Вострая Брама
Сяргей Дубавец
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 520с.
2005
Да пачатку перабудовы імя гэтага чалавека было забароненае ў БССР. Калі й згадвалі, дык эпітэты ўзводзілі ў ступень максымальнае нянавісьці. Інакш, як фашыстам, не называлі.
Пра гэтую ніяк не адэкватную, што да асобы Луцкевіча зацятасьць мы яшчэ скажам ніжэй, але сьпярша — пра кнігу.
Арыштаваны НКВД у 1939 годзе, Антон Луцкевіч памёр у турме ў Саратаўскай вобласьці Расеі. Зборнік ягоных твораў «Да гісторыі беларускага руху», які летась выйшаў у выдавецтве «Беларускі кнігазбор», — першае пасьля сьмерці кніжнае выданьне Луцкевіча.
Укладальнік і камэнтатар кнігі Анатоль Сідарэвіч сабраў толькі тыя творы, што непасрэдна тычацца гісторыі і тэорыі беларускае дзяржаўнасьці. Гэта толькі невялікая частка агромністае спадчыны Луцкевіча, якая можа і мусіць разглядацца як першакрыніца беларускае дзяржаўнае ідэалёгіі.
Пытаньні пра Беларусь, якія ў сёньняшніх кампіляцыях застаюцца без адказу, у Луцкевіча сфармуляваныя з усім магчымым досьведам, палітычнай культурай, разуменьнем і адказнасьцю за лёс краіны і нацыі. Луцкевіч гэта зрабіў першы і ўпершыню. Усё, што адбылося з краінай пасьля, так ці інакш выходзіла зь ягоных тэзаў, спрачалася зь імі, але заўсёды было пасьля. Урэшце, яно й не змагло, і цяпер ня можа вырабіцца ў нешта першаснае, як і БССР не магла стаць нейкім самастойным праектам, бо другога першаснага не бывае. У БССР, кажа Луцкевіч, ідэал 25 сакавіка 1918 году рэалізаваўся часткова. Маецца на ўвазе ідэал дзяржаўнае незалежнасьці. Прычым, тая частковасьць і недаробленасьць захоўваецца і ў сёньняшняй РБ, якая хоча быць ідэйнай пераемніцай БССР, а менавіта — тым утварэнь-
нем, у якім дзяржаўны ідэал рэалізуецца часткова.
3 гледзішча палітычнае схемы Луцкевіча, няма і ня можа быць ніякага трэцяга шляху разьвіцьця для Беларусі, а тое, што ў нас называюць «трэцім шляхам», — усяго толькі шлях няпоўнае, частковае рэалізацыі дзяржаўнага ідэалу. Вось чаму мы такія, чаму не такія, як іншыя, і чаму ўсё ў нас так, як ёсьць.
Луцкевіч сфармуляваў беларускую дзяржаўную ідэю яшчэ напачатку мінулага стагодзьдзя. I менавіта ягонымі вучнямі і наступнікамі былі стваральнікі БССР. Яны маглі ігнараваць ягоныя працы, але яны ўжо не маглі выйсьці зь ягонага кола. Вось што самае галоўнае. Тое, што і сёньня мы цалкам жывем з канстытуцыяй Луцкевіча, нават калі яе бясконца парушаем. Нічога іншага няма і ня можа быць. Інакш гэта былі б ня мы і ня наша краіна.
Ствараючы праект Беларусь, Антон Луцкевіч ня браў за пачатак Полацкае княства ці Вялікае Княства Літоўскае. Ён мысьліў катэгорыямі сучаснай геапалітыкі і дыпляматыі, быў рэалістам і бачыў, што дзяржаўнае станаўленьне Беларусі будзе адбывацца такім самым чынам, як і ў суседзяў.
Мадэрны беларускі нацыянальны рух пачаўся ў 1903 годзе, з утварэньня першай палітычнай партыі — Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Тады ўвесь рух быў сацыялістычны, — заўважае Анатоль Сідарэвіч. БСГ ня дзейнічала ў полі расейскай або польскай культуры, як усе яе папярэднікі ў 19 ст. Яна была чыста беларускай. Яна стварыла газэту «Наша
Ніва», зь яе ініцыятывы ўзьнікалі беларускія школы, яна вяла перамовы з суседзямі — з думкай пра будучае дзяржаўнае ўладкаваньне Беларусі. Урэшце, яна і прывяла да абвяшчэньня Акту 25 сакавіка 1918 году. Тым часам, гадаванцы БСГ, якія перайшлі ў лягер бальшавікоў, дамагліся стварэньня БССР. Вось жа БССР і стала той дзяржавай, у якой дзяржаўны ідэал увасобіўся часткова. Пры поўным увасабленьні, сучасная беларуская дзяржава была б больш падобная да Полыпчы або Чэхіі, або Літвы, і менш — да аўтаномнай акругі ці губэрні РФ.
Важна зразумець, што Беларусь, гісторыю якой бальшавіцкія дый сёньняшнія ідэолягі пачынаюць з 1917 году, ня ўпала зь неба, не была раптам прыдуманая ў тым 17-м годзе, не была прыхамацяй Леніна, які раптам убачыў самастойны беларускі народ і падпісаў указ пра тое, што быць нам асобнай рэспублікай. Hi Ленін, ні тым болып Мясьнікоў з Кнорыным, колькі б ні ўглядаліся ў тагачасны наш «цёмны і забіты», кажучы словамі паэта, народ і край, нічога б тут ня ўбачылі, калі б не было рэальнага беларускага руху — культурніцкага і палітычнага, калі б не было выступаў у друку і інтэнсіўнай дыпляматычнай працы. А за ўсім гэтым якраз і стаяў Антон Луцкевіч.
Ніхто па-за ягоным колам, ніхто ў царскай Расеі і ва ўсім белым сьвеце ня думаў, не плянаваў і не ствараў беларускай дзяржаўнасьці. Болып за тое, у праекту асобнай беларускай рэспублікі было мноства праціўнікаў і адкрытых ворагаў. I калі БССР усё ж стварылася,
гэта значыць, што аргумэнты беларускага руху (а ніякіх іншых не было ў прыродзе) аказаліся мацнейшымі і перамаглі. Але ж і гэтыя аргумэнты ня ўпалі зь неба.
Лягічна дапусьціць, што стварэньне савецкай Беларусі было справакаванае абвяшчэньнем БНР. У сваю чаргу, абвяшчэньню БНР папярэднічала вялізная шматгадовая праца. У прадмове да зборніка Антона Луцкевіча Анатоль Сідарэвіч узнаўляе схему гэтых пошукаў:
«А.Луцкевіч паказвае, што да ідэі дзяржаўнае незалежнасьці Беларусі... ішлі паволі. Самаю першаю была старая... ідэя народнікаў пра аўтаномію Беларусі ў складзе будучае Расейскае дэмакратычнае фэдэратыўнае рэспублікі. Прапрацоўвалася й ідэя аўтаноміі ў складзе Расеі ўсяго Беларуска-Літоўскага краю як аднаго суцэльнага гаспадарчага мэханізму. Задумваліся таксама і пра беларуска-літоўскаўкраінскую фэдэрацыю. Усьведамлялася й значэньне латвійскіх портаў для эканомікі Беларусі».
Аднак падзеі першай сусьветнай вайны, непрадказальнасьць сытуацыі ў Расеі і хуткае сасьпяваньне незалежніцкіх настрояў ва ўсёй усходняй Эўропе схілілі Луцкевіча і ягоных аднадумцаў да распрацоўкі самастойнага шляху.
Заўважу, што ўсё гэта не было кабінэтнай гульнёй, а бясконца дыскутавалася ў друку, a таксама на перамовах зь літоўцамі, з украінцамі, з расейцамі. Артадаксальны сацыялдэмакрат, як называе Луцкевіча Сідарэвіч, ад пачатку руху, як і ягоныя паплечнікі, быў марксістам, а гэта значыць, чалавекам, які
шмат у чым падзяляў погляды расейскіх рэвалюцыяністаў. I стварэньне БССР ён вітаў, бо ў немалой ступені гэта было ягонае дзецішча, бо на ягоных працах вырасьлі айцы савецкай Беларусі. I ленінскі нэп, і бальшавіцкую беларусізацыю Луцкевіч вітаў таксама. I ў БССР дваццатых гадоў яго лічылі прызнаным пачынальнікам ды ідэолягам беларускае дзяржаўнасьці. Паразуменьне скончылася ў 1929-м. Гэта быў абвал. Ляснуў нэп. Пачалася прымусовая калектывізацыя, масавыя рэпрэсіі, паляцелі галовы айцоў БССР, рэформа 1933 году адкрыла шлюзы татальнай русіфікацыі, беларуская дзяржаўнасьць была ператвораная ў карыкатуру. Луцкевіч рашуча асуджае сталіншчыну, і з гэтага моманту ў савецкім друку згадваецца толькі з эпітэтамі максымальнае нянавісьці.
Тут самы час зьвярнуцца да ягонае пэрсоны. Дакладней, да таго, чаму адносіны да Луцкевіча ў Беларусі ніколі не былі нэўтральнымі. Яго абавязкова ці лаялі апошнімі словамі, ці апраўдвалі.
Кажучы проста, Луцкевіч апярэдзіў ня толькі свой час і сваю нацыю, але найперш — эліту нацыі. Высокаадукаваны, па-чалавечы прыстойны, надзелены палітычнай культурай, а да ўсяго яшчэ й калясальным досьведам, ён ствараў вобраз, які быў моцным кантрастам да такіх пашыраных у міжваенны час характарыстык масавага беларускага руху, як гнятлівая любоў да ўласнага сярмяжнага паходжаньня, пралетаршчына і ганарыстая неадукаванасьць. Акурат у трыццатыя гады на першыя месцы ў
Беларусі, як усходняй, так і заходняй, узьбіваецца так званая чвэрцьінтэлігенцыя. Зрэшты, гэтая хваля недавучаных настаўнікаў захлынула тады ўсю Эўропу. Гэта яны стануць галоўнымі праваднікамі фашыстоўскай палітыкі і сталінскіх рэпрэсіяў. Як толькі адчуюць сябе гаспадарамі сьвету.
Луцкевіч сярод іх (і для іх) быў чалавекам іншай фармацыі. Ён быў тым люстэркам, у якім новапакліканыя бачылі сваю крывату. Яны папросту не маглі зразумець таго высокага духу, што ішоў ад гэтага адукаванага дыплямата, няяснага для іх арыстакрата-марксіста, пачынальніка той справы і той сфэры, у якой яны апынуліся, і ў прысутнасьці якога ну ніяк ня могуць рэалізаваць свайго прыроднага памкненьня — быць гаспадарамі сытуацыі. Анатоль Сідарэвіч піша:
«Ні бальшавікам, ні правым не ўдалося ўпісаць А.Луцкевіча ў ідэалягічныя схемы, зразумець, чаму ён мог гутарыць і дамаўляцца і з Карлам Каўцкім, і з Томашам Масарыкам, і з Ігнацым Падарэўскім, і зь Сяргеем Сазонавым, і зь мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім... Думаецца, глыбей загадку асобы А.Луцкевіча спасьціг былы вучань Віленскае беларускае гімназіі... Марыян Пецюкевіч. Ён пісаў: «...гэта быў чалавек вялікай і глыбокай культуры, якая праменявала ад яго на асяродзьдзе, у якім ён знаходзіўся. Ён, у поўным значэньні гэтагаслова, быў вэрсальчык. Яго нейкая «паглынальная» натура прыняла для сябе ўсё ўзьнёслае і лепшае з культуры Захаду, дзе ён пабываў. I гэта, мабыць, не аднаго хамуйлу
цьвеліла і разіла, і пры нагодзе яны за культурнасьць яго ўпікалі. Антона Луцкевіча ня сорамна было паказаць у культурным сьвеце як годнага пашаны прадстаўніка нашага народу».
«Пан Луцкевіч, гаў-гаў», — пісаў Кандрат Крапіва ў вершы «3 фашысцкай падваротні». Зрэшты, такой лаянкай літаральна напхатая бээсэсэраўская прэса трыццатых гадоў. Луцкевіча не выносілі і, калі ў 39-м дабраліся да Вільні, адпомсьцілі яму напоўніцу...
Аднак гаворка не пра тое.
Матыў апраўданьня Луцкевіча прысутнічае і ў прадмове Анатоля Сідарэвіча. Аўтар прыводзіць цытаты з апраўдальных артыкулаў сваіх папярэднікаў. Таму гаворка ідзе пра вось гэты комплекс — апраўданьня Луцкевіча.
У 1983 годзе ў беластоцкай «Ніве» ў адным зь першых «рэабілітацыйных» артыкулаў гісторык Аляксандра Бергман цытавала зь ліста да яе Мар’яна Пецюкевіча:
«...ня трэба сьпяшацца з канчатковым прысудам яго палітычнай дзейнасьці. Час можа яго апраўдаць за дапушчаныя памылкі, бо ягоныя заслугі такія аграмадныя, што могуць зацьміць прыкрыя памылкі».
У чым былі прыкрыя памылкі пачынальніка беларускага руху, не ўдакладнялася.
Некалі на гэты кручок — апраўдваць Луцкевіча — патрапіў і я. Гэта быў нейкі падсьведамы покліч. Апраўдваць за «верхнюю палату» ў «Нашай Ніве», закінутую яму ва ўспамінах Ластоўскага, апраўдваць за бээнэраўскае прэм’ерства, за той жа грамадоўскі працэс, даказваць, што не фашыст і г.д. Цяпер я разумею,