Зямля пад белымі крыламі  Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі

Зямля пад белымі крыламі

Уладзімір Караткевіч, Віталь Вольскі
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 270с.
Мінск 2016
70.02 МБ
...А паясы ляжалі ў куфры. Плеценыя або тканыя. У елачку, у капытца (ромбы), у пчолку двухі шматкаляровыя, шырокія і вузкія.
Іх некалькі разоў абгортвалі вакол таліі, а пасля канцы, заўсёды ўпрыгожаныя кутасамі, спускалі збоку, радзей спераду ці ззаду.
Паясочак сіні — недзе ад матулі, а чырвоны, яры — мужу да кашулі, а вось гэты — гожы, доўгі, з кутасамі, падпяразваў святам бабін брат часамі.
Загудзелі дуды, гуслі заігралі,
брат скакаў, а з ветрам кутасы ляталі...
I слязу змахнула рукавом бабуся, бо адзіны брат той з вайны не вярнуўся.
1 На поўдні Гродзеншчыны часам кафейныя з сінімі ці чырвонымі абшлагамі. Па Бугу — цёмна-шэрыя з чорнымі абшлагамі і г. д.
А шырокі пояс, зложаны ў дзве столкі, падпяразваў колісь дзед бабулін толькі. Зіхацеў на свіце, шырынёй бы ў пана, толькі што не слуцкі, а удома тканы.
Хутчэй чым прыняці той абычай панскі, спадабала шляхта паясок сялянскі, не са слуцкіх — родны паясок зрадзіўся, а насіці пояс пан ў сялян вучыўся.
Побач з паясамі адгароджана ў куфры месца для прыкрас. Тут пярсцёнак: пасля заручын яго заўсёды здымалі і хавалі, бо перашкаджаў працаваць. Побач ляжаць каралі, часам сапраўды з караляў ці нават «бурштыну» (янтару) і «гырнату» (гранату), ці штучнага жэмчугу, a то і проста шкляныя. Дарэчы, бісер на Беларусі зусім не карыстаўся павагай.
I, ясна, запасныя завушніцы. Завушніцы насілі ўсе. Пратыкалі мочкі вушэй год у сем, працягвалі іголкай ільняную нітку, якая там да часу і заставалася, а месца праколу некалькі разоў прамывалі гарэлкай або, лепей, грудным малаком.
Дзяўчаткі, як і паўсюль, плялі сабе вянкі, рабілі ажаролкі з белай лілеі — нізалі кавалкі сцябліны на нітку, пакідаючы ўнізе кветку. Рабілі — і робяць — каралі з ягад глогу, арабіны, шыпшыны, каліны.
I, урэшце, апошняе аддзяленне куфра, прыскрынак. Пад ім складзены фартух, андарак, кашуля, абутак, хустка. Гэта — апошняя, смяротная, вопратка. 3 той спакойнай стойкасцю, з тым прыродна-філасофскім поглядам на канец жыцця, якое ўласціва простаму чалавеку, які рабіў заўсёды самую патрэбную на зямлі справу,— усё гэта загадзя адкладзена, «каб не патрабаваць чужое ласкі». Адкладзены нават грошы, што спатрэбяцца на ўсё, нават на тое, каб людзі сышліся на хаўтуры, на трызну, і памянулі дабром.
Ну, пра гэта гаварыць не трэба. Хіба аб тым, што ў труну сям-там кладуць улюблёны прадмет нябожчыка: калі быў добры музыка — скрыпку, калі цесля — сякеру і г. д. Кладуць часам манету, «каб мог купіць месца», хлеб, соль, гарэлку. Гэта ўжо даўно не вера, а проста абрад, ды й той, між іншым, выконваюць не заўжды.
I яшчэ адна асаблівасць. Гэта жаночыя плачы, або галошанні. Галосяць па чарзе. Адна, пасля другая, трэцяя. Па дарозе на могілкі і на могілках галосіць жонка па мужу, дачка па маці, маці па дачцэ. Аплакваецца сваё гора і гора сям’і, гора суседзяў, апісваюцца добрыя звычкі нябожчыка. Гатовых заплачак няма. Плачы не рыхтуюць загадзя — іначай які ж трагізм? Уся невыносная горыч выліваецца на месцы, імправізавана, існуе толькі схема, «канва», ды некалькі агульных месцаў, і па гэтай канве плакалыпчыца «вышывае» сваё галошанне. Тут ужо ўсё ад таленту, ад паэтычнасці жанчыны, ад яе фантазіі і сэрца, што ўмее спачуваць.
...Некалькі год назад мы здымалі фільм аб ахвярах фашызму.
Магілёўская вобласць. Вёска, спаленая карнікамі разам з жыхарамі. Агульная магіла, куды склалі абгарэлыя косці. Абеліск. Падышла старонняя жанчына з суседняй вёскі. Сваякоў у яе тут не было. I раптам яна заклала рукі за галаву і, пагойдваючыся, пайшла вакол магілы, нібы падаючы, загаласіла так, што мароз пайшоў па скуры і дыбарам усталі валасы. Мы слухалі і ледзь не плакалі. Кавалак гэты, на жаль, не пусцілі на экран: «Інсцэнізацыя, не павераць, скажуць — актрыса». А гэта была проста выключная плакальшчыца з уменнем настроіцца так, каб ірвалася сэрца, і выліць гэты настрой, каб ірваліся сэрцы ў іншых. Таму кожная заплачка ўнікальная.
Вось вам да прыкладу адна,— плач жонкі па мужу,— запісаная асабіста мною. Болей нідзе такое галошанне не паўторыцца.
А я за табой на край свету хадзіла, а я ж за табой ў вагонь лётала, сакол ты мой міленькі, каханенькі!
А ўстану ж, бывала, я раненечка, а мой жа саколік па палетачках ходзіць.
А кветачкі ж ад яго красуюць, а небачка ж ад яго ззяе.
Зірнеш — мятлушкі ад яго ў вачах лётаюць.
зірнеш — нібы ігруша белая зацвіла, зірнеш —
як лісцічак кляновы, ён прытульненькі, зірнеш —
сэрца молатам у грудзіну валіць...
Як жа мне цяпер цяжанька без любага дружачкі...
Вой, як павалюся я на тваю магілачку, як закуваю я цяпер па табе кукулечкай. Дружыначка ж ты мая, нашто ж ты мяне... пакідаеш?
А ці дабра ты ад дзетак, ад жонкі... не маеш?
Як жа нам цяпер...
пражыць?
Як жа нам жыццё без цябе... прабыць?
Як мы цябе забываць... будзем?
Адкуль мы цябе дажыдаць... будзем?
Да каго ж мне ўначы цяпер цмокам прысмактацца?
Адкуль жа мне парады цяпер дажыдацца?
Вось так настае канец.
А дзе пахаваці?
Бабусіна воля: сялянка жыве й застаецца на полі.
Здалёк супроць вёскі, на горцы пясчанай схілілі бярозы галіны з пашанай.
Туды на сон вечны сышліся сяляне, пад крыжам бяспечна ляжаць на кургане.
Каменныя пліты касцей ім не гнуць, іх памяць і славу нашчадкі нясуць.
Закрываецца вечка куфра.
КАЛЯ ХАТЫ Ў САДОЧКУ
Паўтару яшчэ раз: многае з таго, аб чым я расказваю ў гэтай частцы кнігі (побыт, этнаграфія, звычаі), прызабыта, сёе-тое адышло, адыходзіць у нябыт або хаця і моцна зберагаецца, дык толькі ў некаторых мясцінах. Хата, двор, абстаноўка робяцца ўсё больш аднолькавыя. Даўно ўжо сталі звычнымі халадзільнікі, пральныя машыны, матацыклы. Над хатамі — крыжы тэлевізійных антэн. Усё гэта добра і радасна, але часам не шкодзіла б зберагчы частку старой непаўторнасці, часам хочацца бачыць старыя хаты хаця б у музеі пад адкрытым небам, часам на хвіліну абуджаецца сум, і хочацца ўпрыгожыць хату непаўторным старым ручніком або даматканай посцілкай.
У вершы «Жалейка» паэтэса так перадае дыялог дзеда з унукам:
«Мяне не вучылі, я быў мужыком; калі было з гэтага сумна, я, ўзяўшы жалейку, выходзіў тайком ў шырокае поле, за гумны.
I скардзіўся гоням, траве і лясам на лёс свой, цяжкі аж да смерці, і толькі не граў на жалейцы панам — чужым не кране яна сэрцаў».
Унук кажа яму:
«Я гэтых часоў не шкадую нічуць,— сказаў ён,— я рад, што я ў школе...
Адно толькі, дзеду... хацеў бы я чуць — Як плача жалейка у полі».
* * *
Ну вось. Хату пакінулі. Цяпер — двор. Да самой хаты прымыкае чысты двор, абсаджаны дрэвамі. Часцей за ўсё гэта вішні, слівы, арабіна. Часам тут жа, ля плота, узвышаюцца адна-дзве бярозы ці ліпа. Сам двор парос травою, пахучымі дробнымі рамонкамі, вясною — залатымі манетамі абдуванчыкаў. Менавіта на чыстым двары пераважна размяшчаецца склеп, або (на поўдні) лёх. (Другі склеп, у якім частка запасаў заўсёды пад рукой, каб не бегаць кожны раз на двор,— у самой хаце ці ў сенцах, пад падлогай.) У склепе бульба, гародніна, бочкі з капустай, гуркамі, мочанымі яблыкамі, дзежачка з грыбамі і тоўчанай ягадай, а калі гаспадар рыбак, то можа — і з салёнай рыбай.
Далей ідзе двор задні, для жывёлы. Яго абкружаюць хлявы, у якіх стаіць жывёла. Тут жа павець або дрывотня — крытае памяшканне, з трох бакоў запушчанае сценкамі. Тут складзены дровы, раней стаялі вазы, санкі, плугі, а цяпер абгоннік, каб, узяўшы ў калгасе каня, абагнаць бульбу.
Замыкаецца двор вялікаю клуняю (свірнам). У стараннага чалавека ёсць яшчэ капцільня.
Раней пры кожнай хаце на задворках было гумно, a то і два з «еўняю» (сушыльняй) — земляным, гладка ўбітым токам. Адсюль вымалачаны хлеб ішоў у засекі клуні. Гумно было нібы сімвалам гадавой працы селяніна. Часам, праўда, яшчэ і побач стаялі сцірты, запасны капітал, але не ва ўсіх. I я ўспамінаю адзін з самых сумных і, аднак, самых аптымістычных беларускіх анекдотаў.
Згарэла гумно, поўнае снапоў. Згарэла праца за цэлы год. Гаспадар стаіць на папялішчы і бядуе: «Ой, і пагарэў ты, Яўхім! Вой, і пагарэў жа!! Ну й пагарэў!!! — I раптам: — Але ж затое і мы-шэй ляснула!!!»
Многа ляснула мышэй!.. Яшчэ адна рыса характару. Самасуцяшэнне, спалучанае з гумарам і стойкасцю. Знаходзіць выхад, хай маральны, з самага, здавалася б, безнадзейнага становішча.
Пры калектыўнай гаспадарцы патрэба ў гумнах адпала, і яны яшчэ толькі сям-там дажываюць на задворках свой век.
...Затое значна павялічылася колькасць лазняў. Іх і раней было нямала, а цяпер там, дзе няма агульнавясковай лазні, такія ёсць ледзь не ў кожным двары або, калі суседзі жывуць добра, на чатыры-пяць двароў.
Пары на каменку часта паддаюць разведзеным бярозавікам, квасам або вадою, у якой распарана мята ці іншыя пахучыя травы.
Парацца да знемажэння, а пасля бягуць акунацца ў рэчку або качаюцца ў снезе.
За дваром гарод і сад. Садоў намнога пабольшала за апошнія дзесяцігоддзі. Акрамя агульных гатункаў, ёсць і свае, мясцовыя. Па-першае, лепшая ў свеце антонаўка, вялізная, жоўта-празрыстая. Ідзеш восенню садам, убачыш забыты яблык, адкусіш ад яго, халоднага, укрытага сцюдзёнай расою,— нібы дзесяць год скінеш з плячэй. Ну і потым такія славутыя грушы, як слуцкая бэра, ур’янтоўка, сапяжанка. Або духмяная лошыцкая вішня, што выспявае ў чэрвені.
Над гародам і садам — сонца. Віецца матавы гарох, пахне кропам і каноплямі, матылямі чырванее на градах мак, гудуць, вылятаючы з вулляў, пчолы. Лапушацца вялізныя, на чырвона-зялёных ножках-сцяблінках, лісты рэвеню, «беларускага апельсіна». А ўначы, калі ляжыш на посцілцы пад дрэвам, часам чуеш, як глуха, нібы гіры, падаюць на дах антонаўкі і бубняць, ракочуць, скочваючыся па ім.
На ўскраіне вёскі вадзяны млын. Уздыхае, ходзячы, кола, зелянеюць тванню латкі. У люстры сажалкі адбіваецца жоўтая вячэрняя зара і цені соснаў на тым беразе. Ластаўкі часам чапляюць крылом ваду, брохае рыба. Вечарамі на вадзяным млыне неяк таямніча і крыху трывожна. Нездарма млынароў некалі лічылі ведзьмакамі.
Ветракі ў нас досыць рэдкая рэч, хіба на Случчыне і пад Клецкам. Мне здаралася бачыць там стапяцідзесяцігадовыя ветракі, у механізме якіх не было ніводнай металічнай часткі. Усё дрэва. I, ясна ж, цяпер не ім належыць першае месца ў пачэснай хлебнай справе. Элеватары, паравыя млыны, млынзаводы — куды ўжо цягацца з імі?!