• Газеты, часопісы і г.д.
  • З гісторыяй на «Вы» выпуск 3

    З гісторыяй на «Вы» выпуск 3


    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 347с.
    Мінск 1994
    113 МБ
    I толькі такое змаганьне можа забясьпечыць хуткую й поўную перамогу, удзельнікі якога ня шукаюць асабістае карысьці й славы для сябе, але ахвяроўваюць сябе поўнасьцю агульнанароднай ідэі. Такім якраз было змаганьне слуцкіх паўстанцаў. 3 прычыны тагачасных няспрыяльных нам абставінаў галоўнае ў выніку пераважаючых сілаў ворага й поўнай адсутнасьці падтрыманьня звонку, Слуцкае паўстаньне ў сваім зачатку было асуджанае на няўдачу. Але й пры іншых абставінах, навет найбольш выгадных і спрыяльных, могуць прынесьці перамогу нашай нацыянальнай ідэі толькі вялікі гераізм і бязьмежная ахвярнасьць у змаганьні, якімі вызначаліся якраз слуцкія паўстанцы. Мы цьвяроза павінны здаваць сабе справу з таго, што зьнішчэньне бальшавізму не разьвязвае яшчэ справы вызваленьня й дзяржаўнай незалежнасьці нашае Бацькаўшчыны. На месца бальшавізму, бясспрэчна, прыйдуць іншыя варожыя нам сілы, якія для сваіх імпэрыялістычных мэтаў будуць імкнуцца захапіць Беларусь, а наш народ і далей трымаць у няволі. Таму збудаваць нашую будучыню зможам толькі мы самі шляхам ахвярнага й непахіснага змаганьня пры выяўленьні ўсіх нашых сілаў і ўсяе нашае волі.
    Таму якраз глыбока ідэйны характар Слуцкага паўстаньня зьмяшчае многа павучальнага й для нас сяньня. Палажэньне беларускага народу пад бяспрыкладным бальшавіцкім гнётам і крывавым тэрорам ёсьць нязвычайна цяжкае й трагічнае. Аднак беларускі народ не заламаўся пад цяжарам няволі й ня страціў веры ў лепшую будучыню. Ягоны здаровы сялянскі інстынкт і загартаванасьць у доўгім змаганьні не
    дазволілі зламаць ягонае волі й імкненьняў да лепшага жыцьця, на якое мае ён натуральнае права. Гэтую веру захавалі й мы, беларускія палітычныя эмігранты. Як увесь наш народ на Бацькаўшчыне, так і мы на эміграцыі зьяўляемся заўсёды гатовымі змагацца за ажыцьцяўленьне нашай агульнанацыянальнай ідэі, як толькі наступіць адпаведны для гэтага мамэнт. А прыгатаўляючыся да гэтага вялікага змаганьня, мы павінны ўзброіцца ўсімі тымі высокімі ідэйнымі якасьцямі, якія вялі ў бой адважных случчакоў. Усяцэлае й безагляднае ахвяраваньне сябе для ідэі без увагі на собскі інтарэс зьяўляецца адзінай і неабходнай перадумовай для дасягненьня перамогі.
    Маючы ўсюды й заўсёды гэта на думцы, мы павінны вызбыцца ўсякіх эгаістычных інстынктаў, а старацца разьвіць у сабе глыбока ідэйныя вартасьці, каб стацца падобнымі да слуцкіх паўстанцаў.
    «Бацькаўшчына», 28 лістапада 1948 г.
    ПРЫСУТНЫ
    ПЕРШЫ СУСЬВЕТНЫ ЗЬЕЗД БЕЛАРУСКАЕ ЭМІГРАЦЫІ
    Рушымся, брацьця, хутчэй
    У бой з жыцьцём, пакідаючы жах; Крыкі пужлівых людзей
    Ня стрымаюць хай бітвы размах...
    М. Багдановіч
    Так моцна й прыгожа пісаў каля 30 год таму наш вялікі рэвалюцыянэр-патрыёт і паэт, заклікаючы сваіх суродзічаў да змаганьня за сваё шчасьце, свабоду й незалежнасць. На ягоны заклік зьявіліся новыя сотні й тысячы найлепшых сыноў і дачок беларускага народу, павялічылі шэрагі змагароў. Ад гэтага часу расьце, магутнее й шырыцца наш вызвольны рух, набліжаецца да свае канчатковае мэты — вольнае й незалежнае Беларусі.
    Аднак вораг таксама ня сьпіць. Рознымі падступнымі спосабамі стараецца ён разьбіць, здэмаралізаваць нашы шэрагі, унесьці атруту зьняверу ў сэрцы іх, мала сьведамых ці прыпадковых удзельнікаў. Нашы запраўдныя патрыёты, аднак, не абмяжоўваюцца толькі дэмаскаваньнем гэнае варожае нам акцыі. He, яны добра разумеюць, што найлепшым адказам на такога роду акцыі зьяўляецца арганізацыйнае й ідэялягічнае ўзмацненьне нашых шэрагаў.
    3 другога боку, сучасныя эміграцыйныя ўмовы раскідаюць нас па ўсім сьвеце, расьцярушваюць і аслабляюць нашы сілы. Каб не дапусьціць да гэтага, наадварот, каб яшчэ болей выкарыстаць новыя абставіны й магчымасьці, кіруючыябеларускія дзейнікі прыступілі да зьдзейсьненьня новых заданьняў нашага вызвольнага руху — стварэньня каардынацыйнага цэнтру ўсяе беларускае эміграцыі.
    У выніку гэтага Ініцыятыўным Камітэтам беларускае эміграцыі ў Францыі быў скліканы Першы Сусьветны Зьезд Беларускае Эміграцыі ў Парыжы на 28 лістапада 1948 г., які працягнуўся пяць дзён. Зьезд пачаўся а 10-й гадзіне раніцы ў залі Сындыкату Беларускіх Работнікаў у Францыі. У склад Прэзыдыюму Зьезду былі выбраныя: за старшыню — інж. Уладзімер Тамашчык, за заступніка старшыні — праф. Вінцук ЖукГрышкевіч, за сакратароў — інж. Уладзімер Шыманец, Янка Сурвіла й Сьпічонак. Пасьля гэтага Зьезд прыступіў да пакліканьня Мандатнае Камісіі, у якую былі выбраныя Манькоўскі, Лашук і Лысуха.
    Першым прывітаў Зьезд Яго Эксцэленцыя Прэзыдэнт БНР інжынер Мікалай Абрамчык, які прыняў удзел і ў працах Зьезду. Пасьля гэтага былі сказаныя й зачытаныя шматлікія прывітаньні ад прадстаўнікоў нашых арганізацыяў і паасобных беларускіх дзеячоў з Англіі, Францыі, Амэрыкі, Канады, Аргентыны, Аўстраліі, Даніі, Швэдыі, Нямеччыны й Бэльгіі. Спасярод пісьменных прывітаньняў на асаблівую ўвагу заслугоўвала прывітаньне Яго Блажэнства япіскапа Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы Сяргея, якое падаём тут поўнасьцю:
    «Вітаю Вас, мае дарагія Браты й Дзеці!
    Усе дастойнікі паважанае Беларускае Канфэрэнцыі! Благаславіць .Вас Госпад на ўсякі добры пачын! 1-е пасланьне да Карынтыянаў сьв. Апостала Паўлы (1 : 10): «Гэта-ж малю Вас, браты, імем Гаспода нашага Ісуса Хрыста, каб Вы ўсе гаварылі тое самое і каб ня было між Вамі нязгоды, але каб Вы былі задзіночаныя ў адным розуме ды ў думцы аднэй!» Пасланьне да Рымлянаў сьв. Апостала Паўлы (16 :17): «Малю Вас, Браты, каб Вы высьцерагаліся тых, што чыняць нязгоды й спакусы супраць навукі, якой Вы наўчыліся, і унікайце іх!»
    Вітаю Вас, мае дарагія Браты й Сёстры й веручыя беларусы Хрыстовай Беларускай Аўтакефальнай Царквы! Вітаю Вас, наймілейшыя, упаўнаважаныя на гэтую пачэсную Беларускую Канфэрэнцыю! Няхай Вам Госпад пасылае сілу, розум і аднадушша ды адзіную братнюю любоў! Божае Багаславеньне клічу на Вас. Памажы Вам Божа на ўсякую добрую справу!
    Япіскап Сяргей усяе Францускае зоны Апякун Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы».
    Пасьля прывітаньняў, ушанаваўшы памяць загінуўшых змагароў мінуткай маўчаньня, зьезд, на чале з Прэзыдэнтам, накіраваўся ў беларускую царкву на ўрачыстую Багаслужбу, падчас якой прыгожыя беларускія рэлігійныя песьні кранулі да сьлёз не аднаго дэлегата, а заклік сьвятара будаваць Беларускі Дом з Богам глыбока запаў у сэрцы ўсіх прысутных.
    Вечарам таго-ж дня Хаўрус беларускіх работнікаў у Парыжы зрабіў скромнае, але мілае прыняцьце ўсіх дэлегатаў і гасьцей у сваім Сындыкаце. Мілая атмасфэра была вынікам самаахвярнае працы нашых жанчын у Парыжы. Гэтая атмасфэра, як і зразуменьне гістарычнага значэньня адбываных нарадаў спрычыніліся да таго, што ўсе 22 паўнамоцныя дэлегаты ні на часіну не паслабілі свайго сур’ёзнага й уважлівага адношаньня да кажнага пытаньня парадку дня й прыйманых рэзалюцыяў.
    Перадусім адбыліся справаздачы зь дзейнасьці нашых арганізацыяў ва ўсіх краёх, куды лёс закінуў нашых суродзічаў. Дэлэгаты пры гэтым з радасьцю сьцьвярджалі самаахвярнасьць нашых патрыётаў, нашы вялікія посьпехі на працягу прыблізна двохгадовае працы.
    Нашы францускія сябры маглі пахваліцца сваім аддзелам пры хрысьціянскім сындыкаце францускіх работнікаў, арганізацыяй прафэсыянальных курсаў для беларускіх работнікаў, выступамі нашых жанчын на міжнародных зьездах, выданьнем брашуры «Беларусь» у францускай мове, складаньнем розных мэмарандумаў аб Беларусі на розных міжнародных канфэрэнцыях і г. д. Беларусы з Англіі напоўнілі радасьцю й гонарам сэрцы прысутных фактам куплі ўласнага дому ў Лёндане й другога на правінцыі, што было зроблена выключна дзякуючы самаахвярнасьці сьведамых сяброў. Бязумоўна, гэта не адзіны іх посьпех. Беларуская прэса — «Беларус на чужыне», «Моладзь», часапіс 12 «Наперад» сьветчаць таксама аб іх вялікай пазытыўнай працы.
    Беларусы Нямеччыны таксама маглі паказаць зьезду шмат канкрэтных вынікаў свае працы: яшчэ каля году таму назад яны ня мелі там правоў асобнага народу. Сяньня існуюць шматлікія беларускія лягеры й беларускія нацыянальныя групы. Ува ўсіх беларускіх лягерах і групах працуюць беларускія пачаткавыя
    школы, 3 гімназіі, розныя курсы. У арганізацыйнаграмадзкім жыцьці працуюць зонныя й акруговыя камітэты, на чале якіх стаіць Беларускі Нацыянальны-Цэнтральны Камітэт. Згуртаваньне Беларускіх Скаўтаў з гонарам прапагуе імя беларуса шырока паза межамі Нямеччыны, таксама як і Цэнтраля Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў. Працуюць саюзы Настаўнікаў, Лекараў, Вэтэранаў, Жанчын, Беларускае Навуковае Таварыства і г. д. Выдаецца шырокая беларуская прэса зь ліцэнцыяванай «Бацькаўшчынай» і «Сакавіком» на чале.
    Беларусы ў Бэльгіі таксама пачалі добра працаваць. Той факт, што яны дамагліся прызнаньня стыпэндыяў для 20 беларускіх студэнтаў, зьяўляецца іх добрым посьпехам. Беларускі Камітэт у Аргентыне ўжо добра вядомы шырокім колам нашай эміграцыі здабываньнем візаў на ўезд у гэтую краіну. Ягоны старшыня сп. Мерляк сваім выступам на мітынгу паняволеных народаў у Буэнас-Айрэс шырока спапулярызаваў імя Беларуса ўва ўсёй Аргентыне.
    Беларусы ў Канадзе, Амэрыцы, Італіі й Аўстраліі пасьпяхова праводзяць арганізацыйнае афармленьне Беларускіх Нацыянальных Камітэтаў.
    Бязумоўна, прыгэтым было выяўлена таксама шмат недахопаў і балячак, як — нашы слабыя матарыяльныя рэсурсы, брак кадраў, недамаганьні інфармацыі й сувязяў, слабая прапаганда нашага вызвольнага руху й гісторыі наагул і г. д. Па ўсіх гэтых пытаньнях бьтла праведзена шырокая дыскусыя й прынята шэраг пастановаў і рэзалюцыяў.
    Пасьля гэтага былі ўтвораныя дзьве камісіі: рэзалюцыйная й статутовая. Запрапанаваны гэтай апошняй камісіяй статут новае арганізацыі быў паддадзены шырокай дыскусіі, якая цягнулася паўтара дня. Паводля прынятага статуту нова заложаная беларуская цэнтральная эміграцыйная арганізацыя называецца: «Сусьветнае Аб'еднаньне Беларускае Эміграцыі» зь месцам свайго знаходжаньня ў Парыжы. Сябры Аб’еднаньня могуць быць беспасярэднія й пасярэднія. Беспасярэднімі зьяўляюцца ўсе цэнтральныя беларускія арганізацыі паасобных краёў (у Нямеччыне — Беларускі Нацыянальны Камітэт на Нямеччыну), а пасярэднімі — усе іншыя беларускія арганізацыі.
    Урад Аб’еднаньня быў выбраны ў наступным скла-
    дзе: старшыня — інж. Лявон Рыдлеўскі (Францыя), заступнікі старшыні — праф. Вінцук Жук-Грышкевіч (Англія), інж. Уладзімер Тамашчык (Нямеччына), інж. Уладзімер Шыманец (Францыя). Сакратар — Янка Сурвіла (Францыя), рэфэрэнты духовае апекі — Яго Блажэнства япіскап Сяргей (Нямеччына) і айцец Франціш Чарняўскі (Францыя), рэфэрэнт сацыяльнае апекі — айцец Леў Гарошка (Францыя), рэфэрэнт архіваў і дакумэнтацыі — праф. Мікола Нікан (Англія) і рэфэрэнт культуры й асьветы — праф. Вінцук Грышкевіч (Англія), рэфэрэнт прэсы й інфармацыі — Пётр Манькоўскі (Нямеччына), фінансавы рэфэрэнт — інж. Ул. Шыманец. Апрача ўраду была таксама выбраная Наглядная Рада й Грамадзкі Суд.