сто гадоў, але гэта ня значыць, што мы ведаем пра яе больш, чым пра іншых клясыкаў, чый лёс выдаўся непараўнальна карацейшым. Найбольшай загадкай застаецца, натуральна, таямніца таленту і ягонага паходжаньня. Сапраўды ж дзіўна, калі ў расейскай сям’і начальніка Бакінскай мытнай акругі Аляксея Арсеньнева прыходзіць на сьвет дзяўчынка, якая стане аўтаркай беларускага гімну «Магутны Божа». Як мудрагеліста мусяць скласьціся абставіны жыцьця, рысы характару і зоркі ў небе, каб атрымаўся такі вынік...
«Мне часта прыходзіць на думку: ці чалавек ужо родзіцца паэтам, музыкам, мастаком, ці ён родзіцца проста здольным, і абставіны ўжо вырашаюць потым, на працягу часоў, кім ён станецца?
Я думаю, што хутчэй гэта апошняе».
Праз усё сваё жыцьцё Натальля Арсеньнева пранесла рацыянальны погляд на прыроду творчасьці, хоць якраз у вершах яе поўна паўдотыкаў, водсьветаў і ледзьве не містычных вобразных суплётаў. Кажуць, што ў сапраўднай паэзіі ня можа быць плягіяту, бо кожнаму чалавеку дадзена пачуць толькі свой уласны голас. Калі не пачуў — гэтага голасу ўжо болып не пачуе ніхто.
Кажуць, што Натальля Арсеньнева мае адну лінію роду з расейскім паэтам Лермантавым, a яшчэ яна ў адзін час хадзіла па яраслаўскіх вуліцах з Максімам Багдановічам. Гэта сама яе паэзія правакуе пошук містычных повязяў — столькі ў ёй, паводле яшчэ аднаго расейца — Брусава — «нерассудочного». Калі Багдановіч дзясяткі разоў перапісваў адзін той самы верш, дык Арсеньнева малявала акварэльнымі фарбамі, мала правячы тое, што атрымлівалася.
Са згаданых мною прозьвішчаў зусім лягічна складаецца пэўны расейскі кантэкст. Нашы кніжныя паэты, Багдановіч і Арсеньнева, былі нібы водгукам беларушчыны на срэбны век расейскае паэзіі. Прынамсі, сама Арсеньнева кажа, што не любіла Бальмонта і Ахматавай, затое надта падабаўся ёй Гумілёў, і менавіта «пад яго» імкнулася яна ствараць свае першыя паэтычныя спробы.
«Я, напрыклад, насамперш пачала маляваць. Ад найменшых год мяне цікавіла ўсё навокал, асабліва колеры. Яшчэ зусім малым дзіцём я гадзінамі магла глядзець на вячорнае неба, сачыць у ім зьмену адценьняў... Як толькі я навучылася трымаць алавік у руках, — мне захацелася перадаваць гэта ўсё на паперы. He было паперы — і я пэцкала вокладкі кніжак, драпала кійком гладкія сьцежкі нашага саду, за што мне часта даставалася... Памятаю, будучы ў 5-й клясе гімназіі, я намалявала вуглём партрэты ўсіх маіх сябровак, як казалі, вельмі падобныя. Мне вельмі хацелася маляваць... I гэтак было праз усё дзяцінства, год да 14-цёх. (Я доўга была дзіцём, маючы 14 год, я яшчэ з усёй уцехаю гуляла ў лялькі.) ... Аб вершах я тады й ня думала. Гэта прыйшло пазьней».
Я думаю, калі б Арсеньнева стала мастачкай, ці зьбяднела б беларуская літаратура? I чаго б у ёй тады не аказалася? He аказалася б такога знакавага твору, як «Магутны Божа». He было б таго непаўторнага акварэльнага вобразу Вільні. Трэцяе — яна сама, вобраз творцы, якога ў беларускай літаратуры параўнаць няма з кім. Астатняе, сэнсавае і разумовае, магло б сяк-так кампэнсавацца іншымі паэтамі.
«Я мела нейкую дзіўную натуру ад самага маленства. Я ня ўмела быць шчырай, ня ўмела дзяліцца ні з кім сваймі перажываньнямі. Я цешылася, я цярпела, я хацела таго ці іншага, я зайздросьціла сёстрам, сяброўкам, я вельмі кахала маці, некаторых настаўнікаў, але ўсё гэта паціху, у сабе. Ніхто ніколі ня ведаў маіх дум-
каў. Я ніколі не спавядалася маці з сваіх дзіцячых перажываньняў, хоць мае сёстры, асабліва малы брат, расказвалі ёй усё чыста. Дык вось, хаваючыся ад усіх, я пачала прабаваць пісаць».