Зямля пад белымі крыламі  Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі

Зямля пад белымі крыламі

Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
70.02 МБ
Ціха на возеры.
Толькі ўдалечыні чуваць аднастайная гаворка матора. Гэта рыбгасаўскі катар вядзе дадому з начнога лову караван рыбацкіх лодак. Адна, дзве, тры, чатыры... Мусіць, нямала злавілі рыбакі шчупакоў, ляшчоў, акунёў і сялявы, так добра вядомай пад назвай «капчушка».
Кружаць над вадой белыя чайкі ў цёмных масках. To адна, то другая апусціцца на ваду і тут жа ўзнімаецца, трымаючы ў дзюбе бліскучую рыбку. Тады бліжэйшыя суседкі ўзнімаюць гвалт і стараюцца адабраць здабычу.
Чайкам, відаць, шанцуе больш, чым нам. Hi ў кога з нас ні разу нават і не клюнула. А чайкі пад’елі і цяпер адпачываюць, пагойдваючыся на хвалях.
Гэта добрая прыкмета. Калі чайкі садзяцца на ваду, значыць, і заўтра будзе пагода.
А ў нас усё не клюе. Але хмурыцца не трэба. Адпусцім лепш паболей якарнага каната, і ветрык аднясе нас трохі ўбок, на новае месца...
Прынаду на кручках праверылі? Цяпер зноў закінем...
Ціха... Есць!..
На дне чоўна заплёхаўся не дужа вялікі, але ўсё ж такі прыстойны акунёк.
I ў цябе ёсць?..
I ў цябе?..
Эх, сарваўся!.. He паслабляй лёску, калі цягнеш акуня, бо зноў сарвецца...
Бачыце, як добра пайшла справа.
Значыць, мы натрапілі на чародку акунёў. Яны звычайна чародкамі ходзяць.
А цяпер зноў зменім месца, пашукаем новую чародку...
Захопленыя сваім заняткам, мы і не заўважылі, як сонца схілілася да самага лесу. Па вадзе, цераз усё возера і паўз нашу лодку, прайшла яркая чырвона-жоўтая сцежка. Непадалёку ад нас запляскалася рыба. Вось яна — якая ж вялікая! — выскачыла з вады і, бліснуўшы на сонцы луской, знікла зноў. А за ёй — другая, яшчэ болыпая. Гэта шчупак разбойнічае...
Крыху далей селі на ваду дзікія качкі. Да нас даносіцца іх гучнае краканне...
Як добра на возеры! Асабліва, калі рыба ловіцца. Але нам ужо час вяртацца. Дзяўчынкі, пэўна, чакаюць. Ды і налавілі мы нямала. На ўсіх хопіць...
РАСКАЗ СТАРОГА РЫБАКА
Дзяўчынкі і сапраўды зачакаліся. Яны даўно вярнуліся з лесу, сядзяць і абіраюць грыбы. Ім памагае наш знаёмы рыбак.
— Вось сапраўдны баравік,— тлумачыць ён,— усім грыбам грыб. I ножка моцная, і шапка цэлая. А гэта яго бліжэйшыя сваякі — падасінавік з чырвонай галавой і падбярозавік з рудой. А махавікоў колькі. А лісічак... Малайцы, дзяўчынкі...
Тут дзед спрактыкаваным вокам зірнуў і на наш улоў.
— Эге, ды і вы не зломкі! Кілаграмы чатыры будзе...
Пакуль мы абіраем грыбы і чысцім рыбу, дзед прынёс на паляну сухога ламачча, ачысціў месца для вогнішча, уваткнуў у зямлю дзве рагуліны, а зверху паклаў на іх тоўстую жардзіну. Тым часам Аня прынесла з дому два вядры: адно пад грыбы, другое — пад рыбу.
Вось ужо вёдры вісяць над агнём. Булькоча вада. Пара мяшаецца з дымам. I ў паветры так смачна запахла свежай юшкай, распаранымі грыбамі, сасновай смалой і ёдавым настоем водарасцей.
Дзед Ігнат прысеў побач з намі. Ён узяў загрубелымі пальцамі цыгарэту і прыкурыў ад вугольчыка. Сядзіць і маўчыць...
Давайце і мы памаўчым. Я ж ведаю, дзед настроіўся расказаць нам нешта. А пабачыў ён на сваім вяку нямала.
Так, я не памыліўся. Стары рыбак пакорпаў галінкай абгарэлае сучча ў вогнішчы — проста так, ні для чаго,— і пачаў...
— Сяджу я гэта з вамі, з маладымі, а сам мінулае ўспамінаю... Можа, не цікава, га? Дык я не буду...
— Гаварыце, дзядуля, гаварыце!..
— Так, значыцца... Край наш нарачанскі, самі бачыце, на ворныя землі не багаты. Усё лес ды пясок, пясок ды лес. Нават і лугоў мала для пашы. Затое возера спакон веку тутэйшых людзей выручала...
Даўно гэта было, яшчэ за польскім часам. Наловіш рыбы, лепшую на продаж у мястэчка, а драбнейшую — сабе, дзецям. Так і жылі...
Ды выйшаў аднойчы загад. Вядома, ад панскай улады; забараніць сялянам лавіць рыбу не толькі сеткай, але нават і
звычайнай вудаю, а возера наша Нарач здалі ў арэнду памешчыку Яблонскаму.
Ну, усе, вядома, абурыліся. Што гэта за рабаўніцкія парадкі?!
Неяк улетку, як зараз помню, сабраліся рыбакі і паехалі на возера. Арандатар бачыць, што пагрозамі нічога не даб’ешся, і выклікаў паліцыю.
Паселі паліцэйскія ў маторку і давай ганяць рыбакоў. A тым часам на бераг сем’і рыбацкія збегліся. Старыя лаюцца, жанчыны лямантуюць, дзеці плачуць.
На вёслах, самі ведаеце, ад маторкі не ўцячэш. Падчапілі паліцэйскія некалькі чаўноў і цягнуць да берага. Але тут жанчыны яшчэ больш залямантавалі ды як кінуцца ў ваду, абступілі маторку з усіх бакоў і, як вокам міргнуць, перакулілі разам з паліцэйскімі. Пялёхкаюцца тыя ў вадзе, а рыбакі пазабіралі свае снасці і хутчэй па хатах. Шукай потым, хто вінаваты.
3 гэтага і пачалося. Усе навакольныя вёскі забунтавалі. I чаго толькі не выдумлялі, каб панам дапячы. Збяром, бывала, сотню ці болей кос ды паўтыкаем у дно. А як толькі панскія служкі закінуць у возера невады, так і дастаюць адны толькі дзіркі. На косы, вядома, напароліся...
I што б вы падумалі? Пайшоў-такі арандатар на сякія-такія ўступкі.
Потым не раз яшчэ бунтаваліся рыбакі і сяляне. Аж пакуль не прыйшла Чырвоная Армія і не вызваліла нас ад паноў...
Дзед, задаволены ўвагай слухачоў, падняўся, падышоў да вогнішча, зірнуў у вядро з рыбай:
— Эге, стары гаварун, так і юшка пераварыцца! Хто ў вас за галоўнага кухара? Солі трошкі падсыпаць трэба...
Якія смачныя здаюцца нам і грыбы, і рыба на свежым паветры. Дзіва што. Самі ўсё здабылі, самі і згатавалі.
А сонца зусім схавалася. У небе запаліліся незлічоныя зоркі. Кожная з іх мае свайго двайніка ў вадзе. Глядзіш, і здаецца, што гэта не адбіткі нябесных зорак, а залацістыя, сярэбраныя, чырванаватыя вочы ляшчоў, акунёў, шчупакоў падміргваюць нам з глыбіні возера.
— Што ж,— кажа дзед Ігнат,— апошнім аўтобусам ехаць вам няма сэнсу. Толькі сярод ночы ў Мінску будзеце. Лепш
пераначуйце ў мяне на вышках, там якраз сена свежае, a ранічкай і паедзеце.
Стары, відаць, мае рацыю. Трэба нам згадзіцца з яго прапановай і шчыра падзякаваць за ўсё тое прыемнае, што ён для нас зрабіў.
ПЕРАД РАЗВІТАННЕМ
Вось і канчаецца наша падарожжа.
Хутка мы з вамі развітаемся, раз’едземся ў розныя бакі. Хто ў гарады і раёны Беларусі, а хто і за межы рэспублікі.
Шмат чаго пабачылі вы за час нашых вандровак. Але шмат чаго пабачыць і не паспелі.
Хіба можна за такі кароткі час убачыць усю Беларусь?
Я буду вельмі рады, калі наша падарожжа вам спадабалася, калі яно памагло вам лепш пазнаць і яшчэ болып палюбіць сваю родную Беларусь.
Я буду вельмі рады, калі вам захочацца зноў павандраваць па Беларусі, яшчэ і яшчэ раз наведаць тыя мясціны, дзе мы толькі што пабывалі.
А цяпер — шчаслівай дарогі, сябры!
Да пабачэння!
Да новых сустрэч! Да новых падарожжаў!
1964-1966
Уладзімір Караткевіч
Зямля пад белымі крыламі
Зараз вясна. Had усёй нашай краінай, наставіўшы белыя ветразі крылаў, планіруюць буслы. Іх многія і многія тысячы хто лічыў? На вільчыках сялянскіх хат, на дрэвах, на калонах старых разбураных палацаў, на слупах капліц сярод маладога зялёнага жыта. Гнёзды паўсюль.
I таму мне здаецца, што ў гэтыя і не толькі ў гэтыя дні зямлю нашу, Беларусь, можна назваць «зямлёю пад белымі крыламі». / не здзіўляйцеся, дзяўчаты і хлопцы, на дзіўную назву кнігі, якая трапіла да вашых рук.
Да пэўнай ступені бусел сімвал Беларусі. Ёсць, вядома, дацкія буслы, апетыя Андэрсенам, ёсць буслы і ў іншых заходніх краінах. Есць яны і на поўдні. Але на ўсход ад Беларусі, калі не лічыць Сярэднюю Азію, яны ўжо амаль не водзяцца. Так што нават цікава, а хто там прыносіць у дом дзяцей.
Вось так і планіруюць, планіруюць буслы. Ветразі іхнія раскрылены над дрэвамі, пушысты хвост, як веерам, накрыў выцягнутыя ногі. А мне пад іхні палёт асабліва добра думаецца пра Беларусь, нашу з вамі радзіму. I для вас я і хачу, наколькі хопіць маіх ведаў і здольнасцяў, расказаць пра яе.
Па-першае, чаму «Беларусь» ? Ёсць некалькі варыянтаў паходжання гэтай назвы. Прывяду два з іх.
Першы: белыя адзеннг даўпіх вясковых людзей, белыя іхнія валасы, белы колер скуры.
Другі. А ён аніяк не супярэчыць з першым. Калі на нашы старажытныя славянскія землі прыйшлі татара-манголы здолелі адбійца ад іх амсіль адны толькі мы. Паў Уладзімір, Разань, Кіеў. Да Ноўгарада захопнікі не дайшлі толькі таму, што пачаліся дажджы.
Мы адбіліся. I менавіта таму мы «белая», «чыстая ад нашэсця татараў» Русь. А гэта да шмат чаго абавязвае. I вы заўсёды памятайце гэта.
Здарылася так, што я пачаў па-сапраўднаму пазнаваць Беларусь толькі ў вашым узросце. Яна была «да вайны» і за час вайны моцна забылася. Бамбёжкі, акружэнні, эвакуацыя. Масква ў кастрычніку 1941 года, горы Урала, Казахстан, арэнбургскія стэпы. А пасля руіны Мінска і роднае мне Оршы, высечаныя ля дарог акупантамі (ад жаху перад партызанамі) лясы, пераховы забітых людзей. Так усё і пачало запгсвацца зноў, нібыта на чыстай дошцы. Любоў да Беларусі нараджалася ў самыя галодныя, халодныя і цяжкія часы. I, магчыма, таму стала асабліва моцная.
Бачыў я пасля, як цяжка даводзілася нам аднаўляць сваю гаспадарку, падводзіць пад кроквы новыя хаты замест спаленых, садзіць новыя сады, будаваць новыя школы. Бачыў на свае вочы, як аднаўляліся Мінск і дзясяткі іншых нашых гарадоў. Бачыў, як набіралі сілы беларускія сёлы. I вось менавіта таму, што я сведка, я і лічу, што маю некаторае права расказаць пра нашу рэспубліку вам, дарагія падлеткі.
Мы з вамі дзеці адной гісторыі, аднолькавай сучаснасці і агульнай будучыні. Нас яднае агульны лёс.
Нават у «важлівых дробязях».
Уся розніца паміж мною і вамі ў тым, што я на нейкія трыццаць год старэйшы за вас і таму крыху болей бачыў. Дажывяце да майго можа, будзеце куды больш бывалыя. А пакуль што я хачу трошкі памагчы вам у вашых першых кроках, даць вам ключ ад нашага дома, каб далей вы ўжо асвойваліся ў ім самі.
Я аб’ездзіў на Беларусі амаль усё. Няшмат засталося нават глухіх куткоў, дзе я не пабываў бы. Таму я насмельваюся сказаць, што ведаю сваю краіну і яе людзей. I менавіта таму, дарагія дзяўчаты і хлопцы, я стану гаварыць з вамі толькі аб тым, што сам бачыў і чуў. Гэта будзе кніга, напісаная сведкам, які многае
(што датычыць сучаснасці) бачыў на ўласныя вочы. I я дужа хацеў бы, каб вы мне верылі, нават калі я стану вам расказваць самыя незвычайныя рэчы. Таму што жыццё багацейшае, чым мы яго ўяўляем. Жыццё часам бывае настолькі падобнае на казку, што нельга не ўскрыкнуць: «Ды не можа гэтага быйь!»