Зямля пад белымі крыламі  Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі

Зямля пад белымі крыламі

Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
70.02 МБ
Некаторыя ўпрыгожаны каляровымі шаўковымі істужкамі, срэбным ці залатым галуном.
Спадніцы з сукна, так званыя «андаракі». Густа-сінія, зялёныя, часцей чырвоныя, як жар. У папярочныя тканыя палосы з ромбаў і квадратаў. Самыя прыгожыя, шырокія палосы ідуць ля падола. Чым вышэй, тым яны вузейшыя, тым прасцейшы ўзор.
Часам тканы андарак — гэта твор мастацтва.
Урэшце фартухі. Іх насілі абавязкова. Палатняныя, кужэльныя. Затканыя гарызантальнымі ці (радзей) вертыкальнымі палосамі з кветак, зорак ці крыжыкаў.
Можна ім закрыць вочы ад шчасця, калі шчокі калінай ірдзяць, схаваць слёзы, калі не удасца тое шчасце навекі ўтрымаць.
Хвартушок — чарадзейнае хусце — гэта стан свой задорна абвіць.
У бель чаромухі голаў чыюсьці ў забыцці на хвартух палажыць.
Убаку ляжаць некалькі тканых узорных настольніц.
Хай едуць госці, хай едуць нават сваты — пасцялі на стол, стаў пірагі, частуй мёдам.
Тут жа дываны, тканыя па лёне воўнай.
To узорам чорным па утку зялёным, то на белым — сінім, бы расой замглёным,
то ў вянкі, ў алені нейк перабірана, быццам не рукамі, а машынай ткана.
To з адное воўны дываны на сані. Ярыя, як вішні, кутасы звісаюць.
Тут хусткі. Цёмныя на жалобу, ясныя — на свята, на нядзелю, у гасціну.
Яшчэ адна хустка, цёплая, цяжкая, баба яе велькай хусткай называе. Ёю ў непагоду трэба атуліцца, старым у дарозе і для маладзіцаў.
Мяккаю, шырокай, зложанай удвое, ахінуць ля сэрца дзіцянё малое.
Але да дзіцяці яшчэ далёка. Усё ў куфры падрыхтавана для вяселля. Вяселле ў розных мясцінах таксама рознае. Запісана некалькі сот варыянтаў. Раскажу аб адным, якое ад пачатку да канца бачыў сам.
Жаніх і нявеста даўно дамовіліся, але вёска была глыбінная, моцна трымалася звычаяў, і таму многае было, як раней.
Сват, бацька жаніха і жаніх паехалі за некалькі кіламетраў у суседнюю вёску, у хату нявесты. Сват — сваяк жаніха, мажны дзядзька, паважаны на сяле чалавек, вынаходлівы і востры на язык. Пад’ехалі, вылезлі, топчучы сіні ад месяца снег, сталі пад акном.
—	Пусціце, добрыя людзі, на начлег.
—	Здаровыя былі, ідзіце ў хату.
У хаце прыезджыя паклалі на стол дары, у тым ліку хлеб і віно, і пачалася размова, уся на выкрутасах, уся на жартах, на двухсэнсоўнасцях. To купецкая пра тое, а ці ёсць цялушка для прадажы — «ды прадалі б, каб купец знайшоўся». To паляўнічая, наконт пошукаў куніцы. To рыбацкая, пра залатую рыбку. Урэшце прама гавораць, чаго прыйшлі. Гаспадар улешчаны, але куражыцца. Гаворыць нешта накшталт:
—	Ды што вы, людзі. Яна ж у нас яшчэ малая. Яна ж у нас яшчэ ў рэшаце спіць1.
Урэшце дамовіліся. Маладая дорыць усіх багатымі ручнікамі.
1 Прыклад прыведзены Янкам Брылём у кнізе «Жменя сонечных промняў». Прыклад з «таго» вяселля, што бачыў сам, я, на жаль, забыў.
Далей многае ідзе падобна як на вяселлях розных славянскіх народаў. Падрыхтоўка, шэсце нявесты ў народным строі па вёсцы, з запрашэннем на вяселле. Адметным было хіба тое, што былі яшчэ «запоіны», на якіх абмяркоўваўся парадак вяселля, ды некалькі дзён перад вяселлем хата нявесты была аддадзена ў поўнае карыстанне ёй і сяброўкам. Частаваліся, спявалі песні, гаварылі пра былое і будучае. Ніхто з мужчын не меў права носа паткнуць бліжэй, чым да суседняга двара.
«Пасад» нявесты на дзяжу, укрытую кажухом поўсцю наверх, ёсць, здаецца, не толькі ў нас. Каравай з «шышкамі» таксама. А вось адметнае.
Раніцай жаніх з дружынай у два дзясяткі хлопцаў і з «баярамі» закусілі дома і паехалі на конях да нявесты.
Іваньку матка радзіла, У дарогу выпраўляла; Месяцам абгарадзіла, Зарою падперазала:
Едзь, дзіця раджонае, Па сваё суджонае.
Усю дарогу спявалі песні. Пра тое, як травы расцвітаюць пад капытамі жаніховага каня, што «Бог таму дае, хто дачку аддае за яго». У нявесты ўжо быў накрыты стол, але прыезджых не пускалі, рабілі выгляд, што будуць страляць, біцца насмерць. Урэшце, за выкуп, пусцілі.
Ішоў пачастунак. Пасля будучыя свацці на парозе зляпілі ў адну дзве свае палаючыя свечкі.
I ў цябе свяча, і ў мяне свяча, I ў цябе дзіця, і ў мяне дзіця. Злепема свечкі да купкі, Зведзема дзеткі да хаткі Да адзінай маткі.
Толькі тады ўсе зайшлі, размясціліся за сталом. Маладыя на покуці. З’яўляецца каравай, абвіты кветкамі. Ідзе пагулянка, а пасля абрад завівання касы. Малы брат нявесты яшчэ да абраду хоча вялізнымі авечымі нажніцамі гэтую касу абрэ-
заць. Ужо нават заціснуў: «Тут яна вырасла, тут і застанецца». Жаніх, ясна, выкупляе.
Валасы жаніха і нявесты (расплеценыя) прадзяваюць па адной пасме ў пярсцёнак і разам падпальваюць, а пасля надзяваюць жаночы галаўны ўбор. Пачынаюцца плач, рыданні нявесты, лямант, усхліпы. Ясна, што тая самая нявеста будзе насіць што хоча, заплятаць валасы як хоча, што «галаву», «намётку», «чапец», «крэндаль» (так называюцца жаночыя галаўныя ўборы) адразу схаваюць у скрыню. Але ў глыбінных вёсках абраду, яго дробязных, вонкавых рысаў, трымаюцца зацята.
Пры завіванні спяваюць:
А я цябе, сестранька, завіваю, Шчасцем, доляю абсыпаю: Ой, будзь прыгожа, як ружа, Ой, будзь здарова, як вада, Будзь багатая, як зямля.
Тут неадменна знойдзецца нейкі парсюк, які прыбавіць якую-небудзь гадасць накшталт: «Будзь пладлівая, як свіння».
Жанчыны яго за гэта «б’юць», ва ўсякім разе, валяюць і шчыкаюць. Той раве.
3 таго часу і ляжыць у скрыні, побач з хусткамі, дзявочы галаўны ўбор, вянок, абшыты парчой і сусальным золатам (часта стагадовы), і «намётка», палаценкавы галаўны ўбор, які абвіваўся вакол галавы, пад падбароддзем і пасля спускаўся на спіну (дзявочая намётка патыліцы не прыкрывала, а спускалася па плячах на грудзі багата і гожа затканымі і вышытымі канцамі).
...Зноў ядуць, дзеляць каравай. Усе дораць нявесту, а маці яе — сваякоў жаніха.
На падарунках стаіць гэты абрад, як і многія-многія іншыя народныя абрады.
Ці то маладога ў войска прызываюць, ці далёка сына з хаты выпраўляюць.
Дораць на радзіны і на наваселле, дораць на хрысціны, дораць на вяселле.
бацькоў маладога, і сястру, і брата, дораць музыкантаў, шчодра дораць свата.
Гуляюць вяселле. П’юць сябры не дарам! Дораць ўсе ад сэрца маладую пару.
Дружна пры гасціне п’юць, пяюць, гавораць, выйдуць, патанцуюць і ўсё дораць, дораць.
Цяпер сялянскі аркестр нівеліраваўся. Скрыпка або дзве, басэтля, гармонік (баян ці акардэон), нейкі духавы інструмент ды бубен. Радзей, хаця яшчэ досыць часта, сустракаюцца цымбалы. Але амаль зніклі гуслі, а дуда (валынка), я мяркую, знікла зусім. Ва ўсякім разе вось ужо пятнаццаць год, як мне нідзе не даводзілася ні чуць яе, ні чуць пра яе.
Асаблівасцю вяселля з’яўляюцца здзеклівыя песні пра свата, а часам і пра жаніха. Сват часцей за ўсё адбрэхваецца, прымушаючы застолле качацца з рогату.
Бабы спяваюць: і сам сват-п’янюга — за гарэлку ён хоць чорта з вярбою сасватае, і кабыла ў яго такая галодная, што нават на вяселлі не толькі з’ела авёс, засыпаны ёй гаспадаром, а і ў суседняга каня з’ела, а пасля
Каля тыну крапіву, крапіву, Каля саду расаду, расаду.
Сват у адказ:
— Барабаніце, як парожнія бочкі, брэшаце на свой хвост. Ты ўжо, Хаўроння, і на сабак брахаць навучыш, і шыеш і мыеш — і ўсё языком, а надумаеш пірагі пячы, то ўсе вароты ў цесце будуць.
У нашага свата
Увесь двор на памосце, Прыйшла свіння ў госці.
— Бадай вас, бабачкі, кот убрыкнуў, па цэлым сабаку ў вас з рота скача. Вы тут мяне лаеце, а за тым сталом людзі дабрэйшыя за вас. Во (паказвае голую косць), костку далі. Ад вас і таго не дапросішся.... А ты ўжо, Галачка, што фігуруешся? Ва
ўсіх чэсных людзей чупрына на галаве, а ў твайго мужыка плеш. Дай вам, Божа, бабы, пабіцца, а мне на вас падзівіцца.
Жаніху:
А ў гародзе морква цвіцела.
Наша Зосечка за харошага хацела, Як прыйшлося, за п’яніцу заляцела.
Тры дні ішла гулянка ў нявесты. Пасля конны паязд накіраваўся ў вёску жаніха. (Калі жаніх з той жа вёскі, то часам бывае так: выедуць, праедуць некалькі кіламетраў і прыедуць у вёску з другога боку. Гэта, як і сварка з жаніхом, калі збіраюцца «біцца»,— перажытак. Калісьці нявест «умыкалі», і абавязкова з іншага месца.)
Тут адбыўся таксама цікавы абрад. Відаць, калі яшчэ кралі нявест, то стралялі па-сапраўднаму. Цяпер гэта перажытак. Пры выездзе з вёскі — на шляху высачэнная барыкада з бярвення, снегу, калоў. За бырыкадай «паходні» (факелы), доўбні, па-акцёрску злыя твары. Пагражаюць, патрабуюць выкупу, іначай не адпусцяць.
Выкуп далі, і барыкада знікла менш чым за пяць хвілін. I паязд з коньмі, разубранымі кветкамі і стужкамі, памчаў. A вакол конныя часам стралялі ў паветра. He «ад сурокаў», як раней, а проста для настрою.
Шалёны лёт коней.
А пасля яшчэ тры дні ў жаніха, а пасля «перазовы», калі клічуць у госці сваякі жаніха і нявесты, «каб не гаварылі Ken­exa аб радзіне».
I ўвесь час звіняць, звіняць, звіняць песні. To сумныя, то заліхвацкія. Між іншым, за ўсе дні амаль ніводная не паўтараецца.
...Ідзе жыццё замужняй жанчыны. У куфры некаторыя рэчы яе, мужа, іншых членаў радзіны. Цяжкі суконны сувой на світку мужу, «дзедаві». У куфры хавалі з мужчынскага адзення толькі такое, ды яшчэ паясы. Вопратка мужчынская хавалася або вісела асобна. Мужчынскія, больш скупа вышываныя сарочкі, нагавіцы з палатна, для лета, і з сукна, для зімы. Вышывалі сарочкі толькі на грудзях, каўняры, манжэтах,
па ніжнім краі, а сям-там ля плечавога шва. У мужчынскі гарнітур уваходзіла яшчэ камізэлька (безрукаўка).
Ну, і ясна, што асобна зберагалася верхняя вопратка, як мужчынская, так і жаночая: кажухі і кажушкі (частка вышытыя), буркі, тоўстыя — у палец-паўтара — і доўгія паліто з капюшонам, для зімовай дарогі, світкі (другія назвы — «латуха», «сярмяга», «сукман», «жупан») рознага колеру1, але, часцей за ўсё, белыя, часам расшытыя чырвоным сукном (Гомельшчына), сінім шнурком (Быхаўшчына), зялёным шнурком або чорнай скурай (пад Клімавічамі). Таму натоўп сялян заўсёды здалёк выглядаў белым.
Ясна, што не трымаліся ў куфры і валяныя шапкі «магеркі» (усечаны конус з адгорнутымі краямі), брылі, футравыя шапкі «аблавухі», або «рагатоўкі» з белай аўчыны. He трымаўся і абутак: скураныя «пасталы» («хадакі», «поршні») з цэлага куска скуры або рознакаляровых яе палосак, плеценых у шашачкі, лапці (дарэчы, дужа зручныя ў гразь ці ў балотны сенакос: вада не затрымліваецца, лёгка назе, практычна нічога не каштуюць), чаравічкі («храмавы абутак», бо надзявалі хіба толькі ў адну царкву), боты.