Зямля пад белымі крыламі  Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі

Зямля пад белымі крыламі

Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
70.02 МБ
Штатыў нашага апарата важыць нешта каля васьмі кілаграмаў, апарат — таксама некалькі кілаграмаў, ды яшчэ акумулятары. Кідаць казённую маёмасць не рэкамендуецца. Ды й дарагая дужа, пасля не расплоцішся. I вось аператар з усім гэтым грузам... узляцеў на вяршыню стога, вышыня якога была некалькі метраў. А стог, як вядома, мае форму яйка, пастаўленага на тупы канец. Значыць, спачатку даводзіцца лезці пад вострым кутам да зямлі, ледзь не спіною ўніз, а гэта немагчыма, і захацеў бы — не ўлезеш. Як гэта атрымалася ў аператара, ён пасля і сам не мог растлумачыць.
...Раскажу яшчэ пра аднаго асабіста мне знаёмага жыхара Пушчы. Аленя па мянушцы Алежка... Некалькі год назад пагранічнікі, абходзячы мяжу, пачулі на земляной паласе падазроны шорах. Уключылі святло. Спалоханая раптоўнай успышкай магутных ліхтароў, рынула ў лес... аленіха. А на ўскапанай зямлі застаўся камячок, нованароджанае алянятка. Пачакалі. Стала ясна, што матка не вернецца. Тады дзіцёнка забралі з сабой на заставу, адпаілі і вырасцілі. Алежка хадзіў за пагранічнікамі, як сабака. У чырвоны куток, у сталоўку, нават кіно глядзець. Пазней ужо я сам пераканаўся: надзенеш зялёную шапку — і ён бяжыць за табой. Шкада толькі, што яго прывучылі басціся. Нагнецца чалавек за нечым, а яму толькі таго і трэба. Наляціць і так нападдасць у тое месца, дзе ногі перастаюць называцца нагамі, што чалавек потырч ляціць галавою ў мох. Няма чаго рабіць, аддалі яго ў запаведнік, а там яго як ручнога пасадзілі ў загон для аленяў. Аднак аднапляменнікі яму аж надта не спадабаліся. Ен узяў дый пераскочыў цераз высачэзны плот у суседні за-
гон, да зуброў. Тыя спачатку дзень-два ганялі яго, а пасля прывыклі, плюнулі. Так ён і жыў з імі, у болып арыстакратычнай кампаніі, так бы мовіць. Мы, працуючы ў Пушчы, яго падгадоўвалі. I вось аднойчы прыслалі мне сябры з Далёкага Усходу слоік рэдкага прадукту — чырвонай ікры. Намазалі мы сабе па бутэрброду і тут,— самі ведаеце, што існуе закон паскудстваў, па якім бутэрброд заўсёды падае маслам уніз, а ўжо з ікрой тым больш. He есці ж з падлогі. Вырашыў скарміць. Аддаць бы мне яго лісіцы або дзіку нейкаму, словам, усяеднаму або драпежніку. З’елі і дзякуй сказалі б. А я вырашыў пабалаваць Алежку, зусім забыўшыся на тое, што ікра — жывёльны прадукт, а алені гэтага цярпець не могуць. За ўсю гісторыю заапаркаў, запаведнікаў і г. д. была толькі адна самка аленя, якая магла з’есці катлету. На яе глядзелі, як на найвялікшае дзіва... Ну вось, даю. Той узяў, пачаў жаваць. I раптам на мордзе страшэннае неўразуменне, агіда, крыўда. Выплюнуў. Паглядзеў на мяне звысака і пайшоў. Спыніўся, літаральна плюнуў у мой бок некалькі разоў і аддаліўся, нават не аглядаючыся. Два тыдні давялося мне патраціць, перш чым ён забыў крыўду і паміж намі аднавіліся ранейшыя добрасуседскія адносіны.
...Водзяцца ў Пушчы, як і паўсюль на Беларусі, бабры. Да рэвалюцыі іх амаль выбілі, але ўжо ў 1925 годзе спецыяльнай пастановай СНК БССР быў арганізаваны Бярэзінскі запаведнік, шмат заказнікаў. Баброў узялі пад найстражэйшую ахову, і цяпер бабёр для Беларусі досыць звычайны звер. Яго тут болей, чым паўсюль у СССР, таму ён пачынае ўжо набываць прамысловае значэнне. Але пакуль што баброў болей вывозяць з Беларусі і рассяляюць у многіх і многіх мясцінах краіны. У Пушчы я, праўда, не бачыў бабровых паселішчаў, неяк не трапіў у тыя мясціны, дзе яны водзяцца. Затое шмат бачыў іх у басейне Сожа, у прыватнасці ў Чэрыкаўскім заказніку.
...Ідзём з працаўнікамі заказніка па беразе старыцы, зарослым дубамі. Сям-там зрэзаныя бабрамі дубкі, дыяметрам сантыметраў з сорак. Пень і ствол ля яго як два завостраныя алоўкі. Бабры ўзяліся за такія таўстыя дрэвы, бо з’елі ля вады шмат вярбы і іншага падлеску. Ім тут цесна, і яны
перасяляюцца — ужо самі! — у суседнія вадаёмы. Бабёр есць кару, а таму на зіму зацягвае ствалы дрэў на дно, прытоплівае іх і, калі адчувае голад, нырае, ласуецца проста пад лёдам карою і вяртаецца у сваю хатку. Хаткі яны робяць урэшце толькі ў топкіх мясцінах. Там жа робяць і грэблі з бярвенняў, замазаных зямлёй і глінай з галінкамі. Вада падымаецца, і выхад з бабровай хаткі заўсёды пад вадой. Але тут, у лясніцтве Лімень, вады шмат, берагі цвёрдыя і таму бабры проста робяць у іх норы. Наверх на «дах» нары яны нацягваюць кучу галін, бярвення. Гэта каб ніхто не лез. Чалавек — гэта не страшна, яго столь вытрымае. А вось калі ўсцярэбіцца карова або лось!.. I бабёр як ведае, што яны ніколі не палезуць у хаос галін, сукоў і іншага ламачча.
Я стаў на гэтую кучу, паскакаў крыху. I вось ад падводнага хода ў нару пацягнулася ракою вузкая стужачка бурбалак. Далёка, метраў за сто, за бліжэйшы мыс. Ратаваў жыццё, бедалага. Так вось іх і ловяць, падстаўляючы да ўвахода жалезную клетку асаблівай канструкцыі.
Друг мой, пісьменнік, расказаў мне, як калісьці ў іхняй вёсцы злавілі бабра. Усе беглі глядзець, як на дзіва. Бабёр сядзеў у дзежцы з вадой, абапёршыся пярэднімі лапамі, якія дужа падобны да дзіцячых, на край дзежкі і... плакаў. Гэта праўда. У нас жа, беларусаў, ёсць нават прыказка: «Заплакаў, як бабёр» — значыць, горка, нястрымна, з патокамі слёз.
Цяпер ніхто нават асабліва не цікавіцца ловамі. Ну, злавілі, і добра. Баброў садзяць у клеткі, накрываюць зверху, каб не было сонечнага ўдару, а пасля вывозяць партыямі і выпускаюць у розных іншых рэках, аж да Сібіры.
...Так яно ў Пушчы. Усякіх звяроў тут безліч. 55 відаў сысуноў, 204 — птушак, 11 — земнаводных, 7 — паўзуноў. Тут каля 2000 аленяў, 1500 дзікіх козаў, каля тысячы пяцісот дзікоў. Есць лісіцы, тарпаны, барсукі, куніцы.
Жыхарам вёсак, што ляжаць у Пушчы, часам даводзіцца даволі цяжка. Палі трэба ахоўваць ад звера: бульбяныя — ад аленяў. А страляць жа нельга. На ўсіх платах развешваюць бляшанкі, каб звінелі ў выпадку нападу звяроў на поле. Ну, проста хоць плач.
Нямая пушча з парадзелымі дубровамі і амаль выбітым звяр’ём пачала, пасля жахаў апошняй вайны, ажываць. (Дарэчы, у вайну яна была аддадзена ў асабістае валоданне Герынгу. Ён наклаў лапу на яе і навакольныя лясы, бо ведаў іх; яшчэ да 1939 года прыязджаў паляваць у панскую Польшчу.)
Дбаннем лесаводаў і ўсіх працаўнікоў гэтай вялікай навуковай гаспадаркі ўзняліся на грабежніцкіх лесасеках маладыя лясы, старыя (а іх усё яшчэ многа) напоўніліся птушыным свістам, вясеннім такаваннем глушцоў, трубнымі клікамі лебедзяў, асеннім рыкам аленяў. Зноў скаланаецца зямля ад цяжкага тупату зубрыных чарод. Зноў прыйшлі на пакутную, стагоддзямі пашматаную зямлю Пушчы мір і спакой.
Хай ён будзе давеку. Бо не трэба, каб уставалі ў нетрах слупы дыму, каб гэты (адзіны ў Еўропе) і такі шматпакутны лес аддаваўся на водкуп маршалкам, царкам і герынгам розных масцей, каб бухалі пад яго шатамі стрэльбы браканьераў, a то і аўтаматы, каб пры адным ляманце «чалавек!» усё жывое захлыналася ў чорным адчаі і перадсмяротнай тузе.
Яна была запаведнікам. У 1957 годзе стала дзяржаўнай запаведна-паляўнічай гаспадаркай. Чакае Пушча, на наш погляд, ператварэння ў штосьці накшталт нацыянальнага парку. Бо гэта не толькі неацэнны скарб усіх на свеце людзей. Галоўнае тое, што мы звязаны з чацвераногімі і перыстымі братамі нашымі адзінай повяззю еднасці ўсяго жывога на зямлі. Таму задача і гонар чалавека не забіваць, а бараніць і карміць. Ен зараз і робіць гэта, сапраўдны чалавек.
Калі і забівае, то дужа рэдка, каб ведаць пра жывёл усё і каб потым ужо нікога не пазбаўляць жыцця.
У Пушчы вялікі штат вучоных самых розных спецыяльнасцей: тут лесаводы і батанікі, арнітолагі, спецыялісты па насякомых і многія іншыя. Акрамя іх у гаспадарцы шмат егераў і палясоўшчыкаў Іхняя справа — штодзённа чытаць кнігу лесу, занатоўваць усе змены. Справа навуковых супрацоўнікаў — сістэматызаваць сабраныя палясоўшчыкамі звесткі, рабіць з іх навуковыя высновы і, вядома ж, самім вывучаць жыццё лесу ва ўсім яго віраванні і прыгажосці.
I,	вядома ж, берагчы.
У Пушчы — найстражэйшы догляд пасадак і спелых лясоў, гнёздаў, нораў, пасавіскаў, вадаёмаў — усяго, што складае стракаты калейдаскоп яе жыцця.
Гэта не азначае, вядома, што чалавек ніколі ні ў што не ўмешваецца. На некаторых жывёл (пераважна драпежнікаў, колькасць якіх трэба рэгуляваць,— рысяў, напрыклад, у Пушчы ўсяго каля пятнаццаці) дазволена паляванне па ліцэнзіях. Робіцца санітарная высечка лесу. Бо нават запаведнік не можа быць расаднікам шкоднікаў. I таму Пушча ачышчаецца ад хворых дрэў, каб яны не заразілі караедам і лубаедам здаровыя.
Акрамя таго, запаведніку належыць 11 тысяч гектараў зямлі, на якіх вырошчваюць ячмень, бульбу, авёс, буракі і іншае, што ідзе на падкормку жывёл узімку.
...Замаразкі. Пушчанская позняя восень. Шэранню прыпудрана трава. Апошнія маслюкі і зялёнкі змерзлыя. Аж рыпяць, калі іх зразаеш нажом. А пасля снягі. I вось едуць сані і пакідаюць у пэўных месцах купы сена. I людзі раскідаюць на ўтаптаных пляцоўках бульбу для дзікоў, а тыя ідуць з гушчару цэлым атрадам і чамкаюць, нібы гэта так і трэба.
Звяроў кормяць, дапамагаючы ім перажыць зіму, а пры патрэбе і лечаць. Хвароба зубра лічыцца сапраўдным няшчасцем.
У Пушчы малавата крыніц і рэчак, і таму тут зроблены вялікія і маляўнічыя штучныя азёры для звярыных вадапояў і вадаплаўнай птушкі.
У Пушчы — адзін з найлепшых музеяў прыроды, якія мне калі-небудзь даводзілася бачыць. Дужа сучасная архітэктура, вельмі сучасная экспазіцыя і афармленне. Адразу ясна, што за вокнамі яго — дзіва прыроды, лес, у якім сустрэліся субтропікі (плюшч, скальны дуб) і прысенне Арктыкі (лапландская вярба, карлікавая бяроза). Тут усе жыхары лесу. I звяры і птушкі. Ад арла, ад вялізнай няясыці да дробных і малых. Тысячы экспанатаў. Матылі, жукі, рукакрылыя, гады, рыбы. I ўсё цікава настолькі, што не хочацца выходзіць.
У нетрах жыве адна з найбольш рэдкіх птушак Еўропы — чорны бусел. У адрозненне ад свайго белага брата, ён цярпець не можа блізасці людзей. А белы тут жа, на хатах
і на паплавах. Дыбае, шукае жаб. Дарэчы, калі для музея спатрэбілася чучала бусла, паляўнічага прывезлі здалёк. Беларус нізавошта не заб’е бусла.
Птушак тут безліч. Яшчэ ляжыць снег, яшчэ мурашкі не выпаўзлі з мурашнікаў, а ўжо выводзіць птушанят крумкач. Чаму так? У нас ёсць пра гэта легенда. Нібыта калісьці мурашка і крумкач паспрачаліся аб нечым і, паколькі — якая ж у крумкача ці мурашкі маёмасць? — абодва голыя, як бічы, то заклаліся на самае каштоўнае, на дзяцей. Крумкач прайграў. I вось вымушаны выводзіць дзяцей, пакуль мурашкі яшчэ спяць у сваіх гарадах. Сам мерзне, і дзеці мерзнуць. I правільна! He спрачайся аб тым, чаго не ведаеш, дурная галава!