• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вострая Брама  Сяргей Дубавец

    Вострая Брама

    Сяргей Дубавец

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 520с.
    2005
    108.8 МБ
    Расьце наш народ, і расьце яго дар: Дубоўка, Зарэцкі, Дарожны, Дудар, Хадыка, Бандарына, Вольны, Багун, Грышкевіч, Вішнеўская, Танк, Салагуб, Язэп Падабед, Маракоў, Шашалевіч, Кляшторны, Лужанін, Бартуль, Ільляшэвіч,
    Мікуліч, Цьвікевіч, Знаёмы, Скрыган, Калюга, Радзевіч, Грыневіч, Пфляўмбаўм, Арсеньнева, Геніюш, Чорны, Машара, Жылка, Салавей, Бабарэка і Хмара, Баркоўскі, Талерка, Сакол, Нікановіч, Казлоўскі Пятрусь, Іванова, Міровіч,
    Пятро Глебка, Моркаўка, Трус, Галавач, Язэп Пушча, Івэрс, Ванаг, Крапіва, Крушына, Случчанін, Вольны, Хведаровіч, Зосім, Лебяда, Звонак, Александровіч, Клішэвіч, Кавыль, Золак, Віцьбіч, Сяднёў — Сыны сенажацяў, вазёр і гаёў.
    Во колькі імёнаў зарыфмаваў паэт Алесь Змагар, хоць мог і ў дзесяць разоў болей. А засталося — як пальцаў на руках...
    Мора паэтаў, амбіцыяў, мноства кніг і размоваў вакол. Часопісы, сходкі, таварыствы, культурныя героі... Каляровы і аб’ёмны сьвет, зусім не падобны на гэты нішчымны веснавы дзянёк. А якія шматфарбавыя вершы! Зусім ня тое, што крэмзаюць цяпер два Петрусі...
    Жахлівы час — гэта так. Але ці можам мы, да прыкладу, казаць пра карпаратыўную адказнасьць пісьменьнікаў ці адраджэнцаў нацыі, як сям’і? I ці паўставала такое пытаньне перад дзядзькам Якубам, на той час — непадзельным духоўным гаспадаром у гэтай літаратуры?
    Хіба ня слушна, гаворачы пра адказнасьць, шукаць старэйшага, а ня стрэлачнікаў?
    29 кастрычніка 1937 году расстралялі 20 маладых пісьменьнікаў, на наступны дзень — яшчэ трох. Для большасьці зь іх забіцьцё стала пачаткам забыцьця. Цікава, што думаў пра гэта дзядзька Якуб у 1953-м. Ён, як гаспадар літаратуры, мусіў неяк плянаваць месца гэтых аўтараў пасьля... Часы спакваля зьмяняюцца. Вось і Сталін памёр, і ў ГУЛАГу зьмякчылі рэжым, а вось і вярнуўся нехта. Дык што, будзем успамінаць творы забітых, будзем іх перавыдаваць, ну, ня сёньня, але ў прынцыпе, ці — паставім на ўсім гэтым крыж? Няхай забудзецца, як не асабліва чаго вартае? Колас піша доўгія аналітычныя артыкулы, ён аналізуе пустату, і пры гэтым —няўжо ня думае пра тых? Няўжо прымае іхнае забыцьцё?
    Пазьней іх стануць-такі перавыдаваць — амаль усіх. Але акажацца, што гэта ня так проста — пераадолець дваццацігадовае забыцьцё, зьявіцца пасьля працяглае клінічнае сьмерці да жыцьця паэзіі ніяк не лягчэй, чым чалавеку. Вакол зьменены сьвет, зусім незразумелая крытыка. У паэзіі скралі кантэкст ейнага часу — вось чаму ёй так цяжка. Скажам, Тодара Кляшторнага перавыдавалі пасьля сьмерці
    Сталіна двойчы, але ад гэтага ён не вярнуўся з забыцьця.
    Дачка паэта Мая Кляшторная неяк згадвала на Радыё Свабода, як яны з маці каля дзесяці гадоў хадзілі па чынавенскіх кабінэтах і даказвалі, што Тодар Кляшторны — паэт. Але й гэтых дзесяці гадоў не хапіла. Бо, да прыкладу, сёлетні адрыўны каляндар «Родны край» паведамляе: «11 сакавіка — 100 гадоў з дня нараджэньня Т.Т.Кляшторнага (1903—1944), дзеяча рэвалюцыйнага руху, публіцыста». Мала таго, што паэту прыбавілі сем гадоў жыцьця, дык і назвалі тым, кім ён ніколі ня быў. Ані дзеячом, ані публіцыстам. Тодар Кляшторны быў толькі паэтам, прычым, у самым дастатковым сэнсе гэтага слова.
    Некалькі словаў пра той агульны эстэтычны кантэкст, у якім трэба разглядаць творы Тодара Кляшторнага. Філёзаф і дасьледнік літаратуры Ўладзімер Конан згадвае тыя даваенныя літаратурныя групоўкі, куды ўваходзіў паэт:
    — Я думаю, што афіцыйная палітыка беларусізацыі моцна паспрыяла гэтаму прыліву (я называю яго другім прылівам у 20 cm.) таленавітых пісьменьнікаў у беларускую літаратуру. Аднак справа ў іншым. Сам па сабе ўнікальны вопыт беларускай літаратуры, які пазначаны часовым і парадаксальным саюзам паміж беларускім нацыянальным адраджэньнем, адраджанізмам, як тады называлі, і камуністычнай клясавай ідэалёгіяй. Хаця ка муністычная клясавая ідэалёгія ў значнай ступені навязвалася зьверху, аднак адбылася вельмі цікавая кантамінацыя гэтых дзьвюх
    плыняў. I атрымалася так, што якраз у 20-я гады, калі ўзьнік «Маладняк», закончыў сваё вельмі кароткае існаваньне беларускі мадэрнізм. Гэта мадэрнізм Малевіча, гэта спроба стварыць новае мастацтва. I вось гэты сынтэз беларускага нацыянальнага адраджэньня, мадэрнісцкіх плыняў і клясавай ідэалёгіі — унікальны вопыт нашай беларускай. культуры 20-х гадоў. На гэтым сынтэзе ўзьнік «Маладняк», і гэты сынтэз стаў распадацца ўжо ў 1927—28 годзе, калі камуністычная ідэалёгія перарасла ў тэрор супраць так званага нацыяналізму, а таксама цалкам падушыла мадэрнісцкія плыні ў савецкім мастацтве. Творчасьць і паэзію Тодара Кляшторнага трэба разглядаць у гэтым пляне. Фактычна, ён быў адным з прадстаўнікоў беларускага імажынізму — у нейкім сэнсе пасьлядоўнікі Сяргея Ясеніна, аднак гэты беларускі імажынізм ня быў паўтарэньнем расейскага руху імажыністаў. Фактычна, гэта быў самабытны кірунак, які арыентаваўся на так званыя кантрасныя вобразы, напеўнасьць, на сялянскую тэматыку, на фальклёр, аднак адначасова ставіў на першым месцы культурнае і дзяржаўнае адраджэньне Беларусі.
    Уладзімер Конан разглядае творчасьць Тодара Кляшторнага ў кагорце паэтаў той пары. Гэтая бурапенная, рознакаляровая паэзія быццам разам зь ейнымі аўтарамі сышла ўвадначасьсе ў нябыт. Тое, што пісалі пасьля вайны, і што даводзілася аналізаваць Якубу Коласу, побач зь ёю, як кажуць, і блізка не стаяла. Яно, цяперашняе — такое самае, як і ўсё навокал,
    як гэтае пустасьветнае сонца, як гэтыя будынкі, дрэвы і людзі — аднамерныя, нібы на засьвечаным фатаздымку. Можна зразумець у такіх абставінах тых, хто іншага жыцьця й ня бачыў. Але Колас бачыў. I паўнату жыцьця, і жарсьці, і парывы... Можа быць, ён забыў? Але біёграфы сьведчаць, што ў апошнія гады патрыярх, наадварот, шмат думаў пра мінулае, імкнуўся яго рэканструяваць...
    3 масы прачытанае савецкае літаратуры і крытыкі вобраз Кляшторнага паўстае, як вобраз камсамольца з правільнымі вершамі-маршамі, што ўслаўляюць Кастрычнік і Першамай. Нас так вучылі, што ўсе маладыя савецкія паэты былі нібы на адзін твар — як лётчыкі ў фільмах пра Чкалава. Мінімум пэрсанальных рысаў і поўны набор чалавечых якасьцяў у строгай адпаведнасьці з маральным кодэксам будаўніка камунізму. Насамрэч, усё гэта хлусьня. Знаёмства з творчасьцю і з успамінамі тых літаратараў, якім давялося эміграваць, а значыць, не было патрэбы хлусіць, пераконвае, напрыклад, што Кляшторны ня быў ні савецкім, ні антысавецкім паэтам. Вось што згадвала пісьменьніца Вольга Таполя:
    «Беларускага паэту Тодара Кляшторнага я ведала ў дні свайго раньняга юнацтва. Высокі, хударлявы, з капной густых, саламяна-сьветлых валасоў на галаве, з блакітнымі, пад колер блёклых васількоў, вачыма, ён быў заўсёды неяк па-асабліваму сумны, нейкім смуткам веяла ад яго. Каля ягоных тонкіх бледных губ рана леглі складкі горычы. Ён рэдка сьмяяўся, і ягоная ўсьмешка таксама была заўсёды сум-
    най. I яшчэ быў ён ціхі, спакойны, ураўнаважаны, ніхто ніколі ня чуў і ня бачыў, каб ён злаваўся...
    ...Увогуле Кляшторны быў вельмі чулы. Калі хто-небудзь зь ягоных калегаў чытаў свой моцны верш, які праймаў да сэрца, у Кляшторнага на вачах набягалі сьлёзы...
    Мне ўспамінаецца адзін прыгожы веснавы дзень. Прыпадкова я сустрэла тады Кляшторнага за горадам. Ён быў з аднэй дзяўчынай. Вясёлая, бойкая дзяўчына была поўным кантрастам ціхаму сумнаму паэту. Яны ішлі побач па высокай траве берагам ракі. Веснавы вецер свавольна гуляў саламянымі валасамі Кляшторнага. Ён ішоў, задуменна спусьціўшы вочы долу.
    — Я не разумею цябе, Тодар, — казала дзяўчына. — Скажы мне, ну, скажы — чаму ты такі сумны?
    — У мяне нейкае цяжкое прадчуваньне, — ціха адказаў паэта. — Вось пабачыш, мне яшчэ давядзецца зазнаць вялікія цярпеньні, пакуты...
    — Цярпеньні?.. Пакуты?.. — зьдзіўлена перапытала дзяўчына. — Скуль? Чаго?
    — За Беларусь, — яшчэ цяжэй адказаў Кляшторны, і ціхім шолахам вецер разьнес ягоныя словы па хмызьняку...
    Прароцтва паэты спраўдзілася — неўзабаве ён быў схоплены НКВД, з кіпцюроў якога ўжо ня выйшаў».
    Ва ўспамінах Вольгі Таполі Тодар Кляшторны выглядае чалавекам мяккага характару, незлаблівым і бесканфліктным. На такіх самых рысах робіць акцэнт і Юрка Віцьбіч:
    «Міхась Багун меў заўсёды напагатове 5—6 вершаў «На сьмерць правадыра». Калі хто-небудзь зь іх здыхаў, дык ён, падставіўшы адпаведнае імя, як хутчэй бег са свае Даўгабродзкае ў «Зьвязду» ці «Чырвоную зьмену». Аднойчы, калі памёр Дзяржынскі, пабег ён з прачулым вершам у «Зьвязду». Прыбег, аж засопся, а зь яе выходзіць Тодар Кляшторны і ўсьміхаецца: «Дарма, братка. I тут, і ў «Чырвонай зьмене», і ў «Работніцы і сялянцы», і ў «Піянэры Беларусі» ідзе маё». Хто ў стане кінуць камянём у гэтых двох, што сталіся ахвярамі бальшавізму?»
    «...на зборнік Кляшторнага «Праз шторм на штурм» Багун зьмясьціў у «Чырвонай зьмене» рэцэнзію пад загалоўкам «3 дарогі, крот і кракадзіл». Сам Кляшторны не надаваўся на тое, каб за гэта вылаяць Багуна, але проста з гора безупынку цэлы тыдзень піў».
    «Нас пазнаёміў у Менску Сяргей Дарожны, і ў мяне склалася ўражаньне пра Лужаніна, што, як чалавек, ён куды болып валявы, заўзяты, чым той жа Сяргей Дарожны або Тодар Кляшторны».
    Бесканфліктнасьць Кляшторнага найперш заўважная ў ягонай паэзіі.
    Можа, як нікому, яму чужы быў сьмяротны бой, які тады апяваўся іншымі паэтамі. У яго два героі — белы і чырвоны, прычым, як правіла, гэта або браты, або — як браты ці як сыны аднае маці. У вершы «Маці» ён распавядае, як белыя на вачох у маці забіваюць ейнага сына — чырвонага. Яна запомніла злачынцу і пракляла яго. Але неўзабаве да яе ў хату прыносяць
    таго белага на насілках — ён паранены. «Халодны момант... Потым крык душы». Потым яна бярэцца яго ратаваць са словамі «I ты ж, сынок, таксама чалавек». А ў выніку — вечная тэма. Чым менш сацрэалістычнай аднамернасьці, тым болей у твора шанцаў застацца ў літаратуры і быць цікавым, распавядаць галоўнае пра свой час.
    Мяккахарактарнасьць Кляшторнага гатовая ператварыць яго ў жывую прыкметнасьць тагачаснага Менску, амаль што ў гарадзкога вар’ята — забаўнага чалавека з канарэйкай, які звычайна ўвасабляе сабой тое, што ў гораду ёсьць душа.
    3 успамінаў аўстралійскага беларуса Сымона Шаўцова:
    «Кляшторны быў маім суседам па кватэры на пасёлку «Камінтэрн». Разам ішлі неяк з Дому Пісьменьнікаў па прагнілых дошках ходніку на Ляхаўцы. Тодар у абдрыпаных нагавіцах: адна калашына закасаная вышэй калена, другая — спушчаная на падраны чаравік. Нёс на руках сваё малое дзіця, а за ім дробненька тупала ягоная малая, шчуплая жонка. За жончыну спадніцу трымалася малая дачушка. «Тодарка, родненькі, не ўпусьці дзіцятка!» — паўтарала жонка. Тодарка быў крыху падпіты.