Запісы 32

Запісы 32

„Запісы” – навуковы часопіс беларускае эміграцыі, ворган Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва
Выдавец:
Памер: 619с.
Мінск, Нью Йорк 2009
157.77 МБ
Mae два сыны' працавалі ў працягу году па кантракту ў вугальных капальнях. Практыка капальняў, як і тутэйшая практыка, паказала, насколькі цынічна хлусяць францускія місіі ў Нямеччыне, калі яны вярбуюць нашых людзей на працу ў Францыю. Вусна і ў друку яны праклямуюць досыць нармальныя ўмовы жыцьця й працы (нармальныя й матэрыяльна, і маральна), у прыватнасьці — там яны не гавораць аб стане „этранжэ“ й вельмі шырока праклямуюць роўнасьць правоў „этранжэ" з францускімі рабочымі. Як фактычна выглядае справа цяпер, я крыху сказаў. А вось як яна выглядае на працягу году ў капаль-
4 Маюцца на ўвазе Ўладзімер (1927—1995) і Алег (1930—2005) Шнэкі.
нях. У працягу году нашыя людзі атрымлівалі ўсяго толькі 75—80% нармальнай заработнай платы, на сацыяльнае страхаваньне вылічвалася іо% заработку, аплачвалі вугаль, сьвятло й іншыя г. зв. камунальныя ўслугі. Жылі ў бараках, праз каторыя і ўздоўж, і ўпоперак, і зьверху, і зьнізу цэлую зіму дула. Каштоўнасьць усяго абсталяваньня кватэры была поўнасьцю вылічана з заработнай платы. Калі дадаць да гэтага масу ашуканстваў, супроць якіх нідзе не магчыма знайсьці ўправу, то стане прыблізна зразумелым, якой велічыні была заработная плата ў капальнях. Досыць сказаць, што адзін раз за паўмесяца працы мой сын атрымаў 50 франкаў (гэта прыблізна 60—65 пфэнінгаў).
Такія ж якраз і маральныя ўмовы. Там на працы кіраўнікі (тэхнікі й адміністратары) не гавораць з нашымі „этранжэ", а лаюцца, абражаюць і зьневажаюць чалавека. К прыкладу, штайгер па прозьвішчу Ляпорт зварочваецца да шахцёра толькі адным клічам: „Гэй, ідыёт!“ Поруч з гэтым адбываюцца пастаянныя й пагрозы ды бойкі, не заўсёды без вынікаў. Такая ж зьнявага да „этранжэ“ пастаянна назіраецца й з боку службоўцаў. He далей як два месяцы таму назад у бюро працы адна мадам самым нахабным чынам вызьверылася на мяне з лаянкай толькі за тое, што я не разумею францускай мовы й не магу адказаць на ейныя пытаньні (тады я шчыра пашкадаваў, што не магу гаварыць пафранцуску). А ў галоўным бюро шахтнай групы (капальні тут нацыялізаваныя) група італьянцаў, выведзеная зь цярпеньня чыноўнікам, які, замест залатаваньня справы з работнікамі, больш гадзіны займаўся жартамі са сваім калегаю, запусьцілі ў гэтага чыноўніка цаглінаю праз вакно.
Гэта адносіны французаў у Францыі да „этранжэ".
Я вельмі дрэнны фантазёр і вынаходца, і таму за праўдзівасьць паданых фактаў, якія хаваюцца тут за паказную ветлівасьць, кулыуру й дэмакратыю, ахвотна гатоў адказаць перад любым судом. I Божа барані раіць каму-небудзь з нашых людзей ехаць сюды й стацца францускім аўсьлендэрам („этранжэ").
С[ьцяпан] Шнэк5
s У1950 г. Сьцяпан Шнэк (1900—1952) разам зь сям’ёй выехаў у Аўстралію, дзе, таксама не прыстасаваўшыся да жыцьця на чужыне, у 1952 г. скончыў жыцьцё самагубствам.
Ліст „Аб беларускай эміграцыі ў Італіі“
24 траўня 1949 г.
Італія — край сонца й красак. Усім тым нашым беларускім эмігрантам, якім давялося тут гасьціць і яе пакідаць, на разьвітаньні вочы напаўняліся сьлязьмі. А выехаўіпы ў чужы й далёкі край, аб ёй ня могуць забыць. Гэта пацьвердзіць усякі беларус, якому доля наканавала такі шлях. А іх такіх тут было вельмі многа, аб гэтым сьведчаць рады крыжоў і магілаў на Монтэ-Касіна й другіх мілітарных магілках, яны загінулі са зброяй у руках у барацьбе за свабоду чалавецтва, іх магілы зарасьлі прыгожымі краскамі, і ім будзе сьвяціць італьянскае сонейка аж да ўваскрашэньня.
Сёньня беларусаў у Італіі няшмат, таму што вельмі многа выэмігравала. Асталіся толькі студэнты й тыя, якіх не прыняла IRO. Адносіны італьянцаў да беларусаў наагул былі й ёсьць досыць добрыя. Аб гэтым будзе сьведчыць такі факт. Адзін беларус, які цяжка быў паранены ў часе вайны, а яшчэ ў дабавак не прыняты yIRO, калі яму ўсе тутурады адмаўлялі ў помачы, тады італьянскія жыхары як маглі яму дапамагалі, калі ж ён знайшоўся ў бальніцы, то трох кожнага дня яго наведвалі.
Беларускія студэнты, якія студыююць на італьянскіх унівэрсытэтах у Рыме, хаця жывуць у вельмі трудных матэрыяльных абставінах, але ўжо шырока ведамыя ня толькі ў Рыме, але і ў цэлай Італіі. Аб іх творчасьці ўжо многа раз пісалі італьянскія газэты й журналы.
Ведамы беларус — прафэсар малярства па фаміліі Казак — сваім арцыдзелам, мадэрнымі рэвалюцыйнымі малюнкамі перавысіў усіх італьянскіх мастакоў. Яго праца цяпер цэніцца ў Італіі найвышэйшай. Другі — опэрны сьпявака, сп. Конюх Пятро — хаця яшчэ не высіупаў як актор, таму што студыюе, але ўжо шырока ведамы. Яго бас перавышае Шаляпінскі.
Што адносіцца да арганізацыйнага беларускага жыцьця ў Італіі, як я ўжо ўспамінаў вышэй, з прычыны абставінаў, гэта значыць матэрыяльных і маральных умоваў, у якіх мы ў сучасны момант знаходзімся, не даюць магчымасьцяў на шырэйшую дзейнасьць. Але ўсё магчымае робіцца. Яшчэ ніводзін беларус, каторы зьвярнуўся зь якой-небудзь просьбаю да сваіх суродзічаў у Рыме, каб яе не атрымаў. Асабліва беларусы ў Рыме ўдзячныя аднаму гішпанскаму айцу па фаміліі Echarri, які працуе yPontifici Assistensa і як можа памагае матэрыяльна й маральна.
У нацыянальныя сьвяты ў нас, як і ў другіх краінах, дзе знаходзяцца беларусы, бываюць зборкі, праводзяцца дыскусіі, чытаюцца даклады й таксама заўсёды адпраўляецца Божая Служба за Беларусь і беларускі народ.
[Тодар Мазура]6
„Набывайце фах“7
(ліст з Вэнэцуэлі)
У хуткім часе прадбачыцца новы набор эмігрантаў з Эўропы ў Вэнэцуэлю, пераважна земляробаў з заключэньнем кантракту на 2 гады. Я, як беларус, хачу падзяліцца сваімі ўражаньнямі із сваімі суродзічамі, што хочуць як хутчэй выэміграваць із Эўропы за акіян і даць некаторыя парады, а галоўнае апісаць, што новага ў Вэнэцуэлі. Дык вось.
Стары парадак разьмяшчэньня эмігрантаў, асабліва тых, каторыя выехалі на земляробства, быў нездавальняючы. Першае, людзі не атрымалі тых крэдытаў і інвэнтару, які абяцалі даць калёністым. Другое: дзе і атрымалі інвэнтар і невялікія крэдыты, асабліва вялікія калёніі, то зямлю, імі выкарчаваную, калёністым не давалі, а зямля далей лічылася дзяржаўнай, таксама і ўраджай. 3 гэтае прычыны шмат якія калёністыя пакінулі зямлю, і пайшлі ў гарады шукаць працу за якім хто здолее фахам.
Вельмі багата з эмігрантаў ДП адкрылі свае майстэрні: кравецкія, шавецкія, сталярні, рэстараны. Я раю ўсім, хто едзе на эміграцыю, набываць фах, бо фахоўцам у Вэнэцуэлі добра. Усім спэцыялістым-мэханікам, шафэрам, электрыкам, малярам, сталярам, плотнікам і г. д. добра.
Я працую столярам, за 8 гадзін атрымліваю 15 булівараў, выдаткоўваю на харчаваньне зь сям’ёй 3 асобы — 4—5 булівараў дзенна, за кватэру плачу 50 бул. на месяц, а рэшта застаецца на адзежу. Добры гарнітур каштуе ад 50 да 150 бул., а рабочы — ад іо да 30 бул. Купіць ёсьць усё, што хочаш і сколькі хочаш.
Марцін Р.
6 Ліст не падпісаны, але арыгінал (пісаны лацівкаю) захоўваецца ў тэчцы „Прыватныя лісты Тодара Мазуры" ў архівах Бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лёндане, таму аўтарства ягонае не выклікае сумневу.
7 Ліст апублікаваны ў: Бацькаўшчына. №15 (59). 1949.
Ліст з Мадагаскару8
Мадагаскар, 17.05.1948
Зь вялікім жалем і болем у сэрцы мушу вас паведаміць, што не магу належаць да вашай арганізацыі. He магу належаць з тае прычыны, што як жаўнер францускай Чужаземнае Легіі не магу ісьці супроць вайсковага рэгуляміну, які забараняе нам належыць да ўсіх цывільных арганізацыяў... Я зьяўляюся з крыві косьці беларусам і ніколі гэтага не зракуся. Мне вельмі цяжка цяпер у маім самотным жыцьці. Усе мае сябры беларусы, якія разам са мною запісаліся ў Легію, паехалі ў францускі Індакітай, а я знаходжуся цяпер на Мадагаскары ў партызанскіх баях з г. зв. „рэбэламі". Так, дарагія браты, лёс мяне кінуў далёка ў сьвет, тысячы кілёматраў ад маёй бацькаўшчыны і маіх братоў. He заўсёды бывае так, як хочаш, і трэба пагадзіцца з сваім лёсам... Выбачайце мне за мае граматычныя памылкі, бо, сапраўды, прызнаюся, што памаленьку пачынаю забываць сваю мову, ня меўшы сутычнасьці зь беларусамі праз два з паловай гады. Цяпер пераважна прыходзіцца гутарыць пафранцуску і па-нямецку. Француская мова зьяўляецца службоваю, а па службе гутарым па-нямецку, бо 8о% жаўнераўу Легіі зьяўляюцца немцы... Хачу зьвярнуцца да вас, дарагія браты, з адной просьбай. Калі можаце, дык прышлеце мне час ад часу пару нумараў вашага часапісу, чым зробіце мне вялікую радасьць. Я з свайго боку абяцаю вам пісаць аб маім жыцьці, калі вас гэта цікавіць.
Засылаючы вам найшчырэйшыя выразы паважаньня, астаюся ваш самотны брат-беларус на чужыне.
Жыве Беларусь!
A. С.
Падрыхтоўка да друку Лявона Юрэвіча й Натальлі Гардзіенкі
8 Ліст быў апублікаваны ў: Беларус на Чужыне. №п (15). 1948.
Архіваліі: эпісталярыі
Аляксандар Адзінец Нямеччына
ПАДАРОЖЖА САМОТНАЕ ДУШЫ
Знаёмства Юр’я Попкі й Хведара Ільляшэвіча трывала няпоўных шэсьць гадоў, але пасьпела аказаць выключна важны ўплыў на жыцьцё й творчасьць Попкі. У сваіх успамінах паэт і грамадзкі дзеяч Юры Жывіца (адзін з псэўданімаў Попкі) пісаў, што беластоцкае знаёмства ў 1942 г. з Ільляшэвічам „было пачаткам маёй грамадзкай працы й шырэйшае літаратурнае творчасьці". Успаміны аб трагічна загінулым у 1948-м г. старэйшым сябры не пакідалі Юр’я Попку цягам усяго жыцьця, таму ня дзіўна, што менавіта ён пачаўрасшукваць, здавалася, назаўсёды згублены архіў Ільляшэвіча. Прычынай пачаткаў актыўных пошукаў стала зьяўленьне на эмігранцкім гарызонце дачкі Хведара Марылі. Складанымі шляхамі, што вялі з Парыжу ў Флорыду, а ўжо адтуль — у Эўропу, яна знайшла ў Франкфурце-на-Майне прафэсара Барыса Кіта (дарэчы, ейнага хроснага бацьку — настаўнікі Ільляшэвіч і Кіт вельмі сябравалі ў Вільні), які й пазнаёміў Марылю Марліч з Попкам. Незнаёмы сьвет эміграцыі палохаў, але так склаўся ваенны лёс, што Ільляшэвіч крочыў у шлях адзін, пакінуўшы на Радзіме сям’ю. Кажуць, што жонка Ільляшэвіча (якой Хведар, дарэчы, пісаў папольску лісты, падпісваючыся чужым прозьвішчам) вельмі пакутавала ад ціску КДБ, у той час як ейны муж, Дзядзя Федзя, як яго ласкава называлі вучні ў Ватэнштэце, у нямецкай шклянцы тапіў гора адзіноты й, магчыма, — зьдзейсьненага ўчынку. Калі страх перад КДБ, перад сатысфакцыяй крывавай камуністычнай сякеры пачаў адступаць, Марыля ўзялася за пошук бацькавай спадчыны. Спадчыны, якую Попка пакляўся знайсьці... Знайсьці дзеля асабістых мэтаў чалавека, які амаль анічога ня ведаў аб родным бацьку, і дзеля ўсяго беларускага народу — Жывіца заплянаваў кнігу аб жыцьці й дзейнасьці настаўніка, паэта, грамадзкага дзеяча й, як кажуць, добрага, чулага чалавека Хведара Ільляшэвіча. Гэтая кніга, што празь некалькі гадоў пабачыла сьвет (на жаль, абмежаванай колькасьцю асобнікаў рататарнай якасьці), стала