Запісы 33

Запісы 33

„Запісы” – навуковы часопіс беларускае эміграцыі, ворган Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва

Памер: 574с.
Мінск, Нью Йорк 2010
157.82 МБ
130.03 МБ
63 У1953—1961 гг. за часамі прэзыдэнцтва Дўайта Эйзэнгаўэра віцэ-прэзідэнтам быў Рычард Ніксан, у 1961—1963 гг. за прэзыдэнцтвам Джона Кенэдзі (1961— лістапад 1963) — Ліндан Джонсан, пасьля таго, як Л. Джонсан па забойстве Кенэдзі заняў пасаду прэзыдэнта, месца віцэ-прэзыдэнта было вакантнае. У 1965—1969 гг. віцэ-прэзыдэнтам быў Г’юбэрт Гамфры, у 1969—1973 — Сьпіра Агню.
няшняга дня, хоць малазнайныя маляры і „ўхарашальнікі" раз за разам псуюць ягоны прадбачаны выгляд.
Русак мне тае „абразы“ не дараваў і пажаліўся доктару Стасю Грынкевічу, а той, хоць быў знаёмы са мною, ня ўверыўшыся ў праўдзе, грымнуў па мне артыкулам „Адзнакі маскоўскага сэрвілізму“ на бачынах газэты „Бацькаўшчына“.
Пасьля куплі будынку, калі бацька пачаў ізноў служыць з уладыкам Васілём і яму пастанавілі нешта плаціць, я на чарговым парахвіяльным сходзе адмовіўся ўвайсьці ў парахвіяльную раду, і на маё месца скарбнікам стаў Уладзімер Русак, а замест інжынэра Мікалая Гарошкі на старшыню быў выбраны МіхасьТулейка. Неўзабаве пасьля гэтага скончыліся неабходныя рамонты, і парахвія пачала жыць нармальным жыцьцём, адправы ішлі рэгулярна кожнае нядзелі, падчас іх сьпяваў нядрэнны хор пад кіраўніцтвам Андрэя Каптуровіча, працавала й суботняя школка для дзяцей. Спахапіліся былі прыкупіць або развалены драўляны дамок зь вялікім пляцам уперадзе царквы, або трохпавярховую мураванку з боку царквы, што прадаваліся за вельмі нізкую цану, але без уладыкавага падбадзёраньня на пазьней непапраўную невыгоду й шкоду для парахвіі на гэтую патрэбу забыліся.
Затое парахвіяне тады яшчэ нью-брансьвіцкае парахвіі ў НьюДжэрзі [парафіі Жыровіцкай Божай Маці ў Гайлэнд-Парку], хоць і перасварыўшыся, усё ж купілі ўлетку 1959 году ў недалёкім Іст-Брансьвіку 3,5 акра зямлі на могілкі, якраз у пору, каб пахаваць на іх двох першых нябожчыкаў64.
Перад гэтым, аднак, зьявіўся новы клопат — выехалы ў Аўстралію й аселы ў Пэрце галава БАПЦ архіяпіскап Сергій апынуўся ў жахлівым становішчы — на жыльлё ў сьпякотным клімаце ён атрымаў нейкую паўразваленую буду, а платы амаль ніякае, бо нашыя нялікія там імігранты толькі пачыналі станавіцца на ногі й мала маглі дапамагчы. Наш першаярарх пачаў пісаць роспачныя лісты, у тым ліку й да майго бацькі, з просьбай дапамагчы яму хоць крыху грашыма на харчаваньне ды забраць яго ў Амэрыку. Пакуль я быў скарбнікам парахвіяльнае рады, мы зрабілі збор грошай і паслалі яму невялікую суму, а ў справе ягонага пераезду ў Амэрыку, здаецца, ніхто нічога не зрабіў.
64 Аўтар выпусьціў зь віду, што рэлігійныя апанэнты з парафіі сьв. Эўфрасіньні Полацкай у Саўт-Рывэры яшчэ ў 1956 г. купілі пляц пад парафіяльныя могілкі, першае пахаваньне там фіксуецца 1956 годам: у гэтым годзе там пахавалі Сьцяпана Прыдыбайлу.
Ад жабрацкага жыцьця выратаваў яго пазьней раскол у грэцкай праваслаўнай царкве ў Аўстраліі, калі 13 іхных парахвіяў адракліся ад іхнага япіскапа й запрасілі нашага ўладыку пераехаць у Адэляйду й ачоліць іхную юрысдыкцыю. Рэшту свайго жыцьця наш Першаярарх пражыў у манаскім дастатку й асабліва высокай пашане ад ягоных грэцкіх вернікаў, што нават пасьля яго сьмерці ў 1971-м годзе ўрачыста пахавалі яго седзячы ў адмысловай дамавіне ды, як паказваюць нядаўнія здымкі, дасюль утрымоўваюць ягоную магілу ва ўзорным стане. Грэкі пасьля пагадзіліся й зноў задзініліся, але Канстанцінопальскі патрыярхат за ўмяшаньне ў іхны раскол заварагаваў на БАПЦ ды дасюль, мабыць, не адпусьціўся. Аднак па гневе нашчадкаў зьніклае Бізантыйскае Імпэрыі такое бяды, бо як паказала згода Канстанцінопалю ў 1924-м годзе на аўтакефалію Польскае праваслаўнае царквы, у якой не было ніводнага праваслаўнага паляка, за грошы можна купіць ад тае імпэрыі й прызнаньне царкоўнае незалежнасьці, абы ўперш была дзяржаўная.
Разам з парахвіяльным жыцьцём пасьля прыдбаньня ў Брукліне собскага будынку ажывілася й дзейнасьць БАЗА ды Згуртаваньня беларускае моладзі, довадам чаго стала сустрэча новага 1959-га ці 1960-га году, на якой у грамадзкай залі не хапіла месца ахвочым узяць удзел. Таксама ад пачатку 1960-х пачалі для прэстыжу ладзіць сьвяткаваньні 25 Сакавіка замест найманай школьнай залі ў Манхэтане, там у гатэлі Білтмор на 43-й вуліцы з кактэйлам для гасьцей. У мастацкай частцы сьвяткаваньняў няраз сьпявала пад матчын акампанэмэнт дачка кампазытаркі Эльзы Зубковіч, сапрана Ліза Маркоўская, а таксама выступаў і моладзевы танцавальны гурток.
Тымчасам гаспадар дому, у якім мы жылі, прадаў яго, і мы, не знайшоўшы большае, мусілі — бацькі сабе, а мы сабе — наняць дзьве асобныя меншыя, хоць і блізкія адна ад аднае кватэры. Частка Брукліну, куды мы перасяліліся, у тую пору была яшчэ даволі добрая й амаль цалкам заселеная эмігрантамі з Эўропы, найбольш жыдамі-„літвакамі“, а таксама „палякамі" й „рюсскімі" з нашага краю, што маліліся кожны ў сваёй сынагозе, касьцёле ці царкве. Пагоднымі летнімі надвячоркамі пэнсіянэры з гэтых і крыху новых эмігрантаў зьбіраліся ў блізкім невялікім парку, г. зв. „брахалаўцы“, каб папалітыкаваць.
Я, здаецца, у 1956 годзе купіў на сплату самаход, каб даяжджаць усюды, куды здаралася патрэба ехаць, незалежна ад публічнага транспарту. На пачатку 1958 году ў нас сталася бяда — бацька, выціраючы на працы лямпы, упаў з драбінкі й, выцяўшыся аб край стала, паламаў
дзьве ці тры рабрыны ды апынуўся ў лячэўні, дзе яго пратрымалі колькі дзён, а пасьля забаранілі ісьці назад на работу ды загадалі даволі часта прыходзіць на агляды. Бацьку, урэшце, гэтая валакіта гэтак надакучыла, што ён кінуў працу й пайшоў на невялікую дзяржаўную пэнсію, якой, аднак, было даволі, каб плаціць за наймы кватэры й купляць харчы.
На жаль, пад канец 1950-х і гэтае спакойнае жыцьцё пачало псавацца, бо й да тае часткі месца, дзе мы тады жылі, дакацілася хваля чорных перасяленцаў з паўдзённых штатаў ды пуэртарыканцаў. Нам, апрача заняпаду навакольля, насьпявала патрэба на большае жыльлё з цэнтральным аграваньнем і ў нядрэнным месцы, бо спадзяваліся недалёкага прыбытку ў сям’і.
Той прыбытак — нашая дачушка, якой мы выбралі імя Ліда, прыйшла на сьвет якраз на Вадохрышча 1959 году. Мая гаспадарная жонка да тае пары здолела заашчадзіць колькі тысячаў даляраў — якраз даволі на задатак за дом, які мы нарэшце наважыліся купіць.
Аднак ажыцьцявіць нашую навагу не было так лёгка, бо купіўшы танна там, дзе мы жылі, мы толькі змарнавалі б нялёгка здабытыя грошы, а ў лепшых месцах, колькі я ня езьдзіў, дамоў на продаж, асабліва патрэбных нам з увагі на бацькоў — найменш двохсямейных — не было. Нарэшце пасьля пары месяцаў дарэмных пошукаў адзін гандляр нерухомасьцямі намовіў мяне падзівіцца на дом вонках Нью-Ёрку, але пры самай мяжы зь месцам і з даволі выгодным даездам чыгункай ды аўтобусам.
Драўляны двохспаловайпавярховы дом, што ён мне паказаў, быў стары й занядбаны, ды да таго стаяў на малым пляцы, але ў спакойнай і прыгожай частцы мястэчка Флорал Парк, з абсаджанымі старымі дрэвамі вуліцамі-алеямі, блізкімі школамі й, хоць афіцыйна ў ім былі дзьве кватэры, у сапраўднасьці іх было тры — якраз тое, што нам было патрэбнае й чаго мы шукалі.
Агледзеўшы будынак цэлай сям’ёй, мы, даўшы колькі тысячаў задатку, а на рэшту ўзяўшы ў банку на 20 год пазыку, купілі й на прадвесьні 1959-га году туды перабраліся. Мы занялі чатыры пакоі з кухняй на другім паверсе ды яшчэ пакой на падстрэшшы, а бацькі палову першага, пакідаючы другую на наймы. Давялося амаль усе пакоі перамаляваць і нямала чаго паправіць, у тым ліку й апырскаць атрутай ад пад’елага падлогу й хатнюю падрубіну пад пярэднім прыменам шашаля. Што я й зрабіў, улезшы праз цеснае ваконца. Але жыць стала раскашней самім, і зараз жа знайшлася маладая пара з двойгам дзяцей, што наняла трэцяе памяшканьне.
Злажыўшы іхную плату за наймы зь невялікімі грашыма, што плацілі бацькі, нам абоім працуючым сплачваць пазыку не было дужа цяжка, заставалася й на іншыя патрэбы.
Аднак я з мае працы ня быў задаволены, бо ўважаў, што плацілі мне мала, вышэйшага становішча без праходжаньня адмысловых курсаў і экзамэнаў спадзявацца не было як, а падвышкі, хоць фірма й давала рэгулярна, былі вельмі скупыя.
Таму не разгледзеўшыся, я паслухаў інжынэра Мікалая Гарошку, што быў заняты будовай дамоў, і наважыўся таксама пайсьці ягонай дарогай, скарыстоўваючы колькі тысяч даляраў, што ў нас яшчэ засталіся ад куплі дому, на куплю зямлі й матэрыялаў на будову.
3 гэтага неразважнага надуму я зрабіў, мабыць, найбольшую дурніцу ў маім жыцьці, бо ўлетку 1959-га пакінуў датулешнюю працу й пайшоў работнікам на будову, каб прыгледзецца да будовы й навучыцца, як ёю заняцца. На новай і цяжкой працы мне хапіла аднаго месяца, каб пераканацца, што ўлез не ў сваю справу, але дарогі назад не было.
Пасьля гэтага я гадоў пяць або ніяк ня мог знайсьці якое-колечы працы, або знаходзіў малаплатныя ці зусім бясплатныя заняткі. Спачатку я спрабаваў памагаць украінцу, гандляру нерухомасьцямі, прадаваць дамы, але за два месяцы нам ледзь-ледзь удалося прадаць адзін дом, за што мне мой гаспадар нічога не заплаціў, і я ад яго пайшоў.
Усьлед за гэтым колькі месяцаў ня шчасьціла нічога знайсьці, і я, карыстаючы з таго, што жонка працавала на лепшай адзежы й нядрэнна зарабляла, аблажыў цеплавой ізаляцыяй, абабіў новай гіпсавай асьценкай, абмазаў і памаляваў пакой на падстрэшшы, зрабіўшы сабе працоўны габінэт.
Дзеля таго небясьпечнага факту, што нашая парахвія сьпярша была зарэгістраваная паводле кароценькага й невыразнага штатнага закону, што датычыў Украінскае праваслаўнае царквы, у нас, пасьля куплі царкоўнага будынку, зьявілася патрэба займець свой асобны штатны закон, каб паводле яго перарэгістраваць парахвію. Адвакатам за ўлажэньне такога, можа, невыгоднага й неўпадобнага закону трэба было б заплаціць вялікія грошы, дык здаволіць патрэбу давялося мне, што я асягнуў, зрабіўшы кампіляцыю важнейшых параграфаў з законаў аб іншых цэрквах.
Мой праект закону быў ухвалены адвакатам і, пасьля заплаты аднаму з райчых Нью-ёрскае штатнае асамблеі, прадстаўлены на разгляд гэтае ўстановы ды прыняты ёю бязь зьменаў. Гэты закон дзейны й да сёньня, а знайсьці гэты тэкст можна на сеціве пад клічам: Religious Corporations Law of the State of New York, Article XVIII.