Жанчына ў пяску | Чужы твар
Коба Абэ
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 413с.
Мінск 1986
Дзеўчаня церлася спіною аб сцяну і нейкі час, здавалася, пільна ўзважвала сэнс маіх слоў. Потым, падазрона гледзячы на мяне спадылба, папыталася:
— Употай ад мамы?
— Ведама, употай.
Я міжволі засмяяўся (напраўду, я смяюся!) і, разумеючы эфект маскі, якая смяецца, засмяяўся яшчэ мацней. Нарэшце і да дзеўчаняці як быццам дайшло. Яно расслабіла нацягнутыя, як струны, мускулы і адтапырыла ніжнюю губу.
— До-о-бра... до-о-бра,— праспявала яна некалькі разоў і, з сумам праціраючы золата ё-ё крысом кофты, гаварыла: — Калі напраўду купіце, я гэты аддам... Але праўда, праўда, гэты я не ўкрала ціхенька... Мне яго калі яшчэ абяцалі... Але я аддам... Во проста цяпер пайду і аддам... Мне ён падабаецца, хто б які гасцінец ні даў, мне вельмі падабаецца...
Тулячыся да сцяны, яна бачком, бачком кралася паўз мяне. Дзеці ёсць дзеці... Я зусім ужо супакоіўся, але, параўняўшыся са мною, яна прашаптала:
— Гуляем у сакрэты!
«Гуляем у сакрэты»? Што гэта значыць? Ат, няма чаго звяртаць увагі. Хіба здатнае гэта недаразвітае дзіцяня на такія складаныя хітрыкі? Гэта, мусіць, ад невялікага розуму, але ж сабака з мізэрным розумам мае, нібыта кампенсацыю, востры нюх... Сам факт, што я непакоіўся з гэтай прычыны, быў пэўным доказам таго, што мая ўпэўненасць зноў захісталася.
Увогуле, асадак быў вельмі прыкры. Толькі твар мой стаў зусім новы, а памяць і звычкі асталіся колішнія — гэта ўсё роўна што чэрпаць ваду конаўкаю без дна. Калі я ўжо надзеў на твар маску, дык яна
павінна адпавядаць рытму майго сэрца. Мне б хацелася ў сваім акцёрстве дасягнуць такой высокай дасканаласці, каб мяне не мог выкрыць нават дэтэктар хлусні...
Я зняў маску. Набрынялы потам клей пахнуў, як пераспелы вінаград. I ў гэтую хвіліну нясцерпная стома хлынула ўгору, як з забітай сцёкавай канавы, і вязкім дзёгцем стала застойвацца ў суставах. Але ўсё залежыць ад успрымання, і першую спробу ніяк нельга назваць няўдачаю. Пакуты, звязаныя з нараджэннем дзіцяці,— і то не жарт. А тут сфарміраваны дарослы чалавек збіраецца перарадзіцца ў зусім другога — ці не павінен я лічыць, што нейкія шурпатасці, няўдачы натуральныя? Ці не павінен я дзякаваць за тое, што не атрымаў смяротнае раны?
Выцершы маску ўсярэдзіне, я зноў нацягнуў яе на злепак, вымыў твар і змазаў крэмам, каб даць скуры крыху адпачыць. Прылёг на ложак. Напэўна, гэта была рэакцыя на вельмі доўгае напружанне: хоць сонца яшчэ не зайшло, я моцна заснуў. I прачнуўся, калі світала.
Дажджу не было, але за густым з буйных кропель туманам гандлёвы квартал, які аддзяляў ад мяне праезную вуліцу, здаваўся цёмным лесам удалечыні. Блякла афарбаванае неба, таксама, напэўна, з-за туману, крышку паружавела і цяпер стала яшчэ болей фіялетавае, чым было. Адчыніўшы акно, на ўсе грудзі ўдыхнуў я паветра, тугое, што марскі вецер, і гэтыя хвіліны, адмераныя таму, хто хаваецца, хвіліны, калі зусім не трэба баяцца чужых позіркаў, гэтыя хвіліны, лічыў я, выдатпыя, забрапіраваныя спецыяльна мне. Ага, а ці не выяўляецца сапраўднае аблічча чалавечага існавання іменна вось у такім тумане? I сапраўдны твар, і маска, і гнездзішча п’явак — усе гэтыя
фальшывыя строі прасвечваюцца наскрозь, быццам радыеактыўнымі прамянямі... Іх сапраўдны змест, іх сутнасць раскрываюцца ва ўсім сваім непрыкрытым выглядзе... I чалавечую душу, як персік з аблупленаю скуркаю, можна паспытаць. За гэта, ведама, трэба заплаціць адзінотаю. Але ці не ўсё роўна? Хто ведае, можа, людзі з тварам не меней адзінокія, чым я. Якую б шыльду я ні павесіў на сваім твары, няма чаго сяліць у сябе ўсярэдзіне чалавека, які пацярпеў гібель карабля.
Адзінота была пеклам, бо я ўцякаў ад яе, але таму, хто прагне адзіноты, шчасце яна. Ну, а калі пакінуць ролю героя плаксівае драмы і пайсці ў пустэльнікі? Калі ўжо ў мяне на твары выціснута кляймо адзіноты, неразумна не здабыць з гэтага выгады. На шчасце, у мяне ёсць бог — высокамалекулярная хімія, ёсць малітва — рэалогія, ёсць храм — лабараторыя, і зусім няма страху, што адзінота будзе замінаць маёй штодзённай працы. Наадварот, хіба яна не гарантуе, што кожны мой дзень будзе прасцейшы, правільнейшы, цішэйшы і змястоўнейшы, чым быў дагэтуль?
Я глядзеў на паружавелае неба, і на душы рабілася ўсё святлей. Праўда, калі ўспомніць пра цяжкія баі, якія вёў я дагэтуль, такая змена настрою магла здацца залішне рэзкаю, крыху неўраўнаважанаю, але калі ўжо вывеславаў у адкрытае мора і назад няма звароту, наракаць не трэба. Радуючыся ад душы, што ёсць яшчэ магчымасць, пакуль відзён бераг, павярнуць лодку назад, я зірнуў на маску, якая ляжала на стале. Лёгка і велікадушна, чыстасардэчна і шчыра я вырашыў развітацца з маскаю.
Разлітае па небе святло яшчэ не дайшло да маскі. I гэты цёмны чужы твар, які глядзеў на мяне без ніякага выразу, не збіраўся падпарадкоўвацца і, глыбока схаваўшы сваю волю, з усяе сілы працівіўся, не
даваў мне з ім зблізіцца. Гэтая маска здавалася мне нячыстаю сілаю з казачнай краіны, і нечакана я ўспомніў казку, якую некалі прачытаў ці пачуў.
Даўным-даўно жыў кароль. Аднойчы ён на нешта захварэў. Гэта была страшная хвароба, ад якое цела яго паволі раставала. Hi дактары, ні лекі не памагалі. 1 тады кароль вырашыў выдаць новы закон, па якім смяротная кара чакала кожнага, хто яго ўбачыць. Закон прын'ёс карысць: хоць у караля растаў нос, не стала рук да запясцяў, пачалі знікаць ногі да каленяў, ніхто не сумняваўся, што кароль жывы і здаровы. А хвароба не адступалася, і кароль, які раставаў, як свечка, вырашыў нарэшце папрасіць дапамогі, але было ўжо дужа позна — у яго і рот прапаў. 1 вось кароль знік. Але ні адзін з адданых яму міністраў не выказаў сумнення, што кароль жывы. Расказваюць нават, што гэты зніклы кароль, які не мог ужо чыніць ліха, доўгія гады славіўся як мудры правіцель і шанаваўся ў народзе.
Нечакана я зазлаваўся, зачыніў акно і зноў кінуўся на ложак. He прайшло і паўдня з таго часу, як я наважыўся выпрабаваць маску. I такая невялікая практыка не дае ніякіх падстаў, каб надта хвалявацца. Выкарыстаць сурдзінку можна калі хочаш. Заплюшчыўшы вочы, я пачаў успамінаць адзін за адным неасэнсаваныя асколкі прывідаў: мокрае ад дажджу акно, а потым — то травінка, якая вызірае з расколіны ў тратуары, то пляма на сцяне, падобная на жывёліну, то нараст на старым пакалечаным дрэве, то павуціна, гатовая прарвацца пад цяжарам расы. Мой звычайны абрад, калі я быў узбуджаны і не мог заснуць.
Але цяпер і гэта не памагала. Наадварот, раздражненне, не ведаю чаму, усё больш разбірала, і нарэшце стала нясцерпнае. Раптам я падумаў, каб хоць гэты туман на дварэ быў атрутным газам. Каб хоць выбухнуў вулкан ці вайна і свет задыхнуўся, а рэальнасць рассыпалася на кавалкі. Спецыяліст па штучных органах К. расказваў, што на вайне салдаты, якія страцілі твар, накладвалі на сябе рукі. Амаль уся мая маладосць прайшла на фронце, і я добра ведаю, што такія выпадкі былі сапраўды. У тыя гады цана на твары ўпала. Калі смерць бліжэй да цябе, чым самы блізкі друг, ці можа сцяжынка, што звязвае з людзьмі, мець якое-небудзь значэнне? Навошта твар салдату, які ідзе ў атаку? Папраўдзе, гэта быў непаўторны час, калі забінтаваны твар здаваўся прыгожым.
У фантазіі я зрабіўся артылерыстам, які расстрэльваў усё, што пападалася на вочы. I ў гэтым парахавым дыме я нарэшце заснуў.
Уплыў сонечных прамянёў на псіхічны стан чалавека незвычайны. А можа, я проста выспаўся? Калі ад яркага святла я павярнуўся на другі бок і расплюшчыў вочы, была ўжо адзінаццатая гадзіна, і мая маркота зусім выпарылася, як ранішняя раса.
Заўтра канчаецца мая выдуманая камандзіроўка. I калі я збіраюся здзейсніць свой план, дык за сённяшні дзень павінен абавязкова асвоіцца з маскаю. 3 добрым настроем я нацягнуў маску і сабраўся ў дарогу. Адчуваючы няёмкасць, я ўбраўся ў новы гарнітур, надзеў пярсцёнак. Выгляд у мяне быў элегантны. Цяжка было ўявіць, што гэта той самы чалавек, які ў халаце, пазаліваным хімікатамі, з раніцы да ночы займаўся малекулярнымі даследаваннямі. Мне захацелася высветліць, чаму гэта цяжка ўявіць, але, на жаль, я быў бяссільны. I не толькі бяссільны — ап’янелы ад свайго бліскучага перараджэння. I ў нейкім
пункце, на два пальцы ў глыбіню ад вочнага дна, няспынна чуўся трэск феерверку, які абвяшчаў пачатак нечага... Я трымаўся франтам, які выправіўся палюбавацца ўрачыстасцю.
На гэты раз я вырашыў выйсці з дому цераз парадны ход. Мне ўжо не трэба асабліва хавацца ад чужых позіркаў, бо я «малодшы брат», а калі пашанцуе сустрэцца з дзеўчанём, можна будзе папытацца ў яго, у якім магазіне прадаюць ё-ё. Я ўяўлення не меў, дзе прадаюцца такія цацкі. Пасля таго як памерла наша першае дзіця, а потым у цябе быў выкідыш, я зусім адышоў ад дзіцячага свету, можа, знарок абыходзіў яго. Але, на жаль, ні з дзеўчанём, ні з адміністратарам я не сустрэўся.
Ніякай асаблівай мэты ў мяне не было, і таму я пачаў шукаць ё-ё. Зусім не ведаючы ніякага спецыяльнага магазіна, я найперш стаў зазіраць у цацачныя секцыі універмагаў. Можа, з-за таго, што гэта была нядаўняя мода, у кожнай секцыі абавязкова стаяла вітрына з ё-ё, якую з усіх бакоў, нібыта мухі, аблеплівалі дзеці. Змешвацца з натоўпам у такім месцы, напэўна, не трэба было з пункту погляду псіхагігіены, і я завагаўся. Але ўрэшце я павінен быў раз і назаўсёды кінуць гэтую няўтульную «гульню ў сакрэты» і, адважыўшыся, стаў праціскацца скрозь гэтае муіпынае царства. Але ё-ё такой формы, як я хацеў, не пападалася. Ё-ё, з якім гуляла дзеўчаня, і формаю і колерам не быў падобны на тыя, што прадавалі ва універмагах. Узяць, да прыкладу, ласункі — мне яны болей па душы з таннае крамкі. Выйшаўшы з універмага, я болей за гадзіну блукаў па горадзе, і раптам у завулку насупраць вакзала натрапіў на маленькі цацачны магазін.
Як і трэба было чакаць, ён ані не быў падобны на цацачныя секцыі універмагаў. Магазін не гандляваў дзешавізнаю, як крамка танных ласункаў, але ў ім
былі не толькі дарагія рэчы. Ён быў разлічаны, напэўна, на дзяцей старэйшых, якія на падораныя грошы купляюць самі цацкі, што ім падабаюцца,— у ім панавала атмасфера прастадушнага грэху, ахутанага таямніцаю. Правільней, у ім бессаромна спекулявалі на псіхалогіі дзіцяці, якое ахватней купляла падфарбаваную ваду ў трохвугольным пакеце, чым сок з садавіны ў пляшцы. Як я і думаў, патрэбны мне ё-ё там быў таксама. Трымаючы ў руках раздзелены на дзве палавіны шар з сінтэтычнае смалы, я з гаркотаю ўсміхнуўся, нечакана падумаўшы пра яго стваральніка, які здолеў выдатна выказаць сутнасць магазінчыка ў завулку. Усё было зроблена надзвычай тонка. Прастата формы і крыклівая расфарбоўка. Калі б ён быў бязлітасны да свайго густу, такога б ён ні за што не прыдумаў. Дый гэта было не проста безгустоўшчына, a найхутчэй, свядомае дзеянне на свой густ да самае мяжы — усё роўна што ў ачмурэнні растоптваць свой густ абцасам, стросшы яго на зямлю, як кузурку. Жорстка, праўда? Што ж, існуюць, натуральна, і жорсткія акалічнасці. Але калі ён выбраў гэты шлях па добрай волі, дык ці не было гэта прадыктавана помслівасцю, адчуваннем свабоды, быццам зняў адзежу і астаўся голы? Бо гэта была не свабода дзейнічаць паводле свайго густу, а свабода ўцячы ад свайго густу...