Зямля пад белымі крыламі  Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі

Зямля пад белымі крыламі

Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
70.02 МБ
Пасля рэкі, як у нас кажуць, «уваходзяць у трубу». Але бывае і летняя паводка. Гэта калі ідуць праліўныя дажджы. На Дзвіне яна метр-паўтара, часам шэсць, на Дняпры да трох метраў, але бывае і болей, як гэта здарылася некалькі год назад. Тады рака заліла паплавы, і мы з сябрамі лавілі на іх таптухаю рыбу — па пояс у вадзе, па шыю ў кветках, усе ў разнатраўі, п’яныя ад водару, густа засыпаныя кветкавым пылком. Такія разлівы — пагібель для сенажацяў. Адхлыне вада — і на паплавах застаецца тоўстая бурая скарынка. Наступіш на яе — яна правальваецца, рассыпаючыся ў пыл, і ў ямцы ад твайго следу — бледныя, бы са склепа, сцяблінкі травы.
Ды й не толькі сенажаці часам гінуць. Ледзь, напрыклад, у Карпатах і на Валыні пойдуць летам асабліва моцныя дажджы — пачынае шалець рака Гарынь.
Залівае акругу, і тады вялікія вёскі і нават ДавыдТарадок апынаюцца зноў нібы на астравах. I гінуць плантацыі кветак, развядзеннем якіх гарадок пераважна і жыве.
Бываюць і асеннія паводкі. А ў канцы лістапада — снежні на рэкі кладзецца лёд. Тут бываюць і адхіленні. У халодныя гады лёд кладзецца на ваду нават у пачатку лістапада. У цёплыя, калі нават гракі не адлятаюць прэч, а зімуюць на поўдні Беларусі, лёд куе раку ў студзені, а то і ў лютым.
Чыгункі, аўтамабільныя дарогі, самалёты зрабілі так, што рэкі нібы замерлі.
Ракою нібыта стала «нявыгадна» вазіць. Глупства, ракой і дагэтуль найболып выгадна везці не дужа спешны або грувасткі груз. Але выгадна гэта толькі тады, калі за ракой
сочаць, чысцяць яе, умацоўваюць берагі, не высякаюць лес па яе берагах, каб не мялела. Словам, не ставяцца да яе так абураюча, як гэта яшчэ часам здараецца. He спускаюць у яе адыходаў, не труцяць рыбу, не ператвараюць раку ў брудную сцёкавую канаву. Словам, клапоцяцца аб ёй. Тады яна аддзячыць. А так... што ж?!
Даўжыня суднаходных шляхоў скарацілася да 4000 кіламетраў. А калі браць гарантаваную глыбіню, то да 2800 кіламетраў. Суднаходных рэк засталося ўсяго дваццаць (1973).
Дняпро ад Магілёва да вусця Сожа, напрыклад, возіць цяпер ледзь не адзін пясок і жвір на баржах. Павольна-павольна ідуць яны. Дзеці гуляюць на палубе, развешана і трапечацца на ветры бялізна. А раней, я сам яшчэ помню, параходы хадзілі да Оршы, а ў повень, калі вада залівала Кабыляцкія парогі (тут Дняпро размывае дэвонскія даламіты), і да Дуброўны. Улетку, вядома, гэтага не было. Самы вялікі камень на гэтых пагорках зваўся з іранічнай ласкавасцю «Камарык» і быў вышынёю з трохпавярховы дом...
Цяпер працуе, галоўным чынам, Прыпяць. Недалёка ад вусця ўкраінскую руду перагружаюць з вялікіх украінскіх рудавозаў на меншыя, беларускія, і вязуць Прыпяццю і Дняпроўска-Бугскім каналам у сацыялістычныя краіны. Тут ходзяць параходы, імчаць, як вядзьмаркі на мятле, «Ракеты».
Суднаходства ёсць яшчэ на Сажы, Бярэзіне, Нёмане (ад вусця ракі Шчары) і, значна менш, на Дзвіне.
Усе рэкі Беларусі дужа прыгожыя. Дняпро з высокім правым берагам і неагляднымі далячынямі зарэчных паплавоў, паплямаваных дубамі і сінімі люстэркамі старыц. Прыпяць з яе празрыстай цёмнай вадой, астравамі, пратокамі і шапкамі буслянак на прырэчных дрэвах. Дзвіна, сціснутая крутымі ўрвішчамі, зарослымі мачтавым лесам. Ласкавы Нёман, у воды якога глядзяцца старажытныя вежы і густыя лістоўныя пушчы. Нават невялічкая Шчара са сваімі шлюзамі ў цені неабхватных серабрыстых таполяў. 3 раптоўным патокам вады, што вырываецца са шлюза і выносіць на сабе плыты з людзьмі, якія рухава і спрытна працуюць шастамі і бусакамі.
Гнецца плыт дугою, Прэ яго да гаку, Быстраю вадою Ломіць, як вужаку.
Якуб Колас
Многія рэкі злучаны каналамі. Дняпроўска-Бугскім, Бярэзінскім (злучае Бярозу-раку з прытокам Дзвіны — Улай), Аўгустоўскім (злучае Нёман з Бабром, ракою басейна Віслы), Агінскім (звязвае прыток Прыпяці Ясельду з прытокам Нёмана — Шчарай). На жаль, дзейнічае толькі адзін, ДняпроўскаБугскі. Каналы ж трэба чысціць, паглыбляць, пашыраць. Словам, сачыць, як за ўсякай дарогай. Гэтым і збіраюцца заняцца.
А пакуль на беразе неглыбокага, дужа чыстага Агінскага канала, які павольна струменіць ясныя свае воды, сядзяць, скажам, у Слоніме хлапчукі з вудамі, цягаюць плотак і спрачаюцца, на што лепей лавіць галаўня ў ліпені.
* * *
Азёры — вочы зямлі. Воблік Беларусі нельга сабе ўявіць без азёр. Іх у нас каля 11 тысяч. Вялікія і малыя, цёмныя, балотныя і светлыя, як самое святло. Лясныя, як Кромань або Свіцязь, і бязлесныя.
Азёры прыносяць не толькі матэрыяльную, але і духоўную карысць. Азёры не толькі кормяць навакольны люд, але і натхняюць паэтаў. Свіцязь натхняла Міцкевіча. Возера Няшчэрда — аднаго з першых беларускіх пісьменнікаў новага часу, аўтара «Рабункаў мужыкоў» і чатырохтомнага зборніка апавяданняў «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага. Тэматыка гэтых апавяданняў дужа нагадвае ранняга Гогаля або Гофмана, але ўсе яны навеяны легендамі і паданнямі наваколляў Няшчэрды.
Або Князь-возера, якое цяпер невядома чаму называюць Чырвоным. Гэта на Палессі, паўночней Турава. Легенда, звязаная з гэтым месцам, натхніла кампазітара Залатарова на
стварэнне цудоўнага балета «Князь-возера»... А легенда такая (падаю ў варыянце, які сам чуў і які збольшага супадае з найбольш старымі яе пераказамі, зробленымі яшчэ ў XIX стагоддзі).
...Возера было велічэзнае, як мора, а пасля пачало сохнуць, змяншацца і ўрэшце зрабілася зусім маленечкім. Людзям жыць стала лепей, а рыбам горш. I вось астравок пасярэдзіне гэтага маленькага люстэрка вады аблюбаваў князь Алелькавіч-Слуцкі з пакалення Альгерда. Пабудаваў тут замак і стаў княжыць і расперазаўся так, нібы над акругаю панаваў не чалавек, а д’ябал. А людзі цярпелі, мучыліся, елі кару. I праходзіў Падарожнік, які ведаў усё, і прайшоў паўсюль, і чытаў усе кнігі, нават Галубіную, што ўпала з неба. Убачыў, што не толькі яго ніхто не можа накарміць, а нават дзеці кладуцца спаць галодныя. I сказаў, што калі зладзействам князя не будзе мяжы, калі яны «пройдуць прадзел», а людзі ўсё ж будуць цярпець, то рыбам зноў будзе добра, a людзям дрэнна. Ніхто яго не паслухаў.
А князь лютаваў. Узненавідзеў брата і пасадзіў яго ў вечна мокрыя сутарэнні замка, якія былі ніжэй за ўзровень возера. I сваю былую палюбоўніцу засадзіў туды ж. I нявесту аднаго хлопца, якая не хацела адказаць князю ўзаемнасцю, кінуў у тыя ж падзямеллі. I многіх-многіх іншых.
Тады прыйшла мяжа цярпенню зямлі. У адну ноч пачалі біць шалёныя маланкі, грымець перуны, аж калацілася цвердзь, а замак і ўсё наваколле пачалі правальвацца ў воды возера. Страшныя валы пабеглі на зямлю, злізвалі хаты, лясы. Вежы замка зніклі ў пене на вачах. А трэба сказаць, што цярпенне людзей скончылася ў тую самую ноч, і яны выйшлі з хат з доўбнямі і віламі, якраз тады, калі д’яблава гняздо пачало тануць. I вось тут, убачыўшы, што цярпенню людзей прыйшоў канец, зямля злітавалася. Сціхнулі воды, і толькі муры і вежы замка канчаткова і назаўсёды зніклі пад вадой. Панаваць у ім, жыць у пакоях, слізгаць у байніцы сталі рыбы.
Так, калі верыць легендзе, і ўтварылася Князь-возера плошчаю ў 43,6 квадратнага кіламетра. Самае рыбнае возера на Палессі. На пачатку XX стагоддзя сяляне і прамысловыя
арцелі на рыбе тут выручалі да 10 000 рублёў у год. Гэта на тыя грошы, калі зараблялі капейкі, але і хлеб каштаваў грашы.
Цікавей за ўсё тое, што пад гэтай легендай хаваюцца нейкія рэальныя абставіны і падзеі, нейкае зерне ісціны. Нешта такое павінна было адбыцца тут у незапомныя часы. Бо вакол возера балота дасягала на пачатку XX стагоддзя чатырохсот квадратных вёрстаў. Бо яшчэ вядомы вучоны XIX стагоддзя Адам Кіркор гаворыць, што ў возера вядуць каменныя і драўляныя дарогі, якія знікаюць у глыбіні. А «Расія», настольная і дарожная кніга, што выдавалася на пачатку стагоддзя пад рэдакцыяй В. П. Сямёнава, кажа літаральна наступнае: «Сярод возера знаходзіцца шмат паляў і камянёў пад вадою... Як бы там ні было, але існуючыя да нашага часу палі на вялікім абшары возера паказваюць, што тут сапраўды была нейкая старажытная пабудова».
Вось бы ўзяць акваланг ды паныраць, памацаць усё ўласнымі рукамі! Нават нягледзячы на каламутную ваду.
I такое можна расказаць ледзь не аб кожным возеры. Ад самага дробнага да самага буйнога — Нарачы (даўжыня 13 кіламетраў, глыбіня месцамі больш за 20 метраў) з яго найчысцейшай цалюшчаю вадою. Гэта не перебольшанне, a праўда — вада нарачанскіх крыніц лечыць.
У Нарачы, як і ў іншых азёрах і рэках Балтыйскага басейна, ад Брэста да Асвеі, водзіцца розная рыба. Але найбольш цікавая, вядома, вугор. Доўгі, змеепадобны, тоўсты, ён не проста адна з самых смачных нашых рыб, але і самая незвычайная. Ен можа прапаўзці невялікую адлегласць ад вадаёма да вадаёма, а сяляне і рыбакі з тых мясцін, дзе ён водзіцца, дружна расказваюць, што ў дужа росныя месячныя ночы вугор выпаўзае на палі есці гарох. Калі прыходзіць час класці ікру, вугор плыве са свайго возера ці рэчкі ў вялікую раку, пасля ў Балтыку, адтуль у Атлантычны акіян і ўрэшце дасягае змрочных глыбінь Саргасава мора. Менавіта там з ікры выводзяцца лічынкі, спачатку зусім празрыстыя, і плывуць назад, на радзіму. Некаторую частку дарогі яны робяць з Гальфстрымам. Шлях цягнецца многія месяцы, вугры сталеюць. I ўрэшце, ужо амаль дарослыя, з’яўляюцца ў той рацэ, у тым
возеры, адкуль калісьці іхнія бацькі накіраваліся ў свой доўгі шлях.
Водзяцца таксама ў азёрах сігі, сялява (рапушка), сняток (корушка). У рэках — мінога ручайная, гальян, гарчак, быстранка, галец.
I паўсюль: шчупак — рачны тыгр, тоўстая плотка, язь, прагны галавень, чырванапёрка, залаты лін, жэрах, срэбная верхаводка, «гусцяра з Дняпра», ляшчы, рыбцы, залаты карась, лянівы вусаты казак-сом, чорна-ліловы мянтуз, судак, акунь і задзіра-ёрш, якія добра «манціруюцца» з юшкай. Я ўжо не кажу пра непрамысловых: яльца, вярхоўку, нахабнага печкура, які нават за пальцы ног пакусвае, калі вудзііп, стоячы ў рэчцы, шчыпоўку, таго ж уюна і падкаменшчыка.
Ёсць таксама стронга, харыус, падусты, вусачы, а ў Дняпры, акрамя таго, выразубы, сцерлядзі і асятры (дужа рэдка). Ды хіба ўсіх, аж да ласося і кумжы, пералічыш?
Рыбалоўства на Беларусі існавала спрадвечна. Пры раскопцы старажытных стаянак чалавека часта знаходзяць рыбіны косткі, касцяныя, а пасля і металічныя, кручкі. Прычым лавілі не толькі з берага. Самаму старому чоўну, знойдзенаму на Беларусі (ён зараз у Пінскім музеі), 7 тысяч год. Гэта яшчэ новы каменны век, неаліт. Як човен збярогся? Ну, папершае, дуб толькі мацнее ад вады. А па-другое, човен трапіў у тарфянік, які і закансерваваў яго.