Высьпятак ад Скарыны
Міхась Скобла
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 500с.
2017
— Дык ці ёсьць будучыня ў друкаванай кнігі?
— Будучыня ёсьць абавязкова, і значэньне папяровай кнігі ніколі ня зьменшыцца. Маштабы выданьняў зьменшацца, але надрукаваны наклад робіць кнігу неўміручай. А электронныя кнігі будуць залежаць ад наступнага пакаленьня электронных носьбітаў. Прыйдуць кампутары іншага пакаленьня, і перанесьці, перапісаць кнігі можа стацца праблемай.
Неяк у Пецярбург прыяжджаў калега з Токіё Такуакі Банай — ён вывучаў расейскія сядзібы, у тым ліку бібліятэкі, цікавіўся і беларускімі кнігазборамі. I ён мяне ў такую гульню ўцягнуў. Едзем мы ў мэтро, і ён кажа: «Паглядзіце, у вас шмат хто чытае газэты і кнігі на паперы. У нас у Токіё ўжо гэтага няма». 3 таго часу прайшло гадоў восем, і я часам спрабую падлічыць, колькі людзей чытае з мабільнікаў і колькі на паперы. Цяперашняя прапорцыя — 3 чалавекі на паперы, a 7 — з гаджэтаў. I ўсё ж сёньня толькі 20% інфармацыі пераведзена ў электронны выгляд, і ча-
сам узьнікаюць сур езныя праблемы з захаваньнем, зь вірусамі і г. д. I як мне патлумачылі нашы бібліятэчныя кампутарнікі, далей будзе яшчэ горш — менавіта з апрацоўваньнем і пераносам на наступныя носьбіты. А кніга на паперы — гэта вечная форма захаваньня інфармацыі.
26 траўня 2017 г.
Сьвятыя айцы паставілі гэтую кнігу сярод усіх іншых на першае месца і наказалі чытаць найперш.
Францішак Скарына.
БІБЛІЯ ДЛЯ ЎСІХ БЕЛАРУСАЎ
Vis-a-viS: Ірына Дубянецкая
Гісторыя налічвае звыш сарака спробаў перакладу Сьвятога Пісьма на сучасную беларускую мову. Хтосьці перакладаў адно ці некалькі Эвангельляў, хтосьці — Псалтыр. Нехта — больш удала, зь веданьнем справы, нехта — па-аматарску. Тры поўныя пераклады Бібліі за ўвесь час пасьля Скарыны зьявіліся толькі ўдругой паловеXX стагодзьдзя. Іхзрабілі Янка Станкевіч, Васіль Сёмуха і айцец Уладзіслаў Чарняўскі. Навошта спатрэбіўся чацьвёрты? Пра гэта ведае доктар тэалёгіі Ірына Дубянецкая, якая яшчэ ў 2012 годзе сабрала групу перакладнікаў-аднадумцаў.
— Ірына, спачатку давайце высьветлім, як сталася, што 500 гадоў таму мы апынуліся ў першых шэрагах? Гэта выпадак ці заканамернасьць — чалавек па імені Скарына?
— Найперш гэта дзіва. Усяго былі чатыры культуры, якія пасьпелі зь перакладамі Бібліі да пачатку Рэфармацыі ў Эўропе: нямецкая, італьянская, чэская ды нашая. Гэта важна ўсьведамляць, бо акурат Рэфармацыя дала моцны імпульс да пашырэньня Бібліі і, як вынік, да яе перакладу на народныя мовы. Дык вось, тры з чатырох першапраходцаў былі паперадзе астатніх цалкам заканамерна. Самымі першымі былі немцы. Першы друкаваны пераклад Бібліі на нямецкую мову выйшаў у 1466 годзе — неўзабаве пасьля пачатку кнігадрукаваньня. Нямецкая культура перакладаў Бібліі радыкальна адрозьнівалася ад усіх астатніх у Эўропе. Калі ў іншых народаў было зроблена па некалькі такіх перакладаў (а часам і зусім не было), то ў немцаў захавалася каля 1 000 манускрыптаў перакладной Бібліі! Тое самае і з друкаванамі перакладамі. Калі Марцін Лютар пачаў перакладаць Новы Запавет у 1522 годзе (што вельмі рана ва ўсясьветным маштабе), ужо існавала каля 90 (!) друкаваных Біблій — поўных і няпоўных, у перакладах на розныя верхнеі ніжненямецкія дыялекты. Так што калі Яганэс Мэнтэлін выдрукаваў у Страсбургу першую ў сьвеце друкаваную Біблію на народнай мове, гэта выглядала абсалютна лягічным і натуральным.
Другім быў пераклад на італьянскую мову, які выдаўу Вэнэцыіў 1471 годзе Нікалё Малермі. Гэта было таксама заканамерна. Па-першае, менавіта
зь Італіі пачаўся Рэнэсанс, які абудзіў інтэлектуальную, дасьледчую і творчую энэргію эўрапейцаў. Па-другое, італьянская мова была, па-сутнасьці, першай літаратурнай моваю ў Эўропе. Ужо на пачатку XIV стагодзьдзя Дантэ стварыў сваю «Камэдыю», пазьней названую Боскай, на народнай мове. Неўзабаве Франчэска Пэтрарка пачаў пісаць свае шэдэўры, якія спрычыніліся да станаўленьня італьянскага гуманізму, а там і Бакачча разварушыў думкі суайчыньнікаў. I гэта пры тым, што ў іншых краінах літаратура на народнай мове зьявілася праз стагодзьдзе, a то і праз два-тры... А ў XV стагодзьдзі Вэнэцыя была адным з найбуйнейшыхусясьветных інтэлектуальных, культурных ды камэрцыйных цэнтраў.
— Нездарма і Скарына туды памкнуўся.
— Нездарма, безумоўна. Там віравала жыцьцё, там сустракаліся і ўзаемадзейнічалі розныя ідэі, традыцыі, народы. Нездарма і армянскае кнігадрукаваньне пачалося таксама ў Вэнэцыі — на 5 гадоў раней за Скарыну. I таму вэнэцыянскае выданьне перакладной італьянскай Бібліі справядліва апынулася на другім месцы. А трэцімі былі чэхі. Дзякуючы Яну Гусу, Рэфармацыя ў Чэхіі пачалася на стагодзьдзе раней, чым у іншых, і таму цікавасьць да біблійных перакладаў там была надзвычайная. Да Скарыны былі надрукаваныя ажно тры чэскія пераклады — у 1488 годзе ў Празе, праз год — у Кутнай Горы, і яшчэ адзін — у 1506 годзе ў той жа Вэнэцыі. Відаць, гэты апошні і трапіў у рукі Скарыну, моцна натхніў, і ў яго зьявілася ахвота зрабіць нешта падобнае для сваёй краіны. Як бачым, немцы,
італьянцы і чэхі павінны былі быць першымі, але чаму ў гэты шэраг трапіў і Скарына — гэта дзіва. Гэта сапраўды вялікі цуд. Можна сказаць, што Скарына быў першым сярод усіх астатніх.
«Беларуская мова — адзіная з тытульных моваў сьвету, на якую няма сучаснага якаснага перакладу з арыгінальных моваў»
— За пяцьсот гадоў пасьля Скарыны было зроблена нямала подступаў да перакладу Бібліі. Але толькі тры чалавекі дайшлі да канца — Янка Станкевіч, Уладзіслаў Чарняўскі і Васіль Сёмуха. Як вы ацэньваеце іх працу?
— Тры Бібліі, якія мы маем, розныя, і ўсе пасвойму цікавыя. Першая поўная Біблія была перакладзеная доктарам Янкам Станкевічам і выдадзеная ў Нью-Ёрку ў 1973 годзе. Яна поўная з гледзішча пратэстанцкага канону — 39 кніг Старога Запавету (каталіцкі і праваслаўны Стары Запавет зьмяшчаюць 46 кніг, а многія праваслаўныя традыцыі шануюць да 50 кніг і болей). Станкевіч — вялікі знаўца беларускай і добры знаўца грэцкай мовы, але габрэйскай мовы ён ня ведаў. Зь ім працаваў Масей Гітлін, які ведаў габрэйскую, хоць і ня ведаў беларускай. Пераклад атрымаўся якасны, аднак яго беларуская мова далёкая ад цяперашняй. Пераклад Васіля Сёмухі выйшаў у 2002 годзе. Там шмат добрых моўных знаходак. Сёмуха — выдатны знаўца нямецкай лютэраўскай традыцыі. Ён кансультаваўся зь Бібліяй Лютэра — з сучаснымі, выпраўленымі выданьнямі, хоць, відаць, асноўнай крыніцай перакладу быў расейскі Сынадальны пераклад. Праз
гэта шматлікія хібы расейскага Сынадальнага перакладу трапілі і ў пераклад Сёмухі. Ён таксама ўключае толькі 39 кніг Старога Запавету. Поўная (з праваслаўнага і каталіцкага гледзішча) Біблія была выдадзеная ў 2012 годзе Беларускім біблійным таварыствам. Аснова гэтага выданьня — пераклад айца Ўладзіслава Чарняўскага. Ягонай галоўнай крыніцай была польская Біблія Тысячагодзьдзя. Праўда, хадзіла легенда ў Беларусі, што ён перакладаў з Вульгаты — лацінскага перакладу. Насамрэч гэта ня так, хоць лацінскі пераклад ён ведаў і зь ім кансультаваўся. У перакладзе Чарняўскага часам вельмі ўдалыя адаптацыі на беларускую мову біблійных імёнаў і геаграфічных назваў. Праўда, Біблія 2012 году спраўджаная па Новавульгаце (сучасным перакладзе на лаціну), але тэкстуальная традыцыя не захаваная — туды дадалі матэрыялу зь бізантыйскае (пазьнейшае і найбольш распаўсюджанае ў манускрыптах пасьля IX стагоддзя) тэкстуальнае традыцыі, за якой ідуць славянская і расейская традыцыі, але ніяк не лацінская.
Так што глядзіце: пераклад Станкевіча зроблены на неўжывальную беларускую мову і няпоўны; у Сёмухі — пераклад зь перакладаў і няпоўны; пераклад Чарняўскага — поўны, але, зноў жа, пераклад зь перакладу, зь мяшанай тэкстуальнай традыцыяй. У XXI стагодзьдзі нядобра быць у такой сытуацыі. Беларуская мова — адзіная з тытульных моваў сьвету, на якую няма сучаснага якаснага перакладу з арыгінальных моваў (гэбрайскай, арамэйскай ды грэцкай) і якасных тэкстуальных крыніцаў.
— Цяпер разумею, чаму вы ўзяліся за новы пераклад. Вы робіце гэтую працу адзінаасобна, ці грамадой?
— Час адзінаасобных перакладаў Бібліі прайшоў. I прайшоў ён ужо ў XVI стагодзьдзі. Першая поўная Біблія, выдадзеная ў Беларусі, — Берасьцейская (Радзівілаўская) Біблія, якая пабачыла сьвет у 1563 годзе, — перакладалася калегіяй навукоўцаў, якіх сабраў і спансараваў Мікалай Радзівіл Чорны (праўда, пераклад быў зроблены на польскую мову). Аўтарскія пераклады робяцца і дагэтуль, найчасьцей паасобных кніг Бібліі. Аднак зь сёньняшнім узроўнем біблістычных дасьледаваньняў ніводзін чалавек ня можа ахапіць усе назапашаныя веды ў гэтай галіне. Гэтая праца абавязкова мусіць быць калегіяльнай. Раней у нас (асабліва за савецкім часам) проста не было такіх адмыслоўцаў, якія б валодалі адначасова габрэйскай і грэцкай мовамі, а тым больш прафэсійных знаўцаў Бібліі, біблійнага кантэксту — найбагацейшых рэлігійных ды літаратурных традыцый старажытнага Блізкага Ўсходу, зь якімі Біблія знаходзіцца ў няспынным сумоўі, а таксама біблійнага багаслоўя, гістарычнага і культурнага кантэкстаў і г. д. Цяпер жа такія людзі ёсьць — габраісты, эліністы, біблісты, багасловы, а таксама беларускія лінгвісты, літаратары, стылісты. Мая першая спроба сабраць перакладніцкую групу адбылася ў 2010 годзе, але не была пасьпяховаю. А ў 2012-м, на Міжнародным кангрэсе дасьледнікаў Беларусі ў Коўне, упершыню сфармавалася сэкцыя навуковага біблійнага перакладу. I там здарыўся цуд: людзі загарэліся ідэяй супольнай
працы над новай беларускай Бібліяй — Бібліяй для XXI стагодзьдзя. Ад таго часу група і трымаецца. Распрацавалі канцэпцыю перакладу, падумалі над мэтамі і мэтадалёгіямі — і пачалі перакладаць. Праўда, мы яшчэ ў самым пачатку шляху, і няма ніякіх гарантыяў, што мы пройдзем яго да канца. Але хоць нешта пазытыўнае ад нашай працы для Беларусі, спадзяюся, будзе.
«Калі я замежным біблістам казала, што ў Беларусі няма адзінага прынятага спосабу адаптацыі імені Ісус, мне ня верылі»
— БПЦ і Каталіцкі касьцёл у Беларусі таксама працуюць у гэтым кірунку. Вынікі іх працы часткова апублікаваныя. Вядома ж, у іх розныя падыходы да перакладу Сьвятога Пісьма. А якія падыходы і прынцыпыў вас? Ваш пераклад мусіць быць надканфэсійным?