• Газеты, часопісы і г.д.
  • Зямля пад белымі крыламі  Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі

    Зямля пад белымі крыламі

    Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 270с.
    Мінск 2016
    70.02 МБ
    Аб гэтым цяпер усё болып думаюць, засяваючы пяскі травамі, а пасля лесам. Але аб чым думалі яшчэ год дзесяць назад? Безадказнае асушэнне — таксама шкода. Балота часта не вораг, а захавальнік вільгаці, рэзервуар з’яўлення аблокаў, пачатак крыніцы, ручаіны, ракі.
    Ёсць тут і паплавы, і ўзвышшы з крутымі абрывамі на берагах. Узвышшы з сухім гонкім морам лясоў.
    Яшчэ і зараз падчас паводкі многія вёскі стаяць на астравах або па калена ў вадзе і па вуліцах ходзяць маторкі, на якіх возяць вучняў — у школу, сялян — на работу і г. д.
    А яшчэ нядаўна (подаўна ўжо не быў на Палессі ў час разліву і таму не ведаю, ці ёсць яшчэ такое цяпер) можна было ўбачыць на гэтай бязмежнай,— у шырыню на некалькі дзясяткаў кіламетраў, у даўжыню — на сотні,— роўнядзі вады нават плывучы кірмаш. Штук трыццаць дужа вялікіх чаўноў, змацаваных масткамі, сотня меншых, і ўсё гэта плыве ад вёскі да вёскі, а пасля да гарадка: прадаваць і купляць. Коні касавурацца за борт: «Ну вас да д’ябла, яшчэ патонеш з вамі», мыкаюць каровы, крычаць пеўні, вішчаць парсюкі. Лодачнік, які плыве насустрач і ведае, што вакол — на кіламетры — вада, і раптам чуе з туману такую сімфонію, можа падумаць, што звар’яцеў.
    Ды што казаць, у 1969 годзе бачыў я на Прыпяці такое: плывуць дзве вялізныя лайбы, а ў іх стаіць грузавік. Правыя колы ў адной, левыя ў другой. Дзядзька вычэрпвае з чаўноў цёмную і празрыстую прыпяцкую ваду.
    Значыць, пераганяюць кудысь. Ёсць два пункты, а дарогі між імі ніякай няма.
    Я ўжо казаў, што выдзеліў бы Прыдняпроўе ў асобны раён. I хаця ў географаў такое дзяленне не прынята — я паспрабую гаварыць пра землі над Дняпром як пра асобны край. Бо ўся гэтая мясцовасць створана Дняпром і ніжняй часткай яго прытокаў, уся носіць на сабе яго адбітак. I разлівы, як мора, і паплавы з акіянам кветак (часам чалавек з вудай хаваецца ў іх), з рамонкамі, смолкамі, шалёнай вясёлкай разнатраўя. I старажытныя гарадзішчы са скарлючанымі дубамі на іх. I гарады і вёскі, што ўзніклі на тых гарадзішчах. I сінія старыцы ў цені дубоў на тых жа паплавах. I сотні курганоў, у якіх спачылі продкі. Бары на «родненькім» Дняпровым пясочку, і зараснікі шыпшыны і бэзу на месцы былых паселішч. Шумлівыя паркі, броханне вялізнай, з вясло, рыбы, бабёр, што куляецца ў ваду, убачыўшы твой човен, ранішнія слупы пары над ракой, вогнішча касцоў ля будана, брэх сабак у начных вёсках, калі праплываеш паўз іх.
    I, галоўнае, далечы, роўных якім не знайсці на зямлі. To снежныя, то шматкаляровыя, то з шаломамі стагоў і качкамі, што ўздымаюцца са старыкоў. Як шпакоў, гэтых качак!
    Гэта пейзаж. Але неад’емную частку пейзажу складаюць цяпер нівы. Гэта не тыя нівы, што на Украіне, Кубані або на цаліне — бяскрайнія абшары пшаніцы і кукурузы. У нас яны па 5—10 гектараў на поўначы і крыху болыпыя на поўдні. Бульбяное, жытняе, ільняное поле. Белыя зорачкі, жоўты сухмень, сіняе азерца. А яшчэ малінавая канюшына, белы россып грэчкі, залатое мора лубіну ці сланечніку, бледна-зялёныя кучары гароху.
    Ну і, вядома, пашы, выганы з каровамі і авечкамі. Духмяныя зараснікі канопляў, «расліны ўцекачоў», бо ў ёй чалавека і з сабакам не дагоніш: сабака адразу губляе нюх.
    У каноплях, у пахучай імгле зацішнай прытулак знойдзе звер і чалавек увішны. Зайчо, што ўзнята на гародных градах, ў каноплі ад сабак імкнецца без агляду, і псам не ўзяць яго у нетрах канапляных,— саб’юцца са слядоў яны ў імгле духмянай, дваровы там сядзіць, у цень густы схаваны, пакуль не адыдзе прыпадак гневу ў пана...
    Адам МіцкевЫ. «Пан Тадэвуш»
    ...Давайце цяпер пяройдзем да вёскі, хаты, чалавека. Толькі я хачу папярэдзіць вас, што гэта будзе размова хутчэй этнаграфічная, што многа чаго змянілася, што вопратку народную носяць не паўсюль, а толькі месцамі, астраўкамі на Палессі, Гродзеншчыне, Прыдняпроўі, што гаспадыні самі цяпер пякуць хлеб нячаста і г. д.
    Размова пойдзе пра тыповае, пра тое, што розніць побыт беларуса ад побыту, скажам, грузіна ці ўкраінца.
    ВЁСКА, О РОДНАЯ ВЁСКА МАЯ!
    Дык вось, вёска. Яна не такая, як на Украіне або на Доне. Там не рэдкасць вёскі ў 200—300—1000 двароў. У нас 20—30 двароў — гэта ўжо вёска. Мала таго, на захадзе яшчэ й дагэтуль досыць многа хутароў, хаця людзі паступова і кідаюць іх. Ёсць, праўда, і вялікія вёскі, двароў на 1500, такія, як Рубель
    на Століншчыне. Але іх мала, напэўна, некалькі соцень, не больш.
    За выключэннем некаторых раёнаў Палесся, беларускую хату ніколі не беляць знадворку — толькі ўнутры. Але старая беларуская вёска тым не менш, прайграючы ў весялосці знешняга выгляду перад вёскай, скажам, карпацкай або малдаўскай, мае нейкі дужа мілы, задумлівы і паэтычны каларыт, дзякуючы прысадам вялікіх дрэў на вуліцах і ў завулках, векавым дубам на сядзібах, вялізным дзічкам на былых межах, садкам і, урэшце, таму, піто калі не адразу за хатамі, то хаця б на гарызонце амаль абавязкова відаць лясы ці пералескі, што калі не тут жа, то непадалёку — рака, рачулка ці возера. Шмат зеляніны, шмат вады, шмат неба над галавою.
    У нас хату часта будуюць талакою, з тоўстага і смалістага сасновага бярвення. Таму што лесу ўсё яшчэ многа. Па той самай прычыне амаль няма глінабітнай падлогі, як на поўдні СССР, а ёсць падлога з дошак. Столь, вядома, таксама дошкавая, зверху, на гары, на яе насыпаецца пілавінне, для цеплыні. Стрэхі раней былі саламяныя або, на поўдні, з чароту, які даўжэй служыць. Таму даўжэй, што, калі страху растрэплюць вятры і дажджы, чарот можна зняць і зноў перакрыць ім хату. I так два-тры разы. Але і тады часта сустракаліся «шчапяныя» дахі. Цяпер гонтавы дах бывае на хаце часцей за ўсё. За ім ідзе шыфер. Чарапіца сустракаецца досыць рэдка. Дахі двухскатныя. Шатровыя або напаўшатровыя досыць рэдкая рэч.
    Хата заўсёды будуецца вокнамі на вуліцу, уваход калісь быў, у пераважнай болыпасці выпадкаў, з двара, а цяпер усё часцей — з вуліцы. Франтон часта аздабляецца разьбою. На Давыд-Гарадоччыне, напрыклад, на ўсіх хатах знак сонца і расліны вакол яго. Разьба і навокал акон, і на аканіцах. He ўсюды, але часта. Раней хату абкружала прызба, цяпер хаты, вядома, на фундаментах.
    Для прыкладу апішу некалькі вёсак. Спачатку хутар. Расолы Астравецкага раёна на Гродзеншчыне.
    Цэнтральная база саўгаса досыць далёка. Да бліжэйшай станцыі Гудагай некалькі кіламетраў лесам, палямі, пералескамі. Паўсюль раскіданы грады ўзгоркаў, а на іх сіні зубчасты
    лес. Між градаў палі канюшыны, залатыя лапікі стральчастага лубіну. Праз густыя зараснікі чорнай вольхі бяжыць вясёлая і чысцюткая, на дзве трэці зацененая дрэвамі рачулка Лоша. «Лоша» па-літоўску «стронга». I стронга сапраўды водзіцца тут. На беразе рэчкі прыткнуліся наводдаль адна ад адной некалькі спраўных хат са студнямі, пунямі і адрынамі, у якіх так добра спаць на сене. Крыху далей, у звіліне Лошы, векавыя дрэвы былога фальварка. Ад дома засталіся толькі прыступкі ганка, якія вядуць у нікуды. А ля дарогі высачэзны крыж з неашкуранага, крывога дубовага ствала з гэткай жа папярочынай. Кажуць, што крыж пастаўлены былой гаспадыняй фальварка ў памяць аб павешаным правадыру паўстання 1863—1864 гадоў Каліноўскім, якога яна кахала.
    Другі край рэспублікі. Паўдзённы. Лахва Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Рака з непрыгожаю назваю Смердзь ёсць, аднак, адна з найпрыгажэйшых рэчак, якія мне даводзілася бачыць у маім жыцці. Недзе кіламетраў за дзесяць да ўпадзення ў Прыпяць рака пачынае драбіцца на рукавы. Атрымоўваецца некалькі астравоў, злучаных драўлянымі мастамі. На гэтых астравах хаты, што патанаюць у садах. Вада рукавоў цёмна-зялёная, з сонечнымі плямамі, бо над імі вербы ўтвараюць суцэльныя тунэлі. I ў гэтых тунэлях, у імгле, цэлыя чароды чаўноў. Тут цудоўныя новыя пабудовы. У прыватнасці школа. I, нібы вакол мала вады, тут яшчэ і шмат сажалак, дзе разводзяць карпаў.
    Той самы поўдзень, але Мазыршчына. Вёска Данілегі. Гэта адна з тых мясцін, дзе жыхары яшчэ носяць па нядзелях і святах старадаўнюю народную вопратку. Хаты, выцягнутыя ў два рады, так густа абраслі дрэвамі, што здаюцца пагружанымі на дно глыбокага зялёнага возера. Некаторыя з іх пабелены і знадворку. Часам — крытыя трысцём. Вокны абведзены сінім. Наваколле — дрымучыя лясы. Трапляюцца дубровы па 400— 500 год. Гэта менавіта тут стаіць у атачэнні шасцісотгадовых дубоў — «дуб Крывашапкі», «цар-дуб», «дрэва вечнасці» — вось колькі ў яго назваў. Яму тысяча гадоў. Разменьвае другую тысячу. Немцы хацелі спілаваць яго і вывезці ў Германію, але партызаны паставілі варту. He ведаю, ці трэба было. Немцам
    усё адно гэта не ўдалося б. 3 якою тэхнікай падступіцца да дрэва таўшчынёю з вялікі пакой?!
    Возера Свіцязь, апетае Міцкевічам. Вялікі, амаль правільны круг, з усіх бакоў зарослы дужа старымі дубамі. Вада тут такая, што, калі нават проста выкупацца — валасы рыпяць дні два. У наваколлі яго тры досыць тыповыя вёскі. Міратычы, што працягнуліся доўгай паласою харошых хат. Тут захавалася даўно зачыненая чатырохсотгадовая драўляная цэркаўка з тыпу «патаемных». Назнарок малая, назнарок у гушчары, каб на час навалы і вайны не знайшлі. Яна славутая цудоўнай народнай разьбою.
    Валеўка. Гэта вёска сучасная, але і тут ёсць старажытнасць.
    У прыватнасці курганы, гарадзішча, трохсотгадовая драўляная царква (раней яна была касцёлам, і гэта ў ёй, згодна з паданнем, вянчаўся з Зосяю Міцкевічаў пан Тадэвуш), а ў ёй іконы работы... В. М. Вясняцова. Так-так, вывезеныя калісьці з Варшавы ў Баранавічы і ў некалькі вёсак. У прыватнасці, у Валеўку... Тут багатыя фермы і будынкі, школа з музеем, ледзь не самым багатым сярод усіх школьных музеяў на Беларусі: ад палеаліта да нашых дзён. У школе ёсць і свой цікавы батанічны сад з мноствам экзатычных раслін. А ў садзе невялікія сажалкі, у якіх дзеці разводзяць рыбу і куды яны выпусцілі чарапах.
    Варонча. Вёска амаль фабрычнага тыпу. Тут некалькі прадпрыемстваў, у прыватнасці, спіртзавод. Але і гэта — вёска-музей. Тут, над запруджанай рачулкай, у гушчары, стаяў — а можа, і цяпер стаіць — васьмісотгадовы дуб, звязаны з імем Міцкевіча. Унутры — дупло, у якім могуць паснедаць вакол стала чалавек дзесяць. Нават акенца ёсць, на другі бок. Можна высунуць галаву і глядзець проста з дрэва, як лясны дух. Наводдаль — руіны дужа даўняга касцёла і могілкі з цудоўнымі помнікамі з італьянскага мармуру. Тут пахаваны бацькі польска-беларускага паэта і фалькларыста Яна Чачота, блізкага сябра Адама Міцкевіча, а таксама — Верашчакі, сваяка Марылі Верашчакі, першага кахання паэта. Маёнтак Верашчакаў, Туганавічы, быў некалі побач. На яго месцы застаўся парк і «альтанка Марылі», некалькі ліп, пасаджаных