Жанчына ў пяску | Чужы твар  Коба Абэ

Жанчына ў пяску | Чужы твар

Коба Абэ
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 413с.
Мінск 1986
73.13 МБ
змена капелюша прывяла да таго, што давер, які быў у мяне раней да бацькі, быў цалкам падарваны. Напэўна, з таго часу мне заўсёды было сорамна за бацьку.
Але цяпер пазіцыі нашы перамяніліся. Цяпер была мая чарга апраўдвацца. Я разглядаў у люстэрку чырвоных п’явак, якія ўкрылі мой твар, і гэта падганяла мяне хутчэй зрабіць маску. Усё роўна не я павінен саромецца. I калі ўжо ёсць такія, у каго напраўду павінна балець сэрца, дык гэта, найхутчэй, людзі, якія не прызнаюць, што можа жыць чалавек без твару — яго пашпарта,— і тым самым хаваюць мяне жывога. Хіба няпраўда?
Зноў настроіўшыся агрэсіўна, я вярнуўся да маскі. Бессаромна аброслая фізіяномія... Фізіяномія з вытырклым носам... У вочы кідаецца толькі яе задзірысты выгляд. Непрыемнае ўражанне, напэўна, ад таго, што бачыш паасобныя часткі,— я прыставіў маску да сцяны і, адышоўшыся на некалькі крокаў, стаў разглядаць яе праз складзеныя трубкаю далоні. Я не адчуў радасці ад таго, што работа скончана, мусіць, я болей маркоціўся, што гэты чужы твар паступова завалодвае мною.
Напэўна, гэта ад ператамлення, падбадзёрваў я сябе. Заўсёды ж у мяне гэтак было, калі я канчаў вялікую працу. Радасць завяршэння зведвае толькі той, хто не мае ніякай адказнасці за вынікі працы. Можа, я яшчэ несвядома зазнаваў уплыў беспадстаўнага ўсталяванага меркавання адносна твару. Колькі б я ні змагаўся з абагаўленнем твару, не было ніякай гарантыі, што ў глыбіні свядомасці не астанецца каранёў гэтага ліха. Вось так людзі, якія не вераць у здані, усё роўна баяцца цемры.
Тады я вырашыў любымі сродкамі загнаць сябе ў працу. Каб ведаць да канца, што за маска атрымалася, паспрабую яе надзець. Спачатку я закасаў яе пад вушамі, адцягнуў каля падбародка, зняў з губ, выцягнуў трубку з ноздраў і садраў яе са злепка. Яна павісла
мяккім мяшочкам, у які кладуць сухі лёд. Потым нацягнуў яе на твар. Тэхнічных памылак нібыта не было. Быццам доўга ношаная, яна добра прылегла да твару — я пракаўтнуў камячок, які стаяў у горле.
Зірнуў у люстэрка. На мяне холадна глядзеў незнаёмы чалавек. Як я і чакаў, няма ні рыскі, якая нагадвала б мяне. Поўнае пераўвасабленне. I колер, і глянец, і поўнае адчуванне скуры,— увогуле, можна гаварыць пра поспех. Але адкуль жа гэтая ненатуральнасць? Можа, люстэрка кепскае... Ці святло падае неяк ненатуральна... Я рыўком адчыніў аканіцы і ўпусціў у пакой сонца.
Вострыя асколкі промняў, вібрыруючы, як шчупальцы насякомых, праніклі ва ўсе куткі маскі. Выразна ўсплылі на паверхню поры, дробныя ранкі, нават разгалінаваныя найдрабнейшыя вены. I нідзе нельга было заўважыць дэфекту. Але ў чым жа тады прычына, што я быў незадаволены? Ці не таму ўжо, што маска нерухомая і страціла выраз? Нешта такое, што нагадвае непрыемны, ажно жах бярэ, твар нябожчыка, нарумянены пад жывое. Паспрабаваць хіба пашавяліць якім-небудзь мускулам? Спецыяльна я яшчэ нічога не падрыхтаваў, каб прыклеіць маску да твару,— я збіраўся выкарыстаць што-небудзь накшталт клею ці ліпучага пластыру, але меншай канцэнтрацыі,—• дык не змагу дакладна перадаць маскаю рухаў мускулаў, відаць, мне ўдасца зрабіць гэта толькі каля носа і рота, дзе маска найболей шчытна прылягае да твару.
Найперш напружу куткі рота і паспрабую крышку расцягнуць іх управа і ўлева. He дарэмна я так уважліва паставіўся да анатамічнае праблемы, бо яна дала мне вельмі многа клопату,— слой за слоем накладваўся матэрыял, які мае пэўную накіраванасць. Натхніўшыся, я вырашыў паспрабаваць цяпер усміхнуцца папраўдзе. Але маска ані не ўсміхалася. Толькі крышку скрывілася. Цяпер у ёй адчувалася смерць
куды болей, чым калі яна была нерухомая. Я разгубіўся, мне здалося, што нітачка, якая звязвае мае вантробы, парвалася, і ў грудзях стала пуста.
...Але я не хачу, каб ты мяне няправільна зразумела. У мяне ж і ў думках не было стаць у трагічную позу, гандляваць сваім няпічасцем. Ці добра, ці блага, але гэта была маска, якую я сам сабе выбраў. Твар, да якога я нарэшце прыйшоў пасля шматлікіх эксперыментаў. Калі я незадаволены, дык лепей самому і перарабіць, як мне падабаецца. А калі пытанне не ў тым, як яна зроблена, што ж мне тады рабіць? Ці змагу я пасля пакорліва прызнаць, што гэта мой твар, і безагаворачна прыняць яго? I тады я адчуў, што гэтая спустошанасць, ад якой я зусім заняпаў духам, была выклікана не так разгубленасцю перад новым тварам, як безвыходнасцю знікнення, быццам я ўбачыў, як мой асабісты вобраз хаваецца ад мяне пад шапкаю-невідзімкаю. А калі так, ці ўдасца мне здзейсніць далейшыя планы?
Выраз твару нагадвае гадавыя кольцы, якія выразаюцца жыццём, і, можа, дарэмна я адразу не паспрабаваў засмяяцца. Жыццёвыя ўмовы выклікаюць паўтор пэўных выразаў твару, і яны застываюць, напрыклад, у выглядзе маршчын, складак. Твар, які заўсёды ўсміхаецца, прывыкае да натуральнае ўсмешкі. I, наадварот, сярдзіты твар прывыкае да сярдзітага выразу. Але на маёй масцы, як на твары ў немаўляці, не адбілася ніводнага гадавога кальца. Як бы ні ўсміхалася дзіця, надзеўшы твар саракагадовага, яно будзе падобнае на пярэваратня. Безумоўна! Абавязкова! Таму першае, што я ўключу ў план пасля таго, як затаюся ў сваім сховішчы,— прывучыць маску да маршчын. Калі гэта ўдасца, маска стане мне родная, зручная пры карыстанні. Я, увогуле, з самага пачатку прадбачыў нешта падобнае, і таму цяпер не было ніякіх падстаў адчайвацца. Спрытна падмяніўшы адно пытанне другім, я
не толькі не прыслухаўся да ўколаў сумлення, а, наадварот, паступова вязнуў усё глыбей і глыбей.
Ну вось, як быццам я і падышоў да сховішча ў доме S, з якога пачаў свае запіскі. Дзе ж гэта я збочыў?.. Ага, ведама, калі я астаўся адзін і пачаў размотваць бінт... Ну што ж, буду прадаўжаць цяпер з тае самае мясціны.
Першае, за што я павінен быў узяцца ў сваім сховіпічы, гэта прывучыць маску да маршчын. Ніякія адмысловыя прыстасаванні не патрэбныя — гэта была велізарная руплівая праца, на якую трэба было сабраць усю сваю волю, цярпенне і ўвагу.
Спачатку ўвесь твар я змазаў адмысловым клеем. Маску трэба было надзяваць з носа. Я шчытна ўставіў у ноздры трубкі, потым прымацаваў да дзяснаў загубінкі маскі, пасля прыціснуў яе да носа, шчок і падбародка, старанна разгладзіў, каб нідзе не было складак. Пачакаўшы, пакуль маска прыстане да твару, я стаў праграваць яе інфрачырвонаю лямпаю і, пакуль трымалася пэўная тэмпература, паўтараў той самы мімічны рух. Матэрыял, з якога была зроблена маска, меў такую ўласцівасць, што, калі ён награваўся вышэй пэўнае тэмпературы, эластычнасць яго рэзка зніжалася, і таму ў кірунку, загадзя нададзеным матэрыялу, гэта значыць уздоўж Лангеравых ліній, натуральна ўтвараліся маршчыны, якія адпавядалі пэўнаму выразу твару.
Змест і размеркаванне выразаў твару ў працэнтах могуць быць пададзены такім чынам:
Канцэнтрацыя зацікаўленасці — 16 % цікаўнасць	— 7	%
згода	— 10	%
задавальненне	— 12	%
смех	— 13	%
адмаўленне	—	6	%
незадаволенасць	— 7 %
агіда	— 6 %
сумненне	—	5	%
збянтэжанасць	—	6	%
заклапочанасць	—	3	%
гнеў	—	9	%
Я не лічыў, безумоўна, што можна задаволіцца, расклаўшы такую складаную і далікатную з’яву, як выраз твару, толькі на гэтыя асноўныя элементы. Але калі змешваць іх на палітры ў розных камбінацыях, удасца атрымаць любыя адценні. Наўрад ці трэба гаварыць, што працэнты паказваюць частату пэўнага выразу. Карацей кажучы, я ўявіў чалавека такога тыпу, у якога эмоцыі прыкладна адпавядаюць гэтай прапорцыі. Безумоўна, калі б у мяне папыталіся, што прынята за крытэрый, мне было б цяжка адразу адказаць. Проста я паставіў сябе ў становішча спакушальніка і, уявіўшы сцэну, у якой я стаю перад табою і якая сімвалізуе іншых людзей, адзін за адным узважваў выразы твару. Як дурань, я зноў і зноў то плакаў, то смяяўся, то злаваўся, і гэтак да раніцы. Таму на другі дзень я прачнуўся толькі пад вечар. Шчыліны ў аканіцах прапускалі промні святла, якія быццам праходзілі праз чырвонае шкло. Здаецца, пайшоў доўгачаканы дождж. Але настрой ані не лепшаў. Стома, даўкая, як настоены чай, скавала ўсё цела. Асабліва пякло і балела ў скронях. I не так сабе. Болей за дзесяць гадзін я шавяліў мімічнымі мускуламі. I не проста шавяліў імі, а да канца напружваў нервы — калі смяяўся, дык напраўду смяяўся, а калі злаваўся, дык таксама напраўду.
Ва ўсякім разе, за гэты час нават самы непрыкметны выраз глыбока ўразаўся ў паверхню майго новага твару, як герб, які не церпіць паправак. I калі б я ўвесь час смяяўся фальшыва, на маёй масцы назаўсё-
ды асталася б пячаць твару, здольнага смяяцца толькі штучна. Таму, якія б імгненныя ні былі адбіткі, я не мог да іх ставіцца абыякава, бо яны ў выглядзе формы будуць зарэгістраваны маскаю як гісторыя майго жыцця.
Я падрыхтаваў гарачы ручнік і памасажыраваў твар. Пара пранікла ў скуру, якая запалілася ад таго, што інфрачырвонаю лямпаю я стымуляваў потавыя залозы, а клеем забіў поры. Гэта адмоўна паўплывала і на келоіды. Але нічога страшнейшага за тое, што ўжо здарылася, адбыцца не магло, і наўрад ці варта было залішне непакоіцца. Мёртваму ўсё роўна — ці яго крэміруюць, ці закапаюць.
Тры дні я паўтараў тое самае ў тым самым парадку. Тое, што трэба было папраўляць, я паправіў, усё прыйшло да нормы, і на трэці дзень мне захацелася паспрабаваць паснедаць у масцы. Калі-небудзь я абавязкова сутыкнуся з такою патрэбаю, дык лепей цяпер праверыць усё на практыцы. Так ствару я ўмовы самыя натуральныя. Пасля таго як клей даволі застыў, я ўскудлаціў валасы і прыкрыў імі краі маскі, надзеў цёмныя акуляры з карычневым шклом, каб мяжа маскі вакол павекаў не кідалася ў вочы, і ўвогуле ўсё падрыхтаваў, быццам збіраўся выйсці з хаты.
Перасільваючы спакусу зазірнуць у люстэрка, што вісела насупраць мяне, я паставіў на стол кансервы, што асталіся ад учарашняе вячэры, і хлеб. Уявіўшы сябе ў рэстаране ці яшчэ ў якой-небудзь зале, дзе я ем разам з мноствам людзей, паволі падняў галаву і глянуў у люстэрка.
Той, ведама, таксама падняў галаву і паглядзеў на мяне. Потым, у такт руху майго рота, пачаў жаваць хлеб. Калі я еў суп, ён таксама яго еў. Наша дыханне супадала, і гэта было вельмі натуральна. Адчувандр чужых губ, прытупленыя нервы не давалі магчымасці добра адчуць смак яды, заміналі жаваць, але, калі