З гісторыяй на «Вы» выпуск 3

З гісторыяй на «Вы» выпуск 3

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 347с.
Мінск 1994
113 МБ
Аб гэтым кажны беларускі эмігрант заўсёды павінен помніць і згодна гэтага мусіць весьці сваю працу.
*Бацькаўшчына», 1 чэрвеня 1949 г.
ЯЗЭП КАРАНЕУСКГ
РАСПАЧЫНАЮЧЫ
НОВЫ ЭТАП...
бягучым годам беларуская эміграцыя ўваходзіць у новы пэрыяд свайго існаваньня. Вы2 Д падкі й акалічнасьці, што замыкаюць пэрыяд дасюлешні й распачынаюць новы, зьяўляюцца настолькі важнымі для нас, што нельга абыйсьці іх моўчкі.
Перш за ўсё бягучы год ёсьць для нас важным годам у сувязі з тым, што ў гэтым годзе аснаўная маса нашае эміграцыі, што жыла дасюль часова ў Нямеччыне на ласцы ІРО2 ужо выэмігравала або знаходзіцца ў працэсе эміграцыі ў краіны сталага побыту. Людзі, што дагэтуль жылі ў няпэўнасьці і няведаньні сваёй будучыні, цяпер здабываюць больш-менш нармальныя ўмовы жыцьця й працы, паколькі наагул можна гаварыць аб нейкай нармальнасьці на эміграцыі. Хаця й тут не абыйшлося без мамэнтаў ярка адмоўных, якімі было пазбаўленьне права на эміграцыю ладнае колькасьці беларусаў і астаўленьне іх у ўмовах поўгалоднага існаваньня ў Нямеччыне, сам факт выэміграваньня аснаўное бальшыні іх ёсьць бясспрэчна фактам вельмі пазытыўным.
Масавая эміграцыя нашых суродзічаў зь Нямеччыны пацягнула за сабой ня толькі перанясеньне нашых палітычна-грамадзкіх цэнтраў у іншыя краіны, але й выклікала неабходную патрэбу грунтоўнае рэарганізацыі нашае дзейнасьці і значнае перастаноўкі сілаў. Нашыя людзі, што жылі дасюль у беларускіх лягерах
1 Псэўданім рэдактара газэты «Бацькаўшчына» Станіслава Станкевіча.
2 International Relief Organization — Міжнародная арганізацыя дапамогі (анг.), якая займалася справамі ўцекачоў.
або зарганізаванымі нацыянальнымі групамі ў лягерах чужых, без асаблівых арганізацыйных натугаў маглі жыць собскім нацыянальным жыцьцём. Цяпер зьяўляюцца яны расьцярушанымі сярод чужога ім элемэнту розных краінаў сьвету й дзеля гэтага наражаныя на небясьпеку асыміляцыі, а ў найлепшым выпадку нацыянальнай індэфэрэнтнасьці. Таму ў першую чаргу мы павінны парупіцца стварыць такія ўмовы, каб нашыя людзі, раскінутыя па шырокім сьвеце, адчувалі патрэбу собскага нацыянальнага жыцьця. Ня трэба й даказваць, што найлепшымі й незаменнымі сродкамі для гэтага могуць быць спраўна дзеючыя нацыянальныя арганізацыі й роднае друкаванае слова.
Для беларусаў, што мелі шчасьце выэміграваць зь Нямеччыны, тыя панурыя гады недастаткаў і галіты, якія яны перажывалі ў ДП-лягерах, належаць ужо да мінуўшчыні. Дзеля гэтага пры наяўнасьці добрае волі нашае інтэлігенцыі й разумнага кіраўніцтва зь ейнага боку адкрываюцца цяпер шырэйшыя пэрспэктывы й магчымасьці нацыянальнае працы. Дык усебакова іх выкарыстаць і зактывізаваць нашае нацыянальнае жыцьцё ў краінах новага асяленьня зьяўляецца першай патрэбай дня.
Бясспрэчна, зьмены на лепшае зарысаваліся і ў іншай галіне нашага грамадзка-палітычнага жыцьця. Пяць апошніх гадоў прайшлі ў нас пад знакам нутраной кансалідацыі грамадзянства й змаганьня з зарубежніцкай дывэрсыяй, якое праглынула шмат энэргіі й часу. Гэты нэгатыўны мамэнт нашае дзейнасьці быў, аднак, канечны й няўхільны. Агенты расейскага імпэрыялізму ўсёроўна якога колеру ўнікалі, як мага, адкрытага ідэялягічнага змаганьня, добра здаючы сабе справу, што калі-б выступілі яны адкрыта супраць беларускай незалежніцкай ідэі, а за «едіную неделімую», то адразу пацярпелі-б поўную няўдачу. Таму яны выбралі шлях дэструкцыі й дывэрсыі, імкнучыся ўнутры беларускага грамадзянства выклікаць крайнія супярэчнасьці й распаліць міжсобнае змаганьне. Гэта зрабіць ім удалося галоўна дзякуючы нізкай нацыянальнай сьведамасьці эміграцыйнай масы, палітычнай бязграматнасьці значнай часткі інтэлігенцыі, як і той акалічнасьці, што знайшліся сярод нас людзі, якія ахвотна пайшлі на чужацкую агентурную службу.
Мэта зарубежніцкае дзейнасьці была ясная: разьбіць
ды аслабіць беларускі нацыянальна-вызвольны рух для інтарэсаў Масквы, а так-жа скампраметаваць яго ў вачох заходняга сьвету, і гэтым самым здэградаваць ягоную ўдзельную вагу. Маскуючы на вонкі сваю праступную дзейнасьць нацыянальнымі лёзунгамі ды цынічнымі дэклярацыямі аб службе незалежніцкай ідэі, у самай сутнасьці ўсе зарубежнікі павялі супраць гэтае ідэі й ейных носьбітаў самы рашучы бой. А аружжам у гэтым баі былі фальш, дэмагогія, распальваньне ўзаемнае нянавісьці сярод беларусаў, паліцыйныя даносы альянцкім уладам і правакацыі, адным словам, поўны арсэнал сродкаў, якімі карыстаюцца якраз бальшавікі.
Таму зусім зразумела, што змаганьне з зарубежніцтвам было аснаўным мамэнтам у нашым грамадзкім жыцьці за мінулых пяць гадоў, якое адсоўвала на бок іншыя, часта куды важнейшыя справы. Аднак у гэтым змаганьні зарубежніцтва было пабітае. Яно ў вачох усіх сумленных беларусаў поўнасьцю скампраметавалася, а ягоныя агентурныя мэты былі ўсебакова й дакумэнтальна здэмаскаваныя. Пры зарубежніцтве асталіся амаль выключна людзі, якіх пераконваць няма ўжо найменшага сэнсу, для якіх белае ёсьць чорным, а чорнае белым, значыцца, толькі перакананыя шчыра ці каньюнктуральна й сьведамыя сваёй праступнай ролі зарубежнікі.
Гэта, аднак, ня значыць, што расейская дывэрсыя сярод беларусаў ужо зьліквідаваная й што яна ў тэй або іншай форме ўжо болей не паўторыцца. Наадварот, як доўга будзе існаваць загроза расейскага імпэрыялізму з мэтаю паняволіць наш край і народ, так доўга будуць знаходзіцца ў нас людзі тыпу Астроўскага, Сабалеўскага ці Ермачэнкі, якія ахвотна згодзяцца для інтарэсаў ворага разбураць і аплёўваць усё сьвятое для кажнага беларуса. Гэта абазначае толькі, што расейская дывэрсыя ў сваёй сяньняшняй форме, званай зарубежніцтвам, і ягоныя сяньняшнія носьбіты, як у царкоўных рызах, так і ў сьвецкай вопратцы, настолькі ўжо скампраметаваныя й здэмаскаваныя ў сваім рэнэгацтве, што асаблівай шкоды для нашай вызвольнай справы прынесьці ўжо ня змогуць.
Дзеля таго што на працягу мінулага часу галоўная нашая ўвага мусіла быць зьвернутая на нутраныя дачыненьні і абарону перад расейскім наступам, справы
нашае вонкавае рэпутацыі й дыпляматычнай дзейнасьці як сярод іншых паняволеных балыпавізмам народаў, так і перад заходнімі палітычнымі дзейнікамі былі моцна занядбаныя. Праца навонкі ў нас вялася прыпадкова, несыстэматычна, без дакладна апрацаванага на даўжэйшую мэту пляну. Калі-ж цяпер нашыя нутраныя справы з’яўляюцца больш-менш упарадкаваныя, то, не пакідаючы й іх бяз увагі, трэба, аднак, напружыць усе сілы, каб адрабіць недаробленае на грунце міжнародным.
Палючая патрэба сяньняшняга дня пераканальна гаворыць за тым, што новы пэрыяд нашага выгнаньня павінен быць як найшырэй і як найразумней выкарыстаны дзеля заваяваньня сабе апініі заходняга сьвету. Трэба паінфармаваць шырокі сьвет аб нашых нацыянальных патрэбах і імкненьнях, трэба паралізаваць сярод чужынецкіх колаў ілжывую прапаганду ворага, ведзеную на нашую шкоду, трэба напасьледак пераканаць адказныя палітычныя дзейнікі Захаду, што бязь зьнішчэньня ня толькі бальшавізму, але й усякага ресейскага імпэрыялізму й без распадзелу расейскае імпэрыі на незалежныя гаспадарствы паняволеных ёю народаў ня можа быць і мовы аб трывалым міры на сьвеце.
Сяньняшні нязвычайна адказны мамэнт, плодны гістарычнымі падзеямі вялікае міжнароднае вагі, ускладае на нас як палітычных эмігрантаў ня менш адказныя абавязкі й вызначае нам спэцыяльную ролю ў працэсе нашага вызвольнага змаганьня.
Таму мала ўзалежняць нашыя паступаньні толькі ад добрае волі адзінак, яны павінны выплываць із зразуменьня нашага нацыянальнага абавязку перад Бацькаўшчынай і Народам. А паколькі нашая Бацькаўшчына стогне ў найжахлівейшай бальшавіцкай няволі, якой ня ведае гісторыя ўсяго чалавецтва, і народ наш крывавіцца, як яшчэ ня крывавіўся, ад зьдзекаў Масквы, дык і мы на чужыне, што знаходзімся ў бясспрэчна шчасьлівейшым палажэньні ад нашых братоў з таго боку жалезнай заслоны, павінны таксама прынесьці адпаведную дань для народнае справы калі ня ў крыві, дык, прынамсі, ў працы.
Першы збройны зудар камунізму з дэмакратычным сьветам на Далёкім Усходзе, які таксама адкрывае новую балону ў гісторыі паваеннага сьвету, родзіць
надзеі, што вырашальная расплата з праступным камунізмам у сусьветным маштабе зьяўляецца няўхільнай і недалёкай. Гэта паказвае, што канчальнае разьвязаньне й нашай нацыянальнай праблемы — быць або ня быць — хутка можа знайсьціся на парадку дня. А таму да гэтай вялікай і доўгажданай гістарычнай хвіліны мусім пасьпешна прыгатаўляцца ў кажнай галіне нашае дзейнасьці. Калі ўвесь вольны сьвет пасьпяхова гатуецца сяньня да абароны перад няўхільнай загрозай камуністычнай агрэсыі, то мы, што зьяўляемся ўжо тры дзесяткі год ахвярамі гэтае агрэсыі, павінны з тым большай энэргіяй мабілізаваць усе нашыя нацыянальныя сілы на змаганьне за нашае вызваленьне.
Дык распачынаючы новы этап на нашым шляху выгнаньня, напружым усе нашыя сілы й волю, каб апраўдаць вялікія абавязкі, ускладзеныя на нас у сяньняшні адказны й вырашальны мамэнт. А ўсім нашым пачынаньням няхай заўсёды прысьвечвае бясспорная праўда, што нашая дзейнасьць на чужыне, калі яна будзе праводжаная ў поўным зразуменьні гэтага абавязку, можа заашчадзіць шмат крыві на Бацысаўшчыне, калі надыйдзе адпаведны мамэнт вырашэньня справы нашага незалежнага палітычнага існаваньня.
«Бацькаўшчына», 15 верасьня 1950 г.
КРЫВАВЫ ЗЬДЗЕК НАД БЕЛАРУСКІМ НАРОДАМ
Для нас не сакрэт, што чырвоная Масква з мэтаю фізычнага вынішчэньня беларускага народу, побач зь іншымі жахлівымі спосабамі крывавага тэрору, практыкавала й практыкуе цяпер масавыя расстрэлы беларусаў бязь ніякага суду, ані доказу стаўлянае ім віны. Масавыя расстрэлы ні ў чым невінаватых людзей на аснове аднастароньняе і ў адсутнасьці абвінавачанага прынятае тайнае пастановы НКВД — гэта адна з найбольш пашыраных праяваў савецкае «справядлівасьці».
Але Масква, асабліва на міжнародным грунце, катэгарычна аднекваецца ад падобных чынаў, заяўляючы, што калі й здараюцца ў СССР прысуды сьмерці, то бываюць яны вынесеныя згодна абавязваючых законаў, толькі пасьля правядзеньня судовае працэдуры й дакладнага ўстанаўленьня віны. I людзі, што жывуць у свабодных дэмакратычных дзяржавах, наіўна верылі ў такія тлумачэньні Масквы, ня могучы навет уявіць сабе, каб у наш век можна было бязь ніякіх падставаў і бязь ніякіх судовых працэдураў пазбаўляць жыцьця ні ў чым невінаватых людзей.