Зямля пад белымі крыламі  Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі

Зямля пад белымі крыламі

Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
70.02 МБ
3 рыбалоўствам часта бываюць кур’ёзы. Адзін мой знаёмы знайшоў аднойчы ў глеі стары «самовы» кручок. Выкінулі, відаць, за непатрэбнасцю, бо такіх самоў цяпер, мабыць, няма. Кручок быў таўшчынёю ў палец і даўжынёю сантыметраў каля трыццаці. Калісьці на такі насаджвалі цэлую абскубаную качку і кідалі ў вір, дзе запрымецілі сомагіганта. Дзівіцца тут няма чаго. Нават меншыя самы цягаюць качак, а сярод іх (самоў, а не качак) бывалі волаты. У XVI стагоддзі ля Полацка быў злоўлены сом вагою ў 15 пудоў. Ды й мой бацька расказваў, што, калі ён быў маладым чалавекам, у Дняпры, ля Оршы злавілі васьміпудовага сома. Калі яго ўзважылі — спецыяльна быў запрошаны натарыус, які і склаў з гэтага выпадку акт, натарыяльна засведчыў такое дзіва.
Бацька бачыў тую рыбу. Сом быў амаль чорны, і не столькі ад старасці, колькі ад таго, што на ім сям-там аж дробныя ракушкі пасяліліся. Увесь быў нібы ў твані.
...Ловяць рыбу ўсе. Нават «беспарточная пяхота», ледзь навучыўшыся бегаць, сядзіць ужо недзе на беразе пратокі з прутом у руках і ловіць печкуроў. Пасля прыходзіць чарга таптухі, сапраўднай дарослай вуды, а часам і спінінга. Ставяць таксама вершы. Нераты, брэдні і плывуны зараз жыхарамі не прымяняюцца. Па-першае, забарона, а па-другое, самі бачаць, што рыбы стала менш. Умелы спаймае і вудай, хаця і сказана:
Хоць праўда, хлеб ядуць і з вуды, Але не ўсе і не заўсюды.
Якуб Колас
Таму старымі невадамі цяпер абцягваюць паверсе плот, каб куры ў гарод не заляталі.
Сеткамі ловяць цяпер, галоўным чынам, арцелі неваднічых і рыбалавецкія вёскі на вялікіх азёрах. Там існуюць звычайна азрыбгасы. Пры многіх азёрна-рыбалавецкіх гаспадарках ёсць свае заводзікі, якія соляць, сушаць, вэндзяць рыбу, робяць з яе кансервы. Гэта Нарачанскі рыбгас, Лепельскі, Лукомльскі, Жыткавіцкі і інш. Ёсць яны і на рэках. У Віцебску, Полацку, Гродне, Брэсце, Пінску, Мазыры, Бабруйску, Гомелі.
Дужа распаўсюджаны сажалкавыя гаспадаркі. Разводзяць карпа, сазана, карася. Весела глядзець, як аранжавымі вечарамі ў люстраных сажалках дзе-небудзь ля Волмы-ракі ўсплёскваюць вялізныя рыбы і чырвонае сонца на імгненне загараецца на іхняй лусцэ.
ЗЯЛЁНЫ ШУМ
...Там, дзе няма ніў,— суцэльная краіна паплавоў і балот. Дзе няма іх — царства лясоў. I маладых і старых, нечапаных, так званых пушчаў. Бярэзінская пушча, Лепячанская, Гродзенская, Налібоцкая на поўнач ад Наваградка, палескія пушчы, Белавежская, якая найбольш уражае чалавека, і многія
іншыя. Трэць тэрыторыі Беларусі — лясы. 32 працэнты. На жаль, іх высякаюць больш за норму. He толькі пасля вайны, калі трэба было аднаўляць вёскі і гарады, але і зараз. Нягледзячы на ўсе старанні, не адноўлена, напрыклад, лясістасць на Міншчыне (35 працэнтаў) і Гомельшчыне (38 працэнтаў). Даставалася гэтым лясам. Іх секлі падчас паўстання 1863— 1864 гадоў, каб паўстанцам не было дзе грамадзіць свае сілы. Іх валілі і сплаўлялі ў Рыгу, а адтуль за мяжу купцы і дваране, якія праматаліся (гэтыя — на корані, бо лес заўсёды адказваў за дзіравую кішэнь уладароў або дзяржавы). Нездарма Адам Міцкевіч пісаў:
Джэва, помнікі нашэ, іле ж цо рок вас пожэра Купецка люб жондова, москевска секера?1
Мікалай I і Аляксандр II так проста і загадвалі валіць лес, хаця не ведалі беларускага падання аб тым, што душа зямлі ходзіць лесам і кажа: «Сячыце, сячыце! He будзе дрэваў — і мяне не будзе».
...Секлі гандляры, секлі акупанты ў вайну Грамадзянскую. Пасля ў Заходняй Беларусі ішло арганізаванае знішчэнне лясоў не толькі новымі «гаспадарамі», але таксама іншаземнымі фірмамі, якім гэтыя лясы аддаваліся наводкуп. Белавежу і дагэтуль праразаюць затравелыя насыпы былых вузкакалеек, пабудаваных «культурным замежным капіталам», каб вывозіць лес.
Паэт Максім Танк так пісаў пра гэта ў адным з найлепшых сваіх вершаў:
На захад ідуць цягнікі, Лён, жыта, сасна і бяроза. Гляджу і гляджу з-пад рукі, Як моладасць нашу вывозяць.
Ішоў дзікі рабунак. Знішчана і вывезена была амаль палова беларускіх лясоў.
1 Дрэвы, помнікі (манументы) нашы, колькі ж кожны год вас пажырае купецкая або ўрадавая маскоўская сякера?
Усяго знішчыць, аднак, не ўдалося нават шматлікім часовым гаспадарам, хаця кожны з іх і намерваўся асесці тут «навечна», цягнуць драўніну, шкіпінар, каніфолю, дзёгаць, смалу, сажу для хімічнай прамысловасці. I вось стаялі сосны, пасечаныя шнарамі, сплываючы смалістай сваёй крывёй. Як трапна сказаў паэт Васіль Зуёнак:
Рабрыстыя — ў падсочках, нібы здані,— О сосны, хто прыдумаў вам Майданак?!
Так, Майданак быў не толькі ў людзей. I з хат знікаў смольны дух, і глуха пелі цымбалы з абяскроўленага дрэва.
...Досыць. Пойдзем у лес. Вось толькі была задушлівая спёка, і раптам павеяла жывушчым халадком, затрапяталі сонечныя зайчыкі, разліўся птушыны хор. Поўнач. Хваёвыя лясы. Пераважна сасна і яліна.
Мабыць, галоўныя адрозненні ў псіхіцы беларуса і жыхароў мясцін, дзе мала лясоў, склаліся пад уплывам навакольнага пейзажу.
Лес, што закрывае далягляд, абмяжоўвае кругазор,— чужы стэпавіку. Бязмежная роўнядзь, далягляд, стэп — вось ягоная стыхія. Тут яму шырака, вольна, люба, ёсць дзе размахнуцца, ёсць куды кінуць позірк. Беларус адчувае сябе на бясконцай раўніне пуста, гола і нібы сіратліва. Ен прывык быць закрытым, хаця з аднаго боку, зялёнай або нават сіняй ад далечы лясной сцяной. Любіць далі, але тыя, што адкрываюцца з узгорка, з высокага берага ракі або хаця з вышкі ляснога даглядчыка. У яго характары менш размаху, шырыні, зухаватасці, але затое паглыбленая ўвага да самых нязначных дробязяў у коле ўсяго жывога. Назіральнасць, мройлівасць, прыроджаны рамантызм нараджаюць у яго характары пэўную «фантастычнасць», ці што, і спакойную храбрасць.
Лес выхаваў характар беларуса, наш чалавек і лес — родныя, і таму беларус любіць яго. Любіць паўночныя саснякі з імхом, што расшыты каралямі брусніц і чарніц, што лілавеюць верасам, у якім сядзяць сімпатычныя таўстуны — карычнева-чырвоныя і карычнева-чорныя баравікі. Любіць змрочныя яловыя лясы з цэлымі бародамі сівога імху на
ствалах і з катлавінкамі, напоўненымі празрыстай, але з выгляду чорнай і бліскучай, як лак, вадою. Любіць сонечны россып папараці і зараснікі ляшчыны, і больш паўдзённыя лясы, дзе трапляюцца ўжо дубы, грабы, ліпы. I, вядома ж, шырокалістоўныя лясы поўдня з брызглінай, бружмелем, грабам, цісам, рабінай, калінай і магутным разнатраўем ля ступ лясных волатаў.
Нават драбналессе з бялюткімі бярозамі і асінкамі, нават змрочныя і балотныя чорнаальховыя лясы дарагія яму. Лес корміць, лес грэе і дровамі, і сценамі хат, і проста так («уехаў у лес, бы ў кажух улез»), лес бароніць у выпадку небяспекі, нашэсця, вайны.
Менавіта таму пасля рэвалюцыі столькі ўвагі аддаецца захаванню, абароне, развядзенню лясоў. Недахопаў у гэтым сэнсе яшчэ шмат. Многія лесанарыхтоўшчыкі «гоняць план» і нават дабіліся былі высечак лесу на Бярэзіне (лес той згніў, бо дажджы не дазволілі яго вывезці, і тады, каму трэба, добра папала, а запаведнік быў адноўлены), ёсць яшчэ браканьеры і людзі, якія жывуць па прынцыпе «хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар». Аднак праца ляснічых і палясоўшчыкаў, азеляняльнікаў, вучоных батанікаў, заолагаў, паляўніцтвазнаўцаў паступова прыносіць свой плён.
Пад ахову падпалі многія жывёлы, рэліктавыя і іншыя расліны, рыбы, птушкі і звяры, некаторыя геалагічныя агаленні, асобныя дрэвы, слаўныя ўзростам, рэдкасцю, выглядам сваім, і цэлыя лясныя масівы. На Беларусі шмат заказнікаў і запаведных зон (як вакол возера Свіцязь). Да нядаўняга часу былі два запаведнікі. Бярэзінскі (абараняў увесь жывёльны свет, але асабліва мядзведзя і бабра) і Белавежскі (галоўныя паны тут высакародны алень, бобр, лось і, перш за ўсе, кароль-зубр). Нядаўна быў арганізаваны трэці, Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік. Для аховы Палесся, яго раслін, звяроў, птушак, ягоных балот, ягоных вод.
Пра ўсе запаведнікі тут расказаць немагчыма, і таму я спынюся толькі на самым вядомым з іх, на Белавежскай пушчы.
* * *
Тысячу год назад большую частку цэнтральнай і ўсходняй Еўропы пакрываў дзікі і цёмны першабытны лес. На многія і многія сотні кіламетраў шумелі лясныя волаты, з цяжкасцю пракладалі свой шлях праз завалы карычнева-празрыстыя глухія рэкі, звінела камар’ё, паўсюль, як кавалкі мяса, чырванелі мухаморы і бранзавелі «слязніцы» — вялізныя, выпіэй калена, баравікі. (На Беларусі іх называюць так таму, што на іх ад старасці выступае сляза і капае на зямлю, яны «плачуць». Цяпер такія грыбы можна знайсці толькі ў дужа глухіх мясцінах, куды амаль не ходзяць людзі.)
...Тысячу год мерна гучала сякера, вёскі ўгрызаліся ў лес, палі наступалі на пушчы, і на трупах павержаных і спаленых волатаў (такое поле называлася «лядо» або «ляда») хваляваўся ячмень.
Беларусь паступова бяднела звярамі. Зубр, які сустракаўся ў Палессі і на поўдні Прыдняпроўя яшчэ ў XVIII стагоддзі, быў выбіты і збярогся толькі ў Белавежы, былі знішчаны собаль, балотная рысь, або «лемпарт», чорны заяц, што сустракаўся ля Копыся яшчэ на пачатку XX стагоддзя, высакародны алень і многія іншыя. Знік у XVII стагоддзі дзікі быктур (некаторыя вучоныя мяркуюць, што гэта ад яго пайшла парода ўкраінскай і палескай шэрай рабочай худобы).
Законы князёў, а пасля каралёў былі жорсткія. Нягледзячы на тое, іпто падарожнік барон Меерберг, які наведаў Беларусь у XVII стагоддзі, казаў, быццам мясцовыя лясы нават багацейшыя на звяроў, чым лясы поўначы і ўсходу Расіі,— дзічы, мабыць, паменшала. «Устава на валокі», прынятая ў 1657 годзе, казала, між іншым: «А ва ўсіх пушчах нашых і агульных, дзе раней сяляне нашы для нас баброў лавілі, там і цяпер... лавіць павінны. А калі б недзе, на рэках і азёрах нашых, бабры з’явіліся зноў, дык і там сяляне лавіць павінны; а за работу браць ім кожнага пятага бабра або падбрушша ад кожнага». Людзям забаранялася трымаць пры лясных лазнях жывёлу, зброю, сабак, сячы лес у тых мясцовасцях, дзе рабіліся аблавы, пад страхам пакарання смерцю не дазвалялася страляць аленяў і зуброў нават на ўласнай зямлі. Заба-
ранялася касіць сена на месцах аблаў, а там, дзе дазвалялася,— забаранялася браць з сабою стрэльбы, сабак і рацішчы (рагаціны). Можна было біць драпежнікаў, а таксама птушак толькі на сваіх «валоках»... Але ў XVIII стагоддзі ўсё пайшло дагары нагамі. Дзяржава, Рэч Паспалітая, саслабела, кароль не азначаў нічога, магнаты і шляхта грызліся. Дзе ўжо тут было сачыць за лесам, за правільным промыслам і падтрымкай звяроў...